Вёска Дуброва распаложана на роўным месцы. 3 паўднёвага боку яна прылягае к балоту, якое называецца „Круглым балотам”. Яно, маючы шырыню ад 1—1,5клм., цягнецца ўдоўжкі да ракі Убарць на 7-8 клм. і мае схіл на ўсход. На паўночным захадзе, на адлегласьці 0,5 клм. ад вёскі таксама знаходзіцца балота, а на поўначы ў 1,5 і 3 клм. знаходзяцца два невялічкіх азяркі. Вышэйпамянёная рака Убарць (прытока Прыпяці) зьяўляецца самай бліжэйшай больш-менш значнай ракой. Вёска з усіх бакоў абкружана лесам, у якім сустракаюцца нізіны і балоты. З парод дрэў асабліва пашыраны: хвоя, бяроза, дуб, па нізінах вольха, таксама сустракаецца елка, але вельмі рэдка і ў ня- значнай колькасьці.
Санітарна-бытавы нарыс вёскі Дубровы, Лельчыцкага сельсавету, і раёну, Мазырскае акругі.
Пашыраны „багун”—невялічкі кустоўнік, з прыгожымі белымі кветкамі і моцным пахам, які насельніцтва ўжывае як сродак проціў чужаедаў (блашчыц).
Глеба каля вёскі пераважна супясковая, у некаторых, мясьцінах пападаецца суглінак, але рэдка. Каменьняў на палёх нідзе не пабачыш і вакольнае насельніцтва для гаспадарчых патрэб прывозіць яго з іншых мясцовасьцяй. Сыстэма паляводзтва па раскарчоўках пераложная, а навакол вёскі зямля ніколі ня гуляе. Па гнаі сеюць бульбу, на другі год—жыта, пшаніцу, авёс, на трэці—грэчку.
Акруговы цэнтр гор. Мазыр знаходзіцца ў 87 клм. ад вёскі, таксама далёка знаходзіцца і бліжэйшая чыгуначная станцыя—Ельск (64 клм.). Раённы цэнтр і сельсавет знаходзяцца ў 8 клм., у м-ку Лельчыцы. Самы бліжэйшы завод — цагляны знаходзіцца ў 8 клм.
Сама вёска ляжыць на роўным сухім месцы, якое мае схіл на поўдзень да балота. Вёска складаецца з двух вуліц і 2-х завулкаў. Адна вуліца ідзе з усходу на захад, а другая з паўдн. ўсходу на паўночны захад. Абаронай ад пануючых вятроў, якія тут дзьмуць з заха ду і поўн.-захаду, служыць лес. Ёсьць дзьве грамадзкія плошчы: адна школьная, распаложаная сярод вёскі, а другая выган у заходнім канцы яе. Вуліцы нябрукованыя, бяз усякіх насьцілаў, дрэў няма і наогул трэба адзначыць, што вуліцы гразкія, асабліва ўвосень. Ёсьць штук 4 або 5 асабліва нізкіх месц (лужын), якія ў часе дажджоў робяцца „вазёрамі”. Двароў у вёсцы налічваецца 214; усе яны разьмяркованы абапал вуліцы. Садоў і палісаднікаў вельмі мала (7). Прычым сады ўсе невялічкія і ў гаспадарцы прамысловага значэньня ня маюць. З пладовых дрэў разводзяць яблыню, ігрушу, сьліву.
Дзеля таго, што ракі каля вёскі няма, то ўсе вадазборы ў вёсцы — гэта закрытыя студні, якіх налічваецца — 34. Пабудованы яны проста драўляным зрубам. Знаходзіцца студня на вуліцы, ці на дварэ каля вуліцы і карыстаюцца ёю звычайна некалькі гаспадарак, але ёсьць невялічкая колькасьць (7) такіх, якімі карыстаецца толькі адна гаспадарка. Ваду дастаюць крукам, або каперам, агульнага вядра для ўсіх няма. Студні ненакрытыя, няшчыльныя. Дзякуючы таму, што яны знаходзяцца недалёка ад хлявоў і каля іх адбываецца вадапой жывёлы, яны забруджваюцца. Спосабаў абароны ад забруджваньня амаль што няма ніякіх, зрэдку толькі каля студні насыпяць пяску, каб ня было гразі каля яе. Глыбіня студняў у сярэднім 5 мэтраў. Пры капаньні, як апавядае насельніцтва, сустракаюцца наступныя пласты: глеба, пад глебай пясок, жвір, гліна і пасьля гліны ідзе ваданосны пласт. Ваданепранікальны пласт — гліна (другі пласт яе), — ваданосны пясок. Вады для патрэб насельніцтва ў студнях ёсьць досыць. Існуючыя вадазборы мала прыгодны для гашэньня пажараў з прычыны труднасьці дастачы яе. У часе сьпешкі ўсе студні заграмаджаюцца спушчанымі вёдрамі, што перашкаджае правільнаму і сваечасоваму іх скарыстаньню.
Мінімальныя запатрабаваньні санітарнай аховы студняў вымагаюць пабудовы покрывак над студнямі і забрукаваньня плошчы зямлі навакол студні, дзеля таго, каб яны не забруджваліся сьцекамі з вуліцы і хлявоў.
Па якасьці вада наогул добрая [1]), але ўвясну альбо ў часе дажджоў, яна робіцца мутнай ад павярхоўнай вады, якая цячэ ў студню. У хатах вада захоўваецца ў вёдрах, альбо ў цэбрах і стаіць там на працягу 6 — 8 гадзін адкрытая, дзякуючы чаму яна забруджваецца пылам. У гаспадарцы ў сярэднім кожны дзень разыходзіцца ўзімку — 22 вядры вады, а ўлетку — 8. На хатнія патрэбы сям‘і ўжываецца 6 – 8 вёдраў, а на гаспадарчыя і на вадапой жывёлы — 14 — 16 вёдраў. Залежнасьці паміж вадакарыстаньнем і страўнічна-кішэчнымі хваробамі не назіраецца.
Насельніцтва ў вёсцы налічваецца 1026 чалавек, з іх мужчын 488, а жанчын 544. Сямей налічваецца 214. Па нацыянальным складзе ўсе беларусы. Ёсьць толькі адна яўрэйская сям‘я, ды і тая перабіраецца ў м-ка Лельчыцы. За апошні год памёрла — 42, нарадзілася — 37 чал. Шлюбаў было – 4, разводаў — 2.
Асноўным заняткам насельніцтва зьяўляецца ральніцтва, з пабоч- ных заробкаў трэба адзначыць: узімку рубку, вывазку, а ўвясну сплаў лесу і пілаваньне дошак. Гэтыя заробкі значна дапамагаюць насельніцтву: пры іх дапамозе гаспадарка выконвае ўсе падаткі і імі займаецца амаль што ўсё насельніцтва. Саматужнікаў у вёсцы вельмі мала: 2 кавалі, 3 шаўцы, 2 краўцы, 1 столяр. Кавалі і краўцы сваім заробкам значна падтрымліваюць гаспадарку, а што датычыцца іншых саматужнікаў, то прыработак іх вельмі малы.
Ворнае зямлі налічваецца 661 дзесяціна, сенажаці — 183 дз.; лесу няма, няўжыткоўнай зямлі — 50 дз. Ураджйнасьць палёў, прымаючы пад увагу прымітыўнасьць немашыннай апрацоўкі—сярэдняя. З буйнай жывёлы налічваецца: валоў — 230, кароў — 300, коняй — 861 [2]) Дробнай жывёлай вёска забясьпечана слаба. Што датычыцца сельска-гаспадарчых прылад (плуг, барана), то імі забясьпечана насельніцтва ў патрэбнай меры. Беднякоў налічваецца — 80 гасп., серадн. — 122, замож — 12 гасп. Уласнага коопэратыву ў вёсцы няма, а ёсьць аддзяленьне Лельчыцкага спажывецкага т-ва, пайшчыкаў якога на ўсёй вёсцы налічваецца каля 100 [3]). Прыватным гандлем ніхто не займаецца. Адзіным месцам продажы жывёлы, якая зьяўляецца галоўным даходам насельніцтва зьяўляюцца кірмашы ў м-ку Лельчыцах, яны адбываюцца 1-га і 15-га кожнага месяца.
Агульная плошча сядзібы і двара ў вёсцы наступная:
Макс. | Мінім. | Сярэд. | |
Сядзібы | 972 кв. м. | 320 кв. м. | 596 кв. м. |
Двара | 448 кв. м. | 72 кв. м. | 263 кв. м. |
Забудоўля двароў сустракаецца розная; найчасьцей можна пабачыць забудоўлю літарай „Г“, „П“, а таксама чарадой. Падзелу двароў на чыстыя і брудныя няма. Двор чысьцяць раз у год вясною, калі возяць гной, то падграбуць сьмецьце і вывязуць яго на поле, ды і то ня ўсе гаспадары, а толькі некаторыя. Будынкі звычайнай сярэдняй гаспадаркі наступныя: хата з сенцамі і каморай, адрыны 2 — 3 (для коняй кароў і авечак), гумно, варэўня — (патутэйшаму — „сьцёпка“) для схову продуктаў і сьвінячы хлеў. Будаўнічы матар’ял — дзерава. Адрыны звычайна будуюцца з верхавін дрэў бяз моху і няшчыльна; дзьверы прымацованы няшчыльна, а часам іх няма зусім, а ёсьць толькі завёрткі; столі няма; дах насланы гальлём, а пасьля зьверху накрыты саломай, якая зьверху прыціснута апоўзьнем. Абароны ад зімніх халадоў амаль што няма ніякай, толькі часамі заткнуць дзіркі саломай, каб нё надзьмувала ў адрыну сьнегу. На ўтрыманьне будынкаў не зьвяртаюць належнай увагі: часам працякае, але іх не папраўляюць.
Хаты пераважна стаяць абапал вуліцы, але часамі стаяць і на дварэ. Двор заўсёды распаложаны з усходняга боку, толькі калі на адным дварэ жывуць два гаспадары, дык ён знаходзіцца паміж хат.
Паводле пабудоўлі тыпы хат наступныя: чатырохсьценка (большасьць), пяцісьценка і хаты з дзьвёх палавін. Чатырохсьценка будуецца зрубам з чатырох сьцен, да яе бываюць прыбудованы сенцы бяз моху і бяз столі; частка іх адгароджана пад камору. У пяцісьценцы замест сенцаў прыбудована другая палавіна хаты, у якой ёсьць печ і столь. Хата з дзьвюх палавін складаецца з двух чатырохсьценак, якія злучаны халоднымі сенцамі, у задняй частцы якіх адгароджана камора. Тыпы хат з дзьвюх палавін ужо больш ня будуюцца. Хто пазаможней, той будуецца “дамком“, г. з. звычайнай пяцісьценкай. Хаты будуюць з дзерава, ставяць іх без падмурку, проста на зямлі, падкладаючы пад куты штандары. Сьцены ад вільгаці глебы нічым не ізолююць. Куты робяць „расійскія“. Дзьверы робяць ашалёванымі ў форме елкі, клеткі ці радкамі. Столь робіцца наступным чынам: першы рад дошак кладзецца няшчыльна, на 2 — 3 вяршкі адна ад аднае, зьверху шчыліны закрываюць аполкамі. На столь насьцілаюць салому або мох, закрываючы няроўнасьць кладкі, а пасьля насыпаюць пяску таўшчы-нёй 1 — 2 вяршкі. На дахі ідзе дранка, гонты, або звычайныя дошкі. Укладка падлогі ардынарная, яна кладзецца на адлегласьці 20—30 см. ад зямлі; вэнтыляцыі падпадложжа няма, а для цяплыні зруб абсыпаюць па-за сьценамі зямлёй. У сенцах столі ў большасьці хат няма, а падлога кладзецца проста на зямлю. Чатырохсьценкі будуюцца квадратам або простакутнікам, прычым даўжыня ня больш шырыні, як на адзін аршын. У правым куце ад дзьверы знаходзіцца печ, якая займае 1/6 частку плошчы падлогі. Перагородак ніякіх няма. За печкай да пярэдняй сьцяны — пол. У хаце звычайна тры вакна, у бакавой сьцяне да двара—2 і прадоўжнай да вуліцы — адно.
Пяцісьценка мае чатыры знадворныя сьцены і адну нутраную. Звычайна бывае тры дзьверы: адны знадворныя, другія нутраныя з аднае хаты ў другую, трэція—у камору. Печы ёсьць ў абедзьвюх палавінах. У хаце з дзьвюх палавін—адна палавіна звычайна большая. Памеры хат паводле асобных тыпаў характарызуюцца наступнымі лічбамі.
Тыпы хат | Унутры хат | Знадворку | Лік вакон | размер выразу | Плошча
падлогі |
Кубатура | Адносіны выразу вакон да падлогі | У в а г а | ||||
ш. | д. | в. | ш. | д. | в. | |||||||
Пяцісьценка | 5,2 | 8 | 2.8 | 6 | 8,7 | 3,4 | 6 | 1,8 | 41,6 кв.м. | 116,48 км. | 0,23 | меншая |
п | 6,5 | 10 | 3 | 6,8 | 10,5 | 4 | 7 | 1,8 | 65 | 195 | 0,2 | большая |
N | 5,6 | 10,7 | 2,8 | 6,5 | 11 | 3,2 | 5 | 0,54 | 59,92 | 157,8 | 0,05 | сярэдняя |
Чатырохсьценка | 2 | 2,7 | 2 | 2,5 | 3,5 | 2 | 2 | 0,16 | 5,4 | 10,8 | 0,03 | меншая |
п | 4,5 | 5 | 2,5 | 5 | 5,5 | 3,2 | 3 | 0,48 | 22,5 | 56,25 | 0,06 | сярэдняя |
п | 6,5 | 5,5 | 2,5 | 7,1 | 6,4 | 3 | 3 | 0,63 | 35,75 | 89,37 | 0,05 | большая |
З дзьвёх палавін | 4,9 | 12 | 2,7 | 6 | 13 | 3 | 5 | 0,42 | 58,8 | 158,8 | 0,04 | сярэдняя |
п | 4,5 | 11 | 2,9 | 5,5 | 12 | 3,1 | 5 | 0,54 | 49,5 | 143,5 | 0,05 | меншая |
» | 5,5 | 13 | 2,8 | 6,5 | 14 | 3,4 | 6 | 0,63 | 71,5 | 200 | 0,05 | большая |
Увага: У хатах з дзьвёх палавін чацьвёртая частка падае на няжылое памяшканьне – сенцы і камору.
У сярэдзіне хаты пераважна атынкованыя, але ў бяднейшых хатах часамі замазваюцца глінай толькі шпары і беляцца. Форма вакон ных рам шасьцішыбная, таўшчыня бывае звычайна роўна 0,75вяршка. Падвойныя рамы сустракаюцца рэдка; яны ёсьць толькі ў больш заможных гаспадароў. Фортак нідзе няма. Звычайна ў хаце ёсьць 2 вакны створчатыя, а трэцяе глухое, якое не адчыняецца. Вокны распаложаны на ўсход і поўдзень. Зімою іх закрываюць матамі, але ня ўсе гаспадары, а толькі некаторыя. Увечары хата асьвятляецца лучынай на комінах (,,пасьветах“), якія знаходзяцца пасярэдзіне хаты і маюць дымаход, выведзены ў трубу над стольлю. У сьвяточныя вечары хаты асьвятляюцца лямпамі.
Печы пабудованы наступным чынам: робяць драўляны зруб вышынёй каля мэтру. Унізе яго ёсьць дзірка, куды зімою заганяюць кур (падпечак). На зруб насьцілаюць аполкі, на якія насыпаюць пяску, а потым кладуць цэглу. У ва ўсіх хатах звычайныя рускія печы, якія робяць альбо з чыстай гліны, толькі з цагляным комінам, альбо цалком з цэглы. Плошча падлогі занятая печкай роўна 4 кв. мэтрам, а кубатура — 8 кб. мэтр. Дзякуючы таму, што шмат паляць у печы, хаты ўзімку бываюць адносна цёплыя. Але ў нашчыльныя вокны і дзьверы, асабліва там, дзе яны без сянец, у часы вятроў мароз забіраецца ў хату. Грыба-дрэванішчыцеля ў хатах няма, а вільгаць ёсьць заўсёды, дзякуючы таму, што ўся гаспадарчая праца (гатаваньне пойла, параньне мякіны і г. д.), дае багата пары на хату, чаму паветра заўсёды бывае вільготным. У хаце звычайна жыве адно сямейства, рэдка два. Сем‘і ў сярэднім у 5 чалавек, што пры агульнай сярэдняй плошчы падлогі ў 25 кв. мэтраў, дае на кожную душу па 5 кв. мэт. карыснае жылое плошчы.
Абсталяваньне хаты складаецца з наступных рэчаў: стол, які стаіць у пярэднім куце, каля стала дзьве шырокія лавы са сьпінкамі (канапы), 1 — 2 услонаў і некалькі столкаў, пол альбо ложкі; апошнія сустракаюцца там, дзе малая сям’я і больш заможная. Зроблена ўсё гэта з хваёвага дрэва, работа даволі сьціпная. У хаце на заслоне стаяць вёдры, звычайна два, каля іх цэбар, пад лавай кошалі з картопляй, ночвы, на лаве дзежка, на сьценцы вісяць посітак, рашота, паліца з рэчамі гаспадарчага ўжытку (гаршкі, місы, ложкі і г. д.). У сенцах стаяць бочкі са збожжам, карыта для кармленьня сьвіней, с.-г. прылады і некаторыя іншыя рэчы.
Узімку мужчыны амаль што ўвесь дзень знаходзяцца на дварэ, жанчыны 1-2 гадзіны, а дзеці цэлы дзень сядзяць у хаце. Прычыну гэтага трэба шукаць ва ўмовах працы для дарослых, а адносна дзяцей недастачай абутку і адзежы.
Насельніцтва большую палову году ўжывае для ежы продукты расьліннага пахаджэньня. Мяса і сала ўжываецца мала. Калі разгледзець продукты, якія большасьцю ўжываюцца па часьцінах году, то атрымаем наступны малюнак. Увосень — „печанкі” (печаная картопля), „кіяхі“, каша з гарбузом, бараніна. Зімой — капуста і гуркі салёныя, мяса, сала. Увесну малако кіслае (салодкае ўжываецца вельмі рэдка,), шчаўе, розныя крупы. Улетку больш жывяцца продуктамі гароду (бацьвіньне, гуркі і г. д.). Мяса, сала і наагул жывёльных продуктаў не хапае. Хлеба ў некаторых таксама мала і за ўсё адказвае картопля. На зіму картопля хаваецца ў капцох, ямах і варэўнях. Капусту і гуркі соляць, буракі пад весну квасяць. Сала, мяса хаваюць у каморы. Аснаўныя стравы ўжывае насельніцтвам наступныя: боршч, (капусьцяны альбо бураковы), бліны з грачанае мукі, пшонная каша, печаная альбо, вараная бульба. У часе рэлігійных пастоў: раніцой — печаная картопля з расолам гуркоў альбо качанамі квашанае капусты, на абед — боршч з грыбамі або ўюнамі, фасоль альбо каша з алеямі. Увечары — картопля печаная ці вараная. У каго ёсьць мёд, вараць аўсяны кісель з мёдам. Пякуць пшанічныя пампушкі з алеямі.
Гарачая страва ўзімку ўжываецца 3 раза, а ўлетку — 2. Продуктаў жыўленьня купляюць мала, больш прабаўляюцца сваімі. Бяруць цукру ў год 2 кгр., солі — 50 кгр., селядцоў — 3—4 кгр., рыбы — 3—4 кгр., сала (мала хто купляе), алей.
Пасуда ў кожнай хаце аднолькавая, розьніца толькі ў колькасьці. Ёсьць міскі, гаршчкі (гліняныя, міскі бляшаныя, чыгуны вялікія, талеркі (1—2 шт.), корац бляшаны, кубак, сподачкі, макотра гліняная, тарка бляшаная, слоікі, гладышкі гліняныя, лыжкі драўляныя. Усё гэта хаваецца на паліцы і нічым не пакрыта.
Месцам спаньня ў хаце служаць пол, ложкі, лавы, прыпечак, печ; апошнімі карыстаюцца выпадкова, калі холадна альбо недахоп месца. Пасьцельныя рэчы наступныя: сяньнік, посьцілкі, коўдры, падушкі (у незаможных замест коўдры служыць дзяруга, а падушкі з чаротавым пухам). Пасьцельная бялізна зьмяняецца 4 разы на год, перад вялікімі сьвятамі да і то ня ўся, а толькі посьцілкі, наўлечкі. На палу сьпяць усёй сям‘ёй разам: бацька з маткаю з аднаго боку, малыя дзеці пасярэдзіне, дарослыя дзеці з другога. Узімку дарослыя сьпяць каля 9 гадзін, дзеці да 12. Улетку дарослыя 6 — 7 гадзін, дзеці, і якія працуюць у гаспадарцы (пастухі), таксама 6 — 7 гадзін, а меншыя 9 — 10 гадзін. Устаўшы раніцай, дарослыя ўмываюцца, але бяз мыла толькі твар і рукі. Дзеці звычайна ўмываюцца пасьля яды, дый то, калі запэцкаюцца стравай, а калі не, дык і так дзень праходзяць. Умывальнікаў няма; умываюцца з корца над цэбрам, або ходзячы па хаце (змачваюць падлогу, каб ня было пылу). На працягу дня мужчыны мыюць рукі перад ядой, а жанчыны тады, калі запэцкаюць іх, завіхаючыся каля печы. Рушнікі супольныя з ільна альбо каноплі; карыстаюцца імі цэлы тыдзень. Улетку дзеці купаюцца ў канавах, а дарослыя, дзякуючы таму, што няма ніводнае лазьні, усё цела амаль што ніколі ня мыюць. Нацельная бялізна складаецца ў мужчын з сарочкі і нагавіц, у жанчын з сарочкі з затыкай у падале і перабіранымі чырвонай гарынай рукавамі. Дзеці да 5 год ходзяць у сарачках; старэй пяці год — дзеўкам надзяюць спадніцы-андаракі, а хлопцам штаны. Матар’ял бялізны звычайнае палатно хатняга вырабу, льняное, альбо канаплянае. Мужчынская сарочка шыецца са зборамі, каля каўнера, які вышываецца, рукавы шырокія таксама са зборамі з паркалю. У жанчын фасон сарочкі такі-ж самы, толькі каўняры з брыжамі з паркалю і з вышыванымі чахламі. Бялізну зьмяняюць раз у тыдзень, у нядзелю. Мыла ў год на сям‘ю разыходзіцца ня бялей 0,5 кгр. Большасьць яго ідзе на мыцьцё бялізны паркалёвай, а таксама каўняроў і брыжоў да сарочак.
Хата падмятаецца ў дзень 1 або 2 разы. Дакладная чыстка хаты адбываецца 3-4 разы ў год, перад вялікімі сьвятамі. Складаецца яна з бяленьня сьцен белай глінай і мыцьця падлогі. З чужаедаў асабліва распаўсюджаны блохі (яны ёсьць амаль што ў кожнай хаце), блашчыцы (клапы), прусы рэдка. Змаганьня з чужаедамі не вядуць ніякага, акрамя хіба з галаўнымі вошамі, якія гінуць пад кіпцямі кожную нядзелю.
Для адбываньня фізыолёгічных патрэб ніякай пасудзіны ў хаце няма.
Усе гаспадарчыя процэсы, як прыгатаваньне пойла, паранкі, мякіны, апрацоўка валакна, шчапаньне лучыны, пляценьне пасталоў забруджваюць хату і пагаршаюць яе санітарнае становішча. Дапамагаюць гэтаму трыманьне зімой курэй пад печкай, ягнят і цялят у часе зімніх халадоў, а таксама кармленьне сьвіней у хаце.
Пачатак плоцьцевага жыцьця прыходзіцца ў хлопцаў на 17-18 год, у дзяўчат на 16-17 г. Сярэдні ўзрост уступаючых у шлюб — 19-20 год. За апошнія чатыры гады ёсьць 12 выпадкаў нараджэньнях дзяцей да шлюбу.
Аборты сустракаюцца нярэдка. Робяць іх хатнім способам самі, у больніцу зварачаюцца рэдка. Акрамя абортаў, спосабаў проці цяжарнасьці іншых ня ўжываюць. Дзяцей родзяць у хаце; бываюць выпадкі нараджэньня на полі за працаю. Пры родах прысутнічае „баба“, а часам роды праходзяць і без яе. Умовы гадаваньня дзяцей дрэнныя, негігіенічныя.
Штучна пачыняюць карміць з узросту трох месяцаў. Кормяць жаваным хлебам з цукрам (завінаюць яго ў шматку і даюць смактаць), параным малаком з бутэлькі, горла якой завязана шматкай. Сьмяротнасьць у сувязі з родамі нязначная; хваравітасьць пасьля радоў бывае часта. Інваліднасьць і калецтва маюць месца ў вёсцы з прычыны вайны. Усяго інвалідаў налічваецца 5 чалавек. Агульны лік непрацаздольных 12 чалавек. Жанчын старэй 50 год — 55, мужчын старэй 55 год — 38.
Мэдычнай дапамогай насельніцтва забясьпечна слаба. Мэдыцынскі пункт знаходзіцца ў м-ку Лельчыцы. Дзейнасьці мэдыка-санітарных устаноў у сэнсе аздараўленьня вёскі амаль што ніякай не назіраецца. Пры хворасьці дзяцей перш за ўсё зварачаюцца да „баб“ (шаптух), а потым, калі ўжо нічога не памагае, зварачаюцца за дапамогай у больніцу.
Пісьменных, якія вучыліся да вайны, налічваецца 125 чалавек, пасьля вайны — 97 чалавек. Дзяцей школьнага ўзросту — 149. Школай дзеці ахоплены на 45%. Да вайны крыніцай пісьменнасьці зьяўлялася школа, а зараз яшчэ дабавілася вачэрняя школа ліквідацыі няпісьменнасьці. Літаратуры ў насельніцтва амаль што ніякай няма, акрамя газэт, якія выпісвала невялічкая частка насельніцтва. З культурна-асьветных устаноў ёсьць толькі школа, якая зьмяшчалася ў нанятым памяшканьні. Цяпер у вёсцы будуецца новая школа, якая будзе адпавядаць патрабаваньням школьнае гігіены. Насельніцтва два разы ў год ладзіць п‘яныя сьвяты, на якіх бывае разьліўное мора самагону. Дый наогул кожнае больш-менш значнае рэлігійнае сьвята вызначаецца п’янствам, дракамі і хуліганствам. Як праявы новагу быту трэба адзначыць 1 выпадак чырвонага вясельля і 2 выпадкі акцябрын.
У вёсцы ёсьць 2 ячэйкі: Мопр’у і Асоавіахіму, у якіх налічваецца па 17 членаў. Ёсьць пажарная камісія з 2-х чалавек, санітарная, дарожная, але яны не працуюць і існуюць толькі на паперы. Адміністрацыйных устаноў і партыйных організацый у вёсцы няма. Ступень політычнай пісьменнасьці насельніцтва нізкая.
[1] Такое азначэньне не характарызуе якасьці вады; трэба хаця-б адзначыць яе празрыстаць, смак. – I. Ц.
[2] Трэба было для экономічнае характарыстыкі насельніцтва паказаць падворную забясьпечанасьць зямлёй і быдлам.—І. Ц
[3] Лічбавыя даныя ў экономічнай характарыстыцы маюць каштоўнасьць, калі яны дакладныя, і таму азначэньне „каля 100“ можна разумець і 70 і 80 і г. д. І. Ц.
Аўтары: Ул. Жук, П. Панкоў
Крыніца: часопіс «Наш край», № 2 (41), 1929. – С. 43-49