“Сарцірнае чытво” ці прыгожае пісьменства?

0
1091
чытво, сарцір

Прыйшоў крызіс. Кошты падскочылі да неверагодных вышынь. Яшчэ ў пачатку макраэканамічнай навальніцы з крамных палічак пачалі з хуткасцю свету знікаць тавары па старых коштах. Спачатку – прадуктовыя. Потым – прамысловыя (найперш – тэхніка). Калі нехта не паспяваў, то, як правіла, усё адно шукаў, дзе танней.

Але ўвесь час заставаліся катэгорыі тавараў, якія не маглі па шэрагу прычын быць прадметамі ажыятажу. Па сённяшні дзень яны ляжаць на паліцах крам і сваімі коштамі могуць хіба што толькі насмяшыць. Кнігі беларускіх аўтараў не выключэнне.

“Будзем чытаць з вамі Алену Брава”, – кажа Анжэла Мікалаеўна Мельнікава, што выкладае ў нас дысцыпліну пад назвай “Беларуская літаратура ў еўрапейскім кантэксце”. “Бачыла ў кнігарні яе кнігу “Каменданцкі час для ластавак” недзе за 3600 рублёў. Гэта я да таго кажу, што хутка ўсе кнігі пачнуць страшэнна даражэць…”.

Намёк не спаць, як кажуць, у шапку быў успрыняты. Для пачатку я вырашыла праверыць, ці насамрэч яшчэ існуюць такія кошты? У адной з гомельскіх кнігарняў знайшла вышэйзгаданае выданне.

wc2Магчыма, на фота не бачна. Я пракаментую: на цэнніку-налепцы закрэслена лічба 3600, а ўверсе падпісана: 3530. Гэта не жарт.

Вяртаюся ў той жа дзень з універсітэта дадому. Чакаючы транспарт, перамінаюся з нагі на нагу, каб не змерзнуць, ды ад няма чаго рабіць пазіраю на вітрыну шапіка, што знаходзіцца побач з прыпынкам. Зрок спыняецца на сурвэтках з цэннікам “3480”.

wc1Раптам зрабілася млосна… Гэта што ж атрымліваецца: цяпер беларускія кнігі можна набыць за тыя ж грошы, што і туалетную паперу? А калі кошты і надалей будуць расці такімі ж тэмпамі, а кнігі застануцца такімі ж незапатрабавальнымі, ці не больш выгадна будзе ў рэшце рэшт выкарыстоўваць кнігі ў побытавых мэтах замест сурвэтак?

Аповесць Алены Брава “Каменданцкі час для ластавак”, змешчаны ў аднайменнай кнізе, распавядае пра жыццё на Кубе часоў Фідэля Кастра эмігранткі з Беларусі. Галоўная гераіня трапляе з аднаго пекла – Савецкага Саюза – у яшчэ горшае, яшчэ больш жахлівае. Ластаўкі – гэта яна і такія ж жанчыны-гаротніцы, што ў пошуках шчасця і рамантыкі апынуліся ў пастцы чужыны.

Аповесць пісалася на ўласным жыццёвым матэрыяле. Аўтарка сапраўды нейкі час жыла на Кубе. Вось ён, той матэрыял: “…прадукты і тавары першай неабходнасці, якія адпускаюцца па тархеце, гэта значыць, картцы (тархета тут – асноўны дакумент, без яе проста аддасі Богу душу ад голаду): адну лібру рысу, невялічкія пакункі з чорнай фасоляй і гарохам, пачак цыгарэт, пачак запалак,  трошкі цукру, трошкі кавы – Маці Божая, і з гэтым мы маем пратрымацца тыдзень?!” Але што рабіць? “Камандантэ заклікае зацягнуць рамяні на апошнюю дзірку – і кожны кубінец павінен гэта зрабіць!” Незайздросная сітуацыя і да болю многім знаёмая. У рэшце рэшт гераіня не вытрымлівае жыцця ў галечы, вечнай нястачы, сярод прусакоў і пацукоў і збягае з гэтага “сацыялістычнага раю”, дзе людзей трымаюць у страху і вечнай гатоўнасці са зброяй у руках абараняць краіну ад ваеннага ўварвання са страшэннымі схемамі-лозунгамі на вуснах, якія не прайшлі праверку часам (кшталту “Сацыялізм або смерць!”).

Гаротніцу-“саўкубінку” здзіўляе, што тамтэйшыя жыхары пачуваюць сябе абсалютна камфортна, “кладуцца спаць галоднымі, але вясёлымі”. А адна з гераінь-абарыгенаў кажа: “Вы, савецкія, хочаце жыць лепш, а гэта ганебна!” Мабыць, менавіта ў гэтым уся справа. Хоць звонку можа падацца і наадварот, але мы – былыя “савецкія” і нашчадкі гэтых “савецкіх” – жадаем жыць лепш! Варта толькі паглядзець на твары наведвальнікаў нашых крам, наведвальнікаў, якія часцей прыходзяць сюды на экскурсію, чым па пакупкі. Задаволенасці жыццём на гэтых тварах няма.

Як бы там не было, а кошты на кнігі, відаць, мусяць таксама падняцца. Бо не павінна так быць: не павінна матэрыялізоўвацца ў простым сваім сэнсе метафара “сарцірнае чытво”. Нейкая частка майго мозга нават хоча, каб кошты падняліся (насуперак, дарэчы, майму гаманцу). А пакуль…

Я набыла кнігу Алены Брава. А сурвэткі – не: не хапіла грошай. Зрэшты, можна і таннейшыя пашукаць. 😉

Аўтар: Валянціна Міронава