Шацілкі-Светлагорск: што ў імені вашым?

0
174
Шацілкі і Светлагорск ды іх гісторыя

Што агульнага паміж вёскай Шацілкі і горадам Светлагорскам? Толькі тое, што сёння адзін населенны пункт увайшоў у межы другога? Не толькі. Высвятляецца, што абедзьве гэтыя назвы звязаны з адным і тым жа словым, а гісторыя гэтага месца – з людзьмі, якія прыходзілі сюды двойчы.

«На гары, на тракце Горвальскім»

Светлагорск — такую назву нашаму гораду далі людзі, якія ў пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя з’ехаліся па закліку камсамолу ў вёску Шацілкі будаваць электрастанцыю – Васілевічскую ДРЭС. У новую назву горада яны ўклалі свой просты сэнс: Светлагорск — светлы горад, таму што ў ім з’явілася крыніца святла, — электрастанцыя. (Гл.: Светлогорск: молодой город на древней земле. Мн. 2006. С. 1). 
Але не ўсё так проста ў гэтым найменні, як падаецца. Напэўна, у тыя далекія 60-я гады ХХ стагоддзя, выбіраючы імя населеннаму пункту, аўтары і не падазравалі, што ў прыдуманай імі назве можа хавацца зусім іншы сэнс. Справа ў тым, што корань «гор» указвае зусім не на слова «горад», а заўсёды выступае ў значэнні слова «гара». Для прыкладу, успомнім расійскі горад Пяцігорск, які раскінуўся ля гары Бештау. Назва гары паўплывала на выбар назвы горада. Бештау перакладаецца на рускую мову, як «беш» — «пяць» і «тау» — «вяршыня, горы». Атрымалася «пяць вяршынь» альбо «пяць гор» — Пяцігорск. Яшчэ прыклад: расійскі горад Магнітагорск (Чэлябінская вобласть) – цэнтр чорнай металургіі, атрымаў назву ад гары Магнітная ля якой ён размясціўся. Атрымалася, горад размешчаны ля гары Магнітная – Магнітагорск. Нарэшце город Светлагорск, які знаходзіцца ў Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі, названы так таму, што размясціўся на агромністай пясчанай янтарнай гары 45 метраў над узроўнем Балтыйскага мора. (Гл сайт). І, як бы каму не хацелася, Светлагорск літаральна трэба разумець, як «светлая гара». Калі б наш горад хацелі назваць «светлым горадам», то варта было да слова «светлы» дадаць слова «град», якое выступае ў значэнні «горад», і атрымалася бы Светлаград. Дарэчы, сёння адзіны горад з такой назвай знаходзіцца ў Стаўрапольскім краі Расійскай Федэрацыі. Тут варта нагадаць гарады, у назву якіх уваходзіць корань «град». Напрыклад, Валгаград – горад, які месціцца на рацэ Волга, цэнтр губерніі Расійскай Федэрацыі, горад Петраград-Ленінград, названы так у гонар рускага цара Пятра І, які пабудаваў яго, а потым пераназваны ў гонар Уладзіміра Леніна – кіраўніка сусветнага пралетарыяту, які здзейсніў тут Rастрычніцкі пераварот. Сёння гораду вярнулі яго першапачатковую назву – Санкт-Пецярбург.

Калі Светлагорск літаральны значыць «светлая гара», то атрымліваецца, што людзі, якія назвалі так гэты горад, проста памыліліся? Магчыма.

Звернем увагу на наступны цікаўны факт. Светлагорск узнік на месцы Шацілак, якія былі пераназваны 29 ліпеня 1961 года. А ў прывілеі, выдадзеным каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам II Аўгустам 15 ліпеня 1560 года, дзе ўпершыню ўзгадваецца Светлагорск, гаворыцца, што «маёнтак Востраў Шацілінскі размешчаны на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіна ў Рэчыцкім павеце…» (Гл.: Памяць: Светлагорск і Светлагорскі раён. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. У 2-х кн. Кн.1. Мн.2000. С. 47).

Але назваўшы ў 1961 годзе горад «светлай гарой», ніхто на той час яшчэ не ведаў аб існаванні прывілея, адшуканага ў Дзяржаўным гістарычным архіве РБ толькі ў 1989 годдзе (Гл.: Рогалеў А. Сцежкі ў даўніну. Мн. 1992. С.127; Грабянчук. І. Светлагорск//Беларускі гістарычны часопіс. 1997. №3.С 105.). Што гэта – проста супадзенне, містыка? Пытанне, як кажуць, рытарычнае.

Дарэчы, у «Толковом словаре живого великорусского языка» пад рэдакцыей рускага вучонага Даля В.І., перавыдадзенага ў Маскве ў 2002 годзе ёсць слова «шатъ» у значэнні «гара сярэдняй велічыні» (Т. 4. С. 624). Цікава параўнаць са словам «шацёр», які нагадвае невялікую гару.

Атрымліваецца, што новыя людзі, якія прыехалі жыць і будаваць сённяшні горад Светлагорск у пачатку 1960-х гадоў мінулага стагоддзя, далі назву гэтаму месцу таксама, як і заснавальнікі Шацілак, толькі да слова «гара» дабавілі прыметнік «светлая».

Горад, які выпраменьвае моцны свет

Светлагорск — сёння гэтая назва трывала замацавалася сярод жыхароў горада. Не адмаўляецца мясцовымі жыхарамі і ранейшае яго імя – Шацілкі, дадзенае аднаму з мікрараёнаў, які выходзіць на Цэнтральную Плошчу. А ў цэнтр, як вядома, выносіцца толькі значнае, асабліва дарагое і самае святое.

Звернемся да значэння слова «Светлагорск» больш падрабязна. Як было зазначана вышэй, яно складаецца з двух слоў: «светлы» и «гара». У «Словаре русского языка. М. 1986» пад рэдакцыяй Ожэгава С.І. знаходзім значэнне слова «светлы»: «які выпраменьвае моцны свает; добра асветлены, яркі; ясны, празрысты; менш яркі па колеру ў параўнанні з іншамі, не цёмны; радасны, нічым не азмрочаны, прыемны»(С.610).

Дарэчы, слова «свет», ад якога ўтварыўся прыметнік «светлы», у беларускай мове мае яшчэ і значэнне «ўвесь свет, уся Зямля». Цікава параўнаць з тым фактам, што будаваць горад Светлагорск прыехалі з ўсяго СССР — калісьці самай вялікай у свеце дзяржавы. Няўжо гэта падказка, якая сведчыць, што тут сабраліся людзі з «усяго свету», «усёй Зямлі»?

Слова «светлы» па паходжанню ўтварылася ад слова «святы». Сёння яно мае некалькі значэнняў: «пранікнуты высокімі пачуццямі, узвышанны, ідэальны; запаветны, сапраўдны, вялічэзны і выключны па важнасці; які мае гэтак званую боскую дабрачыннасць». (Гл.: Словарь русского языка. Под редакцией Ожегова С.И. М. 1986. С. 613).

Такім чынам, значэнне слова «Светлагорск» можна растлумачыць, як “горад, які стаіць на гары, вяршыні, вышыні (духоўнай?), які выпраменьвае, нясе свет (святасць?), пранікнены высокімі памкненнямі”. 

Светлагорцы – гэта «шацілы»?

Цяпер разгледзім значэнне слова «Шацілкі». Успомнім усе вядомыя сёння назвы гэтага населеннага пункта: Востраў Шацілінскі, Шацілкі і Востраў, Шацілавічы, Шацілкавічы, Шацілкі. Мяркуецца, шта назва гэтага неселеннага пункта паходзіць ад прозвішча яго заснавальніка – Шацілы, якое ў сваю чаргу паходзіць ад слоў «шатъ» або «шаты». Слова «шаты» мае некалькі значэнняў: пышнае, дарагое аддзенне, у пераносным значэнні – покрыва (Гл.: Тлумачальны слоўнiк беларускай мовы. Мн.: 1984. Т.5. С. 359); рыза на іконе (зноў узгадка на святасць?), багатае аддзенне (Насовiч I.I. Слоўнiк беларускай мовы. Мн. 1983. С. 707). У Даля знаходзім слова «шата» і яго значэнні: «плащ, охабень, верхняя одежда». Ёсць у слоўніку і слова «шаціць» (варыянт дзеяслова «шатать») — «хадзіць назад і ўперад, сноўдацца туды сюды». (Гл.:Даль В.И.Толковый словарь живого великорусского языка. М. 2002. Т. 4. С.623). А вось і само слова «шаціла», якое тлумачыцца, як «шатун, хто бадзяецца без справы; мітусня, хто бегае назад і ўперад» (С. 624).

Шаціламі, відавочна, называлі тых людзей, якія бадзяюцца, ходзяць па зямлі. У нашым выпадку гэта ўказвае на тое, што Шацілкі, хутчэй за ўсё, былі заснаваны прыйшлымі з іншай мясцовасці людзьмі. Напрыклад, беларускі вучоны Аляксандр Рогалеў лічыць, што першыя пасяленцы Шацілак прыйшлі з тэрыторыі сучаснай Украіны (Гл.: Рогалеў А. Сцежкi ў даўнiну. С.126-130).

Як утварыліся Шацілкі, распавядаецца ў адной з легенд, шырока вядомай гараджанам: «Даўным-даўно ўздоўж Бярэзіны ішлі сем шукальнікаў шчасця. Убачылі яны на правым беразе ракі прыгожае месца і пасяліліся там. Сярод іх быў чалавек, які насіў імя Шаціла, і ў якога была надзвычай прыгожая дачка. Яна любіла іграць на беразе ракі. І аднойчы высокі бераг Бярэзіны, па якім ішла дзяўчына, абваліўся, і яна ўпала ў глыбокі вір Бярэзіны. Выратаваць дзяўчыну не змаглі. Засмучаны страшнай трагедыяй Шаціла пакінуў несчаслівае месца. З таго часу пасяленне стала насіць назву Шацілкавічы».

Такім чынам, ці не паўтараецца двойчы ў гісторыі нашага горада такі факт: «шацілы» ходзяць па свету, селяцца і збіраюцца ў нашай мясцовасці? Спачатку пры стварэнні пасялення, а потым у пачатку 60-х гадах мінулага стагоддзя па закліку камсамола «шацілы» зноў едуць сюды з усяго СССР, каб пабудаваць горад і даць яму імя – Светлагорск.

Аўтар: Віктар Раманцоў (2004-2007 г.г.)