Рудабельская “рэспубліка”

0
603
Рудабельская рэспубліка

Рудабельская “рэспубліка” — назва Рудабельскай і суседніх валасцей Бабруйскага павета, дзе на працягу ўсяго перыяду акупацыі Беларусі войскамі Германіі (1915) і Польшчы (1919-1920) захоўвалася савецкая ўлада. Устанаўленнем савецкай улады і рэвалюцыйнымі пераўтварэннямі ў воласці кіраваў Рудабельскі валасны рэўкам, рэарганізаваны ў час барацьбы з польскім корпусам Доўбар-Мусніцкага (студзень-люты 1918) у штаб па фармаванні Чырвонай гвардыі, а ў час нямецкай акупацыі — у падраённы камітэт РКП(б). Яго члены: А.Р. Салавей (старшыня), Л.Я. Адзінцоў, М.А. Ляўкоў, М.Ф. Ус, Н.Я. Званковіч.

Пазней у Рудабельскую “рэспубліку” ўвайшлі суседнія воласці Бабруйскага, Мазырскага і Рэчыцкага паветаў. Партызаны в. Рудабелка і навакольных вёсак ахоўвалі тэрыторыю воласці ад нападаў легіянераў і нямецкіх акупантаў, вялі агітацыю сярод мясцовага насельніцтва і салдат варожых фармаванняў. Яшчэ да адступлення немцаў партызанскія атрады Салаўя і інш. ўвайшлі ў г. Бабруйск і перашкодзілі акупантам вывезці нарабаваную маёмасць.

У час польскай акупацыі на тэрыторыі воласці дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў пад агульным кіраўніцтвам Ляўкова і П.Д. Малаковіча. Партызанскія атрады Ц.К. Валадзько, А.К. Паланейчыка і інш. нападалі на чыгуначныя станцыі, абозы, разбуралі масты.

У студзені 1920 польскае камандаванне накіравала супраць рудабельскіх партызан карную экспедыцыю, якая спаліла некалькі вёсак, у т.л. Рудабелку. У баях загінула некалькі дзясяткаў партызан, але партызанскі рух не быў задушаны. У 1920 на ўрачыстым сходзе з нагоды вызвалення жыхары Рудабелкі перайменавалі сваю воласць у Акцябрскую. Пра Рудабельскую “рэспубліку” напісаны кнігі, пастаўлены спек­такль, зняты кінафільм.

Літаратура

Грахоўскі С.І. Рудабельская рэспубліка: Дак. аповесць. Мн., 1968;

Xаўратовіч І.П. Слова пра чырвонага камандзіра // Маладосць. 1963. № 3;

Почанин С.З. В грозовом восемнадцатом. Мн., 1969.


Аўтар:
Іосіф Хаўратовіч
Крыніца: Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. Ст. 125.