Уводзіны. Тапонімы складаюць значную па колькасці і своеасаблівую па змесце частку лексічнай сістэмы мовы. Гэта група спецыфічных слоў, якія абазначаюць не класы і сукупнасці рэалій, а адзінкавыя, канкрэтныя прадметы. Яны, паводле вобразнага азначэння вядомага рускага пісьменніка К. Паўстоўскага, з’яўляюцца паэтычным афармленнем краіны, апавядаюць пра характар народа, яго гісторыю, яго схільнасці і асаблівасці побыту [7, с. 157]. Таму і не дзіўна, што тапанімічная лексіка з’яўляецца істотным элементам многіх паэтычных твораў, аўтары якіх імкнуцца расказаць пра нашу Беларусь, пра яе гісторыю і сучаснасць, пра яе людзей, яе культуру. Асаблівую актуальнасць гэта набывае ў творчасці тых, хто звярнуўся да адной з жахлівых трагедый чалавецтва — аварыі на Чарнобыльскай АЭС, дзе назвы гарадоў, паселішчаў, рэк і азёр з’яўляюцца своеасаблівымі сведкамі ўсебеларускай бяды.
Як адзначаецца ў публіцыстычнай, навуковай, мастацкай літаратуры, катастрофа на Чарнобыльскай АЭС засведчыла драматычна-трагедыйны пачатак найноўшай гісторыі Беларусі. Адбыўся своеасаблівы разлом часу і эпохі, адыходзілі ў нябыт стэрэатыпы і фальшывыя ідэалы, мяняліся погляды і ўяўленні. «Жыццё майго пакалення, — прызнаваўся П. Панчанка, — рассекла на дзве часткі Айчынная вайна. А для сучасных людзей знакам бяды стала страшэнная чарнобыльская трагедыя» [2, с. 51].
Актуальнасць даследавання вызначаецца адсутнасцю ў беларускім мовазнаўстве спецыяльных прац, прысвечаных вывучэнню сэнсавага зместу тапанімічнай лексікі ў паэтычных тэкстах сучасных беларускіх аўтараў, прысвечаных трагедыі на Чарнобыльскай АЭС. Важным бачыцца таксама неабходнасць далейшай распрацоўкі праблем структуры і семантыкі мастацкага тэксту, глыбейшага вывучэння тыпаў унутрытэкставых сувязей, даследаванне значымасці кампанентаў тэксту, прынцыпаў сувязі паміж імі і суадносін розных тэкстаў паміж сабой. Гэта дазволіць вырашыць шэраг агульных і прыватных задач, якія ставяцца перад лінгвістыкай тэксту — навукай, якая імкнецца ўстанавіць універсальныя заканамернасці арганізацыі моўных сродкаў у канкрэтным мастацкім творы, даследаваць міжтэкставыя і міжкультурныя сувязі, якія адлюстраваліся ў мове і структуры тэксту.
Яшчэ адным чыннікам актуальнасці можа лічыцца тое, што 2018 год аб’яўлены ў Беларусі «Годам малой радзімы». У працы якраз і разглядаюцца найменні населеных пунктаў як своеасаблівых сімвалаў тых мясцін, дзе прайшло маленства аўтараў.
Мэта даследавання — устанавіць сэнсавы змест тапанімічнай лексікі ў паэтычных тэкстах, прысвечаных трагедыі на Чарнобыльскай АЭС.
Асноўная частка. Айконімамі прынята называць уласныя назвы паселішчаў (гарадоў, сёл, вёсак, пасёлкаў, хутароў). Яны разам з гідронімамі ўтвараюць асобны раздзел анамастыкі — тапаніміку. Сістэмнасць тапонімаў заснавана на іх прадметнай суаднесенасці, што дастаткова добра фіксуецца тэрміналагічна ў назвах геаграфічных аб’ектаў. Пад тэрмінам паэтычнае значэнне айконіма мы разумеем такое лексічнае значэнне, якое абумоўлена кантэкстам, сінтагматычнымі і парадыгматычнымі сувязямі гэтай адзінкі ў творах.
Усе 30 аўтараў, вершы якіх змешчаны ў прааналізаваных зборніках [5-6], за выключэннем Р. Барадуліна i Н. Гілевіча, родам з невялікіх палескіх вёсак, пасёлкаў, гарадоў, так ці інакш звязаных з забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі. Таму і не дзіўна, што кожны з іх імкнецца расказаць пра сваю мясцовасць, данесці да чытача свае разважанні, боль, горыч і трывогу, звязаную з роднай вёскай ці горадам, і тым самым, магчыма, увекавечыць памяць пра гэты населены пункт, якіх становіцца ўсё меней.
Назвы гарадоў паводле частотнасці ўжывання — самая шматлікая група слоў сярод тапанімічнай лексікі. Хаця б адзін раз, але яны прадстаўлены ў паэтычных тэкстах кожнага аўтара. Праўда, найбольш частымі з’яўляюцца назвы такіх гарадоў, як Брагін, Хойнікі (зафіксаваны 7 разоў), Нароўля, Мінск (па 3 разы), Гомель — 2, Калінкавічы, Магілёў, Ветка, Карма — 1 раз. Такая частотнасць ужывання гэтых назваў нам бачыцца не выпадковай. Справа ў тым, што Брагін, Хойнікі — гэта гарады, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасці ад Чарнобыльскай АЭС. Назвы менавіта гэтых населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі, якая найбольш пацярпела ад аварыі, сталі вядомымі ўсім, нават замежнікам, сталі асацыіравацца з бядой усяго народа Беларусі.
Адным з найбольш знакавых тапонімаў у аналізаваных творах з’яўляецца назва горада абласнога падпарадкавання Гомеля, які размясціўся ў сутоцы ракі Сож і яе прытока ракі Гамяюк. Менавіта жыхары гэтага горада і адпаведна Гомельскай вобласці найбольш пацярпелі ад катастрофы. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у сувязі з радыяцыйнай забруджанасцю ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, жыхары 275 населеных пунктаў Гомельскай вобласці пераселены ў 1986-2003 гг. у чыстыя месцы. Калі ў 1988 г. колькасць жыхароў горада налічвала 500 тыс., то ў 2004 — 481,2 тыс. жыхароў [4, с. 5]. Таму і гучаць сумныя ноткі пры згадванні гэтага горада ў вершах Э. Акуліна, таму і перажывае аўтар за свой горад, які надзяляе чалавечымі якасцямі: Там, дзе хваля цалуе водмель /1 палац на пагорку гожы, / Усміхаецца сумна Гомель / Людзям, чайцы, сівому Сожу [5, с. 166].
У страфе выяўляецца накладанне на метанімічны перанос лексемы Гомель — ‘людзі, якія жывуць у гэтым горадзе’, метафарычнага пераносу (усміхаецца сумна), які выклікае асацыяцыі смутку і безвыходнасці не толькі канкрэтнага населенага пункту, але і ўсёй Беларусі.
Акрамя гэтага, у творах сучасных паэтаў назва горада Г омеля з’яўляецца своеасаблівым указальнікам напрамку, куды дзьмуў вецер, пераносячы атрутныя хмары пасля выбуху рэактара на Чарнобыльскай АЭС, абагульненай назвай тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі: На Беларусь: на Брагін, Хойнікі, / Нароўлю, Гомель, Ветку і Карму / Над рэкамі, лугамі ды сасоннікам /Вясновы — ды атрутны! — вецер дзьмуў [5, с. 275].
Ужытыя побач іншыя айконімы — Брагін, Хойнікі, Нароўля, Ветка, Карма — утвараюць аднародны рад, дзе абагульняльным словам выступае назоўнік Беларусь. У выніку такой спалучальнасці кожны ўласны назоўнік рэалізуе як сваё прамое намінатыўнае (назва канкрэтнага геаграфічнага пункта), так і абгульнена-сімвалічнае значэнне — шлях распаўсюджвання смяртэльнай небяспекі, дзе назва горада — гэта найменне раёна, пацярпелага ад стыхіі.
Маштабы трагедыі становяцца відавочнымі, калі аўтары згадваюць назвы іншых гарадоў, у прыватнасці, Мінска і Магілёва. Яны, гэтыя назвы, ужытыя ў пераносным значэнні, усведамляюцца як тэрыторыя Мінскай і Магілёўскай вобласці, сведчаць аб тым, што зонай бяды стала не толькі Гомельшчына («зямля Палесся»), але і большая частка Беларусі: Зямля Палесся, Мінск і Магілёў, /Хіба наўмысна хто бяду нам / собіў? /Ні вод благіх, ні хворасці палёў/Хіба хацеў знявечаны Чарнобыль?[5, с. 223].
Другім знакавым геаграфічным аб’ектам, які прыгадваюць паэты ў творах, з’яўляецца горад Нароўля — цэнтр Нараўлянскага раёна, прыстань на рацэ Прыпяць, за 178 кіламетраў ад Гомеля — часцінка нашай зямлі, якую імкнуцца пакінуць не толькі людзі, але і расліны. Духмяны / раскідзісты бэз / У прыцемку выбег з Нароўлі -/ Далей ад бунтоўнай АЭС, / Далей ад злавеснай будоўлі! / Далей ад смяротных дажджоў, / Далей ад пакут і напасцяў… /Ніколі не суджана быць /Шчасліваю рыбнай старонцы [6, с. 13].
Назва горада змяшчае ў сабе два кантэкстуальна супрацьлеглыя значэнні. На першае ўказвае перыфраза «рыбная старонка» — мясціна, якая славілася рыбай (да трагедыі), а на другое — назоўнікі з адпаведнымі эпітэтамі «бунтоўная АЭС», «злавесная будоўля», «смяротныя дажджы», а таксама сінанімічныя адзінкі «пакуты і напасці» — мясціна, дзе ніколі ўжо не будзе былога шчасця (пасля трагедыі).
Канкрэтызуецца, дапаўняецца паэтычнае значэнне горада Нароўлі і ў вершы Г. Пашкова «Страх», дзе побач з прамым намінатыўным значэннем — месца, адкуль прыехалі дзеці на адпачынак і лячэнне, назва горада ўспрымаецца як сімвал боязі, як прывід небяспекі, якая падсцерагае маленькіх дзяцей, што прыехалі падлячыцца. На кантэкстуальны сэнс тапоніма ўказваюць дзеясловы баяцца, палохае. Дзеці баяцца збіраць суніцы не з-за таго, што яны могуць быць атручаны радыяцыяй, а таму, што ягады чырвоныя, як кроў і крыж на машыне хуткай дапамогі. Гэты колер стаў для іх сімвалам болю, пакут, захворванняў: У лагеры / дзеці з Нароўлі, / што сілы павінны набраць, / суніцаў / пунсовыя кроплі / баяцца па лесе збіраць. / А мучыць / не засцярога / ад ёдавых / рыжых дажджоў. / Палохае сэрца малое / машына з чырвоным крыжом. / І купіна гэта глухая — / нібыта ў краплінах крыві, / што з пальцаў малых / выціскаюць / так часта цяпер дактары [6, с. 12].
Ужо з гэтых прыкладаў бачна, што кантэкст адыгрывае вялікую ролю пры вызначэнні сэнсу слова. У паэтычных тэкстах, прысвечаных аварыі на Чарнобыльскай АЭС, асобныя адзінкі набываюць глыбокі, своеасаблівы змест у выніку створанай аўтарам карцін і сітуацый, а таксама ў выніку індывідуальнай інтэрпрэтацыі чытача. Да такіх назваў гарадоў, якія ўбіраюць у сябе розныя адценні значэнняў, адносяцца Хойнікі, Брагін, Калінкавічы, Ветка. Для А. Зэкава назва горада Хойнікі звязана з «цудоўным часам, шчаслівым часам» жыцця ў ім: За Хойнікамі / хвойнік, / усе здагадкі абсячэ. / Я твой палонны, / твой нявольнік / і нехта крышачку яшчэ. /Цудоўны час, /Шчаслівы час — /1 лепшы нам наўрад ці трэба! [5, с. 187].
Цікавым з’яўляецца факт прамога ўказання ў вершы на этымалогію назвы паселішча, якое павінна было б называцца Хвойнікі, але пад уплывам польскай мовы, «дзе сасна і навагодняя ёлка завецца хоінка, цяпер пішацца на польскі лад — Хойнікі» [7, с.221]. Аўтар расказвае і з радасцю ўспамінае жыццё да трагедыі на ЧАЭС, якое, як і дзяцінства, ніколі ўжо не вернецца. Яно засталося толькі ў памяці, як і першасная назва гэтага горада.
Супрацьлеглыя пачуцці перапаўняюць душу А. Канапелькі, калі яна прыгадвае родны горад Хойнікі. Ён для яе адначасова «запаветны край», куды хочацца прыязджаць паслухаць прыветную цішыню радзімы і «край, самотны навекі», які мы губляем: Па дарозе шырокай / між палескага гаю / ў запаветны свой край прыязджаю. / Чым суцешыць цябе, / край, самотны навекі? /Ні ў гульбе, ні ў жальбе / не знаходжу я лекі. /Не знаходжу я словы / для збалелай душы… /Як сівеюць галовы /соснаў/каля шашы! /Памаўчым каля Хойнік / ды паслухаем вецер, /малады сіні хвойнік / вечарова прывеціць / і чужых, і радзімых — / цішынёю радзімы. / А калі завітаюць /у наступних стагоддзях / на глухія шляхі, /у зарослыя вёскі — / хай прыходзяць, / падсумуюць / набыткі і страты ў «вялікім паходзе»… / Але ўсё ж за якія грахі, / быццам свечкі, /палаюць бярозкі? [6, с. 355].
У М. Мятліцкага горад выклікае іншыя асацыяцыі: гэта той кавалачак зямлі (своеасаблівы Ноеў каўчэг), на якім працягваецца жыццё, тое жаданае месца, куды вядуць усе дарогі раёна, дзе можна перачакаць бяду, схавацца, выратавацца, каб зноў вярнуцца ў родныя вёскі, каб дачакацца, што аўтобусы будуць ісці не толькі з шыльдамі-пазнакамі: «Чамкоў — Хойнікі», «Уласы — Хойнікі» , «Масаны — Хойнікі », «Пагоннае — Хойнікі», «Аравічы — Хойнікі», але і з перавернутымі шыльдамі:«Хойнікі — Чамкоў»,«Хойнікі — Уласы», «Хойнікі — Масаны»,«Хойнікі — Пагоннае»,«Хойнікі — Аравічы»…[5, с. 216].
Нямала пацярпеў ад аварыі на ЧАЭС і Брагін — гарадскі пасёлак, цэнтр Брагінскага раёна, за 130 км ад Гомеля, які стаіць на рацэ Брагінка. Аўтары іранізуюць, ужываючы сказы з гэтым урбонімам у супрацьлеглым асноўнаму значэнні. Выказванні падаюцца ў двухкоссі як сведчанне таго, што не трэба ўспрымаць гэта на веру. Тымбольш, што мы ведаем: горадтрапіў у лікнаселеныхпунктаўпершачарговагаадсялення. Тапонім убірае ў сябе два кантрасныя значэнні: чыстае месца ізона забруджання. Назва горада злучаецца ў свядомасці паэта з няшчырасцю, раўнадушшам і абыякавасцю: Амаль пятроўскім быў твой кліч / «Найпрыгажэйшы горад будзе тут!» / Казаў яшчэ: «Любіце Брагін родны, / Аварыя не закранула кут». / Няшчырасцю абпоенае слова / Прайшло па душах спорным болем спрэс / Ты глянуў так, бы век глядзеў сурова, / Прысудны век. Жахотны, як АЭС [5, с. 220].
Тапонім Калінкавічы з’яўляецца славянскім па паходжанню і ўтварыўся ад прозвішча. У творы М. Башлакоў на аснове існуючай назвы ўтварае новую — Калінкавічы-радыеактыўныя: Ка — лін — ка — ві — чы … / Крычы, / Не крычы /Журавель у блакіце… / Каліна / Над рэчкай цвіце. / Вада гэта сыдзе, /1 цвет ападзе, /1 дзень дагарыць /На вячэрняй вадзе… /А стронцый з калінаю / Не адцвіце… /1 пах медуніц / На палянах лясных, /1 смутак / Крыла жураўлінага / Цяпер назаўжды / З гэтай самай вясны / Ра-ды-ё-ак-тыў-ны-я… [5, с. 172].
Два словы — назва горада і расліны — збліжаюцца ў паэтычным кантэксце паводле сугучнасці (каліна — Калінкавічы). Тапанімічная назва набывае новы сэнс і становіцца роўнай сімвалічнаму значэнню каліны, якая ў паэтычнай традыцыі беларусаў з’яўляецца дрэвам смерці і проціпастаўляецца шчасліваму Дрэву жыцця. Гэтую думку пацвярджае прыметнік «ра-ды-е-ак-тыў-ны-я», якім заканчваецца верш. Журавель — фальклорны вобраз-сімвал, птушка памерлых. У кантэксце твора ён выкарыстаны пісьменнікам для абазначэння смутку, чарнобыльскай бяды. З гэтай жа мэтаю ўжыта лексема «стронцый», якая з’явілася ў паўсядзённай мове пасля трагедыі. Жыццё для многіх людзей раздваілася, з’явіліся дзве рэчаіснасці — да і пасля трагедыі.
Пах медуніц, каліна над рэчкай цвіце — увасабленне былога шчасця, смутак крыла жураўлінага, стронцый з калінаю не адцвіце — гора, бяды, безвыходнасці.
Назва айконіма Ветка (цэнтр Веткаўскага раёна, 8154 жыхары якога пераселены ў чыстыя месцы на працягу 1991-1997 гг.) [3, с. 203], асацыіруецца ў паэтычных кантэкстах з традыцыямі беларускага мастацтва, беларускай культуры, паколькі створаны ў гэтым населеным пункце музей вядомы далёка за межамі Беларусі. Кантэкстуальнае значэнне канкрэтызуецца лагічным параўнаннем горада з маці, якая аплаквае сваіх дзяцей. У гэтым параўнанні выразна праследжваецца аўтарская пазіцыя: самападбман, памылковыя думкі пра «мірны атам» вельмі дорага каштуюць людзям. Уласная назва горада надзяляецца рысамі чалавека, які здольны перажываць і хвалявацца: Плача Ветка без віны /Маткай вінаватай… /А ў маны свае званы: /Мірны атам…[5, с. 247].
Заключэнне. Трагедыя на ЧАЭС паўплывала на сэнсавы змест і форму паэтычных твораў беларускай літаратуры канца ХХ ст. Яны сталі больш дэмакратычнымі, больш праўдзівымі і надзённымі. «Чарнобыльскі выбух стаў ашаламляльнай весткай, выклікаў страх і роспач, прывёў некага нават у шок, — адзначыў у адным з артыкулаў А. Бельскі, — але на родную зямлю прыйшло слова Праўды, Болю, Трывогі» [1, с. 37]. Гэта прывяло да ўзнікнення цэлага напрамку ў нашай нацыянальнай літаратуры, дзе аўтары імкнуцца асэнсаваць маштабы трагедыі і яе вынікі. Цяжка назваць імёны тых, хто не адгукнуўся ў сваёй творчасці на гэтае гора, хто не выказаў сваё бачанне паслячарнобыльскіх наступстваў.
Назвы гарадоў у паэтычных творах, прысвечаных аварыі на Чарнобыльскай АЭС, ужываюцца аўтарамі прааналізаваных зборнікаў не толькі ў намінатыўным значэнні. Вакол гэтых назваў ў паэтычных тэкстах ствараюцца асобыя экспрэсіўныя арэолы, абумоўленыя рознымі асацыяцыямі. Так, вострае палітычнае гучанне набылі ў вершах такія назвы, як Гомель, Брагін, Хойнікі, Нароўля, Ветка, Карма, якія ўжываюцца замест назваў адпаведных раёнаў, а таксама Мінск і Магілёў, якія ўжываюцца замест назваў адпаведных абласцей. Гэтыя назоўнікі, ужытыя побач ў адным кантэксце, указваюць на маштабы трагедыі і факты жыцця еўрапейскай дзяржавы — нашай радзімы, якая вымушана змагацца і ліквідаваць вынікі дзейнасці «мірнага атама».
Такія геаграфічныя назвы, як Нароўля, Хойнікі, Брагін, Калінкавічы ў паэтычных радках маюць кантраснае канататыўнае акружэнне, якое абумоўлівае паэтычны сэнс гэтых назваў. З аднаго боку яны — сімвал шчасця, багацця, дастатку («рыбная старонка», «шчаслівы час», «запаветны край») — усё гэта ўспаміны пра жыццё да аварыі; з другога боку — сімвалы смутку, бяды, безвыходнасці, увасабленне боязі і трывогі («край самотны навекі», якому ўжо ніколі не стаць шчаслівым).
Спіс літаратуры
- Котляров, И. Сонетный кругоспев: [о творчестве Софьи Шах] / И. Котляров // Лит. газ. — 2007. — 28 нояб. — 4 дек. — С. 4 приложения [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://lgz.ru/article/2007-god/Sonеtaыy-kragospеv2397/. — Дата доступа: 30.10.2016.
- Шах, С. Прысвячэнне: Вянок вянкоў санетаў / С. Шах. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. — 156 с.
- Шах, С. Азарычы: вянок вянкоў санетаў / С. Шах. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 156 с.
- Шах, С. Кнігалюбка: вянкі санетаў / С. Шах. — Мінск: Кнігазбор, 2012. — 68 с.
- Панфилов, Е. О. Концепция издания и ее основные составляющие / Е. О. Панфилов [Электронный ресурс]. — Режим доступа: http://i-testdrive.urfu.ru/fileadmin/user_upload/files/cultdrive/Koncepcija_izdanija.pdf. – Дата доступа: 25.10.2016.
Аўтары: У.I. Куліковіч, К.П. Шасціна
Источник: Гомельщина. Вехи истории: материалы регион. науч.-ист. семинара / М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Белорус. гос. ун-т трансп.; Гомельская епархия Белорусской православной церкви. — Гомель: БелГУТ, 2019. — С. 51-57.