Варажба — гэта своеасаблівы комплекс, выкананне якога скіравана на прадказанне будучыні. Маладыя людзі імкнуліся даведацца пра тое, што чакае ў далейшым, ці споўняцца жаданні і мары, з кім звядзе лес. Для гэтага і існавалі разнастайныя варожбы.
На Гомельшчыне самую вялікую групу складалі варожбы пра будучы лес маладой дзяўчыны: ці хутка яна выйдзе замуж, якую знешнасць і нораў будзе мець муж, ці будуць у сям’і дзеткі, дастатак і г. д. Звычайна магічныя абрады такога кшталту былі прымеркаваны да свят: Калядаў, Масленіцы, Купалля, Пакрова і іншых. Асноўная колькасць варожбаў прыпадала на Каляды, калі, па народных уяўленнях, прыходзяць з «таго свету» дуттты памерлых і актывізуецца нячыстая сіла.
Абрад варажбы здзяйсняўся ўвечары, ноччу ці раніцай. Часцей за ўсё варажылі паасобку. Але вядома, што на Гомельшчыне магічны абрад мог адбывацца і з удзелам невялікай групы людзей (асабліва важна, каб колькасць ўдзельнікаў варажбы была няцотнай).
Падчас варажбы вялікая роля надавалася пэўным прадметам^ якія непасрэдна выкарыстоўвалі, каб вызначыць свой лёс. Гэта маглі быць самыя разнастайныя рэчы хатняга і гаспадарчага ўжытку: падушка, ручнік, лучына, замок і ключ, попел, а таксама посуд (лыжкі, міскі, талеркі з вадой). У працэсе варажбы жыхары Гомельшчыны выкарыстоўвалі расліны і кветкі. Звычайна гэта было зерне (лён, каноплі, проса), а таксама так званыя «купалінкі», мак, ружы, васількі, лісткі трыпутніка, вянкі з кветак або нават дрэвы.
Даволі пашырана варожба, звязаная з ужываннем ежы. Адметным з’яўляецца той факт, што іншы раз у рацыён уваходзілі і занадта салёныя стравы (вараная бульба, аладкі, галушкі). У прыватнасці, на св. Андрэя пяклі тры галушкі, надавалі ім мужчынскія імёны, клалі на парозе і клікалі кошку ці сабаку. Чыя галушка з’ядалася першай, той і будзе мужам.
Цікавыя варожбы звязаны з выкарыстаннем у магічным абрадзе прадметаў адзення. Вельмі пашыраны, напрыклад, абрадавыя дзеянні з панчошкамі. Адну з іх дзяўчына нацягвала звычайна на правую нагу і прасіла ў замове, каб ноччу ўбачыць у сне жаніха. Існавалі і такія абрады, дзе ў якасці суправаджальных прадметаў выкарыстоўвалася чужое мужчынскае адзенне (сімвал мужчыны), якое клалі пад галаву ці падушку.
Прадметы і рэчы ў варажбе маглі быць і сродкам прыцягнення пажаданай асобы (косткі кажана, жабы, лапкі крата, галінка, на якой сядзеў салавей, пчаліная матка і г. д.). Любоўны прыварот на Гомелыпчыне ажыццяўляўся з дапамогай магічнага кола, якое павінна было спыніць сыход каханага за сімвалічныя межы (абкручвалі вакол вёскі нітку, абносілі лучыну вакол задуманага чалавека, сала вакол печы або вёскі і інш.).
Як і час, локусы для варажбы таксама мелі асаблівае значэнне. Лічылася, што гэта месцы, дзе можа ажыццяўляцца сувязь паміж «гэтым» і «тым» светам: ложак, калодзеж, палонка, гумно, печ, гарышча хаты, лазня, перакрыжаванне дарог, сметнік, «смалішча», хлеў, сені, гара, падвал, могілкі. Варажылі нават на вуліцы, а таксама пад вокнамі хат.
Поспех падчас сустрэчы з духамі самага рознага кшталту забяспечваўся цэлым комплексам умоў, лакальнымі і тэмпаральнымі характарыстыкамі рытуалу, якія ўсе разам і кожны паасобку былі накіраваны на здыманне межаў паміж «тым» і «гэтым» светам і атрыманне з «таго» боку адпаведнага знака. Каб наладзіць кантакт, той, хто збіраўся варажыць, здымаў крыж і пояс — «размыкаў» абарончую мяжу, развязваў вузлы на адзежы, дзяўчаты распускалі косы, выходзілі з хаты, не перахрысціўшыся, моўчкі, падчас басанож ці у адной сарочцы, часам зусім распрануўшыся. Ішлі да месца варажбы потайкам, каб ніхто не бачыў. Варажылі, заплюшчыўшы вочы, прыкрыўшы твар хусткай. У той жа час прадпрымалі абарончыя меры супраць нячыстай сілы: абводзілі вакол сябе круг качаргой, лучынай, нажом, іншы раз надзявалі на галаву гліняны гаршчок. Пры калектыўных варожбах удзельнікі трымалі адзін аднаго за мезенцы.
У абрадзе варажбы вылучаюцца тры структурныя часткі: падрыхтоўчыя дзеянні, атрыманне «знака» лёсу, растлумачванне «знака» лёсу. Калі падвесці вынікі і падагульніць назіранні, зробленыя на падставе фальклорных матэрыялаў, якія захоўваюцца ў архіве лабараторыі фальклору ГДУ імя Ф. Скарыны, то можна зрабіць спробу сістэматызацыі шлюбных варожбаў жыхароў Гомельчшыны паводле наступных крытэрыяў:
Па часе правядзення. Паводле гадавога цыкла варожбы падзяляюцца на зімовыя (асобна вылучаюцца калядныя), веснавыя, летнія, восеньскія.
Па ліку ўдзельнікаў. Вылучаюцца варожбы прыватныя і калектыўныя.
Па месцы правядзення. У варожбах Гомелынчыны часцей за ўсё ўзгадваюцца такія локусы, як: перакрыжаванне дарог, могілкі, вуліца, гумно, лазня, сметнік, хлеў, калодзеж, гарышча хаты, сені, падвал, палонка, печ, ложак і інш.
Па дапаможных прадметах. Найбольш ўжывальнымі дапаможнымі атрыбутамі пры варажбе з’яўляюцца: расліны, кветкі, зерне (купалінкі, мак, ружы, васількі, трыпутнік, лён, каноплі, проса), ежа (куцця, селядзец, салёныя бульба, бліны, аладкі, галушкі), прадметы хатняга і гаспадарчага ўжытку (замок, ключ, рушнік, лучына), адзенне (панчошкі, штаны і інш.), посуд (лыжкі, міскі, талеркі).
Аўтар: Аліна Сапонава
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. арт. Вып. 4 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка. — Мінск: Бестпрынт, 2007. С. 102-104.