29 кастрычніка у 13:00 у гарадскім Музеі фатаграфіі адкрыецца выстава рарытэтных здымкаў «Аўталегенды Гомеля», прымеркаваная да Дня аўтамабіліста. У экспазіцыі, прысвечанай развіццю мотаспорта ў Гомелі ў 60-70-я гг., прадстаўлена каля 50 унікальных фатаграфій з асабістых архіваў легендарных аўтаспартсменаў нашага горада.
У дзень адкрыцця выставы наведнікі змогуць убачыць савецкі спорткар 70-х «Эстонія-21». Дарэчы, гэты гоначны аўтамабіль і сёння працягвае ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
Дапоўняць калекцыю рарытэтныя ўзнагародныя кубкі і медалі рэспубліканскага і ўсесаюзнага значэння, савецкія аўтаспартыўныя шлемы, акуляры, пальчаткі, сцягі і секундамеры.
Гістарычная даведка
Аўтамотаклуб у Гомелі быў сфармаваны ў 1945 г. У распараджэнні маладой арганізацыі быў толькі адзін трафейны аўтамабіль «Форд», вучэбная база практычна адсутнічала, не было запчастак. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, тут праходзіла падрыхтоўка прафесійных кіроўцаў, якія былі так неабходныя ў пасляваенныя гады. Так у драўляным будынку па вуліцы Гагарына зараджаліся традыцыі аўтаспорту Гомельшчыны. Спартсмены клуба рэгулярна займалі прызавыя месцы на значных рэспубліканскіх і саюзных спаборніцтвах. І ўжо ў сярэдзіне 70-х аўтамотаклуб увайшоў у склад абласной структуры ДТСААФ г. Гомеля.
Перыядам бурнага развіцця гомельскага аўтаспорту сталі 1960-я гг.: ралі, шашэйна-колцавыя гонкі, мотакрос і трэк. Дарэчы, першы гомельскі спартыўны мікрааўтамабіль (карт) быў пабудаваны на базе «аўтарамзавода». Аўтар мадэлі – інжынер-канструктар Д. Грыгор’еў. А першым картынгістам стаў дасведчаны кіроўца і аўтаспартсмен М. Касцянкоў. На III Усебеларускай спартакіядзе па тэхнічных відах спорту ён заваяваў залаты медаль. У 1963 г. моладзь «АРЗ» прапанавала стварыць матэрыяльную базу для заняткаў аўтамабільным спортам. Д. Грыгор’еў, Я. Ізраілеў, М. Касцянкоў, А. Цярэшчанка. Л. Перуханаў і В. Шулікаў па ўласных чарцяжах сабралі гоначны аўтамабіль. На ім майстры аўтарамонтнага завода выйгралі першынство вобласці і сталі прызёрамі Усесаюзнай гонкі.
Гісторыя станаўлення аўтаралі і кросу ў Гомельскай вобласці звязана з легендарным беларускім гоншчыкам І. Кабылянскім. 20-разовы чэмпіён БССР па шашэйна-кальцавых гонках, ралі, аўтакросе і трэкавых аўтагонках, першы і адзіны майстар спорту СССР па аўтагонках у Гомельскай вобласці ён больш за 25 гадоў адпрацаваў у аўтобусным парку № 1. У сярэдзіне 60-х гг. работнікі аўтапарка звярнуліся да кіраўніцтва з прапановай стварыць ралійную каманду. Ініцыятыва была падтрымана і ў распараджэнне спартсменаў паступілі ГАЗ-51 і «Масквіч». А ўпартасць і талент дапамаглі гомельскім спартсменам лёгка ўвайсці ў зборную каманду БССР па аўтаспорце і годна прадстаўляць рэспубліку на спаборніцтвах саюзнага значэння.
Музей фатаграфіі знаходзіцца па адрасе г. Гомель, вул. Камунараў, 7.