Некалі, колькі гадоў таму, ніхто вам і не адкажа, тут здарылася ліхая гісторыя. У той год наскочылі на мясцовыя землі татары. I раней пра іх чулі, але яны не даязджалі да гэтага кутка, хапала ім і ў іншых месцах палону ды каштоўнасцей. На гэты ж раз супыніліся кашом якраз недзе тут, паблізу. Хан сабраў мурзаў і загадаў, каб воі раз’ехаліся ў розныя бакі і рабавалі, бралі ў палон, нікога не шкадуючы.
Хан крычаў, а мурзы, уторкнуўшы галовы ў пясок, бесперапынна кланяліся.
— Даю вам усяго тры дні!
— Слухаемся.
— Хто спозніцца, таксама будзе пакараны!
— Слухаемся.
— Гуляйце сабе, як хочаце, бо войска мясцовага паблізу няма і за тры дні яно падысці не паспее. Таму парабуем і спакойна адыдзем назад. Няхай нам Алах памагае!
— Няхай нам Алах памагае, — падтрымалі мурзы.
— Ну, няма чаго тут пясок есці! Час выступаць!
Маланкамі паляцелі конныя атрады ў розныя бакі, і адразу паЦягнуліся за імі дымы ў сінйе неба, пачуліся стогны і галашэнні, а па мясцовых дарогах бясконцымі стужкамі, паволі, ужо нікуды не спяшаючыся і не чакаючы нічога добрага ад лёсу, пасунуліся калоны палонных.
Хан быў задаволены. Першых палонных ужо даставілі ў кош — гэта былі не абы-хто, а моцныя, здаровыя мужчыны, прыгажуні жанчыны і іхнія дзеці, за якіх таксама можна будзе ўзяць на паўднёвых рынках немалыя грошы.
— Даўно нам так не шанцавала. Даўно…
Так гамонячы, хан ішоў уздоўж калоны палонных. Раптоўна ён супыніўся, стаў нібы ўкаааны.
— Пабачце, якая прыгажуня.
— Дзе, сонцалікі?
— Вунь у калоне стаіць. Давайце яе сюды!
Паслугачы кінуліся да дзяўчыны. Як тая ні крычала, як ні спрабавала бараніцца — нічога не атрымалася, бо ўступіцца за яе ніхто не мог. Мужчыны былі скаваныя парамі, а жанчыны пачалі было крычаць, ды як сталі іх біць бізунамі і шаблямі, то тут жа і прыціхлі.
— Ты хто такая?
Прыгажуня маўчала, толькі гнеўна паблісквала вачыма.
— Я пытаюся, хто ты такая? — нецярпліва паўтарыў хан.
У адказ яна толькі плюнула крывавай слінай на пыльную сцежку і адвярнулася. Нехта з паслугачоў перацягнуў гардзячку бізуном.
— Ой, — толькі і вырвалася праз сціснутыя зубы.
— Што, не падабаецца? — ашчэрыўся хан. — Не будзеш са мной лагоднай — ніхто цябе не пашкадуе, ніхто за цябе сваю спіну не падставіць. Адказвай, хто ты?
Дзяўчына па-ранейшаму маўчала.
— Сёння яна будзе маёй, — скрывіўся хан. — Трымайце пад аховай, а як прыцямнее, прывядзіце да мяне, — сурова загадаў валадар сваім паслугачам і, задаволена паціраючы рукі, пайшоў далей.
Вечар толькі пачынаўся, а ля ханскага жытла ўжо тоўпіліся паслугачы:
— Прывялі, сонцалікі.
— Ну, то добра.
— Але ж і злосная. Кусацца кінулася.
— Так вам і трэба, — хан засмяяўся, а следам за ім паказалі зубы і прыбліжаныя. Так было заведзена спрадвечным парадкам: смяецца валадар — смейся і ты, а пачынае злавацца — маўчы як рыба. — Давайце яе сюды.
Слугі ўцягнулі дзяўчыну, якая працягвала адбівацца.
— Вой, якая яна прыгожая, калі злуецца, — прамовіў хан і знакам загадаў усім выйсці.
Слугі і ахова непрыкметна высклізнулі за полаг.
— Чаго ты, дурненькая? — ласкава зашаптаў хан і пастараўся заваліць прыгажуню на спіну. — Я ж цябе золатам засыплю, станеш маёй самай любімай жонкай, будзеш астатнімі кіраваць.
Аледзяўчына не паддавалася.
— Вось зараз загадаю!.. — пачаў ужо злавацца валадар, які не прывык, каб яму нехта нешта рабіў насуперак.
У гэты момант прыгажуня гопнулася на спіну, і валадар, адчуваючы блізкі канец, задаволена засоп. Ды дарэмна ён радаваўся, бо незнаёмка схапіла востры кінжал, які матляўся на поясе ў хана, і знізу даверху распусціла вялізнае пуза татарына, ён і закрычаць не паспеў. Дзяўчына ўсхапілася, але не пабегла, не закрычала, бо выдатна ведала, што навокал адны ворагі. Пастаяла, выпіла вады з прыгожага кілішка і ўдарыла сама сябе тым жа нажом-кінжалам пад сэрца.
Слугі доўга чакалі, калі іх пакліча хан. Раніцай асмеліліся і зазірнулі ўнутр. I адразу ж завылі-закрычалі на розныя галасы, пакідалі палон ды каштоўнасці і пабеглі на свае землі. Так адна дзяўчына, нават імя якой не захавалася ў народнай памяці, вызваліла свой народ. На гэтым месцы, дзе зараз вёска, усё і здарылася. Таму і Салтанаўка, што хан недзе тут пахаваны.
Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 147-149.