Жаданне чалавека забяспечыць працяг свайго роду на зямлі прымушала нашых продкаў выкарыстоўваць усе вядомыя ім сродкі, дзеля дасягнення гэтай мэты. Пачынаючы ад нараджэння дзіцяці і да яго сталення, было прынята выконваць шэраг сакральных дзеянняў і рытуалаў, скіраваных на забеспячэнне шчаслівага будучага сямейнага жыцця: гэіа рытуалы падчас цяжарнасці жанчына, вербальныя формулы, якімі суправаджаліся ўсе святы, народныя гульні, варожбы і інш.
Аднак галоўным і выніковым крокам на шляху да стварэння новай сям’і было вяселле. Гэты абрад на Гомельшчыне ўяўляў сабой дасканалую, дакладна распрацаваную сістэму дзеянняў, якая павінна была спрыяць збліжэнню двух родаў (роду хлопца і дзяўчыны), забяспечыць ахову маладых ад адмоўнага ўздзеяння злых сіл, стварэнне новай сям’і.
Такая лагічная скіраванасць выразна прасочваецца ўжо з першых этапаў вясельнага абраау, з так званай падрыхтоўчай часткі.
Маці жаніха, яго цётка і хросная маці падчас пярэпытаў (дамоўленасці, прапытак, заказаў, змовін) ішлі да дзяўчыны, каб у яе ці ў яе маці спытаць дазволу прыйсці ў сваты і разам з тым “аглядзець” сваю будучую нявестку (в. Вязок Брагінскага р-на, вв. Рудзянец, Чырвоны Сцяг, Пянчын Буда-Кашалёўскага р-на і інш.), яны бралі з сабою хлеб (каравай), які маці хлопца выпякала сама. Калі дзяўчына давала згоду на прыход сватоў, то маці маладога і маладой абменьваліся хлебам. Гэта было вельмі важным рытуальным дзеяннем, яно нібы падкрэслівала пачатак яцнання родаў на духоўным узроўні, на ўзроўні продкаў.
“Хлеб — найбольш сакральны від стравы, сімвал дастатку, багацця і матэрыяльнага дабрабыту. Асэнсоўваўся як дар божы і разам з тым як самастойная жывая істота ці нават вобраз самога боства” [2, с.476]. У старажытныя часы да хлеба ставіліся з вялікай пашанай, бо хлеб сімвалізаваў “узаемаабмен паміж богам і людзьмі, паміж жывымі і продкамі” [2, 476]. Усё сказанае вышэй дазваляе асэнсаваць ролю хлеба ў вясельным абрадзе.
Аднак папярэджваць дзяўчыну аб хуткім прыходзе да яе сватоў мог і сам жаніх, які “на адной з вечарынак павінен надзець ёй на галаву вяночак”. [1, с.9] Калі дзяўчына была згодна, то вянок пакідала (в.Чырвоная Слабада Акцябрскага р-на). У такім дзеянні важнай з’яўляецца семантыка вянка, які “ў вясельных абрадах з’яўляеццасімвалам шлюбу” [2, с.65].
Часам хлопец прыходзіў у хату да выбранніцы і пытаў дазволу ў яе бацькоў прыслаць сватоў (в. Міхнаўка Брагінскага р-на, в. Харошаўка Добрушскага р-на). Ён мог прыйсці не адзін, а разам ca сваімі сябрамі “на вячэру да нявесты” [1, с.461].
Такім чынам, на самым першапачатковым этапе вясельнага абраду, калі яшчэ не было дакладна вядома, ці адбудзецца вяселле ці не, можна прасачыць некаторыя магічныя дзеянні, скіраваныя на яднанне роду хлопца і дзяўчыны, мужчынскага і жаночага пачаткаў, якія на сучасным этапе ўспрымаюцца на ўзроўні “калектыўнага бессвядомага”. Гэта — “адзінства празрыстага ў свядомасці вобраза і тато, што стаіць за ім, сакральнага і неэкспліцыруемага сэнсу, які ўводзіць у бессвядомыя глыбіні псіхікі” [2, С.49]. Такі падыход у нэўнай ступені дапамагае знайсці першасемантыку рытуалаў і ўяўленняў старажьггных людзей. Ён дазваляе спасцігнуць сэнс некаторых сімвалаў, але толькі некаторых, якія праз вякі здолелі захавацца ў глыбіні чалавечай свядомасці і зараз яшчэ выяўляюцца на абрадавым ўзроўні.
Так, матыў хлеба (каравая), вянка з’яўляецца вельмі важным як на самым пачатку вясельнага абраду, так і на ўсіх яго этапах. Асэнсаванне семантыкі гэтых прадметаў, звязаных падчас з пярэпытам, цесна звязана з паняццем круга — “асноўнай формы структуравання прасторы (падзелу на “сваё” і “чужое”, дзе круг выступав як мяжа замкнёнай, ахоўваемай прасторы)” [2, с. 425]. Таму пачатковае ўзаемадзеянне паміж родамі маладых — гэта ўзаемадзеянне паміж “сваім” і “чужым”. А ўсе рытуальныя дзеянні, скіраваныя на яднанне родаў, адначасова скіраваны на збліжэнне “свайго” і “чужога”, “якое ажыццяўляецца як сукупнасць канцэнтрычных кругоў, пры гэтым у самым цэнтры знаходзіцца чалавек і яго блізкія” [2, с. 425] Такім чынам яднанне родаў хлопца і дзяўчыны на ўзроўні бессвядомага схематычна ўяўляла сабой зліццё двух розных, але семантычна роўных кругоў.
Аднак падчас першага этапу давясельнай часткі абраду (пярэпытаў) адбываецца толькі своеасаблівая спроба збліжэння гэтых кругоў. Калі дамоўленасць аб шлюбе канчаткова будзе дасягнута і адмаўленне ад яго будзе ўжо немагчыма, гады, на нашу думку, адбываецца першае ўзаемасутыкненне і замацаванне гэтых кругоў. Далейшыя этапы вясельнага абраду толькі паглыбляюць гэтую сувязь. Ці не таму і зараз сімвалам вяселля з’яўляюцца два пярсцёнкі, злучаныя паміж сабой, пра значэнне якіх звычайна мала хто ўзгадвае. А яны між тым канцэнтруюць у сабе семантыку сувязі двух родаў, яднання пакаленняў.
Такім чынам, кожны крок у абрадавым дзеянні не з’яўляецца раптоўным, а ўяўляе сабой складаную, але дасканала выпрацаваную чалавекам сістэму, якая ў такой ступені замацавалася ў генетычнай памяці людзей, што на дадзеным этапе ўспрымаецца на ўзроўні калектыўнага бессвядомага. Рэканструкцыя ж семантыкі такіх дзеянняў дазваляе не толькі зразумець яго сэнс, але і ў пэўнай ступені спасцігнуць свядомасць нашых продкаў і, як вынік, прасачыць фарміраванне менталітэту нацыі ў цэлым.
- Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік. — ЛМФ “Нёман”, 2003.
- Славянская мифология. Энциклопедический словарь. Изд. 2-е. — М.: Междунар. Отношения, 2002. — 512 с.
Аўтар: М.М. Касцюкова
Крыніца: Скарына і наш час: Матэрыялы III Міжнароднай навуковай канферэнцьй, прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння прафесара У.В.Анічэнкі (7 кастрычніка 2004 г.) /УА ‘ТДУ імя Ф.Скарыны”; Рэдкал.: А.А.Станкевіч (гал. рэд.) і інш. — Гомель, 2004. — С. 127-130.