Семантычныя групы прозвішчаў Рэчыцкага раёна

0
380
Семантычныя групы прозвішчаў Рэчыцкага раёна

Разнастайнасць беларускіх прозвішчаў абумоўлена вялікай колькасцю разнародных элементаў, выкарыстаных у якасці іх асноў. Да іх належаць як спрадвечныя, так і запазычаныя словы. Паводле стану ў мове – гэта асабовыя імёны, імёны па бацьку, імёны-мянушкі, а таксама, што не выключана, гатовыя прозвішчы, геаграфічныя назвы, назвы плямён і народаў, апелятыўная лексіка мовы. Сотнямі нябачных сувязей звязаны прозвішчы з жыццём грамадства, з яго культурай, якая складаецца з сукупнасці матэрыяльных і духоўных дасягненняў. Мова, літаратура, мастацтва, рэлігія, філасофія адносяцца да духоўнай культуры. Сам слоўнікавы склад мовы жыва рэагуе на прагрэс, адпаведна ўсё новае знаходзіць адлюстраванне ў ім. Таму ўтворанае ў тую ці іншую эпоху імя суадносіцца з яе культурнымі і гістарычнымі традыцыямі, нясе інфармацыю і выступае непаўторным помнікам свайго часу. Багацце і стракатасць асноў прозвішчаў нагадваюць энцыклапедыю мовы, штодзённага жыцця, умоў існавання, спосабаў і формаў задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэб людзей.

Аналіз семантыкі і структуры прозвішчаў – цікавая, каштоўная і цяжкая справа, што прызнаецца многімі антрапанімістамі. Ён, на думку А. Супяранскай, “дае значную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, этнографаў, сацыёлагаў, а таксама лінгвістаў.

Пры параўнанні лексічных палёў, па якіх размяркоўваюцца асновы прозвішчаў у розных мовах, можна зрабіць вывады пра агульнасць або, наадварот, рознасць нацыянальных культур асобных народаў” [1, с. 81].

Прозвішчаў адапелятыўнага паходжання ў беларускай мове даволі многа. Гэта група складае прыкладна каля паловы ўсіх прозвішчаў. Вядомы антрапаніміст М.В. Бірыла адзначае, што “з пункту погляду гісторыі мовы адапелятыўная антрапанімія з‟яўляецца захавальнікам, кансервантам лексікі папярэдніх эпох, дае матэрыял для больш глыбокага вывучэння гістарычнага слоўніка, моўных узаемасувязей” [3, с. 4]. Згодна з гэтым у якасці асноў для ўтварэння прозвішчаў магла выкарыстоўвацца лексіка, якая адлюстроўвае самыя разнастайныя галіны жыццядзейнасці народа і акаляючай яго рэчаіснасці – быт, заняткі, становішча ў сям‟і і грамадстве, фізічныя, разумовыя і маральныя якасці, пачуцці, сацыяльны ўклад, жывёльны і раслінны свет і пад. У гэтым сэнсе антрапанімія, утвораная ад апелятыўнай лексікі, з‟яўляецца кладоўкай гісторыка-культурнай спадчыны, дае каштоўны матэрыял для вывучэння агульнай гісторыі народа. Пры ўтварэнні прозвішчаў Рэчыцкага раёна выкарыстоўвалася лексіка наступных семантычных груп: Назвы асоб па прафесіі ці занятку, сацыяльным становішчы. Прозвішчы, утвораныя ад назваў адзначаных груп лексікі, сведчаць пра разнастайнасць прафесій у Беларусі. З развіццём грамадства зніклі некаторыя прафесіі, а разам з імі страціліся і іх назвы, якія ляжаць у аснове прозвішчаў. Тым не менш іх этымалогія ў большасці застаецца празрыстай. Прозвішчы, што былі ўтвораны ад назваў прафесій, роду заняткаў або выконваемага дзеяння, прадстаўляюць сабой каштоўную крыніцу па гісторыі мовы і культуры. Алейнік, Алейнікаў < алейнік „спецыяліст па вытворчасці алею‟ [3, с. 20]; Асадчы, Асадчык < асадчы „заснавальнік паселішча‟ [3, с. 24]; Бабраўнічы < баброўнік „той, хто разводзіць баброў‟ [2, с. 241]; Буднік, Будніцкі < буднік „рудакоп‟ [3, с. 64]; Вашчыла < рэг. „збіральнік вашчыны‟ [3, с. 84]; Дзегцяроў, Дзегцярэнка < дзягцяр „той, хто гоніць дзёгаць‟ [5, с. 178]; Дудараў < дудар „музыкант, які іграе на дудзе‟ [5, с. 207]; Гуменнік < бел. уст. „наглядчык пры гумне‟ [3, с. 121]; Залатароў < залатар „залатых спраў майстар‟ [3, с. 155]; Кавалёў, Кавалеўскі, Кавальчук, Коваль < каваль „рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу‟ [5, с. 570]; Кажадуб < „дубільшчык скур‟ [3, с. 167]; Калеснік, Калеснікаў < калеснік „майстар, які вырабляе колы, калёсы‟ [5, с. 586]; Катляр, Катляроў < катляр „майстар, які вырабляе катлы‟ [3, с. 192]; Кравец, Краўцоў, Краўчанка, Краўчук < кравец „спецыяліст па шыццю адзення‟ [5, с. 719]; Кухараў, Кухарэвіч, Кухарэнка, Кухарэўскі < кухар „повар‟ [3, с. 236]; Кучараў < кучар „фурман, рамізнік, вазніца‟ [3, с. 236]; Масленікаў < рус. масленик „маслароб‟ [3, с. 278]; Мукамела < мукамол „спецыяліст па размолу збожжа‟ [6, с. 180]; Мытнік, Мытнікаў < мытнік „зборшчык таможнай пошліны, таможнік‟ [3, с. 291]; Палівач < „той, хто палівае‟ [3, с. 110]; Панамар, Панамароў, Панамарэнка < панамар „царкоўны служка‟ [2, с. 98]; Папкоў, Папоў, Попчанка < поп „свяшчэннік‟ [7, с. 191]; Пастухоў, Пастушэнка < пастух „той, хто пасе статак‟ [7, с. 92]; Партны < партны рэг. „кравец‟ [3, с. 315]; Пушкарэнка < пушкар уст. „артылерыст‟ [7, с. 528]; Седляр < укр. сідляр „той, хто вырабляе сёдлы, сёдзельнік‟ [3, с. 403].

Прозвішчы, якія абазначаюць фізічныя і фізіялагічныя характарыстыкі чалавека, рысы характару, уласцівасці розуму, складаюць адну з самых багатых па колькасці груп: Бамбіза < „рослы, непаваротлівы, няскладны чалавек‟ [3, с. 40]; Бабыр < кірг. „гаварун, гаварлівы‟ [3, с. 30]; Балачкоў < балака рэг. „балагур, гаварун‟, рус. „балбатун‟ [3, с. 37]; Батура < „балагур‟, рус. „упарты, непаслухмяны‟ [3, с. 45]; Брылеў, Брылёў < „ілгун, абманшчык‟ [3, с. 61]; Бязгубка, Бяздольны, Бязручка, Варапаеў < варапаеў рэг. „смелы чалавек‟ [3, с. 82]; Віславух < „з віслымі вушамі‟ [3, с. 88]; Вялічка, Галавач < „галаваты‟ [3, с. 96]; Гарбач, Гарбачэнка, Гарбачэўскі < „гарбаты‟ [3, с. 102]; Гаркуша < рус. гаркуша „крыкун, гарлапан‟ [3, с. 103]; Глушак, Глушакоў, Глушанок < рэг. „глухі‟ [3, с. 111]; Гуляй < „гуляка‟ [3, с. 121]; Жаўняк < рэг. жаўнаць „гаварыць бязглуздзіцу‟ [3, с. 145]; Жогла < рэг. „ашуканец, круцель‟ [3, с. 147]; Зубаха < „зубаты‟ [3, с. 161]; Кацуба < „той, у каго з рук усё валіцца‟ [3, с. 195]; Качура < рус. качура, кочура „бамбіза‟ [3, с. 196]; Корзун < рус. корзун „без пярэдніх зубоў, шчарбаты‟ [3, с. 214]; Краснік < ад красны „прыгожы, чырвоны‟ [3, с. 218]; Крук, Крукаў, Крукоўскі, Кручкоў < крук „скупец, скупы чалавек‟ [3, с. 219]; Лазько < „той, хто лазіць‟ [3, с. 242]; Лёгкі, Лёгенькі < ад лёгкі [3, с. 251]; Ліхач < „зух, ліхач, удалец‟ [3, с. 254]; Лысы, Лысоў, Лысенка < ад лысы [3, с. 260]; Мурзін < мурза „мурзаты, запэцканы чалавек‟ [3, с. 289]; Налягач < ад налягаць „той, хто налягае‟ [3, с. 297]; Носараў < „насаты, насаль‟ [3, с. 300]; Нямкевіч < „нямы‟ [3, с. 202]; Няхай < „той, хто не ахайвае, не абгаворвае людзей‟ [3, с. 303]; Пішчук < „той, хто пішчыць‟ [3, с. 325]; Пырко < рус., наўг. пыра „разява‟ [3, с. 341]; Саламаха < рус. саломаха „вялая, непаваротлівая жанчына‟ [3, с. 362]; Сядзько < „сівы, сівак‟, „сядун, седзень‟ [3, с. 403]; Таратын < рэг. таратун „балбатун‟ [3, с. 409]; Ушак, Ушакоў < „з вялікімі вушамі‟ [3, с. 422]; Філонаў, Філончык < філон жарг. „гультай‟ [3, с. 423]; Ціхановіч < ад ціхі [3, с. 438]; Ціхаміраў < ціхамір „ціхамірны, спакойны‟ [3, с. 438]; Цішкоў, Цішкевіч < укр. тишко „ціхоня‟ [3, с. 439]; Цыбук < цыба рэг. „даўганогі чалавек, цыбаты‟ [3, с. 440]; Чарнышэвіч < рус. черныш „смуглы, чарнявы чалавек‟ [3, с. 448]; Чаўко < „той, хто чаўкае, чаўкун‟ [3, с. 449]; Чвань, Чванькоў < рус. „ганарлівец, задавака‟ [3, с. 449]; Чубанаў < чубан рэг. „чубаты, чалавек з чубам‟ [3, с. 451]; Чупа < рус. чупа „неахайная, брудная жанчына‟ [3, с. 453]; Шабалін < рус. шабала „балбатун, ілгун, бадзяга‟ [3, с. 458]; Шалепін < укр. шалепа „някемлівы, недалёкі чалавек‟ [3, с. 463]; Шаплыка < ад рэг. шаплявы „шапялявы‟ [3, с. 467]; Шастапалаў < шастапал „які мае шэсць пальцаў‟ [3, с. 469]; Шчэрбач < „шчарбаты чалавек‟ [3, с. 487].

Прозвішчы, што паходзяць ад назваў прылад працы і прадметаў дамашняга ўжытку.

Амаль што кожная прылада працы можа выкарыстоўвацца як прозвішча. Ёсць прозвішчы, якія ўтварыліся ад тэрмінаў, што зараз не выкарыстоўваюцца ці ёсць толькі ў дыялектах.

Дзежка < „драўляная, крыху звужаная к верху пасудзіна з клёпак (для заквашвання цеста, салення і пад.‟ [5, с. 166]; Дзяружэнка < дзяруга „тоўстая грубая тканіна; посцілка з такой тканіны‟ [5, с. 182]; Дзяркач < „стары венік без лісця; галень‟ [5, с. 182]; Друк < разм. „дубіна‟ [3, с. 177]; Жалязняк < рэг. „металічны прут, якім кавалі выпальваюць дзіркі ў дрэве‟, „нагайка‟, „жала‟ [3, с. 149]; Казаннікаў < „казан, кацёл, рус. рэг. „прылада для лоўлі рыбы‟ [3, с. 168]; Клакоцкі < клак рэг. „клок, пыж‟ [5, с. 693]; Колін < кола „кола, калясо‟ [3, с. 211]; Кордзік, Кордзікаў < корда „вяроўка‟ [3, с. 213]; Кошаль, Кошалеў < кашэль „вялікая кашолка, звычайна з лучыны‟ [5, с. 673]; Крук, Крукаў, Крукоўскі < крук, кручок [3, с. 219]; Лапата, Лапацін, Лапаткін, Ларкоў < рус. ларь „скрыня‟ [3, с. 246]; Паветка < „павець‟ [6, с. 474]; Палойка < рэг. „жменька часанага льну‟, „ручайка льну‟ [3, с. 310]; Пішчала < укр. пищало „свісток‟ [3, с. 325]; Шабалін < рус. шабала „плецены са шчапы пасудак‟ [3, с. 458].

Назвы жывёл і птушак, рыб. Гэта група з‟яўляецца адной з важных крыніц для ўтварэння прозвішчаў Рэчыцкага раёна: Акулаў, Акунёў, Арлоў, Арлоўскі, Баброў, Баброўнікаў, Бабыр < рус. бобырь „пячкур‟, бобырец „рыба з роду галаўнёў‟, бел. рэг. бабырка „пячкур‟ [3, с. 30]; Баран, Баранаў, Бараноўскі, Барсукоў, Бусел, Буслаў, Бусель, Быкаў, Быкоўскі, Бычкоўскі, Варабёў, Варабей, Волкаў, Волчак, Гавенька < гавенька ўкр. „варона‟ [3, с. 94]; Галка, Галкін; Гіль, Гілеў < гіль разм. „снягір‟ [5, с. 51]; Гогаль < рус. „адзін з родаў качак‟, укр. „род дзікай качкі‟ [3, с. 113]; Голуб, Голубаў, Голубеў, Грачоў, Гукала < укр. гукало „птушка бугай‟ [3, с. 122]; Гусакоў, Гусінцаў, Дзяркач < драч [5, с. 182]; Дзятлаў, Драздоў, Драчоў, Жаўноў, Жаўняк, Жаўнярэнка, Жук, Жукаў, Жукоўскі, Жура, Журанок < руск. жура „журавель‟ [3, с. 148]; Жураўлёў, Жураўскі, Зайцаў, Зайчанка, Зайчык, Зайкоўскі, Заяц, Зубрыцкі, Зуй < зуй рус. „агульная назва невялікіх кулікоў‟ [3, с. 161]; Казадоеў < казадой „назва птушкі‟ [3, с. 168]; Казлоў, Казлоўскі, Козік, Козел, Карасік, Кацура, Коцур < укр. коцур, коцці „кот‟ [3, с. 216]; Кекух < тат. кеккух „кукушка‟ [3, с. 199]; Кніга < укр. книга „чайка‟ [3, с. 209]; Кобец < укр. кобець (птушка) „кобчык, шулёнак‟ [3, с. 210]; Кот, Котаў, Кручкоў, Кручкоўскі < рэг. крук „ворон‟ [3, с. 219]; Крысін, Крысько, Кулік, Кечка < рус. „каза‟ [3, с. 200]; Канякін, Канаплянік < абл. „верабей‟ [5, с. 611]; Кулік, Коршак, Кугач < укр. кугач „сыч‟ [3, с. 225]; Кунько, Кунцэвіч, Куніцкі < рус., укр. куня „куніца‟ [3, с. 230]; Куцікаў, Куцько < рус. кутя, кутька „шчаня‟ [3, с. 237]; Ласіца < ласка [6, с. 22]; Лешч, Лешчанка, Лін, Ліс, Лісоўскі, Мядзведзеў, Мядзвежанка, Пац < пац „пацук‟ [3, с. 318]; Певень, Петухоў, Печкуроў, Плоткін, Русак < бел., рус. „заяц-русак‟ [3, с. 355]; Савёнок, Сазонаў, Сакалоў, Сакалоўскі, Салавей, Салаўёў, Сарокін, Селязнёў, Сініца, Снегіроў, Собаль, Сойкін, Сокалаў, Сомаў, Стрыжак, Стрыжэўскі, Судакоў, Суслікаў, Сыч, Угараў, Удодаў, Уткін, Хамякоў, Цяцерыч, Чайка, Чайко, Чыж, Чыжок, Чыжык, Чыжоўскі, Чыркоў, Чырык < рэг. чырка „дзікая качка, чырок‟ [3, с. 456]; Чысцік < бел. „назва птушкі‟, рус. чистик „назва птушкі‟ [3, с. 456]; Чэчат < рус. чечет „назва птушкі‟ [3, с. 458]; Шпак, Шпакаў, Шпакоўскі, Шчука, Шчукін, Шчыглоў, Язікаў, Ястраб.

Прозвішчы, утвораныя ад назваў прадуктаў харчавання. У мінулым харчаванне займала важнае месца ў жыцці людзей, што звязана з цяжкай працай. Таму зразумела, чаму ад гэтых назваў утварылася даволі шмат прозвішчаў. Гэта і назвы першых страў, і назвы каш, і назвы страў з мукі. Хлеб з‟яўляўся і з‟яўляецца галоўным прадуктам харчавання, таму не магло не быць прозвішча, утворанага ад слова “хлеб”. Аўсянікаў < аўсянік „аўсяны блін‟ [3, с. 26]; Бабчанок < бабка „страва, прыгатаваная з дранай бульбы‟ [4, с. 319]; Букаціч < рэг. букатка „булка хлеба‟ [3, с. 66]; Калбасаў, Калбасін, Каржоў, Кісель, Кісельнікаў, Корж, Маслаў, Маслоўскі; Салянка, Цукараў.

Прозвішчы, утвораныя ад назваў абутку і адзення: Барукошкаў < рус. борушка „жаночы галоўны ўбор‟, „каўнерык з дробнымі складкамі ў жаночым адзенні‟, „жаночая сарочка‟ [3, с. 43]; Башмак, Башмакоў, Кобец < коба ўкр. „капюшон, башлык у адзенні‟ [3, с. 209]; Кунец, Кунько, Кунцэвіч, Куніцкі < рэг. куна „шуба з куніцы‟ [3, с. 230]; Лапцеў < лапаць „абутак з лыка‟ [3, с. 246]; Лёля < рэг. лёля дзіцяч. „сарочка, кашулька‟ [3, с. 250]; Сакаўчук, Саковіч < сак „жаночае адзенне‟ [3, с. 361]; Тулупаў < рус. „кажух‟ [3, с. 417]; Шчарбак, Шчарбакоў < укр. „чаравік з аднаго куска скуры‟ [3, с. 487].

Назвы асоб па адносінах сваяцтва ці становішчы ў сям‟і: Бабіч < рэг. „дзіця, якое нарадзілася ў бабкі-павітухі ці ў старой жанчыны‟, рус. „бабнік‟ [3, с. 29]; Бабушкін < бабушка рэг. „бабуля‟ [3, с. 20]; Дзедзік, Дзедзікаў < дзед „бацькаў або матчын бацька‟ [5, с. 165]; Ждан, Ждановіч < ад ждаць „чакаць‟, „дзіця, якога чакаюць, хочуць‟ [3, с. 146]; Карзюк < рус. корза „карга, старая баба‟ [3, с. 214]; Малкін < малка рэг. „малютка‟ [3, с. 271]; Маліцкі < рус. малик „дзіця, малыш, меншы ў сям‟і‟ [3, с. 271]; Новік, Новікаў, Навіцкі < рэг. „новы чалавек у сям‟і‟, „новы член у сям‟і‟ [3, с. 294]; Прыходзька < „той, хто прыйшоў, прышлы‟ [3, с. 336]; Пазняк, Пазнякоў < рус. поздняк „апошняе дзіця ў старых бацькоў ці дзіця, якое нарадзілася праз доўгі час пасля папярэдняга‟ [3, с. 308]; Першукевіч < „першы ў сям‟і, першынец‟ [3, с. 322]; Шастак < „шостае па ліку дзіця ў сям‟і‟ [3, с. 469].

Прозвішчы, утвораныя ад батанічных тэрмінаў. Дадзены падпункт уключае ў сябе прозвішчы, утвораныя ад назваў дрэў, кветак, садавіны і інш.: Арбузаў, Бабок, Баравік, Бурак, Буракоў, Бурачонак, Бурачэнка, Бурян, Вішнёўскі, Вішнявецкі, Вішняк, Вярбіцкі, Гарбуз, Гарбузоў, Гарошка, Грыб, Грыбоўскі, Дубіна, Дубінін, Дубінскі, Дубкоў, Дубовік, Жолуд, Жолудзь, Жытнік, Жытнікаў, Калінін, Капусцін, Кедраў, Лазоўскі, Ліпаў, Ліпскі, Ліпаўскі, Маліноўскі, Плюшчаў, Пшанічнік, Саснок, Сасноўскі, Суржык, Травінчык, Травулька, Траўнік, Хмялеўскі, Цыбульскі, Яворскі < „ад явар [3, с. 498]; Ярэц < укр. ярець „ячмень‟ [3, с. 500].

Прозвішчы, утвораныя ад назваў народаў і этнічных груп: Літвінаў, Літвіненка, Літвінчук < ліцвін, ст. бел. літовец „жыхар Літвы‟ [3, с. 253]; Мазур, Мазуркевіч, Мазурэнка < мазур „выхадзец з Мазуршчыны‟ [3, с. 267]; Маскаленка < маскаль „падданы Маскоўскай дзяржавы‟ [3, с. 277]; Прус, Прусак < „ураджэнцы або жыхары Прусіі; паўночна-ўсходнія немцы‟ [7, с. 402]; Шведаў < швед „народ скандынаўскай групы, які складае асноўнае насельніцтва Швецыі‟ [9, с. 363].

Назвы частак цела і покрыва чалавека і жывёл. Прозвішчы, звязаныя з асобнымі часткамі чалавечага цела, былі даволі папулярнымі. У якасці прозвішч маглі выкарыстоўвацца і назвы частак цела жывёл: Валасевіч, Галавін, Галавачэнка, Галоўка, Галоўчанка, Гарбуноў, Гарло, Горленка, Гуз, Гузаў, Гулянкоў < гуля „гуз, жаўлак‟ [5, с. 95]; Дзюба, Дзюбко, Зубаў, Капыткоў, Крылоў, Лапін, Лапіцкі, Лапкоўскі, Маслак < маслак „вялікая косць, пераважна сцегнавая; вытырклая косць‟ [6, с. 117]; Пузік, Пузан < пуза „жывот чалавека або жывёлы‟ [6, с. 117]; Ражкоў, Рагоўскі, Рогаў, Ус, Усевіч, Усікаў, Ушкін, Шкурко, Шкурын, Шкуратаў.

Прозвішчы, утвораныя ад геаграфічных назваў, складаюць невялікую па колькасці групу: Аршанскі (г. Орша), Барысавец (г. Барысаў), Вялікаборац (в. Вялікі Бор), Дземяхоўскі (в. Дземяхі), Дубавец (в. Дубы, Дубава), Пінскі, Пінчук (г. Пінск), Паляшук (Палессе), Слонімскі (г. Слонім), Прылуцкі (г. Прылукі), Туравец (г. Тураў), Бакавец (в. Бакі, Бакава), Гарыводскі (в. Гарывада), Палтавец (г. Палтава), Петрыкавец (г. Петрыкаў), Цеснавец (в. Цясны), Шыхавец (в. Шыхава).

Такім чынам, аналіз вышэй разгледжаных прозвішчаў дае нам магчымасць сцвярджаць, што самай прадуктыўнай матывацыйнай базай для ўтварэння прозвішчаў Рэчыцкага раёна з‟яўляецца апелятыўная лексіка, якая прадстаўлена рознымі лексіка-семантычнымі групамі. Найбольш пашыранымі з‟яўляюцца прозвішчы, утвораныя ад назваў асоб па прафесіі, фізічных і фізіялагічных характарыстык чалавека, асаблівасцей характару, яго схільнасцей і прывычак. Менш пашыраны прозвішчы, суадносныя з назвамі абутку і адзення, з батанічнымі і геаграфічнымі назвамі.

Літаратура

  1. Суперанская, А.В. Современные русские фамилии / А.В. Суперанская, А.В. Суслова; под. ред. Ф.П. Филина. – М.: Наука, 1981. – 176 с.
  2. Унбегаун, Б. Русские фамилии / Б. Унбегаун; пер. с англ.; общ. ред. Б.А. Успенский. – М.: Прогресс, 1989. – 443 с.
  3. Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія 2: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М.В. Бірыла. – Мінск: Навука і тэхніка, 1969. – 508 с.
  4. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 1. А–В. – Мінск, 1977. – 608 с.
  5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 2. Г–К. – Мінск, 1978. – 768 с.
  6. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 3. Л–П. – Мінск, 1979. – 672 с.
  7. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 4. П–Р. – Мінск, 1980. – 768 с.
  8. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5, ч. 1. С–У. – Мінск, 1982. – 663 с.
  9. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Т. 5, ч. 2. У–Я. – Мінск, 1984. – 608 с.

Аўтар: У.А. Бобрык
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, №1(76), 2013. С. 11-15.