Шмат загадак і таямніц прыцягвае ў Юравічы даследнікаў і валанцёраў. Гісторыкі не раз задавалі пытанне: чаму адзін з самых заможных і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў прыбыў менавіта ў Юравічы?
Больш за 300 год таму ў глухую палескую вёску Юравічы прыбыў езуіт Марцін Тыраўскі. З сабой ён прывёз цудатворны абраз Маці Божай. Пасля ў Юравічах утварылася езуіцкая місія, быў пабудаваны мураваны кляштар і калегіум. Да XXI ст. былыя калегіум і кляштар захаваліся толькі ў руінах. І ўжо больш за 15 год вядзецца аднаўленне і рэстаўрацыя будынкаў, дзе сёння знаходзіцца мужчынскі праваслаўны манастыр.
Штогод у Юравічы разам з гісторыкам Яўгенам Малікавым прыязджаюць студэнты, якія дапамагаюць манахам расчышчаць старадаўнія падвалы былога калегіуму.
Археолаг Алег Іоў штогод праводзіць у Юравічах археалагічныя раскопкі на старажытным юравіцкім гарадзішчы. Знойдзеныя знаходкі і гістарычныя крыніцы дазваляюць яму зрабіць сенсацыйнае адкрыццё: на тэрыторыі сучасных Юравічаў размяшчалася сталіца Тураўскага княства – старажытны горад Тураў, які быў знішчаны ў пачатку XI ст. і перанесены ў сённяшні Жыткавіцкі раён. Алег Іоў звязвае з’яўленне ў Юравічах езуітаў у XVII ст. з падзеямі тысячагадовай даўніны.
Яшчэ адна таямніца Юравічаў – гэта цудатворны абраз Маці Божай Юравіцкай. Шмат цудаў іконы было задакументавана езуітамі ў XVIII ст. У выніку, у палескае мястэчка прыязджала мноства паломнікаў, каб наведаць цудатворны абраз Маці Божай Юравікай. У XIX ст. пасля закрыцця касцёла абраз быў заменены мясцовай шляхцянкай копіяй і вывезены ў Кракаў, дзе ён і знаходзіцца да сёння. Ікона асабліва шануецца вернікамі двух канфесіяў Беларусі: праваслаўнымі і каталікамі, якія вераць, што святыня вернецца на палескую зямлю ў Юравічы.
Рэжысёрка Марыя Булавінская, Беларусь, 2020