Роля міжмоўных кантактаў у развіцці лексічнага складу народна-дыялектнай мовы: на матэрыяле гаворак Гомельшчыны

0
728
Дыялект і беларуская мова на Гомельшчыне

Лексічны склад з’яўляецца самай рухомай часткай моўнай сістэмы, які найбольш хутка рэагуе на разнастайныя змены ў грамадскім жыцці, адгукаецца на важнейшыя культурна-гістарычныя падзеі. Папаўненне лексічнага саставу адбываецца як за кошт уласных дэрывацыйных сродкаў, так і ў выніку запазычвання з іншых моў.

Лексіка іншамоўнага паходжання засвойвалася беларускай мовай як вусным, так і пісьмовым шляхам у розныя перыяды яе развіцця ў працэсе непасрэдных і апасродкавых гандлёва-эканамічных, палітычных і культурных кантактаў беларусаў з іншымі народамі. Для беларускай мовы, якая, як вядома, фармавалася i развівалася ва ўмовах гістарычнага шматмоўя, найбольш актыўным з яго відаў было беларуска-польскае моўнае ўзаемадзеянне.

Не пазбегла іншамоўнага ўплыву і лексічная сістэма беларускіх народных гаворак, у складзе якой у колькасных адносінах вылучаюцца запазычанні з польскай, нямецкай і балтыйскай моў.

Польская мова не толькі з’явілася крыніцай шматлікіх запазычанняў у беларускія гаворкі, але і мовай-пасрэдніцай пры засваенні імі лексікі заходне-еўрапейскага паходжання. Такая важная роля польскай мовы ў міжмоўных кантактах як у цэлым для беларускіх гаворак, так i, у прыватнасці, для гаворак Усходняга Палесся, была абумоўлена пэўнымі гіоторыка-сацыяльнымі фактарамі, у першую чаргу польскай экспансіяй на ўсходнія землі, якая пачалася ў другой палове 16 ст., асабліва пасля Люблінскай уніі.

Першая хваля польскай міграцыі на ўсход (XV-XVII ст.ст.) адбылася пасля ўключэння Палесся ў склад Вялікага княства Літоўскага, а пасля — і Рэчы Паспалітай, калі літоўскія князі і польскія каралі выдавалі зямельныя надзелы за нясенне воінскай павіннасці служылым людзям, якія склалі пазней цэлае саслоўе шляхты “засцянковай” і “заградовай”. Рэшткамі першай польскай міграцыі на Палессі з’яўляюцца былыя т.зв. “шляхецкія” вёскі ў Мазырскім раёне1.

У канцы XVII ст. пачынаецца другі этап польскай міграцыі на Палессе, звязаны з развіццём там ляснога промыслу і перасяленнем туды жыхароў малазямельнага густанасяленага Мазоўша. Перасяленцы-мазуры на Палессі пераўтворваліся ў аседлых арэндатараў, якіх называлі шляхтай чыншовай. Рэліктамі гэтай міграцыі з’яўляюцца тапнімічныя назвы са складовым  кампанентам Буда (польск. buda — “лясная смалакурня”).

У працэсе трэцяга этапу польскай міграцыі на Палессе, які праходзіў з 60-х гг. XIX ст. па 1941 г., беззямельная частка польскага сялянства наймалася батракамі да магнатаў у палескіх фальварках. Такіх перасяленцаў назвалі “хатэчковымі”. Частка з іх вярнулася на радзіму пасля прыняцця ў 1945 г. Дамы паміж урадамі ПНР і СССР аб узаемнай рэпатрыяцыі грамадзян, некаторыя засталіся на тэрыторыі Беларускага Палесся ў Столінскім, Лунінецкім, Жыткавіцкім і Петрыкаўскім раёнах Брэсцкай і Гомельскай абласцей.

У выніку ўзаемадзеяння паміж мовай польскіх перасяленцаў і палескімі гаворкамі аўтахтоннага насельніцтва сфармаваўся польскі перыферыйны дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова, які адыграў значную ролю ў развіцці польска-беларускіх кантактаў2.

Палітыка Рэчы Паспалітай і польская міграцыя на ўсход садзейнічала працэсу паланізацыі і каталізацыі пераважна вышэйшых і сярэдніх сацыяльных пластоў тагачаснага беларускага насельніцтва — шляхты і мяшчанства. Але асноўная маса беларускага народа — сяляне, гарадскія рамеснікі ніколі не паддаваліся паланізацыі, захоўваючы родную мову, культуру, звычаі. У сувязі з гэтым уплыў “пальшчызны крэсавай” на гаворкі Беларускага Палесся быў неістотным, хаця функцыянаванне на працягу доўгага часу польскага перыферыйнага дыялекту ў акружэнні беларускіх гаворак не магло не аказаць пэўнага ўздзеяння на лексічную сістэму народна-дыялектнай мовы.

Так, калі ў якасці ілюстрацыі вышэйсказанаму аналізаваць лексічныя асаблівасці гаворак Гомельшчыны, то ў першую чаргу неабходна адзначыць функцыянаванне ў іх даволі значнай групы рэгіянальных паланізмаў тыпу абрэнч “абруч” < польск. obrecz; вянзэлак “клунак” < wezelek ; вомпіцца “непакоіцца, турбавацца, сумнявацца” < watpic sie; глоснік “рэпрадуктар” < glosnik; зраз ‘прышчэпак” < zraz і іншыя.

Сустракаюцца тут і асобныя паланізаваныя формы беларускіх слоў тыпу жонзно “жонка”, “няўклюдная жанчына”; крадла “крадзёж”; прэйда “прайдзісвет”; сценжачка “стужачка”; тэўшч “таўшчыня” і інш.

Многія паланізмы, якія ўжываюцца ў гаворках Гомельшчыны, адносяцца да агульнанародных запазычанняў, яны сталі набыткам не толькі дыялектнай, але і літаратурнай беларускай мовы: вуспа “пясчаны востраў або каса ў рацэ” < wyspa ; гарнец /гарац, гарц/ “мера сыпучых рэчаў (1,4 вядра)” < garпіес; маенток, маёнток “гаспадарка” < majatek; поленвіца /поленіца, полембіцы/ “палаяндвіца < poledwica; парэнджы /порэнчы, парэнцы/ “парэнчы” < роreczy; пас “стужка”, “пісяг”, “доўгі плыт, які складаецца з ланцуга асобных звязак лесу” < pas.

Ужываюцца ў гаворках Гомельшчыны шматлікія запазычанні з іншых моў, якія засвойваліся праз пасрэдніцтва польскай мовы: германізмы клямар “цяслярская рэйка для выроўнівання або замацавання сцяны”, “ціскі” < польск. klamra <с.в ням. klainer; коц “саматканая коўдра” < польск. кос < с.в. ням. kotze; лантух “вялікі мех”, “непаваротлівы чалавек”, мн.л. “лахманы” < польск. lantuch <ням. leintuch; легар “падруба” < польск. legar < с.в. ням. leger; лотр /лотра/ “гультай” < польск. lotr < с.в. ням. loter; фалда “складка ў адзенні < польск. faldy < с.в ням. valde і інш., галіцызмы вялізка “чамадан”, валіза “неахайная жанчына”, “таўстун” < польск. waliza <франц. valise; капота “сукенка з рукавамі”, “верхняя жаночая кашуля, блузка” < польск. kapota < франц. capote; лёндар /пондар/ “макацёр” < польск. rondel < франц. rondelle, італьянізмы баляса “перакладзіна ў драбінах, парэнчы, станку”, перан. “доўгія зубы” < польск. balasa < італ. balaustro; барыло “бочка”, “драўляная пасудзіна”, “дзежка”, “мера вадкасці” < польск. baryla < італ. barile; лацінізмы брунелька /брунэлька, бурнелька/ бат. “гарлянка” < польск. brunelka < лац. Prunella; кварта “кружка, кубак” < польск. kwarta < лац. quarta і інш.

На тое, што азначанныя запазычанні засвойваліся праз польскае пасрэдніцтва, указвае іх семантычная i фанетыка-марфалагічная адпаведнасць лексічным эквівалентам польскай мовы. Параўнальна, напрыклад, брыль “капялюш” < польск. bryl < італ. ombrello “парасон”; клямка “ручка ў дзвярах” < польск. klamka < ням. klam “спазм, пута, клямка” < klemmen “сціскаць”; компан /конпан/ “сябрук, таварыш, хаўруснік” < польск. kompan “таварыш” < нар. лац. cum panis “з хлебам”3 і інш.

Такім чынам, існаванне на тэрыторыі ўсходняй Беларусі польскага перыферыйнага дыялекту аказала пэўнае ўздзеянне на пранікненне і засваенне народнымі гаворкамі значнай колькасці паланізмаў і слоў, запазычаных праз пасрэдніцтва польскай мовы. 

Літаратура

  1. В.Л. Веренич. К историко-социологической характеристике полесских переселенческих говоров в Полесье //Польские говоры в СССР. Ч.И. Мн., 1973. С. 128-157.
  2. В.Л. Веренич. Польскія перыферыйныя гаворкі на ўсходзе // Польские говоры в СССР.Ч.І. Мн.,1973. С.5-7.
  3. Лексічныя прыклады ўзяты з: Янкова Т.С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны. Мн., 1982; — Лексика Полесья: Материалы для полес­ского диалектного словаря. М., 1968; — Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны // Беларуская мова. Мн., 1975. — Вып. 3-10; – – Народная словатворчасць. Мн., 1979; — Тураўскі слоўнік. Мн., 1977- 1987. Т. 1-5.

Аўтар: А.А. Станкевіч
Крыніца: Гомельшчына: старонкі мінулага. II выпуск. — Гомель, 1996. Ст. 174-177.