Сімволіка прадметаў у шлюбнай варажбе (на матэрыялах Гомельшчыны)

0
469
Сімволіка прадметаў у шлюбнай варажбе (на матэрыялах Гомельшчыны)

Значнае месца ў традыцыйнай духоўнай культуры славянскіх народаў займала варажба, якая, паводле народных уяўленняў, дапамагала прадвызначыць будучыню, вырашыць нейкія спрэчныя пытанні, падрыхтавацца да не заўсёды спрыяльных жыццёвых сітуацый. Л. М. Вінаградава, вядомая даследчыца фальклору, трапна заўважыла, што “ў аснове шматлікіх спосабаў варажбы ляжаць універсальныя вераванні ў тое, што пры выкананні пэўных умоў (выбар часу і месца, пэўныя паводзіны варожачага, выкарыстанне пэўных “варажбітных” прадметаў і інш.) чалавек можа пры дапамозе звышнатуральных сіл атрымаць знакі, у якіх зашыфраваны яго будучы лёс, і ён павінен правільна растлумачыць іх. Такімі знакамі могуць быць снабачанні; гукі, якія даносяцца выпадкова, вымаўленыя кім-небудзь словы; адлюстраванне на гладкай паверхні (у люстэрку, вадзе, шкле); абрысы ценяў, слядоў, умяцін; формы, якія прымае растоплены воск, волава, выліты ў ваду бялок, выпечаны хлеб; паводзіны жывёл і насякомых; стан распукнуўшыхся, зялёных ці завянуўшых раслін; цотная або няцотная колькасць аб’ектаў; датыкальныя адчуванні (дакрананне голай ці калматай рукі, гладкай ці шурпатай паверхні); выпаўшы жэрабя (выдзяленне аднаго сімвалічнага прадмета з мноства іншых); колер, памер, вільготнасць або сухасць прадметаў варажбы; знікненне ці захаванне пакінутай на ноч па-за домам рытуальнай ежы; размяшчэнне кінутых прадметаў і інш.” [4, с. 484],

У нашым артыкуле звернемся да сімволікі прадметаў у шлюбнай варажбе, якія нясуць у сабе шмат інфармацыі, надзелены разнастайнай сэнсавай афарбоўкай і вялікай колькасцю значэнняў, што, як вядома, з’яўляецца неад’емнай часткай самой сутнасці сімвала. Па словах X.Э. Керлота, “мноству сімвалічных аб’ектаў, звязаных агульным рытмам, адпавядае полівалентнасць іх значэнняў, размеркаваных на аснове аналогіі кожнае на сваім узроўні рэальнасці” [3, с. 59].

Прадметы-сімвалы ў межах тэкстаў шлюбнай варажбы, зафіксаваных на тэрыторыі Гомелыпчыны, умоўна можна падзяліць на некалькі тэматычных груп: прадметы побыту і блізкія да іх (венік, замок, лыжка, запалкі, люстэрка, лялька, нож, кніга, грошы і інш.), прадметы адзення і ўпрыгожання чалавека (боцікі, галаўны ўбор, вянок, стужка, пярсцёнак і да т. п.), прадукты харчавання, абрадавыя стравы (бліны, зерне, хлеб, соль, цукар, цыбуля і інш.), аб’екты жывёльнага і расліннага свету (авечка / баран, карова, курыца; бяроза, падарожнік), аб’екты прыроды (агонь, вада, зямля).

Звернемся да прадметаў першай тэматычнай групы. Так, варожбы з люстэркам — “сімвалам алюстравання і падваення рэчаіснасці” [3, с. 321] — адны з найболып папулярных на тэрыторыі Гомелыпчыны. Варажылі (пераважна ноччу) у склепе (“З зеркалам гадалі ў пограбі…”((в. Малейкі Брагінскага р-на)), лазні, на гары (паддашку) (“На зеркала гадалі ў пограбе, на чардаке, можна ў цёмнай хаце…” (в. Пакалюбічы Гомельскага р-на)), месцах, якія асэнсоўваліся як звязаныя з іншасветам. Здольнасць адлюстроўваць прадметы — адна з самых распаўсюджаных функцый люстэрка — абумоўлівае яго значэнне (узнаўленне свету рэальнага і ўяўнага) і ў той жа час разнастайнасць выражаемых ім ідэй. Гледзячы ў люстэрка, дзяўчаты шукалі ў ім выяву будучага мужа (“У стакан ставілася свечка. I ета ставілі перад зеркалам і глядзелі ў яго. Калі хто будзе ісці, то, значыць, яго судзьба” (в. Малейкі Брагінскага р-на)). Такім чынам, рэальныя якасці люстэрка ператварыліся ў магічныя ўласцівасці сакральнага прадмета, надзеленага звышнатуральнай магчымасцю — быць мяжой паміж “тым” і “гэтым” светамі. Па словах X. Э. Керлота, “яно служыла для выклікання духаў пры дапамозе ажыўлення ва ўяўленні вобразаў, якія былі ім ўспрыняты некалі ў мінулым, або з дапамогай знішчэння адлегласці, калі яно адлюстроўвае тое, што было аб’ектам, што знаходзіцца прама перад ім, а зараз перамясцілася далей” [3, с.210].

Варажба з люстэркам не абмяжоўвалася толькі пільным угляданнем у яго. Люстэрка магло быць выбраным прадстаўнікамі жывёльнага свету — пеўнем або курыцай, якія, паводле народных уяўленняў, з’яўляюцца своеасаблівымі вешчунамі і звязаны адначасова са светам жывых і мёртвых. Выбранае птушкай люстэрка абяцала мужа-прыгажуна (“Як павернецца к зеркалу пятух, то муж будзе красівы…” (в. Міхнаўка Брагінскага р-на)), мужа-“бабніка” (“Калі ў зеркала глядзіцца — бабнік…” (в. Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага р-на)) або мужа-“задаваку” (“Куды курыца паверніцца ці падойдзе, судзілі аб будучым мужы. Люстэрка — задавака…” (в. Карма Добрушскага р-на); “А яшчэ ў хату прыносілі петуха. Калі ён …сматрэў у зеркала — фанабэрысты будзе муж” (г. п. Лоеў)). Негатыўная, у большасці выпадкаў, сімволіка люстэрка хутчэй за ўсё абумоўлена ўспрыманнем яго ў якасці жаночага атрыбута, які да мужчыны не меў ніякага дачынення. Такім чынам, простыя ідэі, выражаныя з дапамогай сімвала, які нясе ў большай ступені эмацыянальную афарбоўку, набываюць новае значэнне, пашыраюць яго ад прыватнага да агульнага.

Пры дапамозе веніка і смецця дзяўчаты маглі даведацца аб тым, куды “пойдуць замуж” (“Венікі перакідвалі чэраз вароты: у якую сторану ўкажа, адтуль і прыйдзе твой мужык (в. Сінск Лоеўскага р-на)), які характар у будучага мужа (“I яшчэ, дзяўчаты ехалі на веніку ці на качарге на перакростак і абрашчалі ўніманія на то, з якога боку чутны сабачы лай і які. Напрымер, калі задзірасты, звонкі — жаніх маладьі, калі глухі, грубы — жыць будзе са старым, калі здалёку — будзе жаніх здалёку, зблізку — будзе зблізку жаніх” (г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на); які лёс напаткае (“На Ражджаство падмятуць хату, мусар, смецце сабіраюць у вузялок і нясуць на ростанькі. Цераз галаву кінуць, дзе што пачуеш, тое і будзе. У якім баку сабака забрэша, туды замуж пойдзеш. Еслі доскі загрукаюць, значыцца, памрэ дзеўка (в. Неглюбка Веткаўскага р-на)). Безумоўна, што ў аснове вышэйпрыведзеных тэкстаў варажбы ляжаць міфалагічныя ўяўленні аб веніку як прадмеце, што надзелены дэманічнымі і апатрапеічнымі ўласцівасцямі, смецці як “сімвале-маркёры іншасвету” (паводле Т.В. Валодзінай). Акрамя гэтага, некаторыя сімвалы ў вышэйпрыведзеных тэкстах варажбы з’яўляюцца ўяўнымі і заснаваны на фанетычных асацыяцыях (сабачы брэх звонкі — жаніх малады, брэх грубы — стары і да т. п.).

Выбраная дзяўчынай падчас варажбы лялька сімвалізавала незаконнанароджанае дзіця (“Разлажвалі кучкі: хлеб, грошы, соль, куклу, спічкі і кальцо. Усё гэта пакрыць бумажкамі. Потым па адной вызываюць каждую дзяўчыну, і хто за што возьмецца… Кукла -родзіць дзіцёнка ў дзеўках..Г (в. Карма Добрушскага р-на)), выбраны нож — бандыта або задзіраку (“Калі знойдзе нож — бандыт…” (в. Ударнае Лельчыцкага р-на); “Калі возьмецца за нож — біцца будзё’ (в. Гацкое Чачэрскага р-на)), спічкі — курашчага (“Спічкі — курашчы…” (в. Карма Добрушскага р-на)), грошы — багатага (“У 12 часоў бралі з насеста курыцу, ставілі на стол. …Калі манеты клюе — багаты будзе..Г (в. Шарыбаўка Буда-Кашалёўскага р-на)). Пры дапамозе сімвалаў, безумоўна, вырашаюцца тлумачальныя і творчыя задачы. У гэтай сувязі X. Э. Керлот пісаў пра “сістэму надзвычай складаных адносін”, сцвярджаючы, што “…адным з дамініруючых фактараў яе заўсёды з’яўляецца палярнасць, што аб’ядноўвае фізічны і метафізічны свет” [3, с. 14].

Звернемся да прадметаў адзення і ўпрыгожання чалавека, якія выкарыстоўваліся ў шлюбнай варажбе. Вялікай папулярнасцю крысталіся боцікі, якія маглі прадказаць хуткасць замужжа (“Дзеўкі гадалі на ботах, Хто первая дойдзе да парога, тая первая і замуж выйдзе” (п. Зялёны Буда-Кашалёўскага р-на)) і яго напрамак (“…цераз вароты перакідвалі ўжо той сапог. Ды куды носам стане — туды дзеўка замуж пойдзе” (в. Зарэчча Брагінскага р-на). У дадзеных прыкладах абутак, прадмет цесна звязаны з дарогай, трэба разглядаць як своеасаблівы сімвал жыццёвага шляху чалавека. У сувязі з гэтым можна сцвярджаць, што кіданне ботаў дзяўчынамі асэнсоўвался як перамяшчэнне за межы “сваёй” прасторы, лічы, за межы хаты бацькоў, а гэта значыць, як патэнцыяльнае замужжа.

Шапка, якая “сімвалізуе мужчынскі пачатак і звязаныя з ім прадукавальныя захады” [1, с.563], таксама выкарыстоўвалася ў варожбах: “Шапку лажылі пад галаву бацькіну. I тады прысніцца муж твой” (г. п. Лоеў).

Вянок і пярсцёнак, як і некаторыя іншыя прадметы, што маюць форму кола, з’яўляюцца ў варажбе сімвалам шлюбу, аб’яднання дзяўчыны і хлопца. Так, рух вянка па вадзе на Купалле і Тройцу абяцаў пэўныя зрухі ў дзявочым жыцці — замужжа“На Тройцу вянкі кідалі ў ваду. Каля вянок патоне, то будзе нейкае няшчасце, а калі паплыве — дзяўчына хутка выйдзе замуж” (в. Кажановічы Жыткавіцкага р-на), указваў на час, калі адбудзецца гэта падзея і накірунак (“Дзеўкі венкі плелі да кідалі на воду, каб узнаць котора перва замуж пойдзе. Чый венок плыве ўперад, то та дзеўка раньшэ пойдзе” (в. Азяраны Жыткавіцкага р-на).

Пры дапамозе пярсцёнка (калечка) дзяўчаты варажылі аб часе (“Бралі стакан, налівалі ў яго вады, прывязвалі да вырванага валаска пярсцёнак і трымалі яго над стаканам з вадой: колькі разоў стукнецца, у столькі гадоў выйдзеш замуж” (г. Буда-Кашалёва) і характары замужжа (“Па чарзе бралі жменю зерня і глядзелі, якое кальцо пападзецца. Калі меднае, то будзе жыць дзеўка бедна і пападзе ў бедную сям’ю. Калі сярэбранае, то будзе замужам за хлопцам з харошай, але небагатай сям 7. Калі кальцо з камнем — выйдзе замуж за багатага хлопца. Залатое — будзе жыць з багатым у багатай сям’і” (в. Пагост).

Сімваламі замужжа выступалі ў варожбах, заснаваных на выцягванні жэрабя, прадукты харчавання, абрадавыя стравы: бліны, зерне, хлеб, соль, цукар, цыбуля і інш., пры дапамозе якіх спрабавалі даведацца аб:

  • часе замужжа (“У гэты дзень пяклі блінцы. Дзяўчаты выносілі па аднаму блінцу і клалі іх у радок. Кожная запамінала, дзе яе блінец. Патом выпускалі сабаку. Чый первым блінец з’есць, тая першая і выйдзе замуж” (в. Жгуна Буда Брагінскага р-на); “Вытасківаюць каласок і глядзяць: калі ў ім парнае чысло зярнят, то дзеўка скора замуж пойдзе, а еслі няпарнае — ешчо ў дзеўках пасядзіць” (в. Стара-Краснае Рэчыцкага р-на); “Яшчэ бралі лукавіціы і садзілі ў зямлю. Чыя лукавіца першая прарасце, тая раньша за ўсіх і замуж пойдзе” (в. Ліскі Рэчыцкага р-на);
  • імені будучага мужа (“А то яшчэ блінец бралі да на вуліцу ішлі. Каго ўстрэніш, дак пыталіся імя. Якое імя скажа, дак ета ўжэ ў мужыка твайго такое імя будзе” (в. Чамярысы Брагінскага р-на);
  • характары і сацыяльным статусе будучага мужа (“Каждая дзеўка хоча знаць прызванне, прывычкі, узрост, становішча жаніха. Для гэтага кармілі кашай пеўня. Калі старанна дзёўб кашу певень — значыць муж будзе спакойны, трудалюбівы, калі ж певень пераходзіў ад міскі з зернем, да міскі з вадой — значыць муж будзе п’яніца” (г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на).

I бліны, якія суадносяцца ў фальклорнай традыцыі з іншасветам, і зерне, надзеленае ў народзе прадукавальнай семантыкай, хлеб, што валодае ўстойлівай сімволікай дабрабыту, і цыбуля, соль, цукар, асноўныя якасці якіх у фальклорных тэкстаў становяцца метафарычным і (горкая цыбуля — горкае жыццё, цукар — добрае, салодкае жыццё, соль — няўдалае, салёнае жыццё), сімвалізуюцца не выпадкова: яны не проста маюць адносіны да паўсядзённага жыцця чалавека, яны падтрымліваюць жыццё чалавека. Варта прыгадаць меркаванне С. Талстой: “…той ці іншы бытавы прадмет, тая ці іншая асоба прыцягваюцца да рытуальнага дзеяння на аснове адной са сваіх рэальных уласцівасцей або функцый” [5, с. 17]. Разнастайныя значэнні вышэйназваных прадметаў-сімвалаў з’яўляюцца ўнутрана звязанымі і гарманічна змешчанымі ў значэнні саміх прадметаў, якія належаць духоўнаму свету таксама. Па словах X.Э. Кер лота, “у сімвалізме кожная дэталь валодае якім-небудзь сімвалічным значэннем і спосаб, якім арыентаваны сімвал, таксама патрабуе ўвагі” [3, с. 65].

Прыродныя аб’екты сімвалізваваліся ў адпаведнасці са сваімі асноўнымі якасцямі. Так, вада абяцала — ваду ў выглядзе слёз (“У навагоднюю ноч, каб даведацца аб сваім жыцці ў гэты год, бяруць 4 стаканы: адзін поўны вады, другі з грашыма, трэці пусты і чацвёрты з калечкам. Потым дзяўчыне завязваюць вочы і, перамяшаўшы, даюць выцягнуць: калі з вадой — будзе год плакаць…” (в. Букча Лельчыцкага р-на), а зямля — смерць (“адыход да зямлі”) (“Яшчэ кладуць ленту, зямлю, зерне і тарэлкамі накрываюць. Як паднімеш тарэлку з зямлёй, хутка мужык памрэ…” (в. Ведрыч Рэчыцкага р-на); “На Каляды дзяўчаты варажылі. Бралі тры тарэлкі і лажылі пад іх хлеб, зямлю, персцень. Зямля — смерць…” (в. Віць Хойніцкага р-на). Папярэднія прыклады варажбы дазваляюць сцвярджаць, што некаторыя вобразы, створаныя па аналогіі, напоўнены разнастайным зместам і часцей за ўсё па некаторых сваіх уласцівасцях і характарыстыках набліжаны да звычайных пачуццёвых уражанняў.

Сімвалізуючы пэўныя якасці жывёл, спрабавалі даведацца аб магчымасці замужжа ў надыходзячым годзе (“Хадзілі ноччу ў хлеў і лавілі авечак: калі дзеўка злавіла барана — выйдзе замуж, авечку — we” (г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на); “На багатую куццю, перад новым годам, дзяўчаты хадзілі гадаць. Хадзілі і лавілі петуха. Закрывалі ў бані. Калі ён закрычыць, то, значыць, вьшдзеш замуж, а калі не закрычыць, то не выйдзеш у гэтым годзе” (в. Жгуна Буда Брагінскага р-на), аб узросце (“Калі злавіла старую авечку — муж будзе стары ці ўдавец, маладую — малады (г. п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на); знешнім вьіглядзе (“Хадзілі ў сарай карову мацаць. Хто намацае… за пысу — красівьі, а за зад — грыбаты” (в. Гацкое Чачэрскага р-на), характары (“Петушка зернем кармілі: калі той упарта дзюбаў, то мужык спакойны, прыладзісты будзе, а калі певень не хоча есці, а піць хоча, ну, дык з п ’яніцай жыць век цэлы” (в. Рагі Гомельскага р-на)) і заможнасці будучага мужа (“На ўсе 3 куцці хадзілі кароў мацаць. Закрыеш вочы і за што ўхваціш: за рогі — жаніх будзе багаты; за сярэдзіну — пасярэдзіне; за хвост-пастух” (в. Буда-Люшава Буда-Кашалёўскага р-на); “Заходзілі ў хлеў і бралі карову. Калі ўхвацішся за рогі, то выйдзеш замуж багата. Калі за хвост, то бедна” (в. Макаўе Гомельскага р-на)). Атаясамліваючы з’явы жывога і нежывога свету, чалавек выкарыстоўваў не толькі апісанні прадметаў, дзеянняў, якасцей, але і вялікае значэнне надаваў аналогіям, магічным вобразам і сімвалам. Як трапна адзначыў даследчык фальклорнай спадчыны А. Гурскі, “з цягам часу дыялектыка свядомасці і мыслення, шматвекавы працоўна-вытворчы вопыт абумовілі ўсё больш глыбокае пранікненне чалавека ў сутнасць рэчаў і з’яў, а разам з тым у свядомасці яго шырылася кола асацыятыўных сувязей паміж імі, пабудаваных на параўнанні асобных прадметаў, іх якасцей, уласцівасцей, функцый і да т. п.” [2, с. 15]. Такім чынам, пры дапамозе пэўных якасцей прадметаў чалавек параўноўваў, абагульняе ў і ідэнтыфікаваў аб’екты навакольнай рэчаіснасці, менавіта таму канкрэтныя ўласцівасці прадметных атрыбутаў сталі асновай механізму стварэння вобразна-сімвалічных асацыяцый, адлюстраваных у варажбе.

Літаратура

  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мінск: Беларусь, 2004. — 592 с.
  2. Гурскі, A. I. / A. I. Гурскі. Беларускія загадкі: Даследаванне жанру. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. — 80 с.
  3. Керлот, Хуан Эдуардо. Словарь сиволов / Хуан Эдуардо Керлот. — М.: «REFLЬоок», 1994. — 608 с.
  4. Славянские древности: этнолингвистический словарь: В 5 т. / Под ред. Н.И. Толстого. — М.: Международные отношения, 1995. — Т. 1.
  5. Толстая, С. М. Категория признака в символическом языке культуры // С.М. Толстая. Признаковое пространство культуры. — М.: Индрик, 2002. — С. 7-20.

Аўтар: А.А. Кастрыца
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины: научный и производственно-практический журнал. — 2011. ― № 2. ― С. 114-117.