Шкляны посуд пасожскіх гарадоў (XVII-XVIII стст.)

0
35
Шкляны посуд пасожскіх гарадоў (XVII-XVIII стст.)

Вынікі археалягічных дасьледзінаў у вапошнія гады адтулілі новыя відалі да глыбейшае распрацоўкі проблемаў, злучаных з тэмаю беларускага позьнесярэднявечнага шклярства, асабліва ў кантэксьце гісторыка-мастацкім. Такі аспэкт досьледаў прадугледжвае беспасярэдні аналіз знойдэеных пры раскопках вырабаў са шкла і грунтуецца на вывучэньні іх марфалёгіі й мастацкага стылю, а таксама на пытаньнях атрыбуцыі памянёных вырабаў ды іхняга бытаваньня. У гэтай публікацыі паспрабуйма разьвязаць пазначаныя заданьні на матар’яле дзьвюх археялягічных калекцыяў шкла, складзеных па выніках раскопак у гарадох Крычаве й Чачэрску (1974-1975, 1981-1982 гг.) [1]. Пры гэтым трэба мець на воку, што кожная археялягічная калекцыя зьмяшчае ня рэчы ў першапачатным стане, а толькі фрагмэнты іх. Тым ня меньш, з багата якіх фрагмэнтаў можна ня толькі скласьці канкрэтнае ўяўленьне пра кшталт судзіны, але й перайсьці да яе рэканструкцыі, што зусім дапушчальна ды апраўдана наяўнымі аналёгіямі. Рэканструяваньне формаў, сваім парадкам, дае магчымасьць схарактарызаваць цэлыя судзіны, а не кавалкі іх, адшуканыя падчас раскопак. З улікам папярэдняе рэканструкцыі мы й будзем падаваць матар’ял.

Тыпалёгія пасожскіх судзінаў, у пэўнай ступені таксама й іхная фармальная структура, была абумоўлена шматзначнасьцю функцыяў, якія тыя мелі ў штодзённым жыцьці. У часе застольля, да прыкладу, ужываўся посуд адкрыты, зручны піць і есьці, для кожнае стравы свой: для віна й налівак — чарачкі, кілішкі, келіхі; піва й мёду — шклянкі, шкляніцы і г. д. Судзіны, што служылі за тару, дыктавалі найбольш прыстасаваную форму да перавозу й захаваньня вадкасьцяў — закрытая шкляная ёмістацьць з вузкім рыльцам. Яна знайшла свой адбітак у гэткіх родах посуду, як кварты, бутэлькі, пляшкі. У аптэчнага начыньня меліся таксама свае вымаганьні што да формы.

Але мэтазгоднасьць апошняй — далёка не галоўная ўмова для фармаваньня вобразу судзіны. Немалую ролю ў гэтым адыгравалі чыньнікі іншага парадку: сукупнасьць як традыцыйных агульналюдзкіх уяўленьняў пра яе, так І вузейшых — нацыянальных, рэгіянальных, лякальных: суб’ектыўнае стаўленьне майстра стваранае рэчы, ягоныя эстэтычныя погляды, знаёмасьць з матар’ялам і ступень валоданьня ім. Наяўнасьць менавіта такіх рэаліяў вылучала гэткую судзіну спаміж іншых, інакш-сказаць, вызначала яе індывідуальныя рысы, абумоўлівала складаньне дэкарацыйнай сыстэмы. У вадваротным выпадку абразок ставаўся стандартам, функцыянальнасьць прэвадавала над прыгажосьцю. Зьявы стандартызацыі ды ўтылітарызацыі формаў у судзінах характэрызуюць, галоўным чынам, фабрычную вытворчасьць, але гэтыя тэндэнцыі вызначаюцца ўжо на раньніх ступенях гутнага шклярства, калі тое пачынае працаваць на рынак, а шкляны посуд стаецца ма­тар’ялам масавага ўжытку.

Прысутнасьць двох варыянтаў — «рыначнага» ды мастацкдга — уласьціва шкляным вырабам пасожскіх гарадоў. У гэтым пляне асабліва паказальныя судзіны, вядомыя пад назовамі чарак і шклянак. Посуд гэты традыцыйны, у тых або іншых формах ён спатыкаецца ва ўсіх народаў і бытуе па сёньняшні дзень. Першапачатным падмуркам стварэньня гэткага абраза сталася ці не ча­ша кветкі, а мо званочка, што папярэдне знайшла ўвасабленьне ў кераміцы, мэтале, а пазьней адсюль перайшла да шкла.

Марфалёгія шклянак з пасожскага археялягічнага комплексу вызначаецца дзьвюма канструкцыямі. Першую складаюць судзіны з шырокай, добра расчыненай ля вусьця чашай на вузкім масыўным дзенцы, другую — танкасьценныя канічныя шклянкі з вагнутым усярэдзіну дном. Посуд першага тыпу уласьцівы толькі ўсходнебеларускім землям. Багата фрагмэнтаў яго выяўлена ў Мсьціслаўлі, дзе, як сьведчаць шматлікія факты, ён рырабляўся [2]. Не выключаецца магчымасьць яго вытворчасьці і ў іншых шкларобных асяродках на Усходняй Беларусі. Памянёныя шклянкі вядомыя па раскогках у Вітабску, Магілеве, Воршы [3].

Выдзімаліся яны адвольна з традыцыйнага зелянкавага шкла сьветлых і жаўтлявых адценьняў. Дэкарацыйны эфэкт ад такога роду шклянак ня надта вялікі. Гладкасьценныя, бездэкоравыя, яны былі пашыраны галоўным чынам сярод дэмакратычных пластоў насельніцтва, дзе рэч цанілася перадусім за яе практычнасьць. Нельга не зацеміць I ўдалага спалучэньня колеру ды формы, што выгодна вылучае посуд спаміж іншых. Майстар маніпулюе коле­рам — то насычае яго, то асьвятляе, гэтым самым дадаючы цяжкасьці або лёгкасьці аб’ёму судзін. Спалучэньне цяжкой, густа фарбаванай асновы зь лёгкімі празрыстымі сьценкамі, што імпэтн’ цягнуцца ўгору й недзе там амаль зьліваюцца з паветрам, выглядае надзвычай гарманічна ды велічна.

Другі тып шклянак быў распаўсюджаны ў шырэйшым арэале. Яны знойдзеныя пры раскопках у Менску, Гародні, Лідзе, Навагарадку, Ашмянах, у Мірскім і Гальшанскім замках, а таксама ў памянёных вышэй усходнебеларускіх гарадох [4]. Канструкцыйнае вырашэньне такіх судзінаў здаецца нам больш вытанчаным, у адрозненне ад папярэдніх. Гэта дасягаецца коштам мяккіх плястычных абрысаў чашы, акругла пукатых пры самым дне, тонкіх, споўненых святлом і паветрам, сьценак судзінаў. У пасожскіх га­радох, як і ўвогуле па ўсёй Беларусі, бытавалі дзьве адмены гэтага тыпу шклянак: адны — бездэкоравыя, выдзьмутыя зь зялёнага неасьветленага шкла; другія — фармаваліся са шкламасы лепшае якасьці, мелі сьветла-зялёную ці амаль бясколеравую афарбоўку. Дзенцы ў гэтае групе судзінаў аздабляліся хваліста укладзеным джгутом, які адначасна быў I паддоньнем. Гэткая фор­ма ў шклярстве паўстала, відаць, пад уплывам барочных традыцыяў, а ідэя яе запазычана з той жа керамікі. Хваліста ўкладзены джгут-паддоньне спатыкаем адно ў беларускім ды польскім шкле. Зьвесткі пра яго ў вядсмых нам нямецкіх ды чэскіх крыніцах адсутнічаюць [5]. Аналягічныя джгуты ў паасобных выпадках аздаблялі сьценкі судзіньня, але гэта больш уласьціва шкляніцам — ёмістаму агульнаўжывальнаму посуду. Джгуты апляталі сьценкі ў шкляніцах па гарызанталі й выконвалі ролю метак — «абручыкаў». Кожны з гасьцёў выпіваў змесьціва ў судзіне да пэўнага «абручыка» і перадаваў іншаму [6].

Сьценкі ў шклянках таксама часам афармляліся такім чынам, але налепы ў гэтым выпадку выконвалі выключна дэкарацыйную функцыю: відаць, таму, што шклянка была такі посудам індывідуальным. У Крычаве выяўлена адна такая шклянка, сьценкі якое аздоблены дзьвюма наляпнымі палоскамі, якія дадаткова ўпрыгожваў адбіты штампам дэкор. Шклянка выдзьмута адвольна з жаўтлява-вохрыстага шкла, мае памеры: вышыня — 11,5 см, дыямэтр донца — 5 см. Аналёгіі ёсьць таксама ў Мсьціслаўскай калекцыі [7].

У чачэрскай жа калекцыі мы ўбачылі зусім не традыцыйны ўзор афармленьня паддоньня ў шклянцы — два пераплеценыя між сабою джгуты. У скарыстаных намі археялягічных калекцыях шкла такія прыклады невядомыя.

У якасьці паддоньня ўжываўся таксама звычайны крыглы джгут, сплюшчаная палоска шкла. З эпохай барока ўвайшло ў побыт судзіньне з рыфленымі сьценкамі. У параўнаньні зь іншым яно, пэўна, было даражэйшае, бо выдзімалася ў формах тонкага празрыстага шкла. Для шклянак з пасожскіх гарадоў характэрна рыфленьне па вертыкалі ў выглядзе неглыбокіх вузкіх канэлюраў. У Чачэрску, што праўда, знойдзена сьценак колькі з дыяганальным рыфленьнем, як і ў шмат якіх мсьціслаўскіх судзінах, але яны належаць да выняткаў.

Вытворчасьць мастацкага шкла — дэкаратыўна аформленых шклянак — не была масавая. Вырабляліся шклянкі пераважна на замову, хоць нейкі адсотак, мажліва.трапляў і на рынак. Ужываліся яны заможнаю часткаю насельнікаў — не выпадкова, што такі посуд знаходзяць у васноўным пры раскопках фэадальных замкаў, кляштараў. У мястэчках і на тэрыторыі гарадзкога пасаду адсотак іх значна абніжаецца [8].

Шкляніцы да другое паловы XVII ст. былі посудам адно сталовым, пераважна шляхоцкім, у вадрозьненьне ад яго нямецкага прататыпу, які быў распаўсюджаны галоўным чынам у бюргерскім асяродзьдзі [9]. Вышэй мы пазнаёміліся з адной адменай спатыканых на тэрыторыі Беларусі шкляніц. Да гэтай жа групы нале­жаць судзіны з цыліндрычнымі чгшамі на дыскаваных і валікаватых паддоньнях, вядомыя як шкляны посуд у беларусаў, чэхаў і немцаў (вількомы, хумпэны) [10]. Дзьве гэткія формы выяўлены у Чачэрску (на тэрыторыі замка) і дзьве — у Крычаве.

Да катэгорыі шкляніц звычайна залічаюць і высокія (часам да 30-50 см) кубкі на цыліндрычным паддоньні, як правіла, з добра асьветленага шкла. Форма іх, як і папярэдніх, была запазычачая ад немцаў (Stangenglas) [11]. Польскія адпаведнікі такіх судзінаў былі ўпрыгоджаны эмалёвым размалёўкам амаль пa ўсёй паверхні сьценак [12]. Спаміж знойдзеных на беларускіх землях шкляніц размаляваных ня выяўлена. Крычаўскія матар’ялы даюць уяўленьне яшчэ аб адной групе судзінаў, вядомых у Польшчы пад назовам “pucharki dzwonowate». Праўда, пададзены яны ўсяго адным фрагмэнтам, які згодна клясыфікацыі польскае дасьледніцы С. Цепелы належыць да тыпу “Б» [13]. Гэта танкасьценны, з жаўтлявага шкла, посуд са званаватай чашай на паддоньні, утвораным рэзкім выгінам дзенца аж да яго сутыкненьня са сьценкамі. Дыямэтар паддоньня 7,5 см. Датуецца посуд першай паловай XVII ст. “Пухаркі», як і большасьць вышэйадзначаных шклянак, былі посудам танным, шырока распаўсюджаным у побыце незаможнага люду. Пра гэта сьведчаць досьледы польскіх археолягаў, якія ў вялікім ліку знаходзяць “пухаркі» ў мяшчанскім пасадзе старой Варшавы і ў шмат якіх іншых польскіх гарадох [14]. Пры раскопках вітэбскае карчмы выяўлена пад 40 фрагмэнтаў ад іх, хоць для Іншых рэгіёнаў Беларусі такія знаходкі рэдкія [15].

Форма шклянкі з вузкім масыўным дзенцам шырока скарыстоўвалася пры вырабе куфляў. Ручка — гэта неабходная прыналежнасьць апошніх — вельмі добра пасавала да такое формы канструкцыйна і, што таксама важна, драбіла аднастайную лінію кругавога абрысу на некалькі эдцінкаў рознае велічыні. Стылістычная разнастайнасьць куфляў не вычэрпвалася адно гэ­тым прыкладам. У чачэрскай калекцыі можна знайсьці судзіны з прафіляванымі сьценкамі чашы — збанкаватыя. Плястычныя абрысы тулава куфляў падкрэсленыя ўзьнятай ўгару ручкай ў выглядзе тонкае пятлі.

Дэкарацыйнае афармленьне судзіньня гэткага роду ў большасьці выпадкаў адсутнічае, але ёсьць і выняткі. Скажам, у той жа чачэрскай калекцыі спатыкайма прыклады, калі каронка куфлю аздоблена некалькімі шэрагамі разьмешчаных гарызантальна налепных нітак, накшалт таго, як упрыгожваліся шыйкі асобных збаноў у Мсьціславе [16].

Фрагмэнты ручак з крычаўскіх раскопаў даюць уяўленьне пра посуд досыць спэцыфічных формаў. Адзін зь іх мае пляскатую авальную будову i выглядам звонку нагадвае лісток дрэва з неглыбокімі выяўнымі пражылкамі, другі выглядае звычайным рacплюшчаным джгутом даўжыні 8 см і шырыні 23 см. Кут сутоку ручак са сьценкамі і лінія накірунку ў апошніх дазваляюць рэканструяваць шырокую адкрытую чашу накшалт міскі.

Ручка зьяўлялася канструкцыйным складнікам яшчэ ў шэрагу судзінаў. Да гэтага ліку, прыкладам, належыць крычаўскі шкляны “гляк». Нягледзячы на тое, што тэрмін гэты ўзяты намі ад беларускае народнае керамікі, ён такі ‘найдакладней адбівае створаны мясцовымі гутнікамі абразок. Крычаўскі “гляк» — гэта судзіна зь невысокай вузкай шыйкай на шырокім глушкаватым тулаве, выдзьмуты адвольна з жаўтлява-зялёнага шкла. Мясьціна пярэйсьця аднаго аб’ёму ў другі пазначана трыма налепнымі палоскамі шкла, якія дадаткова ўпрыгожаны аздобленымі зашчыпамі. Вершыць кампазыцыю масыўная трохаздобная ручка.

Аналёгія зь мяйсцовымі керамічнымі формамі аідавочная, але як па-майстэрску перададзены гэты абразок у шкле. Скарыстаны ўсе ўласьцівасьці яго як матар’ялу: падкрзсьленая шэрагамі налепных джгутоў празрыстасьць; увасобленая ў лініях форма і ў прыгожай лепцы ручкі плястычнасьць; каляровыя рэфлексы ды бляск.

Археалягічныя матар’ялы з пасожскіх гарадоў дазваляюць пазнаёміцца з формамі келіхаў, характэрных для XVII стагодзьдзя. Усе яны стылістычна розныя. Чачэрскія судзіны, да прыкладу, мелі рэнэсансавую будову ножкі: на шырокай ступе, увершанай і ўцяжаранай дыскам, грунтавалася мяккая, парожняя ў сярэдзіне, балясіна, ад якое імкліва ўзьнімаліся ўгару танкія празрыстыя сьценкі чашы. Цешыць вока кантраснае спалучэньне лёгкага, амаль бязважкага шкла, якое абапіраецца на густую шчыльную масу набору.

Баракальныя матывы характэрныя для сэрыі келіхаў з Крычава. Асабліва цікавыя дзьве формы: А. Келіх з канічнай чашай на ножцы, утворанай тым жа спосабам, што й паддоньне ў польскіх «пухарках». Усподзе чаша аздоблена характэрным для ўкраінскага сярэднявечнага шкла дэкорам-ляпнінаю ў выглядзе расчыненых пялёсткаў [17]. Вышыня судзіны роўная 10 см. Б. Другі посуд на балясінаватай ножцы, упрыгожанай рэльефным адбіткам ільва й крыжа. Ножка пустацельная.

У крычаўскай калекцыі ўтрымліваюцца фрагмэнты ад дубальтовых келіхаў; канічная чаша спалучаецца з такой жа формы сту­пою двума дыскамі і сплюшчаным «яблыкам» між імі.

Традыцыйным посудам былі кварты. На Пасожжы спатыкаюцца два іх адменьнікі. У марфалёгіі адных відавочна імкненьне да строгае геамэтрызацыі формы. Адсюль — простыя, рэзка выдатныя плечукі, падкрзсьленая дакладнасьць абрысаў ды лініяў. Ра­зам з гэтым, адсюль і нейкая важкасьць, вуглаватасьць усяе канструкцыі. У іншых судзінах форма больш абцякальная, лініі тулава мяккія, згладжаныя, абрысы паразмываныя. Плечукі спадзістыя.

На першым этапе існаваньня памянёных посудаў выразна, прасочваецца жаданьне разнастаіць іх фармальную мову. Каб асягнуць пажаданае мэты, гутнік, почасту наўмысна, ўскладняе канструкцыю: пашырае верхнюю частку судзіны й звужае адначасна форму пры дзенцы. Каб падкрэсліць абрысы сьценак і празрыстасьць шкла — выгінае усярэдзіну сьценкі, маніпулюе колерам, насычаючы й асьвятляючы яго, упрыгожвае посуд дадатковымі дэкарацыйнымі дэталямі (налепнымі джгутамі і пячаткамі). У Крычаве знойдзены фрагмэнты ад кварты з наступным дэкорам: у тоўшчу шкла пасьлядоўна залітаваны белыя апалавыя ды чырвоныя ніткі.

Марфалёгія кулістых бутэлек, пляшак не адзначаецца навіною. Кожнай з дасьледжаных намі формаў ня цяжка знайсьці аналёгіі спаміж шкла зь іншых беларускіх гарадоў. Адзінае, што вызначае гэты рэгіён зь іншых, дык гэта — вялікая лічба судзінаў на паддоньнях: з адзінарнага й падвойнага джгута, з хваліста паўкладаныммі джгутамі, з двох разам сьплецйных джгутоў. Большасьць знойдзеных пры раскопках горлаў ад пляшак і кулістых бутэлек маюць простую, або трохі на вонкі адагненую каронку. Досыць нестандартным нам здаецца і каляровае вырашэньне вышэйадзначаных судзінаў. Пераважаюць вохрыста-жоўтыя, блакітнявыя, блякла-зялёныя адценьні; сяя-тая пляшка выдзьмутая зь бірузовага шкла. Усе падаваныя акалічнасьці дазваляюць меркаваць пра ўжываньне гэтых судзінаў як сталовага посуду.

Мы разгледзелі наразе адно тыя формы, што згодна дадзеным стратыграфіі, належаць да XVII стагодзьдзя, у асноўным да першае яго паловы. У наступным паўстагодзьдзі й на працягу першае паловы XVIII ст. асартымэнт посуду ў пасожскіх гарадох амаль не зьмяняецца. Калі пад уплывам эвалюцыі і зьнікаюць некаторыя з формаў, дык замест іх, як вынік пэўных сацыяльна-культурных працэсаў, зьяўляюцца новыя. Цікава, што з побыту ў першую чаргу выходзяць акурат тыя формы, якія амаль што цалкам былі запазычаны ад заходнееўрапэйскага шклярства, у прыватнасьці, шкляніцы на цыліндрычным паддоньні. Затое судзіньне, форма якога хоць і была запазычана, але мадыфікавалася пад узьдзеяньнем мяйсцовых традыцыяў, працягвае існаваць. Гэта да рэшты датычыць формаў шкляніц. Аб’ём ды памеры іх, аднак, значна меншаюць.

Шырока распаўсюджваюцца ў наступным пэрыядзе ўсе тыпы шклянак. У вадносінах да іх выяўляецца найбольшы кансэрватызм, які, як падавалася вышэй, тлумачыцца простай і зручнай формай гэтых судзінаў, і з часам, таксама зьведалі пэўныя зьмены, няхай сабе й нязначныя. У гэтым міжчасе назіраецца агульная ўсім судзінам тэндэнцыя да строгай геамэтрызацыі формы i ўдасканаленьня прапорцыяў. На вышэйшы ўзровень падымаецца тэхналёгія фармаваньня посуду, усё часьцей дзеля гэтай мэты скарыстоўваецца адумысловая форма.

Тарны посуд гэтаксама далей разьвіваецца. Адбываецца паступовы пераход ад кулістых бутэлек да цыліндрычных, і даўгі час на Пасожжы бытуе знаёмы нам па мсьціслаўскім раскопе пераходны тып такіх судзінаў.

Досыць складаным здаецца нам пытаньне аб мастацка-стылістычных асаблівасьцях пасожскага шклянага посуду XVII-XVIII стст. Шмат якія з прааналізаваных намі судзінаў, маюць до­бра выяўленыя ўтылітарныя якасьці й дзеля гэтага да катэгорыі шкла мастацкага іх далучыць цяжка. Рэшта вырабаў пераходзіць мяжу чыстае функцыйнасьці, хоць да г. зв. «элітарнага мастацтва» яны таксама не належаць. Выразна праяўляецца дэмакратычны характар пасожскіх вырабаў, іхная блізкасьць да народнага мас­тацтва. Адпаведна, ім уласьцівы найхарактэрныя рысы апошняга: арганічная простасьць і плястычнасьць формаў, ляканізм дэкарацыйных сродкаў і незвычайная іх выразнасьць, дыялектычная еднасьць карыснага ды прыгожага, яскравая каляровая гама і г. д. Тыповым знакам народнасьці ёсьць роднасьць вышэйадзначаных шкляных формаў і мяйсцовых керамічных.

З другога боку, у пошуках абразка, формы беларускія гутнікі кіраваліся ня толькі мясцовай традыцыяй. У іхных творах знайшлі адбітак агульналюдзкія дасягненьні ў галіне формы, на Іхную дзейнасьць паўплывалі шмат якія тагачасныя стылістычныя плыні. Асабліва поўна ў пасожскім шкле XVII-XVIII стст. паказаў сябе стыль барока. Барочныя матывы выяўляюцца ў мяккіх акруглых лініях тулава чарак і шклянак, у вытанчаных абрысах формаў, у разнастзйным плястычным дэкоры, што упрыгожваў сьценкі і дзенцы посуду, у плястычна ўзбагачаных канструкцыях ручак у куфлях, глякох, місках, ножках, у аздабленьні сьценак чашаў у судзінах з падоўжным і дыяганальным рыфленьнем. Разам з гэ­тым дэкарацыйнае афармленьне пасожскага посуду гэтага пэрыяду надзвычай стрыманае, сьціплае, вельмі спакойнае ў параўнаньні, да прыкладу, зь нярвовым узрушаным рытмам украінскае шкляное плястыкі эпохі барока альбо з празьмерным мудрагелістым дэкорам заходнееўрапэйскіх ды вэнэцыйскіх судзінаў таго часу. У знойдзеных на Пасожжы вырабах дэкор толькі падкрэсьлівае форму, раскрывае майстрава імкненьне надаць посуду большую вы­разнасьць і прыгажосьць у тае меры, у якое дазволена йснуючай традыцыяй і вызначана ўласным творчым тэмпэрамэнтам гутніка.

Праца з археалягічнай калекцыяй непазьбежна вядзе да пытаньня атрыбуцыі выяўленых пры раскопках рэчаў. Пераз стылістычную ды канструкцыйную еднасьць апошніх выразна бачыцца іхная беларуская натура, але канкрэтнае мейсца вытворчасьці канчаткова вызначыць пакуль што немагчыма. Замінае гэтаму, па-першае, недастаткова прадстаўнічая статыстычная выбарка фрагмэнтаў (агулам каля 500); па-другое, адносна невялікі пляц археалягічных раскопак (даследвалася ў асноўным тэрыторыя чачэрскага і крычаўскага замкаў і толькі невялікая частка гарадскога пасада — каля 20 м2); па-трэцяе, адсутнасьць дадзеных фізыка-хімічнага аналізу. Існуе, тым ня менш, шэраг абставінаў, па якіх зь вялікай ступеньню верагоднасьці можна меркаваць аб мяйсцовым паходжаньні большасьці вышэйпамянёных вырабаў. Ужо ў XVII стагодзьдзі на тэрыторыі Пасожжа мелася досыць разьвітая матар’яльная база для вытворчасьці шкла: сыравіна (багатыя лясы, вадаёмішчы, добрыя кварцавыя пяскі, поташ [18]), неабходныя грашовыя сродкі (крычаўскія й чачэрскія землі былі на ўтрыманьні буйных фэадалаў, якія мелі ўсе магчымасьці разьвіваць такі промысел [19]). Захаваліся, апроч таго, зьвесткі, што ў другой палове XVII ст. у Крычаўскім старостве дзеялі дзьве шкляныя гуты [20]. Важкім аргумантам можа служыць і той факт, што на канцы XVII ст. зашклёныя вокны ў Чачэрску й Крычаве меліся ня толькі на замкавых пабудовах, але і ў дамох гараджанаў.

  1. Аўтар выказвае падзяку археолягам М. А. Ткачову ды I. М. Чарняўскаму за магчымасьць пазнаёміцца з вышэйпамянёнымі калекцыямі шкла.
  2. Яніцкая М. М., Сташкевіч А. М. Мсціслаўскае шкло XVI-XIX ст. // Помнікі культуры. Новыя адкрыцці. Мн., 1985. С. 89-90.
  3. Бубенько Т. С. Стеклянная посуда из Витебска // Древности Литвы и Белоруссии. Вильнюс, 1988. С. 125-127; Чернявский И. М. Отчет о проведении археологических исследований Могилев­ской ратуши в мае-июле и августе-сентябре 1984 г. // Архіў ВА «Белрэстаўрацыя». Аб’ект 152/77, № 28. З аршанскімі матар’яламі аўтара пазнаёмілі археолягі В. М. Ляўко ды I. М. Чарняўскі.
  4. Собаль В. Я., Яніцкая М. М. Шкляны посуд Мінска ХІІ-ХІХ стст. // Помнікі старажытнабеларускай культуры, Новыя адкрыцьці. Мн., 1984. С. 86; Яніцкая М. М. Вытокі шкларобства Беларусі. Мн., 1980; Кравцевич А. К. Отчет о проведении археологических раскопок в Новогрудке в июне 1987 г. // Архіў ВА «Белрэстаўрацыя». Аб’ект 139/11. № 7; Ягоны ж. Археологический отчет о проведении раскопок в Ошмянах в 1985 году // Архіў СНРВМ МК БССР. Аб’ект 136/7. № 5; Трусаў А., Ляшкевіч А. Шкло Мірскага замка // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3. С. 42-43; Бубенько Т. С. Стеклянная посуда из Витебска. С. 126; Чернявский И. М., Левко О. Н. Отчет о проведении археоло­гического исследования Кутеинского монастыря в июне 1986 г. // Архіў БСНРВА «Белрэстаўвацыя». Аб’ект 6/124. № 2.
  5. Schmidt R. Das Glas. Berlin, 1922; Kompfer F. Viertausend Jahre Glas. 1966; Glass in Czechoslovakia. Praga, 1958.
  6. Мальдзіс А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя. Мн., 1982. С. 238.
  7. Трусов О. А. Археологический отчет о проведении раскопок в Мстиславле в июне-июле 1983 г. // Архіў СНРВМ МК БССР. Аб’ект 197/81. N 13.
  8. Як прыклад можна скарыстаць матар’ялы раскопаў Мірскага зам­ка й мястэчка Мір. Гл.: Трусаў А., Ляшкевіч А. Шкло Мірскага замка: Кравцевич А. К. Археологический отчет о полевых исследо­ваниях в июле-августе 1982 г. в г.п. Мир Кареличского района Гродненской области // Архіў СНРВМ МК БССР. Аб’ект 210/82. № 3.
  9. Большая иллюстрированная энциклопедия древностей. Прага. 1980. С. 131.
  10. Schmidt R. Das Glas. S. 148-149.
  11. Kampfer F. Viertausend Jahre Glas. Мал. 120.
  12. Polskie szkto do potowy XIX wieku. Wroclaw-Warszawa-Krakow-Gdansk. 1974. Мал. 30-32.
  13. Ciepieta St. Pucharki dzwonowate w Polsce od konca XVI do korica XVII wieku // Szklo i ceramlka. 1966. N: 9. S. 248-253.
  14. Тамсама.
  15. Бубенько Т. С. Стеклянная посуда из Витебска. С. 126.
  16. Яніцкая М. М., Сташкевіч А. Б. Мсціслаўскае шкло XVI-XIX стст. С. 90-91.
  17. Рожанківськйй В. Ф. Украінське художне скло. КиГВ. 1959.
  18. Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (Вторая половина XVII-XVIII вв.). Мн., 1975. С. 147.
  19. Тамсама.
  20. Мейер А. Описание Кричевского графства или бывшего староства // Могилевская старина. Вып. 2. Могилев. 1898. С. 114.


Аўтар:
А. Сташкевіч
Крыніца: VIEDA-I. Працы Беларускага інстытута Эўропы (Беларускага навукова-гуманітарнага таварыства). – Мн.: МП “Гаспад”, 1993. Ст. 13-21.