Уводзіны
Мінулым летам адбылася адна з самых цікавых падзей ў маім жыцці. Я ўпершыню ўдзельнічала ў археалагічных раскопках. Прычым даследванні праводзіліся ў маім родным горадзе. Мэта раскопак – паспрабаваць археалагічным метадам вызначыць час узнікнення Шацілак. Раскопкі праходзілі, як мяркуецца, на месцы, дзе стаяў маёнтак Шацілінскі Востраў. Гэты маёнтак належаў Раману Шаціле, які жыў у XVI стагоддзі. Я і ўявіць сабе не магла, што жыву недалёка ад таго месца, дзе ў XVI ст. жыў сам Раман Шаціла! З гэтай нагоды я вырашыла абавязкова ўзяць удзел ў пошуках гэтага цікавага месца.
Даследванні пачаліся 16 чэрвеня 2007 г. І першы ж этап раскопак на Шацілінскім Востраве, які знаходзіцца каля вусця Халоднага канала, які адыходзіць ад ракі Бярэзіны, прынес поспех! Было знойдзена поўнае археалагічнае пацвярджэнне з рэчавымі доказамі, што менавіта на гэтым месцы стаяў маёнтак. Але выявілась, што Шацілінскі Востраў хавае ў сябе значна болей загадак, чым магчыма было меркаваць на першы погляд. Ніжэй культурнага слоя XVI – XVII ст., які адносіцца да часоў Шацілы і яго паслядоўнікаў, быў выяўлены культурны слой часоў Тураўскага княства (Кіеўскай Русі) – IX – X ст., а яшчэ ніжэй – непарушаны культурны слой VI – VIII ст.[1]!
Я лічу, што тэма маёй працы актуальная: трэба пашыраць інтарэс да гісторыі свайго роднага краю, не забывацца на мінулае таму, што толькі так мы можам знайсці адказы на ўсе пытанні, якіе задае нам гісторыя. Мэта маёй працы – адлюстраваць звесткі пра мінуўшчыну горада Светлагорска[2] і паспрабаваць зацікавіць чытача гісторыяй майго края. Я паставіла перад сабой наступныя задачы: сабраць і абагульніць інфармацыю, якая звязана з гісторыяй Шацілак; распавесці пра ўзрост Шацілак; паведаміць пра археалагічныя даследванні, і пра некаторыя знаходкі; распавесці пра тапанімічныя назвы Шацілак.
Пры складанні гэтай працы я выкарыстоўвала гістарычныя крыніцы, як рэчавыя, так і пісьмовыя. Да рэчавых крыніцаў адносяцца археалагічныя знаходкі, якія мне давялося апрацоўваць падчас раскопак у Шацілках. А да пісьмовых – дакументы XVI – XVII ст. аб Шацілках, напрыклад, прывілей Вялікага князя Літоўскага Жыгімонда II Аўгуста ад 15 ліпеня 1560 г. на Шацілінскі Востраў[3]. Таксама я выкарыстоўвала літаратуру – як апублікаваныя, так і неапублікаваныя матэрыялы. Да неапублікаваных працаў адносіцца справаздач а С. Я. Рассадзіна аб даследваннях у Каралеўскай Слабадзе ў 2006 г. Хоць гэтая справаздача адносіцца да археалагічных раскопак у в. Каралеўская Слабада-2 (Краснаўскі сельскі Савет Светлагорскага раёна), у яе ўключаны і матэрыялы, прысвечаныя Шацілкам. Сярод апублікаваных выданняў і матэрыялаў я выкарыстоўвала даведачную літаратуру – напрыклад, Энцыклапедыю гісторыі Беларусі[4], і спецыяльныя працы – напрыклад, зборнік “Гомельшчына ў легендах і паданнях”[5]. Былі выкарыстаны таксама шматлікія матэрыялы аб даследваннях у Шацілках, якія апублікаваныя ў сродках масавай інфармацыі.
Ідэю напісання гэтай працы падтрымаў навуковы кіраўнік раскопак Сяргей Яўгеньевіч Рассадзін – прафесар кафедры гісторыі і паліталогіі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта (г. Мінск), доктар гістарычных навук, член Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь[6]. Я выказваю ўдзячнасць прафесару С. Я. Рассадзіну за гэтую падтрымку. Таксама выказваю ўздячнасць за рэцэнзаванне маёй працы Наталле Міхайлаўне Дубіцкай – старшаму навуковаму супрацоўніку аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, кандыдату гістарычных навук[7], і загадчыку аддзела сярэднявечнай археалогіі гэтага інстытута, кандыдату гістарычных навук Аляксандру Міхайлавічу Мядзведзеву[8] – за садзеянне пры рэцэнзаванні працы.
1. Далёкае мінулае Шацілак па пісьмовых крыніцах
1.1. З гісторыі Шацілак
Зямля, на якой вырас Светлагорск, старажытная, асабліва калі ўлічыць, што горад узнік не на пустым месцы, а там, дзе была невялікая вёска Шацілавічы, якая да ўтварэння гораду ўваходзіла ў склад Парыцкага раёна Гомельскай вобласці. Раней меркавалася, што першыя звесткі аб Шацілках адносяцца 1639 г. і звязаны з інвентарным вопісам Бабруйскага староства[9]. У вопісу гаворыцца, што ў вёсцы налічвалася 17 сялянскіх дымоў (двароў). На самой справе двароў, верагодна, было болей, бо ў вопіс не ўключаліся шляхецкія двары[10]. Гэтая думка падцвяржаецца і тым, што ў 1638 г. ў Шацілавічах быў пабудаваны першы касцёл, тут дзейнічаў місіянерскі пункт Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі (арганізацыі каталіцкага манаскага ордэна езуітаў)[11].
Тут жа знаходзілася пераправа праз Бярэзіну, якую абслугоўвалі жыхары Шацілавічаў. Значыць, ужо ў гэты час Шацілавічы пачынаюць адыгрываць адметную ролю ў сваей мясцовасці, яны ст ановяцца сваеасаблівым духоўна-рэлігійным і культурным цэнтрам для навакольных вёсак[12].
Верагодна, на працягу II-ой паловы XVII-га і ў XVIII ст. значнасць Шацілавічаў у Бабруйскай воласці працягвала расці, бо ў 1800 г. у вёсцы засталося толькі 3 сялянскія двары. Усе астатнае насельніцтва вескі стала шляхецкім. Гэта значыць, Шацілавічы ператварыліся ў шляхецкую, прывілеяваную вёску. Такі стан вёскі, у сваю чаргу, паўплываў на тое, што ў XIX – пачатку XX ст. Шацілавічы становяцца гандлёва-рамесным цэнтрам мясцовасці і выходзяць па сваей значнасці на другое месца (ужо ў складзе Парыцкай воласці) пасля Парыч. У 1916 г. праз Шацілкі была пракладзена чыгунка, што яшчэ больш умацавала ролю вёскі. У 1924 г. Шацілкі сталі цэнтрам сельскага Савета. Праз нейкі час тут з’яўляецца і першае прамысловае прадпрыемства – суднабудаўнічая верф. І калі ў 1954 г. абіралася месца для будаўніцтва новай дзяржаўнай раённай электрычнай станцыі (ДРЭС), несумненна, былі ўлічаны і такія вартасці вялікай вёскі, як наяўнасць рачной прыстані і чыгуначнай станцыі; а суднаверф перапрафілявалася на выраб будаўнічых канструкцый. У сваю чаргу, пабудова электрастанцыі пацягнула за сабой ператварэнне Шацілак спачатку ў гарадскі пасёлак 1956 г.), потым яны сталі цэнтрам Парыцкага раёна (у 1960 г.). А ў 1961 г. гарадскі пасёлак Шацілкі быў ператвораны ў горад Светлагорск, а Парыцкі раён перайменаваны ў Светлагорскі.[13]
Як бачым, мінуўшчына і сучаснасць населенага пункта шчыльна ўзаемазвязаны.
1.2. Колькі гадоў Светлагорску?
Колькі на самой справе гадоў Светлагорску? У гістарычнай навуцы ўзрост кожнага населенага пункта адлічваецца ад часу першага ўпамінання аб ім у якой-небудзь пісьмовай крыніцы (летапісу, дакуменце або іншым), незалежна ад наступных перанайменняў і адміністрацыйных змяненняў.[14]
У 1989 г. Светлагорск урачыста адзначыў сваё 350-годдзе. З гэтай нагоды ў цэнтры горада быў пастаўлен памятны знак – камень з мемарыяльнай шыльдай. Аднак, калі толькі заціхлі водгукі свята, выявілась, что гарадскія ўлады паспяшаліся з урачысцю. Амаль на 80 год “пастарыў” Шацілкі тутэйшы гісторык Т. В. Маслюкоў. Ён склаў запытанні, якія ад імя гарадскога аддзела культуры былі накіраваны ў шэраг музейных і архіўных устаноў краіны. Амаль усе адказы – адмоўныя. На жаль, час не захаваў нават невялікіх слядоў таго, што было раней на нашай зямлі. Але адказ, які даў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь ў Мінску, адкрывае новую, невядомую раней старонку гісторыі горада. Супрацоўнікі арх іва адшукалі дакумент, які сведчыць аб існаванні Шацілак ужо ў 1560 г.! [15]
Зараз невялікае адступленне. У XVI ст. наш край, як і ўся Беларусь, уваходзіў у склад дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ). Першай сталіцай гэтай дзяржавы быў Навагародак (цяперашні Навагрудак – горад у Віцебскай вобласці), а затым – Вільня (цяперашні Вільнюс). ВКЛ аб’яднала беларускія, літоўскія, украінскія і частку рускіх зямель ад Балтыйскага да Чорнага мора.[16] Беларусь займала цэнтральнае становішча ў ВКЛ. У 1548 – 1572 гг. правіцелем Княства – вялікім князем – быў Жыгімонт II Аўгуст, які ў 1548 г. быў абраны і каралём Польшчы.[17] У 1568 г. ВКЛ і Польшча аб’ядналіся ў дзяржаву Рэч Паспалітая.[18]
Дакумент, што знайшлі ў архіве – гэта прывілей (грамата на права валодання зямлёй), які выдадзены ў Варшаве 15 ліпеня 1560 г. Жыгімонтам II Аўгустам (дакладней, копія гэтага прывілея, зробленая ў 1789 г.). Вось кароткі змест гэтага прывілея: “Зямельнае валоданне пад назвай Востраў Шацілінскі, на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіне, у Рэчыцкім павеце пасля смерці яго папярэдняга ўладальніка – Рамана Шацілы – перадаецца новаму ўладальніку – зямяніну Ждану Манкевічу, у пажыццёвае валоданне з абавязковым выкананнем вайсковай службы”[19]. Такім чынам, мы бачым, што Шацілкі ўваходзілі ў Рэчыцкі павет[20] ВКЛ.
У тым жа архіве знойдзены яшчэ адзін дакумент за 1805 – 1815 гг., у якім запісана, што шляхецкі род Манкевічаў бярэ пачатак з маёнтка “Шацілінскі Востраў”.[21]
У прывілеі гаворыцца, што паселішча было на гары. Старажылы паведамлялі, што р. Бярэзіна змяніла вусце і зараз захавалася старое рэчышча, на правым беразе якога было ўзвышша, якое таксама пазней змыла ракой[22]. Там у краязнаўцы спачатку меркавалі, што менавіта там першапачаткова і знаходзіліся Шацілкі. Але у 2006 г. былі праведзены археалагічныя разведкі, якія паказалі, што насамрэч Шацілкі і ў ХVI – ХVІІ ст.ст. знаходзіліся на сучасным правым беразе Бярэзіны.
З прывілея мы, нарэшце, даведваемся аб адным з першых жыхароў вёскі – Рамане Шаціле. Магчыма, ён і быў першазаснавальнікам вёскі. Карэнныя шацілкаўцы таксама лічаць, што першым пасяленцам быў чалавек, якога звалі Шаціла. Пасля таго, як быў выяўлены прывілей за 1560 г., гэтыя вусныя звесткі пацвердзіліся дакументальна.
На меркаванне Т. Маслюкова, Раман Шаціла не меў нашчадкаў, таму землі і маёнтак перайшлі новаму ўладальніку – Ждану Манкевічу.[23] Кім быў Раман Шаціла? Як адзначана ў прывілеі, Ждан Манкевіч быў зямянінам, а гэта сведчыць аб тым, што хутчэй за ўсё, Раман Шаціла таксама быў зямянінам. Гэта пацвяржаюць археалагічныя знаходкі. Напрыклад, на раскопках у Шацілках былі знойдзены мушкетныя крэмні і кулі, а гэта сведчыць аб тым, што ў маёнтку Шацілы і яго паслядоўнікаў была зброя. Зямяне, зямляне – катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва ВКЛ, частка феадальнага стану.[24]
Але ўсе роўна нельга с казаць, што 1560 г. дакладная дата ўзнікнення Светлагорска. Са зместу знойдзенага дакумента ясна, што і да 1560 года Шацілкі існавалі не менш некалькіх дзесяткаў гадоў, і магчыма будуць атрыманы яшчэ больш старадаўнія звесткі аб мінулым нашага населенага пункта.
1.3 Паходжанне назвы “Шацілкі”
Вывучэннем паходжання геаграфічных назваў займаецца навука, якая называецца тапаніміка.[25] Светлагорск – такую назву нашаму гораду далі людзі, якія ў пачатку 60-х гг. мінулага стагоддзя з’ехаліся ў в. Шацілкі будаваць электрастанцыю – Васілевіцкую ДРЭС. У новую назву горада быў укладзены просты сэнс: Светлагорск — светлы горад, таму што ў ім з’явілася крыніца святла, — электрастанцыя. Напэўна, у тыя далекія 60-я гады ХХ ст., выбіраючы імя населеннаму пункту, аўтары і не падазравалі, што ў прыдуманай імі назве корань «гор» указвае не на слова «горад», а на слова «гара». Калі б наш горад хацелі назваць «светлым горадам», то варта было да слова «светлы» дадаць слова «град», якое выступае ў значэнні «горад», і атрымалася бы Светлаград. Светлагорск – значыць «светлая гара»[26].
Журналіст Віктар Раманцоў звярнуў увагу на адзін цікавы факт. У прывілеі 1560 г. гаворыцца, што “маёнтак «Востраў Шацілінскі» размешчаны на гары, на тракце Горвальскім, на рацэ Бярэзіна ў Рэчыцкім павеце…” Але ў тыя годы ніхто яшчэ не ведаў пра прывілей 1560 года. Цікавае супадзенне! Але журналіст заўважыў яшчэ адну акалічнасць: “У тлумачальным слоўніку вялікарускай мовы Ул. Даля ёсць слова «шатъ» у значэнні «гара сярэдняй велічыні». Атрымліваецца, што новыя людзі, якія прыехалі ў горад Светлагорск у пачатку 1960-х г. мінулага стагоддзя, далі назву гэтаму месцу таксама, як і заснавальнікі Шацілак, толькі да слова «гара» дабавілі прыметнік «светлая»”.
Шацілавічы, Шацілкавічы, Шацілкі, — у такой паслядоўнасці назвы вёскі, якая размешчана уздоўж Бярэзіны, мяняліся з цягам часу[27]. Існуе некалькі варыянтаў паходжання назвы Шацілак.
Адзін з іх – ад слова “шаты” – прыгожай і каштоўнай вопраткі, якую апраналі ў святочныя дні нашы продкі[28]. З усіх месцаў ехалі ў Шацілкі за шатамі. Гэта і прынесла Шацілкам вялікую вядомасць.
Яшчэ адна версія – ад корня “шаць” – месца, заросшае чаротам.[29]
Па меркаванні вядомага тапаніміста А. Ф. Рогалева, у аснове тапоніма Шацілы ляжыць агульнае найменне “шацілы” – тыя, хто ходзіць без справы, валацугі, бадзягі, якія прыехалі з Украіны ў XVI стагоддзі. Але час расставіў усё на сваі месцы. Зараз мы можам смела казаць, што гэта версія не знайшла пацвержання. У час археалагічных раскопак былі знойдзены рэшткі рэчаў часоў Тураўскага Княства (X -XI ст.). А гэта сведчыць аб тым, што паселішча на гэтым месцы існавала найшмат раней.
Дарэчы, той факт, што пасяленне належала менавіта Шацілам, абумовіў узнікненне яшчэ аднаго тапоніма – Шацілавічы. У гэтай форме выразна выдзяляецца суфікс прыналежнасці – “авічы”[30].
Ў словазлучэнні Шацілінскі Востраў слова Востраў нельга разумець выключна ў значэнні “ўчастак сушы, акружаны з усіх бакоў вадой”. Гэтае слова мае шмат значэнняў. Есць сэнс нагадаць асноўныя: участак лесу адной пароды сярод іншых парод, невялікі асобны лясок, лясны гай, поле ў круглай мяжы, узвышша на раўніне, палянка ў лесе, сухі грудок з сенажаццю або лесам сярод балота, невялікі лужок сярод лесу або на зарастаючай драбналессем балоціне, поле паміж лугамі, кожны ўчастак зямлі, які чымсьці вырозніваецца сярод навакольных мясцін. [31]
Што ж датычыцца Шацілінскага Вострава, то ў згаданым дакуменце яго месца вызначана выразна – правы бераг Бярэзіны.
Якую інфармацыю дае азначэнне Шацілінскі? Польскае гучанне слова не перашкаджае бачыць яго словаутваральную аснову. Азначэнне Шацілінскі паказвае, што нейкі ўчастак зямлі, ці маёнтак пад назвай Востраў з’яўляецца часткай вескі Шацілы [32].
Вакол назвы Шацілак ходзіць шмат легенд. Адна з іх: даўным-даўно хадзілі сем чалавек па свету ў пошуках шчасця. На правым беразе Бярэзіны яны ўбачылі прыгожае месца і пачалі там жыць. Сярод іх быў чалавек па прозвішчу Шаціла, у якога расла прыгажуня дачка. Яна вельмі любіла гуляць па беразе ракі. І аднойчы, у час абвала крутога берага, дзеўчына павалілась у темны вір Бярэзіны. Забіты горам, Шаціла з’ехаў з нешчаслівага месца. З тых пор гэта месца пачалося называцца Шацілавічы.[33]
Вось яшчэ адна ле генда: плакалі жанчыны, хіліліся ад гора мужчыны, енчылі дзеці, а смерць сваю адвечную справу выдатна ведала – касіла без перадыху. Аднаго разу ішоў падарожны па палявой сцяжынцы. Убачыў старую хату, пастукаў, але ніхто не адчыніў. Ужо збіраўся ісці далей, але пачуў чалавечы голас. Увайшоў у хату, і бачыць – ляжыць на ложку дзед.
– Што здарылася ў вас? – запытаў падарожны.
– Гора да нас прыйшло.
– А вы бараніцца не спрабавалі?
– Спрабавалі, дружа, але моцы ўжо німа. Мне і ляжаць ужо цяжка, бо не еў. І не памятаю, з якога дня.
Вырашыў тады падарожны дапамагці людзям гора выганіць. А дзед прыгадаў, што калі прыйшло гора, ехаў праз іх веску стары дзед на возе. Папрасіў ён у хлапчукоў вады прынесці, напіўся і далей паехаў. А з хлапчуком на наступны дзень гора здарылася. Зразумеў падарожы ў чым справа, і пачалі яны па ўсяму паселішчу вогнішчы з ядлоўцу паліць – паморак той выганяць. Так і выратавалі ўсіх. А звалі таго падарожага – Шаціла. Удзячныя тубыльцы сваіх малых, ад імя выратавальніка, Шацілкамі пачалі называць, а потым перакінулася назва і на паселішча[34].
Як мы бачым, назвы паселішчаў таксама маюць сваю доўгую, цікавую гісторыю.
2. Першыя археалагічныя даследванні ў Шацілках
2.1. Ход раскопак
Археалагічныя даследаванні ў Шацілках пачаліся ў 2006 г. з ініцыятывы краязнаўца Т. В. Маслюкова – старшыні Рады Светлагорскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”[35] (ТБМ)[36]. У 2006 г. дабраахвотнікі правялі ў Шацілках 2 археалагічныя разведкі пад кіраўніцтвам Н. М. Дубіцкай, старшага навуковага супрацоўніка аддзела захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, кандыдата гістарычных навук.[37] На правым беразе Халоднага канала, на узвышшы каля яго вусця, былі знойдзены фрагменты глінянага посуду XVII ст.[38] Пасля гэтага ў Шацілках двойчы быў праведзены агляд мясцовасці пад кіраўніцтвам прафесара С. Я. Рассадзіна. Былі выяўлены знаходкі XVI – ХVII стст. – фрагменты глінянага посуду. Падчас другога агляду сябра маладзёвай суполкі Светлагорскай арганізацыі ТБМ, 10-класніца Яўгенія Чубарава (цяпер – студэнтка ўніверсітэта ў г. Познань, Польшча) знайшла фрагмент нажа XVI ст. на ўзвышшы каля вусця Халоднага канала. У выніку С. Я. Рассадзін прыняў рашэнне аб пачатку раскопак[39] у гэтым месцы.
Першы колышак у будучы раскоп быў забіты 16 чэрвеня 2007 г. І першы ж тыдзень раскопак паццвердзіў, што менавіта на гэтым месцы ўзніклі Шацілкі. Але пачнем усё па парадку. У першы дзень, як і заўсёды, робіцца разметка раскопа. Археалагічныя квадраты, а менавіта на квадраты падзяляецца раскоп, былі стандартнага памеру – 2 м на 2 м. Квадраты выкапваюцца слаямі па 20 см.
І вось пачаліся самі раскопкі. Праца адразу закіпела. На кожным квадраце звычайна працуюць па 2 – 3 чалавекі. Адзін з іх робіць выкопванне, а іншыя – пераборку культурнага слоя (пласта зямлі, ў якім сустракаюцца знаходкі).
На працягу ўсяго дня дабраахвотнікі рабілі апрацоўку знаходак. А тут ужо і пачыналася самае цікавае! Спачатку знаходкі трэба было памыць, перабраць, а потым надпісаць шыфры на самых цікавых з іх. Гэтая праца мне і была даручана! Як было прыемна ведаць, што ні адна цікавая знаходка не пройдзе міма! Пасля завяршэння раскопак знаходкі былі ўвезены прафесарам С. Я. Рассадзіным ў Мінск на дасканалае даследванне. А пасля яны будуць перададзены ў Музей гісторыі г. Светлагорска.
За час раскопак я пазнаемілася з вялікай колькасцю цікавых людзей, сустрэла многа новых сяброў. Мы ўсе сталі адной вялікай камандай! Справа на раскопе прынесла нам не толькі цікавыя знаходкі, а яшчэ з’яднала ўсіх удзельнікаў раскопак і дапамагла знайсці новых сяброў!
2.2. Знаходкі
У ходзе раскопак была знойдзена шмат знаходак. Адны з самых цікавых – мушкетныя крэмні і кулі. На меркаванне прафесара С. Рассадзіна, гэтыя знаходкі падштурхоўваюць да думкі, што Шаціла меў зброю. Знойдзеныя кавалерыйскія вудзіла XVI ст. дазваляюць меркаваць наяўнасць баявых коней. Значыць, сядзіба Шацілы магла выконваць функцыі ваеннага фарпоста. Акрамя гэтага, было знойдзена шмат іншых цікавых знаходак. Вось некалькі з іх: фрагменты шклянага сасуда, фрагменты шклянага штофа, донцы скляніцы, кавалак днішча глінянага сасуда з фрагментам ганчарнага кляйма, бронзавае кальцо, люлька (верагодна – галандскай вытворчасці), фрагмент глінянай фігуркі, бронзавы гузік, пацеркі і шмат іншага.
Але гэта не ўсе знаходкі. Таксама былі знойдзены рэшткі керамічнага посуду спачатку XI – XIV стагоддзяў, а потым і больш ранейшыя – старажытнаруская кераміка IX – X стагоддзяў, нават ляпная. Там знайшлі жалезную шпільку, па якой і выявілі ўзрост культурнага слоя. Былі знойдзены рэшткі печкі-домніцы VII – VIII стст., а таксама керамічныя вырабы гэтага часу.
Нават атрыманай інфармацыі хапіла на некалькі сенсацый. Але выявілась, што прафесар адчыніў не ўсе карты. Справа ў тым, што да яго трапілі экспанаты эпохі мезаліта – V тысячагоддзя да нашай эры! Яны паказваюць, што людзі наведвалі гэта месца яшчэ ў каменным стагоддзі, адразу пасля заканчэння эпохі сусветнага заледзянення[40]!
Незвычайныя ар хеалагічныя знаходкі прафесара С. Я. Рассадзіна яшчэ будуць дасканала даследваны, але па гэтых знаходках бачна, што археалагічныя раскопкі былі праведзены не дарэмна![41]
3. Успаміны і легенды аб мінуўшчыне Шацілак
Я з маім сябрам і аднакласнікам Паўлам Пастушэнкам вырашылі пагутарыць з старажыламі, каб пачуць ад іх мясцовыя легенды і ўспаміны аб мінуўшчыне Шацілак. 12 лютага 2008 г. мы наведалі некалькіх чалавек, і спачатку нічога цікавага не пачулі. Але ўжо пад вечар нам пашанцавала! Мясцовыя жыхары параілі нам звярнуцца да адной цікавай жанчыны – Франі Каліноўскай. Яна нам распавяла шмат цікавых звестак. Род Ф. Каліноўскай, па яе словах, па матчынай лініі бярэ свой пачатак менавіта ў Шацілках, і ўсе яе продкі – Манкевічы – жылі ў Шацілках з часу іх заснавання. А па бацьку, як кажа Ф. Каліноўская, яе продкам у пятым калене з’яўляецца Кастусь Каліноўскі (кіраўнік нацыянальна-вызваленчага паўстання ў Беларусі, Літве і Польшчы ў 1863 г.). Тое, што распавядала Ф. Каліноўская, мы запісалі на дыктафон. У выніку, пасля апрацоўкі гэтага запісу, атрымалася наступнае.
Аб Рамане Шаціл е Ф. Каліноўская распавяла так. Калісці даўно хадзіў па свеце Раман Шаціла. Убачыў ён прыгожае месца на беразе Бярэзіны, і вырашыў пасяліцца тут. Па словах жанчыны, раней побач з тым месцам, дзе цяпер пешаходны мост праз Халодны канал, было ўзвышша, альбо гара. Гэтае ўзвышша было крыху вышэй ад канала па цячэнню р. Бярэзіны. На гэтым узвышшы людзі нібыта і жылі да прыхода Р. Шацілы, а Шаціла пасяліўся, па словах Каліноўскай, там, дзе мы праводзілі раскопкі – гэты ўчастак берага ніжэй, і тут першапачаткова быў лес. Людзі, якія жылі на гары, паступова перасяляліся бліжэй да Шацілы. Паселішча сталі называць Шацілкамі. Як сцвярджае Ф. Каліноўская, паселішча на гары існавала ўжо даволі даўно, таму нельга сказаць, што Шаціла быў заснавальнікам вёскі.
Ф. Каліноўская ўзгадвае, што яшчэ ў час II cусветнай вайны гара тая стаяла. Жанчына памятае, як нямецкія акупанты прымушалі людзей сеяць там проса. З тягам часу Бярэзіна падалася прыблізна на 20 м бліжэй да Шацілак, і рака паступова зрэзала гару.
Ф. Каліноўская распавяла наступную легенду пра аднаго з паноў Манкевічаў. Жыў калісці ў Шацілках пан Манкевіч. Сядзіба яго знаходзілася на гары. Сам пан быў вельмі прыгожы, статны. Ён быў закаханы ў пані Гаворчыху. Яна жыла не ў Шацілках, але часта наведвала пана Манкевіча. І вось аднойчы Гаворчыха, як заўседы, прыехала да пана. Увечары, калі настаў час ехаць дадому, пані сказаза няньке Манкевіча, каб тая пана не турбавала, бо ён стаміўся і захацеў адпачнуць. І на самой справе – нянька зайшла ў панскія пакоі і заўважыла, што пан спіць. Раніцай нянька зноў зайшла да Манкевіча, але ён ляжаў так, як і ўвечары. Нянька падыйшла бліжэй і зразумела: пан мёртвы! Зрабілі склеп і пана Манкевіча пахавалі. Праз паўгады склеп адчынілі з метай выявіць, ад чаго памёр пан, для гэтага прыехалі лекары з Парычаў. І яны зразумелі, што Манкевіча атруцілі! Пасля гэтага зрабілі выснову, што атруціла яго менавіта Гаворчыха. Але самае цікавае, кажа Ф. Каліноўская – тое, што “ў памерлага пана выраслі ногці і барада да пуза”! Па словах Ф. Каліноўскай, склеп Манкевіча знаходзіўся на шацілкаўскіх могілках. Потым склеп знік, і ніхто не ведае куды.
“Набліжалася рэвалюцыя” – працягвала далей свой расповяд Ф. Каліноўская. Манкевічы вырашылі схаваць свой скарб. Закапалі кудысьці, а куды – ніхто не ведаў. Потым пачаліся пошукі скарба. Уся моладзь Шацілак была захоплена пошукамі. Як казала Каліноўская, перакопана было амаль усё, і нават яна ў гэтым удзельнічала. Людзі меркавалі, што золата знаходзілася ці на могілках, ці каля цвінтара (двор касцёла). Але скарб ніхто не знайшоў. І зараз той-сёй з моладзі Светлагорска захоплены гэтай гісторыяй, і ў думках будуе план пошукаў. Хто ведае – можа, скарб сапраўды існуе!
Як вядома з гістарычных дакументаў, першы касцёл у вёсцы Шацілкі быў пабудаваны ў 1638 г. пад тытулам Святога Крыжа. Касцёл быў драўляным; спалены падчас вайны 1812 г. Новы драўляны касцёл узвялі ў 1818 г., некалькі разоў ён перабудоўваўся. У 1936 г. быў зачынены савецкай ўладай і ў 1939 г. разабраны[42]. І вось што распавяла пра гэта Ф. Каліноўская.
Па яе словах, касцёл быў вельмі прыгожым, там было шмат абразоў. Жыхары Шацілак адмовіліся разбіраць яго, і з Парыч былі прысланы 5 яўреяў. Яны раскідвалі храм, палілі абразы. Але адна з мясцовых жанчын не могла глядзець на ўсе гэта. Не вытрымаўшы, яна, пакуль ніхто не бачыў, вынесла крыж і абраз. Калі ад касцёла засталіся толькі сцены, жыхары Шацілак, якія стаялі там, убачылі, што запаліліся дзве свечкі! Яны гарэлі 5 хвілін – касцёл развітваўся з жыхарамі. Ф. Каліноўская кажа, што таксама была там і ўсё гэта бачыла. Крыж з касцёла здымаў мясцовы жыхар. А каля храма стаяла школа. Ягоны сын таксама вучыўся ў гэтай школе. І як толькі крыж быў зняты, сын выбег са школы да бацькі. У гэты час там здымалі бярвенні, і хлапца забіла адно з бярвенняў, якое ўпала. На меркаванне Ф. Каліноўскай, гэта не простае супадзенне.
Зразумела, што сярод таго, аб чым распавядала нам спадарыня Франя, ёсць як яе ўласныя ўспаміны так і легенды. Але і легенды заснаваны на рэалістычных падзеях. Таму я лічу, што на іх таксама трэба звярнуць увагу.
Заключэнне
Выконваючы гэту працу, я імкнулася сабраць і абагульніць звесткі, якія звязаны з мінуўшчынай нашага гораду і вусныя матэрыялы; паказаць, як шчыльна звязана мінулае з сучаснасцю; расказаць аб удзеле моладзі і грамадскасці ў археалагічных раскопках. Я яшчэ раз пераканалася ў тым, што гісторыя – вельмі важная і цікавая навука, асабліва, калі яна датычыцца роднага горада ці вёскі. Важна максімальна захаваць, зберагчы гістарычныя матэрыялы: археалагічныя знаходкі, пісьмовыя крыніцы, фальклор, тапаніміку – усё, што дапамагае аднавіць гі старычныя падзеі ў памяці чалавека і дакрануцца да іншай гістарычнай эпохі.
У выніку майго даследвання я прыйшла да наступных высноваў:
- Пасяленне Шацілкі існавала і раней 1560 г. Былі знойдзены рэшткі печкі-домніцы VI – VIII cт., а гэта сведчыць аб тым, што ўжо ў тыя часы тут было пасяленне.
- Мясцовы фальклор можа быць звязаны з гістарычнымі падзеямі.
- Тапаніміка можа не змяняцца на працягу стагоддзяў, таму яна мае вялікую гістарычную каштоўнасць.
Дадаткі
Жыгімонт II Аўгуст – вялікі князь літоўскі з 1529 года, кароль польскі з 1548 года.[44]
Першы ў Беларусі помнік заснавальніку паселішча.[45]
Першы колышак у будучы раскоп. Фота В. Раманцова[46]
Апрацоўка знаходак на раскопках. Падлеткі-дабраахвотнікі мыюць знаходкі, перабіраюць іх і надпісваюць шыфры. Зправа – аўтар гэтай навукова-практычнай працы. Фота Т. Маслюкова.
Сярод знаходак – рэшткі соплаў ад печкі-домніцы, VI – VIII cт. Гэта сведчыць аб тым, што ўжо ў тыя часы тут вялася выплаўка жалеза. Фота Т. Маслюкова.[47]
Некаторыя знаходкі. Уверсе (злева направа): нуклеус; 2 мушкетныя крэмні; фрагмент шклянага сасуда; фрагмент шклянага штофа; донца скляніцы. У сярэднім шэрагу: кавалак днішча глінянага сасуда з фрагментам ганчарнага кляйма; бронзавае кальцо; люлька, верагодна – галандскай вытворчасці; фрагмент глінянай фігуркі; бронзавы гузік. Унізе – жалезныя вырабы: фрагмент абутковай падкоўкі; псалій – частка аброці; абутковая падкоўка. Нуклеус адносіцца да эпохі каменнага веку, астатняе – да XVI-XVIII стагоддзяў. Фота Т. Маслюкова.[48]
Спіс літаратуры
1. Рассадзін С. Я. Справаздача аб даследваннях у Каралеўскай Слабадзе ў 2006 г. Мн. 2007.
2. Археалагічныя раскопкі ў Шацілках працягваюцца. Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/316/
3. Блінова Т. Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн. 1993. С. 255.
4. В древней части Светлогорска начались археологические раскопки. Белорусские новости. Доступ через Интернет: http://naviny.by/rubrics/society/2007/06/19/ic_news_116_272488/
5. Вяроўкін-Шэлюта Ў. Зямяне / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Мн. 1994. С. 461.
6. Галенчанка Г. Я. Вялікае Княства Літоўскае / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. Мн. 1994. С. 387 – 422.
7. Гомельшчына ў легендах і паданнях. Мн. 2001.
8. Горбачев Н. История города Светлогорска и деревни Шатилки // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. Доступ через Интернет: http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208
9. Грыцкевіч А. Рэч Паспалітая / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Мн. 1994. С. 178 – 179.
10. Дубіцкая Н. М. / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн. 2003. С 380.
11. Жыгімонт Аўгуст. Вікіпэдыя: вольная энцыкляпэдыя. Доступ праз Інтэрнэт: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%96%D1%8B%D0%B3%D1%96%D0%BC%D0%BE%D0%BD%D1%82_II_%D0%90%D1%9E%D0%B3%D1%83%D1%81%D1%82
12. Зарэцкі Ў. Што захоўвае зямля ў Шацілках? // Свабода. 2007. № 25. С. 6.
13. Маслыка Г. А. Вялікі князь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. С. 438.
14. Маслюкоў Т. З гісторыі Шацілавічаў / Гомельшчына: старонкі мінулага. Гомель. 1996. С. 22 – 26.
15. Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. 1990. 19 мая. С. 2.
16. Маслюкоў Т. Не выключана, што Шацілкі ўзніклі ў VI стагоддзі // Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/355
17. Мядзведзеў А. М. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн. 1999. С. 245
18. Насевіч В. Бабруйскае староства / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн. 1993. С 255.
19. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2004. С 181.
20. Не выключана, што Шацілкі ўзніклі ў VI стагоддзі (фотаэкспазіцыя). Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/355/
21. Новожилова К. Ученые отыскали исчезнувшую усадьбу Шатилинский Остров // Комсомольская правда в Белоруссии. 2007. 14 апреля. Доступ через Интернет: http://kp.belkp.by/2007/04/14/doc172737/
22. Раманцоў В. Шацілкі-Светлагорск: што ў імені вашым? Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/blog/?post=69
23. Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну. Мн. 1992.
24. Романцов В. Сергей Рассадин: «Заселение Светлогорска началось в VI веке». Светлогорский районный исполнительный комитет: официальный сайт. Доступ через Интернет: http://www.svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=2256&Itemid=99999999
25. Рымска-каталіцкі касцёл. Парафія Узвышэння Святога Крыжа. Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/info/churches/
26. Светапогляд: сайт. Доступ праз Інтэрнет: http://www.pogliad.belarushosting.org/plug.php?e=liteboxgallery&f=21
27. Светлагорск / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2004. С 257.
28. Скрыпчанка Т. Рассадзін С. Я. / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2004. С 112.
29. Сюрпризы Шатилинского острова // Светлогорский районный исполнительный комитет: официальный сайт. Доступ через Интернет: http://www.svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=1713
30. Тапаніміка / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн. 2001. С. 501.
Трусаў А. А. Таварыства беларускай мовы // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 15. Мн. 2002. С. 371 – 372.
[1] Сюрпризы Шатилинского острова. Светлогорский районный исполнительный комитет: официальный сайт. Доступ через Интернет: http://www.svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=1713
[2] Светлагорск / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2004. С 257.
[3] Рассадзін С. Я. Справаздача аб даследваннях у Каралеўскай Слабадзе ў 2006 г. Мн. 2007. С. 108-112.
[4] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Мн. 1993 – 2003.
[5] Гомельшчына ў легендах і паданнях. Мн. 2001. С. 357 – 362.
[6] Скрыпчанка Т. Рассадзін С. Я. / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2003. С 112.
[7] Дубіцкая Н. М. / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2. Мн. 2003. С 380.
[8] Мядзведзеў А. М. / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн. 1999. С. 245.
[9] Насевіч В. Бабруйскае староства / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. Мн. 1993. С 255.
[10] Горбачев Н. История города Светлогорска и деревни Шатилки // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. Доступ через Интернет: http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208
[11] Блінова Т. Б. Бабруйская езуіцкая рэзідэнцыя // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1. С. 255.
[12] Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. 1990. 19 мая. С. 2.
[13] Тамсама.
[14] Маслюкоў Т. З гісторыі Шацілавічаў / Гомельшчына: старонкі мінулага. Гомель. 1996. С. 22 – 26.
[15] Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. 1990. 19 мая. С. 2.
[16] Галенчанка Г. Я. Вялікае Княства Літоўскае / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. Мн. 1994. С. 387-422.
[17] Маслыка Г. А. Вялікі князь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2. С. 438.
[18] Грыцкевіч А. Рэч Паспалітая / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Мн. 1994. С. 178 – 179.
[19] Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. 1990. 19 мая. С. 2.
[20] Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1. Мн. 2004. С 181.
[21] Горбачев Н. История города Светлогорска и деревни Шатилки // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. Доступ через Интернет: http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208
[22] Маслюкоў Т. Колькі гадоў Светлагорску? // Агні камунізму. 1990. 19 мая. С. 2.
[23] Тамсама.
[24] Вяроўкін-Шэлюта Ў. Зямяне / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3. Мн. 1994. С. 461.
[25] Тапаніміка / Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5. Мн. 2001. С. 501.
[26] Раманцоў В. Шацілкі-Светлагорск: што ў імені вашым? Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/blog/?post=69
[27] Рогалеў А. Сцежкi ў даўнiну. Мн. 1992. С.126 – 130.
[28] Горбачев Н. История города Светлогорска и деревни Шатилки // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. Доступ через Интернет: http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208
[29] Тамсама.
[30] Тамсама.
[31] Рогалеў А. Ф. Сцежкі ў даўніну. Мн. 1992. С. 126 – 130.
[32] Тамсама.
[33] Горбачев Н. История города Светлогорска и деревни Шатилки // Нефтяник Полесья. 1998. № 2. Доступ через Интернет: http://wwww.1gb.ru/show_picture.php?id=208
[34] Гомельшчына ў легендах і паданнях. Мн. 2001. С. 357 – 362.
[35] В древней части Светлогорска начались археологические раскопки. Белорусские новости. Доступ через Интернет: http://naviny.by/rubrics/society/2007/06/19/ic_news_116_272488/
[36] Трусаў А. А. Таварыства беларускай мовы / Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 15. Мн. 2002. С. 371 – 372.
[37] Зарэцкі Ў. Што захоўвае зямля ў Шацілках? // Свабода. 2007. № 25. С. 6.
[38] Новожилова К. Ученые отыскали исчезнувшую усадьбу Шатилинский Остров // Комсомольская правда в Белоруссии. 2007. 14 апреля. Доступ через Интернет: http://kp.belkp.by/2007/04/14/doc172737/
[39] Маслюкоў Т. Не выключана, што Шацілкі ўзніклі ў VI стагоддзі. Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/355
[40] Сюрпризы Шатилинского острова. Светлогорский районный исполнительный комитет: официальный сайт. Доступ через Интернет: http://www.svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=1713
[41] Романцов В. Сергей Рассадин: «Заселение Светлогорска началось в VI веке». Светлогорский районный исполнительный комитет: официальный сайт. Доступ через Интернет: http://www.svetlogorsk.by/index.php?option=com_content&task=view&id=2256&Itemid=99999999
[42] Рымска-каталіцкі касцёл. Парафія Узвышэння Святога Крыжа. Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/info/churches/
[43] Рассадзін С. Я. Справаздача аб даследваннях у Каралеўскай Слабадзе ў 2006 г. Мн. 2007. С. 108 – 112.
[44] Жыгімонт Аўгуст. Вікіпэдыя: вольная энцыкляпэдыя. Доступ праз Інтэрнэт: http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%96%D1%8B%D0%B3%D1%96%D0%BC%D0%BE%D0%BD%D1%82_II_%D0%90%D1%9E%D0%B3%D1%83%D1%81%D1%82
[45] Светапогляд. Сайт. Доступ праз Інтэрнет: http://www.pogliad.belarushosting.org/plug.php?e=liteboxgallery&f=21
[46] Археалагічныя раскопкі ў Шацілках працягваюцца. Светлагорск. Рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/316/
[47] Не выключана, што Шацілкі ўзніклі ў VI стагоддзі (фотаэкспазіцыя). Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/355/
[48] Археалагічныя раскопкі ў Шацілках працягваюцца. Светлагорск: рэгіянальны партал. Доступ праз Інтэрнет: http://svetlahorsk.belarda.org/local_news/data/ic_87/316/
Аўтар: Гормаш Юлія Міхайлаўна