Сімволіка вішні ў песенным фальклоры Палесся

0
1364
вішня

Вішня — адзін з частотных дэндралагічных сімвалаў песеннага фальклору Палесся. У кантэксце песень на шлюбна-любоўную тэматыку вішня, з якою звязваліся дзявочыя варожбы, сімвалізуе дзяўчыну, гатовую да ўступлення ў шлюб. Раскошнае жыцдё маладой дзяўчыны ў роднай матулі параўноўваецца з цвіценнем вішні ў садзе. Вішанька ў зялёным садзе, якая настоялася, суччайкам-лісцейкам намахалася і ягадкамі якой накарміліся пташачкі, — гэта дзяўчына, што нагулялася ў роднага татанькі. Вішнёвы цвет, апаўшы на голаву дзяўчыны — сімвал яе прыгоднасці да шлюбу. Упамінанне вішні разам з дзяўчынаю ўзвышае апошнюю, падкрэслівае яе годнасць. Сама дзяўчына, як у саду вішня, як ягадка ды баравая, як вішанька ды садавая. У шэрагу выпадкаў дзяўчына непасрэдна называецца чырвонай вішняй. Вішня з паламаным голлем асацыіруецца з дзяўчынай, пра якую гавораць, што яе прыгажосць не натуральная, а молёвана.

У вясельных песнях непадрубленая вішня — гэта незаплеценая нявеста. Засыхание вішні ў садзе на знакавым узроўні сімвалізуе выхад нявесты са стану дзявоцкасці і з адпаведнай сацыя-ўзроставай катэгорыі. Той самы сэнс можа перадавацца праз карціну палівання вішні маладой жанчынай, а таксама праз сімволіку даспявання, звісання вішні да долу і рассыпание вішань. Вішанька-чарэмшанька, якая не родзіць ягад, — гэта дзяўчына, якая не ходзіць гуляць; вішанька-чарэмшанька, у якой корань высыхае. — тэта дзяўчына, якую мілы пакідае.

У матывах развітання нявесты з родным домам вішня, зламаная нявестай, сімвалізуе яе дзявочую сутнасць; вішня, пасаджаная маладой, выступае своеасаблівым яе двайніком: “Надзечка на выходзе, // Пасадзі вішаньку ў агародзе. // Расці, вішанька, высокая, // Жыві, надзенька, усім добрая. // Расці, вішанька, пагінайся, // Рабі, Надзенька, папраўляйся[2, с. 164]. Цікавым у гэтым плане з’яўляецца даволі пашыраны матыў беларускіх песень на сямейна-бытавую тэматыку: жаночая бяда не вядзецца, а кладзецца спаць пад вішню. Прычым, жанчына гэта ўспрымае як натуральную з’яву і спрыяе сну бяды пад вішняю: “Ой, бяда ж мая, // Бяда ж мая не вядзецца! // Гэй, а пад вішняю пад зяпёнаю // Там бядулька спаць кладзецца. // Полажу бяду ў вішнёвым саду // На пярыначцы спаці…’” [4, с. 180].

Сімвалічныя карціны шчыпання вішань адпавядаюць выбару партнёра. Так, слічнай паненцы, якая шчыпле вішанькі, два царэвічы загадваюць сем загадак: адгадванне загадак прывядзе да шчаслівага шлюбу, у адваротным выпадку дзяўчына будзе служыць у аднаго з іх. Зрыванне дзяўчынай вішань адпавядае чаканню хлопца, а вішня з’яўляецца дрэвам сустрэчы з каханым, сімвалам узаемнага кахання. Ламанне, ссяканне, крышэнне вішні, кіданне яе пад бел шацёр сімвалізуе сватанне. Ламанне вішні ў адным садзе і перасаджванне яе ў другі асацыіруецца з адказам аднаму хлопцу і згодай пайсці замуж за другога. Вішні, якія пахіліліся ў садзе, сімвалізуюць хлопца і дзяўчыну, якія палюбіліся, схіленне вішні зверху да кораня адпавядае працэсу вянчання нявесты, а схіленне вішанькі праз тын у садочак — паклону бацькам. Сумесная ежа вішнёвых ягад сімвалізуе аб’яднанне людзей на аснове агульных для іх інтарэсаў і часта мае шлюбна-эратычны змест, пар. фармалізаванае ўжыванне вобраза вішні: “Ой ты ж, вышня, да чому ж нэ чэрэшня, // Мы любылыса, да чому ж нэ бэрэмса? ” [3, с. 259].

Вішанне — месца гуляння маладых дзяўчат. Гулянне дзяўчыны ў вішнёвым садзе асацыіруе з яе вольным незамужнім станам. Немагчымасць вяртання жанчыны да дзявочага жыцця ў бацькоўскім доме адпавядае немагчымасці збіраць вішні ў таткавым вішнёвым садзе. Мікрапрастора вішні, як і саду ўвогуле, уласна дзявочая. Таму, як слушна заўважае Т. Бернштам, ісці ў сад — абазначала ўваходзіць у пару паўналецця [1, с.238] (пар. вішнёвы садочак у песнях пра каханне як адпаведнік карчмы і стадолы, дзе хлопец бестурботна правёў маладосць і згубіў сваю долю, як салавей страціў голас).

Вішнёвы сад, такім чынам, — сімвал роднай стараны выйшаўшай замуж і пераехаўшай да свёкраў жанчыны. Кукаванне зязюлі ў вішнёвым садзе адпавядае плачу ад’язджаючай з роднай хаты нявесты ці гараванню маці па ад’ехаўшай дачцэ. Для жаніха вішнёвы сад — цёшчын сад. Разам з тым, вішнёвы сад — гэта і месца, адкуль павінен з’явіцца нявесцін суджаны: “Іииіа дзевачка на пасад, // Заглянула ў акенца, // У вішнёвы сад. // Чаму, чому, мілы, // Не з’явіўся?…” [2, с. 133]. Вішнёвы сад — гэта месца, дзе маладая жонка, выяўпеная праз арніталагічны сімвал зязюлі, намагаецца даведацца пра паводзіны свайго мужа, які доўга адсутнічае. Калі гаворыцца пра вішнёвы сад, размешчаны ў мужавай старане, то гэта звычайна звязваецца з пазітыўнымі эмоцыямі, выкліканымі шчаслівым жыццём: “Зналі мы, зналі, куды дачку аддалі: // Дзе сады вішнёвыя, там людзі вясёлыя, // Дзе пералазы нізкія, там суседзі блізкія, // Дзе клеці новыя, там бочкі поўныя ” [2, с. 225].

У шэрагу песень стан вішні адпавядае перыпетыям жаночага жыцця, а сама вішня сімвалізуе жанчыну. Так, вішанька-чарэшанька, з-пад кораня зеляненъка — гэта шчаслівая ў шлюбе жанчына, а з-пад кораня да й зацятая — жанчына, якая прападае за благім мужам, пар.: “Трэ’ було нэ сікты да чэрвонэі вышні, // Трэ’ було нэ браты, колы тэбэ нэ пуд мыслі [3, с. 241]. Вішня, якая не расце, асацыіруецца з каханнем, якое вычарпала свае патэнцыі. Вішня, што не цвіце, звязана з тугой, моцнымі перажываннамі, напрыклад, сястры аб прапаўшым браце: „Ай вішэнька-чарэшанька, // Чаго ж ты не цвіцеш? // Пісала сэстра брацейку // Когда домой прыдзеш? // Прыйду тогда, сестрычонка, // Когда окончыцца война. // А вот война окончыласъ, // А братіка нэма ” (УЗ. Зап. у Столінскім р-не).

У адносна невялікай колькасці тэкстаў з вішняй параўноўваецца няшчасная замужняя жанчына, якая тым не менш не гіне ў горы. Звяртае на сябе ўвагу, што нават у выпадку сімвалізацыі вішняй жанчыны, нешчаслівай ў замужжы, тая, як правіла, спрабуе знайсці выхад з цяжкай сітуацыі, што выклікае станоўчыя эмоцыі. У некаторых выпадках з вішанькай у садзе карэлюе родная мамачка ў хаце; да маці звяртаюцца: мамочко-вьішня, ой, матінко-вішня, пар.: ” — Мамочко-вышня, да чы я тэбэ лышня, // Шчо ты выражает, а долэньку нэ знаеш?” [3, с. 212]. Хоць даволі рэдка, з бацькам асацыіруецца вішанька ў полі: “Ой, у полі вішанька трайчаста, // Бывай, бывай, ты мой баценъку, часта” [2, с. 235]. Універсальным вобразам маці з дзецьмі ў фальклоры з’яўляецца дрэва з пладамі, у тым ліку вішня з ягадкамі. З дзецьмі могуць супастащляцца і вішні ў садзе: “У садзе вішні — ўсё роўнае вецце… // Бацьку й маці-ўсёроўныя дзец” [2, с. 317].

Такім чынам, вішня як культурнае пладовае дрэва ў болыласці фальклорных твораў мае станоўчую канатацьпо (пар. беларускае снотлумачэнне: “Вішня сніцца да шчасця”), аб’ядноўвае матывы нараджэння і плоднасці, уваходзіць у сімвалічны рад, пры дапамозе якога афармляюцца ўяўленні пра фертыльнасць. У кантэксце папескага фальклору вішня, як правіла, абазначае дзяўчыну, якая дасягнула шлюбнага ўзросту і гатовая перайсці ў наступную сацыя-біялагічную катэгорыю. Праз сімволіку вішні, якая можа быць напрамую звязана з лёсам дзяўчыны, нярэдка выяўляецца дзявочая сутнасць, вербалізуецца эстэтычны ідэал дзяўчыны, што карэлюс з адпаведнымі маральнымі велічынямі. У даволі вялікай колькасці твораў з вішняй супастаўляюцца шчаслівая жанчына, маці.

  1. Бернштам Т.А. Совершеннолетие девушки в метафорах игрового фольклора (Традиционный аспект русской культуры) // Этнические стереотипы мужского и женского поведения. — СПб., 1991.
  2. Палескае вяселле / Уклад. В.А. Захарава. — Мн., 1984.
  3. Раговіч У. А. Песенны фальклор Палесся: У 3-х т. ГІесні святочнага календара. — Мн., 2001. — Т. 1.
  4. Сямейна-бытавыя песні / Склад. І.К. Цішчанка. — Мн., 1984.


Аўтар:
І.А. Швед
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч.ч. Ч 1./ Гал. рэдактар А.А.Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф.Скарыны”, 2004. — 272 с. Ст. 205-209.