“Сам-насам з кліматам” – шведска-беларуская выстава карыкатур адбудзецца ў Гомелі

0
1159
клімат, климат, каррикатура

Спяшайцеся пабачыць!

15 верасня 2011 года а 16-ай гадзіне ў Карціннай галерэі Г.Х. Вашчанкі (Гомель, вул. Карповіча,4) адбудзецца адкрыццё шведска-беларускай выставы карыкатуры «Сам-насам з кліматам».

Выстава арганізаваная пры падтрымцы Шведскага Інстытута (Стакгольм) і Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і будзе дэманставацца ў Гомелі з 15 па 30 верасня.

Выстава “Сам-насам з кліматам”, злучаючы класічны жанр карыкатуры з актуальнымі практыкамі і рознымі медыя (інсталяцыя, фатаграфія, калаж), становіцца асновай, фундаментам камунікацыі без межаў, у тым ліку моўных. Гэты праект, мэтай якога з’яўляецца абмеркаванне прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства і распаўсюджанне ведаў аб экалагічных праблемах, стартаваў з верасня 2010 года выставай у Ісландыі, затым адбыўся на Балканах, у Малайзіі, Сірыі, Латвіі і Расіі, сёлета ў траўні адкрыўся ў Мінску і вось цяпер наведвае Гомель.

У кожнай краіне, дзе праходзіла сумесная выстава, яна складалася з дзвюх частак і ўключала працы мясцовых мастакоў і шведскіх карыкатурыстаў. Такім чынам, выявы беларускіх і шведскіх аўтараў складуць візуальны шэраг экспазіцыі, даступным спосабам ўздымаючы пытанні зменаў клімату перад гледачом.

На выставе “Сам-насам з кліматам” будуць таксама прадстаўлены работы, створаныя ў рамках беларуска-шведскай праграмы “Коміксы для ўстойлівага развіцця”. Усе гэтыя коміксы, якія, дарэчы, былі прадстаўленыя ўжо ў Гішпаніі, Швецыі, Францыі, намаляваныя непрафесійнымі мастакамі-ўдзельнікамі творчых майстар-класаў. Мэтай такіх майстар-класаў з’яўляецца візуалізацыя пытанняў устойлівага развіцця і распаўсюджанне ведаў пра экалагічна ўстойлівы лад жыцця.

Некалькі такіх майстар-класаў па маляванні коміксаў адбудуцца ў Гомелі ў рамках выставы “Сам-насам з кліматам”. Іх удзельнікамі стануць навучэнцы Гомельскай мастацкай вучэльні. Юныя творцы больш даведаюцца пра змены клімату, пазнаёмяцца з новымі цікавымі тэхнікамі малявання і створаць першыя серыі коміксаў на тэму ўстойлівага развіцця. Майстар-класы арганізаваны сумесна з каардынацыйным цэнтрам “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта А.Д. Сахарава і беларуска-шведскім праектам “Коміксы для ўстойлівага развіцця”.

Асабліва варта адзначыць удзел у выставе дзвух гамельчукоў.

Владислав Хвостов Алина РатушнаяМесца правядзення выставы: Карцінная галерэя імя Вашчанкі, г. Гомель, вул. Карповіча, 4

Час правядзення: 15-30 верасня

Ўрачыстае адкрыццё выставы: 15 верасня а 16-й гадзіне