На сённяшні дзень адным з маладаследаваных пытанняў у фалькларыстыцы з’яўляецца вывучэнне сутнасці вобразных сістэм фальклорных жанраў з боку аналізу сродкаў стварэння канкрэтных вобразаў. Хаця такі падыход да разумения семантыкі вобразаў неаднойчы станавіўся прадметам даследавання навукоўцаў, тым не менш усё роўна існуе шэраг нявырашаных пытанняў, звязаных як з падыходамі да класіфікацыі сістэмы вобразаў, так і з сістэматызацыяй сродкаў стварэння вобразаў у дачыненні да канкрэтнага жанру. На прыкладзе адной функцыянальна адметнай рэпянальнай з’явы Усходняга Палесся — русальных песнях — мы праілюструем магчымасць комплекснага вырашэння існуючых праблем. Нагадаем, што русальныя песні — неад’емная частка фальклорна-этнафафічнага комплексу Русальнага тыдня, распаўсюджанага на тэрыторыі ГБЧ-рэгіёна (Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага памежжа).
Асноўваючыся на вопыце тэарэтыкаў літаратуры і фапьклору ў класіфікацыі дзейных асоб мастацкіх твораў на галоўных і другасных герояў з аналізам вобразаў русальных песень, мы прыйшлі да высновы, што вобразны лад іх паэтыкі ўключае ў свой склад дзве катэгорыі паэтычных вобразаў, якія класіфікуюцца па прыкмеце актыўнасці- пасіўнасці ў здзяйсненні абрадавых дзеянняў:
1) цэнтральныя, якія семантычна і функцыянальна звязаны з абрадам “провадаў” — Русалка;
2) другасныя, ці фонавыя, якія “дзейнічаюць” у тэкстах з любоўна-шлюбнай ці сямейна-побытавай тэматыкай — вобразы дзяўчат, маладых жанчын, Пятрышчы.
Вобразы русальных песень суцэльна абумоўлены абрадавым кантэкстам, яны характарызуюцца значна большай ступенню ўмоўнасці, выражаючы пэўны эмацыянальны стан і не патрабуючы псіхалагізацыі. Асноўная ўвага ў іх сканцэн гравана на адлюстраванні гапоўнай дзейнай асобы абраду — Русалкі, тады як другасныя вобразы прадстаўлены даволі сціпла- у адзінкавых тэкстах. Такая дыферэнцыяцыя — з’ява заканамерная; яна абумоўлена старажытным светаразуменнем, калі прыярытэт, як правіла, аддаваўся максімальна спрыяльнаму носьбіту сакральнага дзеяння, з якім звязваліся плённыя вынікі.
Семантыка цэнтральнага вобраза амбівалентная: з аднаго боку, Русалка- гэта шаноўная падаўніца добрага ўраджаю, здольная паўплываць на плоднасць зямлі, добрае замужжа, забяспечыць урадлівасць палёў, а з другога — дэманічная істота, шкадлівы нячысцік з яскравим несупадзеннем вонкавага прывабнага выгляду і ўнутранай сутнасці [3]. Адпаведна, такую ж рознапланавую накіраванасць маюць і сродкі стварэння вобраза Русалкі, што вытлумачвае, у прыватнасці, адсутнасць сярод іх эпітэтаў-азначэнняў і наяўнасць прамых апісанняў усяго, што тычыцца Русалак. Так, звяртаецца ўвага на заняткі Русалак на Граным (Русальным) тыдні (“На граной нядзелі Русалкі сядзелі, Ой, раны-раненька, Русалкі сядзелі. Русапкі сядзелі На дзевак глядзелі, Ой, раны-раненькі, На дзевак глядзелГ [ 1, № 285]; “Ходзіць русалка па вуліцы, Заве Пятрышчу к сабе на гул г [1, № 283]); “Русалачкі, Зямляначкі, На дуб лезлі, Кару грызлі, Зваліліся, Пабіліся, ТройцаГ [1, №290] з акцэнтам на самараскрыцці вобраза з дапамогай іх маналога- звароту да людзей (“Дзевачкі-сястрыцы, Падайце вадзіцьГ, “Маладзіцы-цёткі, дайце нам намёткі, Хлопчыкі-брацця, Вы спляціце лапці”, “Падайце вадзіцы Душу прычасціці, Душа прычасціцца-Жыццё вараціцца” [1, № 278]. Даецца апісанне абрадавага моманту провадаў Русалкі ў жыта, якое характарызуе, з аднаго боку, адносіны людзей да Русалкі як да стваральнай істоты (“Правяду русалку Із бору да бору, Рана-рана, Із бору да бору. Із бору да бору У зеляну дубраву, Рана-рана, У зеляну дубраву. У зеляну дубраву, У ядраное жыта, Рана-рана, У ядраное жыта, У ядраным жыце Талі русалцы жыці, Рана-рана, Там русалцы жыці!” [1, № 284]; “Там русалкі ў жыце зялёным сядзелі. А мой каласочак, як яварочак, А мая жыцінка, як праскурачка: — У печцы калачком, на стале піражком” [1, № 287], з другога — як да разбуральнай сілы (“Правяду русалку, правяду, Да й асінкай заломлю, Каб русалачка па жыце не хадзіла Ды майго жыцейка не ламіла” [1, №286], хаця неабходна падкрэсліць, што і тут прасочваецца павага і шанаванне як вынік жадання задобрыць яе вербальна— з дапамогай памяншальна- ласкальных суфіксаў (“Вам, русалачкі, вяночкі, А нам, маладым, сярпочкі. Вам, русалачкі, у зямлі спаць, а нам, маладым, жыта жаць” [3, с. 148]). Адзначым, што велічанне Русалкі ў песнях не развілося: сутракаецца толькі ледзь выражаны элемент велічання з дапамогай памяншальнаг ласкальных суфіксаў (“Ах, мая русаначксГ [2, с. 128-129]).
Як бачым, на вербальным узроўні ў вобразе Русалкі не замацаваліся адзнакі зрокава ўспрымаемай асобы абраду “провадаў” (дзяўчыны, якую выбіраюць на ролю Русалкі), хаця ва ўяўленнях указваецца на такія абавязковыя яе рысы, як маладая, прыгожая, з доўгімі валасамі. Прыярытэтная роля аддаецца прамым апісанням, з дапамогай якіх матэрыялізуюцца ўяўленні пра абрадавую сутнасць вобраза Русалкі, што, у прыватнасці, і стварае яго самадастатковасць.
З катэгорыі фонавых дакладна акрэслены толькі персаніфікаваны вобраз Пятрышчы, раскрыццё якога адбываецца праз дыялог з Русалкай: “Ходзіць русалка па вуліцы, Заве Пятрышчу к сабе на гулі: — Хадзі, Пятрышча, ка мне на гулі. — А не пайду я, русалачка, А не найду: цёмна ночка. А буду жыцейка пільнаваці, Каб русалачцы не ламаці” [1, № 283]. У тэкстах прысутнічаюць і іншыя “персанажы” — у выглядзе абагульненай першай асобы, ідэнтыфікацыя якой адбываецца праз прамыя апісанні дзеянняў ці ўчынкаў, якія яна здзяйсняе. Наприклад, “Ах, мая русалачка’ [2, с. 128-129], “Ой, Васіль, ты мой, Васілёчак, Бярозавы мой цвяточак! Часам я цябе садзіла, Другім часа палівала, Трэцім часам сарываnaV [5, с. 112]. Акрамя таго, існуе адзінкавы тэкст, у якім на зварот русалак да дзяўчат даць ім вадзіцы падаецца іх адказ: “— Не дадом вадзіцы, Дадом каланіцы, Ой, рана-раненька, дадом каланіцы” [1, № 279]. Указание на дзяўчат вынікае з кантэксту, які выяўляе аднанакіраваныя формы адносінаў паміж вылучанымі і невылучанымі вобразамі:
1) русалкі звяртаюцца да дзяўчат, маладзіц, хлопцаў з просьбамі, аб здзяйсненні якіх на ўзроўні песенных тэкстаў не паведамляецца (але ж ва ўяўленнях указваецца, што ў адказ людзі пакідалі ім на кустах адзенне, палатно, ніткі);
2) русалку праводзяць у жыта (зафіксавана ў большасці тэкстаў).
Такім чынам, з усяго вышэйадзначанага відаць, што галоўная роля ў стварэнні паэтычных вобразаў русальных песень адводзіцца прамым апісанням, якія захоўваюць у сабе ўяўленні пра іх сутнасць. Адсутнасць у тэкстах указанняў на ўяўленні пра зрокава ўспрымаемыя вобразы і, адпаведна, іх матэрыялізацыі ў выглядзе спецыяльных сродкаў тыпу эпітэтаў указвае на спецыфіку адлюстраванай у русальных песнях рэчаіснасці, якая “дыктавала” апеляцыю менавіта да акцыянальнасці, дзе зафіксавалася памкненне старажытнага чалавека і вербальна падмацаваць, узнавіць дзеянне праз спецыфічны моўны сродак — прамое апісанне, якое не дазволіла развіцца азначальнасці ў сілу надзвычайнай замкнёнасді русальных тэкстаў (якая, дарэчы, характарызуе і ўсю русальную абраднасць як культурную з’яву). Актыўнае ўжыванне апісальнасці і зусім нязначнае выкарыстанне азначапьнасці ў дачыненні да вобразаў русальных песень- спецыфічная рыса як паэзіі рытуапу, так і архаічнай паэтыкі ўвогуле, калі ўвага канцэнтравалася перш за ўсё на дзеяннях, што, у сваю чаргу, вымагала вылучэння адпаведных сродкаў вербальнай перадачы інфармацыі.
- Веснавыя песні / Склад. Г.А. Барташэвіч, Л. Салавей. Мн., 1979.
- Івахненка Т. “Ах, мая русалачка, летні ты цвяточак …” Абрад “Провады русалкі” ў сучасным выяўленні // Роднаг слова 1995. Ха 5.
- Івахненка Т. Семаитыка вобраза русалкі//Роднае слова 1997. №5.
- Ліцьвінка В.Д. Святы і абрады беларусаў. Мн., 1998
- Сысоў У.М. 3 крыніц спрадвечных. Мн., 1997.
Аўтар: Т.А. Марозова
Крыніца: Традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: Матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гомель, 20-21 мая 2004 г.): У 2-х ч.ч. Ч 1. / Гал. рэдактар А.А. Станкевіч. — Гомель: УА “ГДУ імя Ф. Скарыны”, 2004. С. 167-170.