Семантычная функцыя вянка ў купальськім абрадзе на Мазыршчыне

0
537
Семантычная функцыя вянка ў купальськім абрадзе на Мазыршчыне

Вянок — важны атрыбут купальскай абраднасці, звязаны з варажбой, якая ў кожнай масцовасці мела свае асаблівасці. Абрадавая мантычная акцыя з вянкамі звычайна спалучецца з магіяй агню, расліннасці і вады. У кожным этнаграфічным рэгіёне Беларусі святочны вянок традыцыйна складаецца з пэўных кветак. На Мазыршчыне для яго часцей за ўсё ўжываюцца белыя цюльпаны, з дробненькае купала, дзівабрат, сінія званочкі і смалянкі. Перад купальскім вечарам вянкі кідалі на ваду, а наступным днём ішлі глядзець, у які бок іх аднесла. Лічылася, што туды і замуж дзяўчыне ісці. Пры гэтым дзяўчаты спявалі песню:

Йванко сегодня, сегодня,
Дзеўкі зіліе збіраюці дa
й прыгорвоюці:
— Я віночек спілітаю
На цібя, хорошенькі мой, гадаю [1].

Варажба па вянках у вёсцы Вялікі Бокаў Мазырскага раёна мела свае спецыфічныя рысы. Тут мясцовыя дзяўчаты ўпляталі ў купальскія абрадавыя вянкі чырвоныя валошкі, баронскі мак, світаннік, шматцвет, мяту, званочкі [1, 2], у дзень свята вянкамі ўпрыгожвалі галаву, а апоўначы па іх варажылі. Яны пускалі па возеры два вянкі — на сябе і на хлопца: верылі, калі вянкі сыйдуцца, то дзяўчына абавязкова пойдзе замуж [1]. Часам да вянкоў прымацоўвалі запаленыя свечкі і пускалі іх на ваду. Існавала наступнае павер’е: чыя свечка раней згасне, той памрэ на трэці дзень Купальскага тыдня [2]. Свечка ў такіх дзеях усведамлялася як сімвал жыцця.

У вёсцы Вялікі Бокаў быў яшчэ такі спосаб варажбы на вянках: яго апускалі на дно калодзежа ўдавы і глядзелі, ці ўсплыве. Калі вянок усплываў, то яго ўладальніца спадзявалася, што пойдзе замуж на Піліпаўку [2]. Абрад суправаджаўся песняй:

Кола колодзежа ходзуць дзеўчаты,
Кола Ганночкі й Марылечкі,
Купало Йван!
Поплілі все віночачкі.
Віночкі ні вянуць, дзіўчіны не плачуць,
Вінкі не ўсплылі, дзевочкі ўзгрусцілі [2].

У в. Вялікі Бокаў магічныя абрады з вянкамі ахоплівалі прамежак ад Тройцы да Купалля. На Тройцу «спліталі віенкі, вэшалі на плот, гадалі после на Купалле, мальцы і дзеўкі шлі разам по кветкі, плілі венкі і кідалі на ваду са словамі «Ражаны(ая)-сужаны(ая), плыві ў віры, мой лёс покажы» [1]. У гэты дзень вялікабокаўскія дзяўчаты-цыганкі ўпрыгожвалі асіну: «Сначала лілі на яе грамнічну ваду, потым завівалі вянкі, екі кідалі не рукамі, а нахілялі і скідалі с головы, пры гэтым часам станавіліся спіной да возіра» [2]. Падобна беларускам, яны даведвалнся аб сваім лёсе па тым, як плылі вянкі: куды паплыве вянок, у той бок пойдзе дзяўчына замуж, а калі ён патоне — ці сама памрэ, ці мілы здрадзіць з іншай.Тэма варажбы па вянках уласціва шэрагу мясцовых песенных тэкстаў. Напрыклад:

Пойду й стану на беражку возіра,
Скіду віенок на ваду, ой, скіну.
Усе ўсплылі наверх, а мой потулуў,
Всэ з дружочкамі, а я с дружкою сваею [1].

Цыганскія і беларускія традыцыі ў вясковай купальскай абраднасці настолькі шчыльна перапляліся, сталі, можна сказаць, агульнымі, што цяжка, напрыклад, сцвярджаць, якому этнасу належыць «калодзежны» абрад з вянкамі, які складає мясцовы перадвясельны звычай. Вялікаму Бокаву здаўна вядомы міжэтнічныя шлюбы паміж беларусамі і цыганамі. Нам паведамілі наступнае: калі цыган і паляшучка мелі намер ажаніцца, яны плялі аднолькавыя вянкі і кідалі іх на дно калодзежа, прымацоўваючы да вянкоў грамнічныя свечкі. Калі вянкі падалі на ваду адначасова, пару сапраўды чакала вяселле. Назіралі, чыю свечку залье вада: лічылася, што той памрэ першым. Самы лепшы знак сямейнага шчасця, калі агонь не згасаў да першай заранкі [1].

Відавочна, што звычай пускання вянкоў на ваду меў на мэце таксама ушанаванне вады сімвалам жыцця — вянком, які абавязкова сплятаўся з 15-20 раслін. Названая рытуальна-магічная дзея мае трывалае бытаванне і шырокае распаўсюджанне, што, на наш погляд, сведчыць аб яе стражытнасці.

Вянок здаўна лічыўся сімвалам дзявоцкасці. Абрад скідвання вянка падчас варажбы адбываўся тады, калі прырода знаходзіцца ў стане найбольшага росквіту. Сімвалічнай стратай вянка падкрэслівалася, што «дзіўка хутка павінна стаць жынкай» [1]. Менавіта таму Купалле ў нашай вёсцы называецца «дзівочым святам», цесна звязаным з вясельнай абраднасцю.

У вёсцы Вялікі Бокаў існаваў абрад варажбы па вянках, якія закідаліся на дрэвы, прычым розныя для хлопцаў і дзяўчат. Так, у хлопцаў існаваў звычай «кыданія віенка на хвою; лічыласа, што малец ажэнніца столькі раз, колькі раз вянок зачэпіцца да галін» [1]. Дзяўчыты-паляшучкі кідалі вянкі на грушы тройчы. Верылі, што «колы віенок зачэпіцца сразу, то замуж пойдзе пасля Коляд, колі ні зачэпіцца — застанецца ў дзеўках на два годы» [1]. Моладзь перакідвала купальскія вянкі і праз страху хаты, «у екой нідавно памер нехто» [2]. Гэта лічылася прадвесцем нараджэння неўмаўляці. Яшчэ існавала павер’е, што з мэтай варажбы пра будучае сямейнае жыццё купальскі вянок трэба закінуць на дах бацькоўскай хаты. Вялікабокаўцы былі цвёрда ўпэўнены ў наступным: «колы віенок падаў на дах с першай спробы, то дзеўка будзе жыці ў згодзе з свікрухой; колі не трапляў — хуткі надыход нішчасціеў» [1].

Безумоўна, сведчанні інфармантаў надзвычай каштоўныя для ўдакладнення рытуальна-магічнай функцыі купальскага вянка, яго семантычнай ролі ў фарміраванні асобных звёнаў абраду, песенных матываў і дзей.

Заўвага

* 1. У артыкуле выкарыстаны матэрыялы, запісаныя падчас фальклорнай экспедыцыі аўтара ў в. Вялікі Бокаў Мазырскага раёна ў 2007 г.

Спіс інфармантаў

  1. Царэнка Ганна Сілічна, 1927 г. н., в. Вялікі Бокаў Мазырскага раёна.
  2. Цэрэнка Аўдоцця Міканораўна, 1930 г. н., в. Вялікі Бокаў Мазырскага раёна.

Аўтар: Яўген Есіс
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні. Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зборнік артыкулаў. Выпуск 6 / пад навуковай рэдакцыей В. В. Прыемка, Т. А. Марозавай. — Мiнск: Бестпрынт, 2009. С. 88-91.