Румянцавы і Гомель. Погляд у мінулае

0
1869
памятник румянцеву

Альтэрнатыўная назва (паводле артыкулу ў “Народнай волі”): Ці трэба нам культ Румянцава, пры якім Гомель быў ператвораны ў тыповы расійскі горад?

Хто такія Румянцавы і якое дачыненне яны маюць да Гомеля? Адкуль яны тут з’явіліся? Гэтыя пытанні цікавяць жыхароў і наведвальнікаў горада над Сожам. Асабліва калі яны наведваюць парк у цэнтры горада, бачаць палац Румян­цавых і Паскевічаў і перад ім помнік Н.П.Румянцаву, іншыя будынкі, пабудава­ныя Румянцавымі. Тым больш, што гэтым гістарычным асобам у Гомелі надзя­ляецца шмат увагі. Для адказу на гэтыя пытанні спачатку трэба звярнуцца да больш ранняга, “дарумянцаўскага” перыяду ў гісторыі горада.

 

У XVIII ст. Гомель быў невялікім горадам, ці мястэчкам на ўсходзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, центрам староства ў Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства ВКЛ. Хоць Гомель і не карыстаўся Магдэбургскім правам, але ў горадзе мелася мясцовае самакіраванне на чале з войтам. Гараджане карысталіся ўласнай пячаткай і гербам, дараванай ім прывілеем караля Жыгімонта Аўгуста у 1560 г. Пячатка дазваляла мяшчанам без пасярэднікаў уступаць у маёмастныя і юрыдычныя адносіны паміж сабой і прадстаўнікамі вялікакняскай і мясцовай адміністрацыі, з купцамі і жыхарамі іншых гарадоў і населенных пунктаў. Большасць жыхароў Гомеля ў XVIII ст. заставаліся праваслаўнымі, а жыхары навакольных вёсак у большасці былі ўніятамі.

первый герб гомеля, старый герб гомеля, герб гомельГерб Гомеля. Атрыманы 21.03.1560 г.

Напрыканцы XVII ст. на Гомельшчыну пачалося перасяленне расейскіх старавераў, а таксама сялян, салдат ды іншых уцекачоў з Расеі. Гэта надта не падабалася прадстаўнікам царскай улады, якія ўсімі сродкамі дамагаліся вяртання ўцекачоў на радзіму. Але стараверы тут адчувалі сябе добра і вяртацца не збіраліся. Чаму людзі беглі з тэрыторыі Расейскай імперыі ў межы РП? Беглі ад прыгону, рэкрутчыны, бяспраўя і самавольствацарскіх чыноўнікаў. На тэрыторыі РП уцекачы утваралі слабоды, ад іх патрабавалася толькі плаціць падаткі, памер якіх быў зафіксаваны дакументальна. Дарэчы, у XVIII ст. большасць сялянства ВКЛ было пераведзена з паншчыны на чынш і класічнае прыгоннае права паступова знікала. Асабістая залежнасць сялян ад землеўладальнікаў і дзяржавы была хутчэй намінальнай. Ад іх патрабавалася толькі плаціць падаткі за карыстанне зямлей, за зімовы пастой войска (гіберна) і некаторыя іншыя. Часам за карыстанне зямлёй сяляне адбывалі паншчыну. Сялянская абшчына ці грамада карысталася пэўнай самастойнасцю, з яе дапамогай сяляне упарта адстойвалі свае асабістыя правы1. Яны мелі права пісаць скаргі на сваіх паноў ці адміністратараў маёнткаў у выпадку іх парушэння, мелі свой уласны абшчынны “копны” суд, карысталіся іншымі правамі, якіх былі пазбаўлены прыгонныя сяляне Расейскай імперыі. З другой чвэрці XVIII ст. у сельскай гаспадарцы ВКЛ адбываўся эканамічны ўздым. Магнаты часта дазвалялі сялянам, у тым ліку ўцекачам з Расеі ўтвараць слабоды, якія на некаторы час вызваляліся ад падаткаў. Многія вёскі на Гомельшчыне, якія існуюць зараз, былі заснаваны якраз ў 2-3 чвэрцях XVIII ст. Сяляне і мяшчане не служылі ў войску, бо вайсковая служба была прэрагатывай прывілеяванага саслоўя – шляхты. Шляхта, у тым ліку і дробная, якая не мела маёнткаў і сялян, напрыканцы XVIII ст. складала 10-12 % насельніцтва Беларусі2. Шляхта мела шматлікія правы і прывілеі, у тым ліку права збірацца на павятовыя сеймікі, удзельнічаць у палітычным жыцці краіны, асабістую недатыкальнасць.

У XVIII ст. Рэч Паспалітая з-за ўнутранага бязладдзя хутка слабела. З пачатку XVIII ст. тэрыторыя РП стала прахадным дваром для войскаў замежных дзяржаў і тэатрам шматлікіх войн. Частай з’явай былі грамадзянскія войны паміж магнацкімі групоўкамі. У выніку дзяржава ўжо не магла абараніць свой суверэнітэт. 9 верасня 1763 г. (па іншай версіі гэта адбылося ў 1764 г.) тры рускія палкі на чале з генерал – маёрам Сямёнам Маславым вывелі з Веткі ды іншых гомельскіх слабод на тэрыторыю расейскай імперыі больш за 2 тысячы старавераў. Таксама “выганка” адбывалася ў Мсціслаўскім ваяводстве, Чачэрскім ды іншых падняпроўскіх староствах ВКЛ3. Шмат сялян навакольных вёсак папросту разбегліся ці хаваліся па лясах. Некаторыя вёскі былі разрабаваны рускімі войскамі, напрыклад вёска Покаць ў Чачэрскім старостве4. Толькі са снежня 1764 да сакавіка 1765 г. з ВКЛ было выведзена 14373 уцекачы абодвуга пола5. А ўсяго з ВКЛ было прымусова пераселена больш за 20 тысяч чалавек.

У 1768 г. з мэтай захавання дзяржавы была ўтворана патрыятычная Барская канфедэрацыя. Канфедэраты выступілі супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і царскай Расеі. Яны дамагаліся адмовы ад палітычных рэформ, на якія пайшоў кароль і яго аднадумцы, выступілі супраць ураўнавання ў правах з каталікамі шляхты праваслаўнага і пратэстантскага веравызнання, за захаванне шляхетскіх вольнасцей і прывілеяў каталіцкай царквы, аднаўленне незалежнасці краіны. У тым жа годзе на тэрыторыю краіны былі ўведзены рускія войскі, як аказалася надоўга. Патрыятычныя заклікі далі шырокі прыток у шэрагі канфедэратаў шляхты, мяшчан і сялян. Масавай з’явай стала партызанская вайна6. Але гэта не дапамагло ў барацьбе са спрактыкаванай і прафесійнай рускай арміяй. Баявыя дзеянні канфедэратаў супраць войск, верных каралю і рускіх войскаў працягваліся да 1772 г. У Рэчыцкім павеце апошні аддзел канфедэратаў быў раззброены толькі 1 сакавіка 1772 г. Палонных рашылі саслаць на пасяленне ў Сібір для перахрышчэння, а не ствараць з іх асобных шляхецкіх палкоў7.

Пасля разгрому Барскай канфедэрацыі нішто больш не магло перашкодзіць планам ваяўнічых суседзяў РП па анексіі яе тэрыторый. 13 жніўня генерал З. Чарнышоў атрымаў апошні загад увесці войскі на Беларусь паміж 1 і 7 верасня 1772 г. Такім чынам адбыўся першы падзел РП і ўсходняя Беларусь была далучана да Расеі. Гэта падзея была катастрофай, сапраўдным шокам для патрыятычна настроенай мясцовай шляхты. Усходняя, а ў канчатковым выніку і ўся Беларусь аказалася ў складзе адсталай у сацыяльна – эканамічным і палітычным плане Расейскай імперыі і была на многія дзесяцігоддзі адкінута ў сваім развіцці. Беларускія землі былі выключаны з перыферыйнай еўрапейскай дзяржавы, якой была РП, і апынуліся ў складзе еўра – азіяцкай дэспатычнай імперыі. Прыгоннае права расейскага ўзору, якое мала чым адрознівалася ад рабства, было распаўсюджана на беларускія землі і праіснавала да 1861 г.
На акупаваных землях ствараліся рускія вайсковыя гарнізоны, пры гарнізонах ствараліся правіянцкія “магазейны”, г.зн.склады правіянту і фуражу. Дарэчы, у 1776 г. “каменный магазейн” ўпамінаецца ў Гомелі, у той час ён быў адзіным вядомым зараз каменным будынкаму горадзе8. “Магазейны” напаўнялі збожжам і фуражом, грошы за якія выдавалі самі рускія палявыя камандзіры і толькі лаяльным пастаўшчыкам. З маёнткаў “мятежников” ды астатніх харч бралі прымусам або шляхам бясплатнай кантрыбуцыі9. Расейская адміністрацыя паводзіла сябе як акупацыйная у заваяванай краіне. У стратэгічных мэтах пачалі будаваць дарогі, у тым ліку дарогу Вялікія Лукі – Кіеў, якая прайшла і праз Гомель, умацаваныя памежныя лініі, крэпасці. Пачалося насаджэнне буйнога рускага землеўладання, цэлыя староствы Кацярына II падаравала сваім фаварытам – Румянцаву, Чарнышову, Пацёмкіну, Зорычу ды іншым. З польскай на рускую мову пераводзілася справаводства, пачалася татальная русіфікацыя ўсіх сфер жыцця. Адразу пагоршыўся стан сялянства, бо моцная ўлада пачала павялічваць сялянскія павіннасці і душыць усялякае незадавальненне з іх боку. Прыгонная сістэма гаспадаркі, якая трымалася на прымітыўных прыладах працы, прыгонная залежнасць, прынесці ў край голад і галечу10.

Адразу пасля падзелу пачаўся разбор шляхты. Дробная шляхта, якая не мела маёнткаў і доказаў свайго паходжання, выключалася з прывілеяванага стану і паступова пераводзілася ў іншыя, менш прывілеяваныя саслоўі. Акрамя гэтага, шляхта была пазбаўлена многіх сваіх прывілеяў, у тым ліку права збірацца на павятовыя сеймікі. Але шляхта і мяшчане захавалі частку сваіх ранейшых правоў і свабод, бо царскі ўрад не мог адразу рэзка іх абмежаваць. Былі пацверджаны і правы мясцовых землеўладальнікаў11. Уніяцкіх вернікаў пачалі прымусова пераводзіць ў праваслаўе. Гэтыя працэсы зацягнуліся на некалькі дзесяцігоддзяў. Ідэалагічнай апорай царызму была праваслаўная царква.

Акрамя гэтага, расейская адміністрацыя выявіла поўную некампетэнтнасць і недасведчанаць ў кіраванні далучанымі землямі, няведанне іх асаблівасцей. Гэта, напрыклад, праявілася ў шматлікіх адміністратыўных пераўтварэннях, якія адбываліся ў першыя дзесяцігоддзі расейскага панавання. Напрыклад, Гомельскі павет тройчы мяняў сваю назву: спачатку Гомельскі, потым Беліцкі, зноў Гомельскі; і чатыры разы адміністрацыйны цэнтр: Гомель, Беліца, Новая Беліца, зноў Гомель.

Пасля далучэння новых зямель усім землеўладальнікам было прапанавана прыняць прысягу на вернасць Расейскай імперыі. Тыя, хто адмаўляўся ад прысягі, страчвалі свае ўладанні, якія пераходзілі да казны імперыі. Апошні староста Гомельскі, канцлер ВКЛ Міхал Чартарыйскі ад прысягі адмовіўся і Гомельскае староства было канфіскаванае ў казну. Гомель стаў павятовым горадам Рагачоўскай правінцыі.

У 1775 г. Гомель і староства былі падараваны вядомаму расейскаму вайсковаму дзеячу, графу Пятру Александравічу Румянцаву. За перамогі над туркамі і падпісанне з імі мірнага дагавору Кацярына II падаравала графу шматлікія званні, тытулы і маёнткі, у ліку якіх называецца і “… деревня для увеселения в 5000 душ в Белоруссии”, г.зн. Гомель. Для Гомеля гэта азначала пазбаўленне статуса горада і перавод ў стан прыватнаўласніцкага мястэчка, страту права на частковае самакіраванне. Пераважная большасць насельніцтва горада была з мяшчан пераведзена ў саслоўе сялян і паступіла ў поўную ўладу фельд­маршала12. За карыстанне зямлёй жыхары Гомеля павінны былі плаціць уладальніку чынш. Новаму уладальніку не спадабалася тое, што ў Яго маёнтку знаходзілася павятовая адміністрацыя, таму ў 1777 г. Павятовыя ўстановы з Гомеля былі пераведзены ў сяло Беліцу, якая была прызна­чана павятовым горадам. П.А.Румянцаў не надаваў шмат увагі развіццю і добраўпарадкаванню свайго Гомельскага маёнтка. Па Яго загадзе тут быў разабраны дубовы замак, пабудаваны Міхалам Чартарыйскім і распачалося будаўніцтва цэнтральнага корпуса палаца.

Петр Румянцев, РумянцевГраф П.А. Румянцаў

Пасля смерці П.А.Румянцава ў 1796 г. Гомельскі маёнтак перайшоў па спадчыне да ягостарэйшага сына – Мікалая Пятровіча Румянцава, пазней выдатнага дзяржаўнага дзеяча, дыпламата, фундатара навукі і культуры. М.П. Румянцаў у першай чвэрці XIХ ст. зрабіў генеральную перапланіроўку горада. Пры гэтым стары сярэдневяковы Гомель часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, гістарычна склаўшаяся планіроўка, вулічная сетка і рэльеф мясцовасці былі поўнасцю зменены. Вядома, што ўладальнік горада не спытаў дазволу на гэта ў яго жыхароў. Ад сярэдня­вечнага Гомеля не засталося амаль ніякіх слядоў. У архівах захаваліся скаргі гараджан пачатку XIХ ст. на то, што іх дамы зносяць, а на месцы сядзіб і агарода ўпракладваюць вуліцы13. Новы Гомель, пабудаваны Н.П. Румянцавым у адпаведнасці з лепшымі еўрапейскімі ўзорамі таго часу, быў пазбаўлены свайго гістарычнага аблічча, стаў тыповым расейскім горадам. Перабудова гарадоў на далучаных землях і прыстасаванне іх да патрэб і густаў новых уладальнікаў было часткай русіфікатарскай палітыкі царызма. Напрыклад, такім чынам былі перанесены і перабудаваны Берасце, Бабруйск і іншыя га­рады. Гомель набыў больш сучасны знешні выгляд, з’явіліся прамыя вуліцы, па­лац Румянцавых, шматлікія каменныя будынкі. Але пасутнасціёнзастаўся, у ХІХ стагоддзі, феадальным прыватнаўласніцкім мястэчкам на чале з графам – уладальнікам.

Николай Румянцев, РумянцевГраф Н.П. Румянцаў

Зараз у Гомелі былым ўладальнікам горада – графам Румянцавым надзяляецца занадта многа ўвагі. Зладжваюцца шматлікія канферэнцыі, прысвечаныя Н.П. Румянцаву, румянцаўскія чытанні, выдаюцца шматлікія зборнікі публікацый. Створана нават “Румянцевское общество”, якое займаецца вывучэннем жыцця і дзейнасці Н.П. Румянцава. Але хто такія былі Румянцавы і ці вартыя яны такой увагі? Гэтыя людзі служылі іншай дзяржаве – Расейскай імперыі і прынеслі з сабой панаванне гэтай дзяржавы. Яны прадстаўнікі іншай культуры і менталітэту. Хоць Н.П. Румянцаў і быў адукаваным чалавекам, шмат зрабіў для развіцця асветы і навукі, па сваёй сутнасці ён застаўся чалавекам свайго часу, феадальным землеўладальнікам, на якога працавалі дзесяткі тысячаў прыгонных сялян. Н.П. Румянцаў стварыў у Гомельскім маёнтку перадавую па тым часе і вельмі прыбытковыю гаспадарку, пабудаваў заводы і фабрыкі, якія прыносілі вялікія прыбыткі. Запрашаў з Германіі і Англіі лепшых архітэктараў, інжэнераў, аканомаў ды іншых спецыялістаў14. Гэта было чымсьці накшталт узорнага аграгарадку ў бясконцым моры прыгонніцтва. Калі даследчыкі пішуць, што Н.П.Румянцаў за свае ўласныя сродкі перабудаваў Гомель, ці невядома за якія сродкі ён гэта зрабіў? Гэтыя сродкі ў асноўным былі атрыманы з прыгоннай працы яго шматлікіх сялян15.У Беліцкім павеце ў першай чвэрці XIХ ст. звычайнай з’явай былі неўраджаі, голад і эпідэміі, ад якіх памірала шмат людзей. Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю Гомеля і павета падчас вайны 1812 г. Хоць баявых дзеянняў на тэрыторыі павета не было, але вялікі эканамічны ўрон нанеслі рускія войскі, якія дыслакаваліся ў Гомелі і для якіх патрабавалася харчаванне і фураж для коней16. Між іншым, нешматлікія пісьмовыя крыніцы пачатку XIХ ст. данеслі да нас звесткі аб вялікім голадзе ў Гомелі і маёнтку ў 1818-1822 гг., якраз у той час, калі адбываліся найбольш інтэнсіўныя працы па перепланіроўцы і перабудове Гомеля17.

Эканамічны эксперымент Н.П. Румянцава ў Гомельскім маёнтку скончыўся з яго смерцю ў 1826 годзе. Маёнтак прыйшоў у заняпад, а будынкі, пабудаваныя Румянцавым у Гомелі перайшлі ў маёмасць ваеннага ведамства.

У Гомелі створаны культ асобы Н.П. Румянцава. Навошта ён патрэбны? Не трэба бачыць Н.П. Румянцава толькі ў ружовым колеры, а спакойна адносіцца да гэтага безумоўна таленавітага і неардынарнага чалавека.

Крыніцы і літаратура

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. Мн., 1993. С.23.

2. Там жа. Т.6. Ч.2. С.221.

3. Анішчанка Я.К. Народжаны рабалепнічаць. Мн., 2007. С.112.

4. Інвентар Чачэрскага староства 1765 г. // Памяць. Чачэрскі раён. Мн., 2000. С.72.

5. Анішчанка Я.К. Указ. сач. С.110.

6. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.1. С. 311.

7. Анішчанка Я.К. Указ. сач. С.17.

8. Памяць. Гомель. Кн. 1. Мн., 1998. С. 127.

9. Там жа. С. 17.

10. Памяць. Гомельскі раён. Кн.1. Мн., 1998. С.62, 64.

11. Там жа. С.65.

12. Памяць. Гомель. Кн.1. С. 96.

13. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). Ф.3020. Воп.1. Спр.1.

14.А. Кіштымаў. Гомельскі маёнтак графа М.П. Румянцава. Вопыт гаспадарання. // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. №1. С.23.

15. Там жа. С.25.

16. Памяць. Гомель. Кн.1. С.99.

17. Там жа. С.99.

 

Аўтар: Зміцер Гусакоў, гісторык, краязнаўца