Сям’я… Як гэта важна для кожнага чалавека. Спагада, дабрыня, чуласць — усе гэтыя якасці нараджаюцца менавіта ў сям’і. Як кажуць «Усе пачынаецца з сям’і». Колісь старыя людзі казал: «Якое дрэва, такі клін, які бацька — такі сын». І вось апіраючыся на гэтыя словы, я пастараюся апісаць на прыкладзе некалькіх радаводаў нашай вёскі ролю і значэнне бацькоў у традыцыйным выхаванні дзяцей.
Галавой у сям’і быў бацька, бо ён лічыўся больш дужым, мужным, працавітым чалавекам. На яго плечы заўсёды лажылася цяжэйшая работа, а маці вяла хатнюю гаспадарку і выхоўвала дзяцей. Да бацькоў дзеці адносіліся з вялікай павагай. За сталом, на покуце, заўсёды сядзеў бацька, бо гэта месца пад абразамі лічылася самым пачэсным. Калі дзеці не слухаліся бацьку, ён мог іх пакараць, адлупіць. Раней казалі: «Калі не паможа кіў, то і не паможа і кій». Каб выхаваць дзяцей добрымі, працавітымі не трэба біць, а выхоўваць іх ласкай, дабрынёй, даверлівасцю. Як успамінаюць Нюра Уладзіміраўна і Анатолій Уладзіміравіч Касцюкевічы, якія зараз жывуць у г. Дзяржынску: «Мы ва ўсім дапамагалі бацькам. Дзяцей у нашай сям’і было чацвёра: тры сястры і я. Я больш дапамагаў працаваць бацьку, так як і сябе лічыў мужыком. Як трохі падрос, пасвіў коней, авечак, кароў. Асабліва спадабалася пасвіць ноччу коней, як кажуць «хадзіць у начное». Мне вельмі спадабалася пячы пячонікі ў попеле, яны былі смачныя, што і зараз здаецца адчуваеш іх смак на губах. А калі заснеш, бацька ніколі не сварыўся, а наадварот стараўся ўкрыць мяне, прытуліць да сябе. Раніцай мы ўсе дзеці дапамагалі маці па гаспадарцы. Летам хадзілі ў лес, у ягады, у грыбы, палолі градкі. Увечары, калі ўладкаваліся спаць, перад сном мне заўсёды трэба было ўзяць маці за руку, а маці сядзела побач з намі на ложку: пела калыханку, або расказывала казку. Маці казала: «З дзецьмі заўсёды трэба быць ласкавымі, разважлівымі, умець з першых дзён разумець і слухаць іх». Наша маці была вельмі добрая, ласкавая. Яна нас ніколі не біла. Бывала, крутане за вуха. Помню такі выпадак. Захацелася мне варэння. Я ўзяў слоік і нясу з кладоўкі ў хату, а маці кажа: «Не нясі ўсю банку, цяжка. Накладі сабе ў місачку». Раней жа варэнне налівалі ў каструлі, у вёдры, але я не паслухаўся, зачапіўся за парог, ды і разбіў слоік з варэннем (а слоік быў 3-ох літровы). Маці мяне не набіла, але толькі сказала: «Ну што ты нарабіў? І сам не гам, і другому не дам. Помні». Вось як бывае. А якія наша матуля, Марыя Арцёмаўна, спявала нам калыханкі:
Гушкі-гушкі-гушкі,
Прыляцелі птушкі,
Селі на варотах,
У чырвоных ботах.
Сталі шчабятаці,
Каму боты даці?
Боты трэба даці
Малому дзіцяці.
А-а-а-а-а-а-а-а,
Або баю-баю-баю,
Не лажысь на краю,
Прыдзе шэранькі ваўчок,
Схопіць цябе за бачок.
Ты ваўчок к нам не хадзі
І дзяцятка не будзі.
Мы заўсёды адчувалі матчын настрой, калі чулі яе спакойны голас, заўсёды спакойна засыналі. І яшчэ ў мяне былі дзве малодшыя сястрычкі. І я заўсёды любіў слухаць забаўлянкі:
Сарока-варона кашку варыла,
На прыпечку студзіла,
Дзетак карміла,
Гэтаму дала, гэтаму дала,
Гэтаму дала і гэтаму дала,
А гэтаму не дала.
А ты мал,
Круп не драў,
У лес не хадзіў,
Дровы не рубіў,
Воду не насіў,
Кашку не варыў.
Вон адсюль, вон адсюль, вон адсюль.
Ведала маці шмат песень, казак, лічылак. Мы вельмі любілі гуляць у жмуркі-хованкі. Пры гэтым лічылі лічылку, а хто заставаўся апошнім, той і жмурыўся:
Энікі, Бэнікі, елі варэнікі.
Энікі, Бэнікі клос.
Выйдзі зялёны матрос.
Чук,чук,чук, чукоў,
Налавіў дзед шчупакоў.
Налавіў іх два вядры,
Разбягайся хто куды.
«А якія казкі расказвала матуля, — успамінае Нюра. — Нам вельмі спадабалася казка “Разумная дачка”, якую мы і цяпер расказваем сваім унукам. І яшчэ, наша матуля што б ні здарылася ніколі не выказвала свой дрэнны настрой. Яна заўсёды адносілася да нас з ласкай». Вось што ўспамінае сын Анатоль: «Я ўжо вырас вялікі, сабраўся жаніцца, прывёз да дому дзяўчыну, а як раз трэба было капаць бульбу. Мая дзяўчына была гарадская і не ўмела бульбу капаць. Дык мама кажа: “Дзеткі, а вы, нібыта ў гульню гуляйце, у даганялкі. Ты, Толік, капай-уцякай, а Людка будзе капаць — цябе даганяць”. Вось так мая Людміла і навучылася капаць бульбу. Маці абняла нас і сказала: “Ой дзеці, не трэба гневацца на мяне, як кажуць, “Разумнае цялятка дзве маткі ссе, а гордае не аднае”». Пра маці можна гаварыць шмат. Яна перажыла жах Вялікай Айчыннай вайны, была цікавай апавядальніцай. Нас заўсёды вучыла любіць свой родны дом, любіць бацькоў, паважаць і слухаць старэйшых. Як кажуць: «Бацькоўскае слова заўсёды нова. Яно і навука, яно і парука на ўсё жыццё», «Дома і салома ядома, а на чужыне тук стыне», «Хто сваіх бацькоў шануе, той і сваім дзецям добрую долю гатуе». Умела матуля і замовы розныя, і малітвы, якім навучылася ад маці, бабы Фядоры. Баба Фядора жыла разам з намі. Яна многа лячыла дзяцей, дарослых. А калі памерла, нам шаптала маці ды і не толькі нам. У вёсцы звалі маці не Марыяй Арцёмаўнай, а цётка Маруся. Так і казалі: «Пайду да цёткі Марусі». Часта маці лячыла нам спуд, удар. Вось «Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай пакланюся. Зоры-зараніцы, Божія памачніцы, памажыце рабе Божай (імя) спуд выгаварваць жаночы, мужчынскі, хлапечы, дзявочы, парабоцкі, дзяціны, каціны, сабачы, парасячы, кароўі, гусіны, што б ён жывата не ташніў, сэрца не знабіў. Не я знаю, а сам Гасподзь Бог знае і мне памагае. Я словам, а Гасподзь Бог з помашчу».
Але больш за ўсё маці лячыла нас ад удару, ад звіху: «Першым разам, лепшым часам. Госпаду Богу памалюся, Святой Прачыстай маці пакланюся. Святая Прачыстая, прыступі, памажы. Ляціць воран з чужой стараны, сеў на варотах у чырвоных ботах, хацеў мора запаліць. Як жа мору не гарэць, а ў (імя) звіху, удары не балець» (пераказаць тры разы).
Не магу не ўспомніць пра выхаванне дзяцей ў сям’і Рыгора Арцёмавіча і Марыі Рыгораўны Пугач. Рыгор Арцёмавіч працаваў у саўгасе брыгадзірам, Марыя Рыгораўна — у школе настаўніцай. Вялі вялікую хатнюю гаспадарку. Большая частка выхавання дзяцей легла на плечы маці, Марыі Рыгораўны. Праўда, як дзеці былі яшчэ малыя, выхоўваць іх дапамагала бабуля Зіна. Як успамінае Марыя Рыгораўна: «Расла я ў вялікай сям’і: чатыры сястры і тры браты. Заўсёды з намі жыла матуля, бацькава маці. За сталом было весела. Бацька любіў гумар. Бабуля выхоўвала нас казкамі, прымаўкамі, песнямі. У хаце было поўна дзяцей, хоць і жылі бедна, але ніколі не абдзялілі ніводнага жабрака». Сама Марыя Рыгораўна выхоўвалася на казках, прымаўках, добрым словам, так і дзяцей сваіх, Таццяну і Сяргея, выхавалі чулымі і працавітымі. Сяргей вырас, жаніўся і зараз жыве ў Бабруйску. Дачка Таццяна скончыла медыцынскае вучылішча, выйшла замуж і засталася ў сваёй вёсцы. Працуе Таццяна фельчарам у мясцовай бальніцы. Муж яе, працаваў настаўнікам у школе, але рана пайшоў з жыцця. Баба Маня, так завуць у вёсцы Марыю Рыгораўну, умее вельмі прыгожа вышываць, ведае шмат розных абрадавых песень, чаму і навучыла сваю дачку. Казка «Зязюля і вуж», якую ёй расказала бабуля Зінаіда Апанасаўна, і сёння пераказвае гэту казку ўжо вялікім унукам, якую з захапленнем слухаюць пра чароўныя пераўтварэнні. Абрад «Вяселле» з успамінаў Марыі Рыгораўны надрукаваны ў зборніку «Берагіня» IV Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва (2006). Пеўчы дар, Марыя Рыгораўны атрымала ў спадчыну ад сваіх бацькоў, якія цудоўна выконвалі беларускія народныя песні. Гэту любоў Марыя Рыгораўна передала сваёй дачцы Таццяне, з якой мы жывём на адным падворку. Народная песня для Таццяны — гэта стан яе душы. Ні адно вясковае, раённае свята не абыходзіца без яе чароўнага голасу. Яна заўсёды стараеца парадаваць землякоў добрай песняй.
І наогул в. Парэчча славіцца сваімі майстрамі і майстрыхамі. Сярод іх: Ганна Грыдзюшка, Кацярына Курсевіч, Лідзія Касцюкевіч, Тамара Шухарэнка, Ніна Кавальчук і многія інш. Усе яны вучаць сваіх дзяцей і ўнукаў дабрыні, вучаць паважаць берагчы тое, что засталося ад бацькоў.
Бацькі — пачатак усіх пачаткаў, апора і надзея, падтрымка ў горы і радасці. Любоў да маці закладзена ў нас самой прыродай. З горам і радасцю мы звяртаемся да сваіх матуль, бо яны гатовы ратаваць нас ад любога няшчасця… Пакуль у нас ёсць маці, мы ў любым узросце застаемся маладымі. Таму, ой як трэба берагчу, шанаваць і любіць сваіх маці; не гаркату, а толькі радасць і кветкі прыносіць ім. Сям’я і толькі сям’я павінна выхоўваць сваіх дзяцей адпаведна традыцыям. А традыцыі ў сваю чаргу павінны вярнуцца ў беларускія семі’і. І мы ўсе павінны як мага больш садзейнічаць гэтаму.
Аўтар: Ніна Гламбоцкая
Крыніца: Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання: матэрыялы V Рэспубліканскай навук.-практ. канф. (г.п. Акцябрскі Гомельскай вобл., 20 чэрвеня 2018 г.) / укл. А. Ю. Лозка; рэдкал.: В.М. Грышкевіч [і інш.]. — Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. — С. 150-154.