Семантыка дзеянняў у варажбе (на матэрыялах Гомельшчыны)

0
107
Семантыка дзеянняў у варажба (на матэрыялах Гомельшчыны)

З глыбокай старажытнасці людзі выкарыстоўвалі разнастайныя віды варажбы, спрабуючы такім чынам даведацца аб будучыні, спасцігнуць таямніцы прыроды, дакрануцца да неспазнанага. Займаліся варажбой, як гаспадарчай, так і матрыманіяльнай, у строга акрэслены прамежак часу (напрыклад, на Каляды, Купалле, Тройцу, з поўначы да світання), у дакладна вызначаным месцы (хата, лазня, хлеў, лес і да т.п.), з вытрымліваннем рытуалу, у якім можна вылучыць тры этапы: папярэднія падрыхтоўчыя дзеянні, атрыманне сакральнай інфармацыі і яе расшыфроўка. У нашым артыкуле засяродзім увагу на семантыцы дзеянняў у варажбе, выкарыстаўшы ў якасці ілюстрацыйнага матэрыялу тэксты, зафіксаваныя на тэрыторыі Гомельскай вобласці.

Абдыманне (“абхватванне”, “ахопліванне”). Падлічванне

Падчас варажбы дзяўчаты абдымалі калоды, агароджу (“калкі ў плоце”, частакол, “штакеціну”, прасла), абхоплівалі дровы. Гэтыя дзеянні (як, дарэчы, і некаторыя іншыя) вельмі часта суправаджалася працэсам падлічвання і мелі на мэце атрымаць інфармацыю аб асабістым лёсе (“Раніцай дзяўчыны прыносілі дровы і лічылі: колькі іх? Ахоплівалі рукамі агароджу ў двары і таксама лічылі: калі пры падліку атрымліваўся парны лік, гэта прадказвала, што і дзяўчына на працягу года будзе ў пары” (в. Залессе Петрыкаўскага р-на);“Дзеўкі сабіраліся, абнімалі прасла. З закрытымі вачамі падыходзілі, а патом счыталі. У пары – пойдзеш замуж, не – дык не пойдзеш” (в. Залаты Рог Веткаўскага р-на)), імені будучага мужа (“Калі цёмна, ішлі на вуліцу і абнімалі забор. А ятттчэ потым лічылі дошкі: колькі дошак – столькі букв будзе ў імені будучага мужа” (г. Мазыр)) і яго сацыяльным статусе (“Абдымалі забор і шчыталі: “Кол-калец, хлопец-удавец”. Што выпадае, тое і будзе” (г. Мазыр)), колькасці чалавек у сям ’і мужа (“Становяцца так, каб у зеркале можна было ўбачыць месяц і ўважліва глядзець на яго. Праз некаторы час у зеркале будзе некалькі месяцаў. І колькі іх будзе, столькі будзе чалавек у доме мужа”(в. Ударнік Рагачоўскага р-на)). Падобныя дзеянні – абдыманні, “абхватванні”, “ахопліванні” – можна лічыць спецыфічнымі аналагамі кола, якое надзялялася не столькі апатрапеічнымі ўласцівасцямі, колькі, як сведчаць папярэднія прыклады, увасабляла сабой адзінства, сімвалізавала замужжа, асабліва ў сукупнасці з семантыкай цотнасці / няцотнасці (“парнасці” / “няпарнасці”).

Выцягванне

Невялікая група варожбаў заснавана на прыёмах выцягвання (з-пад падушкі, абруса, са снапа і да т.п.) розных прадметаў: каласкоў, паперак, з напісанымі на іх імёнамі, сцяблін, “сянін” і інш. Гэтыя дзеянні, па народных уяўленнях, дапамагалі даведацца і аб магчымым замужжы (“Вытасківаюць каласок і глядзяць: калі ў ім парнае чысло зярнят, то дзеўка скора замуж пойдзе, а еслі няпарнае – ешчо ў дзеўках пасядзіць” (в. Стара-Краснае Рэчыцкага р-на)), і аб імені суджанага (“Перад тым, як класціся спаць, дзяўчына брала лісты бумагі і на кожным пісала імя хлопца. Лістоў і імён павінна быць столькі, колькі гадоў дзяўчыне. Гэтыя лісты дзяўчына клала пад падушку. Раніцай дзяўчына даставала адзін лісток: якое імя будзе на гэтым лісце, такое імя будзе і ў яе будучага мужа” (в. Кірава Нараўлянскага р-на)), і аб працягласці жыцця (“Хто даўжэйшую сцябліну выцягне сена, той і будзе жыць даўжэй” (г. Рэчыца)), і аб ураджаі (“Калі выцягвалі поўны колас з зернем, то быць добраму ўраджаю, калі з пустым зернем, то трэба будзе цяжка папрацаваць, каб быў ураджай” (г. Рэчыца); “Варожаць на ўраджай прыкладна так: каб узнаць, які ўраджай лёну будзе ў наступным годзе, гаспадар хаты павінен стаць спіной к сталу і цягнуць сянінку з-пад абруса толькі тры разы. Потым гэтыя тры сянінкі выраўніваюць у адну, і па гэтаму можна паняць, які ўраджай будзе” (г. Мазыр)). Зразумела, што такія магічныя выцягванні ў сукупнасці з прадметамі выцягвання – своеасаблівымі жэрабямі – дазвалялі нашым продкам меркаваць аб будучым і быць ужо падрыхтаванымі да прадказаных падзей, якімі б ні былі тыя – спрыяльнымі ці неспрыяльнымі.

Дакрананне (“мацанне”)

У працэсе варажбы дзяўчаты выкарыстоўвалі магічны прыём “мацання” (дакраналіся да жывёлы, “дравіны”, палена, сцяны і да т.п.) з мэтай ведаць усё пра будучага мужа:

  • знешнасць і узрост (“Хадзілі ў сарай карову мацаць. Хто намацае за пысу – красівы будзе, а за зад – грыбаты” (в. Гацкае Чачэрскага р-на); З заплюшчанымі вачыма ішлі на двор, бралі палена і прыносілі яго ў хату. Калі яно траплялася гладкае, з тонкаю карой – значыць і муж будзе прыгожы да малады, крывое – стары (в. Залессе Петрыкаўскага р-на));
  • характар (“Вечарам ідзем у сарай, бярэм якую-небудзь дравіну. Патом глядзім: якая яна ? Калі гладкая, значыць, муж будзя гладкі; калі многа сучкоў, значыць, у мужыка будзя цяжолы харакцер, сучкаваты (в. Перавессе Веткаўскага р- на); “Карову хадзілі ў хляву цапалі, калі хвост – мужык хвастлівы будзе” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на));
  • дастатак (“Хадзілі ў сарай у 12 часов ночы, мацалі карову. Ежалі папалі за рогі, то дзеўка пойдзе замуж за багача, ежалі папалі за сярэдзіну, то за сярэдняга, ежалі папалі за хвост – за пастуха” (в. Стаўбун Веткаўскага р-на); “Руку ў вакенца ў баню прасоўвалі і мацалі. Калі голая сцяна – мужык бедны будзе, калі мох – багаты” (в. Вялікія Нямкі Веткаўскага р-на).

Папярэднія прыклады сведчаць, што ў аснове такіх дзеянняў ляжаць элементы магіі падабенства: “гладкае, з тонкаю карой – значыць і муж будзе прыгожы да малады, крывоестары”, “гладкая – значыць муж будзя гладкі”, “многа сучкоў – значыць у мужыка будзя цяжолы харакцер, сучкаваты”; “голая сцяна – мужык бедны будзе”, “мох – багаты” і г. д. Відавочна, што візуальныя вобразы, створаныя па аналогіі, напоўнены разнастайным зместам і часцей за ўсё па некаторых сваіх уласцівасцях і характарыстыках набліжаны да звычайных пачуццёвых уражанняў, а, як трапна заўважыў Е. Меляцінскі, “тое, што ў навуковым аналізе выступае як падабенства, „.у міфалогіі выглядае як тоеснасць” [3, с. 168].

Завіванне /развіванне

Дзяўчаты завівалі вянкі, каб даведацца аб працягласці жыцця (“Маладыя дзяўчаты адпраўляліся ў лес завіваць вянкі. Праз тыдзень прыходзілі развіваць вянкі. Калі вянок не засох – таму доўга жыць, а калі засох – таму смерць блізка” (в. Конкавічы Петрыкаўскага р-на); “Незасохлыя вянкі адзначалі доўгае жыццё, засохлыя – хуткую смерць” ( в. Веляцін Хойніцкага р-на). Рытуальнае дзеянне завівання вянкоў на Тройцу (яно сімвалізавала рост і вегетацыю раслін) павінна было абавязкова завершыцца іх развіваннем, каб, па народных уяўленнях, не наклікаць на дзяўчыну праклёну з боку дрэва (“Праз тыдзень бярозкі развівалі, бо лічылі, што перавітае дрэва пакрыўдзіцца, будзе праклінаць яшчэ вельмі доўга дзяўчыну” (в. Міхайлаўка Рэчыцкага р-на)). Варта адзначыць, што ў дадзеных прыкладах важнымі з’яўляюцца не столькі дзеянні, выконваемыя з вянкамі, колькі якасныя характарыстыкі саміх вянкоў – “засохлы” / “незасохлы”, якія адпаведна маюць значэнні “нежывы” (“мёртвы”) / “жывы”. Вобразы сухіх / зялёных раслін часцей за ўсё змяшчаюць у сабе пэўны ацэначны і сімвалічны сэнс. Так, па словах Н.Ф. Спірыдонавай, “адсутнасць вільгаці альбо яе недахоп значныя для чалавека і іншых жывых істот… Вільгаць, якая знаходзіцца ўнутры жывой істоты, сімвалізуе жыццё, значыць, яе адсутнасць падобна смерці” [4, с. 189].

Завязванне

Усе дзеянні, заснаваныя на завязванні (завязвалі вузельчыкі з рэшткамі ежы, расліны, рэчы і інш.), былі звязаны з сіволікай аб’яднання, “парнасці” (“Яшчэ трэба было дзень не есці, сабраць хлеба кусок або бліна, завязаць у вузел і пакласць пад падушку і гаварыць: “Лажуся ўмесце, прыснісь жаніх нявесце”. Потым нельзя гаварыць нічога” (г. Гомель); “Бульняк-траву звязвалі па двоя. Калі будзе расці, то пойдзе замуж, калі завяне, то не пойдзе” (в. Кірава Нараўлянскага р-на).

Замыканне / адмыканне

У варажбе відавочна эратычная сімволіка замка і ключа, “прычым першы, натуральна ўвасабляў жаночы пачатак і больш канкрэтна жаночыя дзетародныя органы, а другі – мужчынскі ’ [1, с.181]. Такім чынам, малады чалавек, які прыходзіў да дзяўчыны ў сне і адкрываў замок, увасабляў сабой нарачонага (“Замыкалі замок на дзявічай касе. Перад сном дзеўка казала: “Сужаны мой, прыдзі ка мне, касу атамкні!” (в. Карма Добрушскага р-на); “Калі дзеўка лажыцца спаць, то патрэбна, каб нехта замком замкнуў ёй косы. Ключ ложа пад галаву. Ноччу прысніцца хлопец, які папросіць ключ адамкнуць косы” (в. Заслаўе Чачэрскага р-на)).

Закрывалі замок не толькі на дзявочай касе, а таксама і на калодзежы (“Замыкалі замок на калодзец і гаварылі: “Хто атамкне гэты замок?” І ложаць гэты ключ пад падушку, і хто прысніцца, то быў ужо сужаны” (в. Зарэчча Брагінскага р-на)), і на кошыку (“Калі ў мяне ёсць жаніх і я хачу, штоб ён мне сасніўся, кошык замыкаю замком і кажу: “З кім век векаваць прыдзі замок адмыкаць” (г. Ветка)), і на вёдрах з вадою (“Замыкалі ў адрыне ведры з вадою, а ключ клалі пад галаву. Хто ў сне папросіць вады папіць, той і будзе мужам” (в. Рычоў Жыткавіцкага р-на)), і на поясе (“Замыкалі замкамі паясы і лажыліся спаць. Падпярэзваліся і ключамі памяняліся. Казалі: “Як мой, дык прыходзь, а не мой, дык не ідзі” (в. Вялікі Бор Хойніцкага р-на)).

Замыкалі, дарэчы, не толькі пэўныя, напоўненыя сімвалічным зместам прадметы, але і саміх дзяўчат, прычым рабілі гэта іх маці (“Маткі запіраюць сваіх дачок у чужым доме, а ключ кладуць пад галаву. А ў ноч павінен прысніцца чалавек, які будзе сватаць дачку” (в. Стара-Краснае Рэчыцкага р-на)).

Прыведзеныя прыклады дазваляюць сцвярджаць, што адмыканне мела семантыку атрымання жадаемага выніку і сімвалізавала сабой пачатак новых адносін.

Запальванне (спальванне)

З мэтай даведацца аб тым, хто хутчэй выйдзе замуж, запальвалі ніткі: “На вілкі завязвалі ніткі і запальвалі ўсё разам. Пры гэтым дзяўчына запамінала сваю нітку. Чыя першая згарыць – тая дзяўчына першая выйдзе замуж” (г. Буда-Кашалёва); “Да вушака 3-5 дзяўчын прывязывалі ніткі аднолькавай дліны і адначасова іх падпальвалі. У якой паслядоўнасці згаралі ніткі, у такой паслядоўнасці дзяўчыны будуць выходзіць замуж (в. Нівы Жлобінскага р-на).

Палілі дзяўчаты таксама паперу, каб даведацца пра свой лёс (“Рабілі гармошкі, клалі да сцяны і палілі. На сцяне з’яўляліся цені. Што пакажа на сцяне, тое таму і будзе” (в. Кірава Нараўлянскага р-на); “7 студзеня ў хаце гасілі святло, падпальвалі змятыя бумажкі на крышцы ад каструлі і на цені разгледжвалі фігуры. Кожная фігура мае сваё значэнне. Напрыклад, мужык у лодцы – к падарожжу і інш.” (в. Краснае Гомельскага р-на)) і разгледзець жаніхоў (“Бумагу палілі. На блюда паложыш, запаліш, а тады глядзіш: хто ў цябе на цені ад пепла – з барадой, з вусамі ці не” (в.Новы Мір Веткаўскага р-на)), спічкі, салому, каб ведаць, з якога боку нарачонага чакаць (“На калядзейны журавель прывязвалі сноп саломы, запальвалі яго, потым тапілі ў калодзезі. Куды вецер падуе, туды дзеўка пойдзе і замуж” (в. Карма Добрушскага р-на); “Запальваюць спічку з аднаго канца, а другі ўтыкаюць у шчэль. Куды яна ўпадзе, калі згарыць, у той бок дзеўка замуж пойдзе” (в. Ударнік Рагачоўскага р-на)).

Кіданне. “Паланне”

Значная група варожбаў заснавана на кіданні прадметаў. Семантыка названага дзеяння залежыць ад

  • прадметаў, якія кідалі (абутак (“Цераз галаву кідалі валенкі…” (в. Дуброва Рэчыцкага р-на)), абрадавая страва (“Дзяўчаты кідалі сабаку аладкі…” (в. Валосавічы Акцябрскага р-на)), камні (“Кожная дзяўчына бярэ каменьчык, падыходзя да калодзежа і кідае яго…” (в. Ударнік Рагачоўскага р-на)), зерне (“На ноч абкідваліся зернем.” (в. Рагі Гомельскага р-на) ), дровы (“Перакідвалі дровы цераз хату.” (в. Палессе Светлагорскага р-на)) і інш.);
  • месцаў і напрамкаў кідання (вогнішча (“Кідалі боты праз касцёр.”(в. Вікоў Рагачоўскага р-на)), агароджа і веснічкі (“Праз плот або калітку кідалі з нагі абутак” (в. Рассвет Акцябрскага р-на)), дах (“Яшчэ ў нас кідаюць валенак праз крышу”(в. Залессе Акцябрскага р-на)), баня (“На Купалле ідуць у баню, бяруць з печкі камень, шубаюць у ваду. Калі вада забурболіла, то пападзеш у нейкі шум” (в. Заслаўе Чачэрскага р-на)), рака, крыніца і інш.);
  • мэты кідання (даведацца аб замужжы (“Бралі башмак і перакідвалі цераз дом: калі носам к хаце – сваты прыйдуць, а калі пяткай – будзеш у дзеўках” (г. Мазыр); “.у які бок насок валенка пакажа, у той бок пойдзеш замуж” (в. Залессе Акцябрскага р-на)), характары мужа (“Калі дзяўчына хоча даведацца, які нораў будзе ў яе мужа, яна кідае ў раку камень. Калі камень з шумам пойдзе на дно, то муж будзе злосны, а калі ціха, то муж будзе смірны” (в. Палессе Светлагорскага р- на)) і свекрыві (“У крыніцу камень маленькі кідалі: калі ціха на дно пойдзе, то і свякруха будзе ціхая, а калі “Б-р-р-р”, то свякруха бурчэць будзе” (в. Новы Мір Веткаўскага р-на)).

Амаль ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці зафіксавана такое дзеянне, як “паланне”. З яго дапамогай дзяўчаты вызначалі, каторая з іх першай выйдзе замуж. Яны бралі якую-небудзь ёмістасць (міску, начоўкі, рэшата і інш.), кідалі туды пэўныя прадметы (“грабяшкі”, хустачкі, стужачкі, галошы і да т.п.)) і “палалі”: чыя рэч выляціць хутчэй, тая і замуж хутчэй пойдзе (“Лажылі лентачкі ў рэшата і кідалі. Чыя лента выпадзе першай, тая першай замуж пойдзе” (в. Міхнаўка Брагінскага р- на); “Збіраліся дзеўкі, знімалі галошы і траслі ў місцы: чый першы ўпадзе, тая і першая замуж пойдзе” (в. Макаўе Гомельскага р-на); “На вячорках кладуць дзеўкі грабяшкі ў начоўкі і палаюць, калышаць. Чый грабяшок первы выпадзе, тая пойдзе первая замуж” (в. Новыя Дзятлавічы Гомельскага р-на)). Безумоўна, што ў дадзеным выпадку такое дзеянне асэнсоўвался як перамяшчэнне канкрэтнага прадмета (асацыіраваўся з пэўнай дзяўчынай), за межы “сваёй” прасторы, лічы, за межы хаты бацькоў.

Такім чынам, у магічным дзеянні кідання важным з’яўляецца ўсё: і прадметы з іх сівалічным значэннем, і локусы, якія асэнсоўваюцца як сакральныя, і напрамкі, якія змяшчаюць у сабе важныя сэнсавыя акцэнты.

Расчэсванне

Вядома, што дзяўчына распускала валасы толькі падчас пэўных вясельных абрадавых дзеянняў (той факт, што распушчаныя валасы лічацца таксама адметнай асаблівасцю жаночых персанажаў нячыстай сілы, у дадзеным выпадку не з’яўляецца актуальным), якія ўвасаблялі сабой пераход дзяўчыны ў статус замужняй жанчыны. Таму ў варажбе распушчаныя валасы разам з запрашэннем прыйсці і расчасаць іх хутчэй за ўсё напоўнены шлюбнай сімволікай. Прывядзем некалькі прыкладаў: “Перад сном бралі грабеньчык і расчэсвалі валасы, а грабеньчык клалі пад падушку, прыгаворваючы: “Суджаны-раджаны, прыдзі косы расчасаць”. Хто прысніцца, той і будзе жаніх” (в. Рассвет Акцябрскага р-на); “Яшчэ, калі спаць клаліся, расчэсвалі валасы, шапталі імя каханага, потым расчоску клалі пад падушку і прасілі суджанага прыйсці ім валасы расчасаць. А тады ўжо утрам успаміналі, хто ім сніўся (в. Чырвоны Бераг Жлобінскага р-на); “Кладуць пад падушку гребешок і гаворяць: “З кім век векаваць, прыйдзі мяне часаць” (в. Неглюбка Веткаўскага р-на). Прыклады падобнай варажбы, дарэчы, можна знасці ў большчасці раёнаў Гомельшчыны.

Слуханне (падслухванне)

Вельмі папулярным у працэсе варажбы было падслухванне, пры вызначэнні семантыкі якога варта звяртаць увагу на

  • месца, дзе падслухвалі (пад вокнамі (“Бегалі пад вокны, слушалі, што ў хаце гавораць” (г. Жыткавічы)), на выхадзе з двара (“Шчэ выходзілі дзеўкі з двара ды слухалі. (в. Лясань Жлобінскага р-на)), на раздарожжы (“На перакростак выносілі мусар, які вымяталі ў сваёй хаце, стаялі і слухалі.” (в. Міхалькі Гомельскага р-на));
  • інтанацыю і тон, словы і гукі, да якіх прыслухоўваліся (весела / сумна (“Дзяўчына падыходзіла да акна любога дома і слухала. Калі там было весела, то яна абавязкова ў гэтым годзе выйдзе замуж, а калі спявалася сумная песня, то яна ці захварэе ці памрэ” (в. Антушы Рагачоўскага р-на)), громка / ціха; “ідзі” / “сядзі”, “ляжы ” / бяжы (“Хадзілі пад акно к тому хлопцу, што наравіўся, і слухалі. Калі з хаты было чуваць “сядзь”, або “ляж”, то значыла, што дзеўка сюды выходзіла замуж, а калі чула “ідзі”, “бяжы”, то дзеўку ждала расчараванне” (в. Прысно Веткаўскага р- на)); сабачы брэх (“Слухалі ў якоё старане сабака гаўкае.” (в. Слабада Мазырскага р-на));
  • мэты, з якімі падслухвалі (даведацца аб магчымым замужжы і напрамку, у якім замуж пойдзеш (“Гадалі яшчэ па сабачым брэху: дзяўчына ноччу выходзіла на двор і слухала сабачы брэх. З якой стараны сабака забрэша, адтуль і сваты будуць” (в. Шарсцін Веткаўскага р-на)), характары свекрыві (“Дзе крычалі ілі громка гаварылі, то свекроў будзет варкатлівая” (г. Жыткавічы)), знешнім выглядзе і характары будучага мужа (“Дзеўкі ў 12 гадзін ночы выходзяць на двор і слухаюць, дзе і як лаюць сабакі. Калі лай хрыплы – мужык будзе стары, сярдзіты; а галасісты лай – малады і харошы” (в. Стара-Краснае Рэчыцкага р-на)), сваім лёсе (“Яшчэ раней слухаць бегалі пад вокны чужыя. Як што харошае, вясёлае, гавораць, то гэта добра, шчасце будзе, а калі што злое, то бяда” (в. Свяцілавічы Веткаўскага р-на)).

Э. Касірэр, разважаючы аб здольнасці людзей усталёўваць спецыфічныя прычынна-выніковыя сувязі, падкрэсліў, што “міфічнае паняцце прычыннасці падобна зусім не часовай неперарыўнасці, а прастораваму суседству. Коранем усёй магіі з’яўляецца неўсвядомленая вера ў тое, што простае існаванне рэчаў разам, іх прасторавае судакрананне, як і іх падабенства, захоўвае ў сабе таемныя сілы. Што аднойчы ўвайшло ў судакрананне – тое назаўсёды зраслося ў магічным адзінстве. Простая сумеснасць заўсёды мае рэальныя вынікі” [2, с. 224]. Як сведчаць прыклады, падчас варажбы найбольш папулярнымі былі такія дзеянні, як абдыманне (“абхватванне”), выцягванне, дакрананне (“мацанне”), завіванне, замыканне, кіданне, слуханне (падслухванне), расчэсванне. Яны сталі неабходнай перадумовай для атрымання адказаў на пастаўленыя чалавекам пытанні, для атрымання інфармацыі аб таемнай будучыні і яе дакладнай расшыфроўкі.

Літаратура

  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. – Мінск: Беларусь, 2004. – 592 с.
  2. Кассирер, Э. Избранное. Опыт о человеке / Э. Кассирер. – М.: Гардарика, 1998. – 784 с.
  3. Мелетинский Е.М. Поэтика мифа / Е.М. Мелетинский. – М.: Наука, 1976. – 407 с.
  4. Признаковое пространство культуры / Отв. редактор С.М. Толстая. – М.: Индрик, 2002. — 432 с.


Аўтар:
А.А. Кастрыца
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі / навук. рэд. А.І. Лакотка ; Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфii і фальклору iмя К. Крапiвы НАН Беларусі. – Мінск : Права і эканоміка, 2010. – Вып. 8. – С. 334-340.