У наш імклівы час інтэрнацыяналізацыі жыцця, сцірання многіх нацыянальных адметнасцей навуковая супольнасць, заклапочаная гэтымі працэсамі, робіць значныя намаганні да захавання, зберажэння і вывучэння прыкмет як агульнанацыянальнай, так і рэгіянальнай самабытнасці.
Каштоўным матэрыялам у гэтым няпростым працэсе могуць стаць этнаграфічныя артэфакты, гістарычныя дакументы, фальклорныя матэрыялы – сведчанні матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Перад фалькларыстамі ставіцца практычная задача асваення нематэрыяльнай культуры канкрэтнай тэрыторыі. Вялікую цікавасць для даследчыка выклікае рэгіён Гомельскага Палесся, куды на працягу некалькіх год наладжвалі экспедыцыі для збору матэрыялаў і маскоўскія навукоўцы пад кіраўніцтвам М. І. Талстога, у выніку чаго з’явіўся шэраг публікацый. У дачыненні да Гомельшчыны задача захавання нематэрыяльнай спадчыны стаіць асабліва актуальна ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй, бо тут традыцыйная культура пастаўлена ў экстрэмальныя ўмовы – гэта «размыванне» арэала, нават сутнасці этнакультуры праз змены сацыякультурнага складу насельніцтва ў выніку міграцыі: высялення і адсялення, ад’езду карэнных жыхароў за межы тэрыторыі, на якой узровень радыяцыі дасягае больш за 40 кюры (афіцыйна 30-кіламетровую зону). Гэта і стала адной з важных прычын для мэтанакіраванага этнакультурнага даследавання рэгіёна. Калекцыя фальклорных матэрыялаў кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі УА «Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны» штогод папаўняецца новымі запісамі, зробленымі падчас вучэбна-фальклорных палявых практык пад кіраўніцтвам доктара філалагічных навук, прафесара В. С. Новак. У 2013 г. такая практыка была наладжана ў адзін з аддаленых рэгіёнаў Гомельскага Палесся – Лельчыцкі раён. Мэта экспедыцыі – збор і далейшае комплекснае даследаванне этнакультурнага матэрыялу паўднёва-заходняга рэгіёна, краю «лясоў, балот і туманоў», па вызначэнні славутага беларускага паэта («край лясоў, край балот / І туманоў гнілых» [1, с. 354]). Матэрыялы палявой экспедыцыі ўвогуле і замоўнага жанру ў прыватнасці ўяўляюць сабой каштоўныя крыніцы для вывучэння жыцця мясцовага насельніцтва, яго менталітэту – таго, што з’яўляецца складнікам этнічнай культуры. Мы звярнуліся да аднаго з самых архаічных жанраў вуснай народнай творчасці – замоў. У лельчыцкай калекцыі фігуруюць замоўныя тэксты розных функцыянальна-тэматычных груп. Калі суаднесці колькасныя паказчыкі ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі Гомельшчыны, то традыцыйна сярод запісаў пераважаюць лекавыя замовы, затым у той жа паслядоўнасці прыблізна размяркоўваюцца творы іншых тэматычных груп: гаспадарчыя, сямейна-бытавыя, сацыяльныя і сітуацыйныя.
Палескі рэгіён увогуле і Лельчыцкі раён як яго частка ўспрымаюцца як найбольш самабытны рэгіён Беларусі, і гэтая самабытнасць праяўляецца не толькі ва ўнікальнасці яго прыродна-ландшафтнага аблічча, але і ў асаблівасцях ладу жыцця і менталітэце селяніна-палешука, у іх цеснай сувязі з прыродай, кансерватыўным складзе мыслення, захаванні найбольш старажытных рыс светапогляду, якія пераважна ў такім «закансерваваным» выглядзе дайшлі да нас, застаўшыся ў пасіўнай памяці народа: паданнях, легендах, песнях, казках, замовах і іншых жанрах вуснай народнай творчасці.
Палессе, такім чынам, гэта невычэрпная, але, на жаль, недастаткова вывучаная крыніца славянскага фальклору, які найбольш поўна захаваў старажытныя праславянскія рысы.
Палессе – гэта «неабсяжныя балоты з астравамі сухой зямлі, дзе раскіданы вёскі і расце лес» [2, с. 237], гэта «… нікчэмны раён Беларусі, а ў эканамічным жыцці ўдзел яшчэ меншы, чым у геаграфічным сэнсе. На Палессі быў каўтун – адзінае, чым было ведама Палессе на ўвесь свет, там безліч балот, туманаў, дзікасці, ведзьмаў» [2, с. 54], – такім убачыў край у 30-я гады ХІХ ст. беларускі гісторык, археограф, празаік М. Улашчык, калі вандраваў па гэтых мясцінах. Тыповы палескі пейзаж прыгнятаў сваёй аднастайнасцю і замкнёнасцю, выклікаў у душы палешука адчуванне безабароннасці перад сіламі прыроды, яе таямнічасцю, незразумеласцю, што нараджала веру ў існаванне розных сіл-духаў, якія знаходзяцца паўсюды і па-рознаму ўмешваюцца ў жыццё чалавека і ад якіх залежыць самое яго жыццё.
І ў міфалагічнай свядомасці нашага старажытнага продка нараджаліся пачварныя вобразы, напрыклад, вобраз ляку. Сённяшнія жыхары гэтага краю тлумачаць так: «Ляк – гэта спалох, перапуд, пярэпалох. Самы істотны сімптом хваробы – заіканне. Шэпчучы ляк, качаюць каля пупа далоняю шарык з воску ці хлеба» (зап. у в. Баравое ад Н. Д. Тарасавец, 1924 г. н.)1.
Калі існуе нейкая пагроза, то ад яе неабходна знайсці спосабы засцярогі.
Адным з такіх спосабаў былі і застаюцца замовы. У іх тэкстах падаецца «партрэт» хваробы-«пачвары» мужчынскага полу, у яе «воўчая голова, клочная борода, конопляныя ногі…»: «Бег ляк із-за хаты і з восковою головою, і з клачаною бородою, і з чарацянымі ногамі» (зап. у в. Баравое ад Н. Д. Тарасавец, 1924 г. н.,); «Ішоў ляк цераз новыя клеці, его ручкі, ножкі соломенные, а голова хвошчовая. Я етыя ручкі-ножкі паламаю, а тобе, ляку, выстаўлю дулю» (зап. у в. Дзяржынск ад Х. Б. Лукашэвіч, 1925 г. н.). Як бачым, хоць апісаная знешнасць і разлічана на тое, каб запалохаць, але рэакцыя чалавека адваротная. Лекар-замаўляльнік пагардліва ставіцца да хваробы, бо ў яе аснове вельмі нетрывалы матэрыял, які лёгка знішчыць: «Воўчу голову разоб’ю, клочану бороду разорву, конопляныя ногі поламлю» (зап. у в. Баравое ад Н. Д. Тарасавец, 1924 г. н.).
Народная медыцынская тэрміналогія, якая ўключае назвы агульнавядомых хвароб, даволі шырока прадстаўлена ў лельчыцкай калекцыі. Гэта ляк/спалох, урокі/прыстрэкі, залатнік, звіх/удар, зубны боль, грыжа, начніца і іншыя, а некаторыя фрагменты тэкстаў даюць даволі разгорнутыя характарыстыкі анатамічных ведаў старажытнага лекара-ведуна, што адлюстравана ў адпаведным замоўным матыве. Напрыклад, урокі-прыстрэкі выганяюцца «із ножок, із ручок, із его (раба Божага. – С. В.) сэрца, із чырвонай крыві, жоўтай косці да з 40 сустаў» (в. Баравое); «з пальчыкаў, з сустаўчыкаў, белое косці, з жоўтого мозгу» (в. Дзяржынск); нарадка «выгаворваецца, вымаўляецца … с рук, с ног, с касцей, с машчэй, са серца, з жывата, жыл, із румянага цела» (в. Салагубава). Для лекара-замаўляльніка важна было не толькі выгнаць хваробу з месцаў яе лакалізацыі, але і паклапаціцца, каб яна не адшукала сабе іншае прыстанішча сярод людзей. І тады чалавек-творца прыдумаў ссылаць хваробу на непрыгодныя для жыцця людзей месцы. У замовах з’яўляецца прасторава-ландшафтны малюнак, што нагадвае па ўсіх адзнаках «той свет», апраметную, якой яна бачылася старажытнаму (і не толькі) чалавеку. Рожу, напрыклад, высылаюць «на лесі, на балоты, на гнілыя калоды, на ніцы лозы, на сцюдзёны росы, на быстры воды» (в. Салагубава), а ў замове «Урокі-прыстрэкі» адназначна засведчана, што ў локус, куды ссылаецца хвароба, «свет Божы не заходзіць» (в. Баравое), грыжу ссылаюць «на могілкі, там людзі ляжаць» (в. Астражанка). Хоць у прыведзеных прыкладах і няма тапаграфічна дакладнага вызначэння, дзе знаходзяцца тыя балоты, лясы, «быстрыя» воды і г. д., гэта абстрактная мясцовасць, але ж дзякуючы засяроджанасці на такіх значных дэталях, як гнілыя балоты (багны), цёмныя лясы (непраходныя гушчары), ніцыя лозы, гнілыя калоды і г. д., згадваецца рэгіянальна-этнаграфічны кампанент палескага прыродна-ландшафтнага асяроддзя, які стварае даволі панарамную, аб’ёмную карціну Палесся. Разам з тым, прааналізаваўшы раней згаданыя прыклады, мы прыходзім да высновы, што ў замовах створаны свой адметны іншасвет, значна пераасэнсаваны ў параўнанні, напрыклад, з казачным варыянтам. Каб прымусіць хваробу хутчэй пакінуць чалавека, замаўляльнік спакушае яе тымі «дабротамі», якія чакаюць на новым месцы. Так, у замове «Ад лішая» сама «Мацер Божа … на мхі, балоты (лішаі. – С. В.) ізсылаець на дзікія людзі – тамо оні п’ют, гуляют, сталы засцілаюць дый всех вас, лішаёв, дажыдаюць красных, белых, лупленых, холёных, страгучых, балючых, свярбячых, серых, мокрых, прыстудных, пасмешных, ветраных, вадзяных і знаюшчых, і нязнаюшчых» (в. Салагубава). У гэтым прыкладзе традыцыйны мастацкі прыём пералічэння дэманструе даволі поўнае ўяўленне старажытнага чалавека пра захворванне.
Яшчэ адну выснову можна зрабіць з прааналізаваных замоўных тэкстаў: амаль заўсёды (за вельмі рэдкім выключэннем) хваробе ці іншым духам-агрэсарам прапануецца альтэрнатыва – «Там вам спанне, гулянне, там вам напіткі, там вам наедкі, там вам напіцеса, нагуляціса…» (в. Сіманічы).
Хваробу адсылаюць на непрывабнае для чалавека месца, па сутнасці, на той свет, але калі яна выжыве, то няхай жыве там, не шкодзячы людзям. У замовах часта назіраецца спалучэнне рэальнага і іррэальнага ў той прасторы, дзе адбываецца ці можа адбывацца дзеянне. Так, у фальклорнай мадэлі свету адметнае месца займае вобраз міфалагічнага цэнтра – сакральнага месца для язычніка. Што датычыцца візуальнага знаёмства з гэтым містычным локусам, то ў лельчыцкай калекцыі замоў ён размяшчаецца на «сінім моры» («Ад скул», в. Салагубава), «на моры, на акіяне» («Ад валасня», в. Салагубава), і гэтыя «арыенціры» цэнтра зямлі традыцыйныя для замоўнага жанра. Такія вобразы-сімвалы, як «камень» («Ад скулы») і «на белым камені, на янтарэ (скажонае ад Алатыры) камне», – таксама традыцыйны маркёр міфалагічнага цэнтра. Далей пачынаюцца адметныя рэгіянальныя штрыхі. Так, у замове «Пералогі» на «сінем моры стоіць грушка, на той грушцы – курка-рабушка…» (в. Баравое). Магчыма, мора, акіян, камень Алатыр – гэта даніна традыцыйна замоўнай экзатычнай вобразнасці, а груша – актуалізацыя мясцовага, рэгіянальнага каларыту. Да такіх жа экзатычных міфалагічных цэнтраў адносіцца і гара. Для прыкладу прывядзем тэкст замовы «Ад урокаў»: «На гары, на крутой стаяла груша», пад якой «Маці Прачыста.
Яна нічога не робіць, толькі свячонаму, хрысчонаму (імя) урок-прыгавор загаварвала…» (зап. у в. Астражанка ад А. В. Вузленкі, 1933 г. н.). У гэтым тэксце, як бачым, хрысціянская святая ўзяла на сябе функцыі язычніцкага замаўляльніка. Тым не менш, у лельчыцкай калекцыі ёсць замовы, дзе міфалагічны цэнтр нагадвае рэальны прыродны ландшафт: «Сярод болота стоіць ліпов куст, пуд тым ліповым кустом ляжыць тры колоды…» (в. Мілашэвічы).
Такім чынам, лельчыцкая калекцыя замоў на ўзроўні вобразна-сімвалічнай сістэмы і тэматычна-функцыянальнай традыцыі выяўляе захаванасць агульнанацыянальнай, традыцыйнай асновы і ў той жа час дэманструе лакальна-варыятыўныя асаблівасці, што асабліва відавочна праявілася ў лекавых замовах. Як і ў іншых тэкстах гэтай функцыянальна-тэматычнай групы (а арэал распаўсюджвання ахоплівае ўсе рэгіёны Беларусі), можна выявіць і пэўныя заканамернасці, і рэгіянальна-лакальныя адметнасці як на вербальным, так і на структурна-кампазіцыйным, матыўным узроўнях. У розных камбінацыях і з невялікімі зменамі распаўсюджаны міжфункцыянальны матыў «Зварот замаўляльніка…» (субматыў «Зварот замаўляльніка да хваробы»). У групе лекавых замоў для прыкладу прывядзем мікраматыў «Зварот замаўляльніка да залатніка». Звяртаючыся да хваробы, якая набывае часцей за ўсё антрапаморфны выгляд («залатнічку – Божы чалавека/чалавечку, залатая галава») і мае сацыяльны статус («мой гаспадар»), а таксама роднасныя адносіны («мой бацечка»), замаўляльнік выкарыстоўвае моўныя сродкі прамога кантакту – звароткі, што стварае ўражанне непасрэднага дыялогу і робіць мову жывой.
Адметнасць мы назіраем і ў вербальным афармленні як уступнай часткі, так і асноўнай:
«Госпаду Богу памалюся, Прачыстай Мацеры пакланюся аб помочы золотніка шэптаці…» (зап. у в. Баравое ад Н. Д. Тарасавец, 1924 г. н.)
«Господу Богу помолюся, Прачыстай Маці поклонюся. Прачыстая Маці на прэстолі стояла, усяму свету допомогала. Допоможы і рабу Божому (імя) золотнік шэптаці…» (зап. у в. Баравое ад Н. Д. Тарасавец, 1924 г. н.)
Сэнс просьбы да Прачыстай Маці застаецца аднолькавым, але ў адным з тэкстаў прыводзяцца даволі важныя ўдакладненні: Прачыстая Маці стаіць на сакральным месцы (прастол) і таму па прынцыпах кантагіёзнай магіі сіла яе ўздзеяння павялічваецца, таму Прачыстая Маці дапамагае ўсяму свету.
Адрозніваецца і вербальнае афармленне асноўнай часткі: калі ў адной замове тэкст уяўляе сабой апісанне-наратыў, то ў другой гэта эмацыянальны зварот да хваробы, аформлены рытарычным пытаннем.
У замоўных тэкстах, запісаных нават у межах вёсак аднаго раёна назіраюцца адрозненні, варыянты. Як слушна адзначыў М. І. Талстой, «уся народная культура дыялектная па характары, усе яе з’явы і формы функцыянуюць у выглядзе варыянтаў, тэрытарыяльных і ўнутрыдыялектных варыянтаў з няроўнай ступенню адрознення. Гэта знаходзіць сваё яркае адлюстраванне ў фальклоры, у якім рэальна бытуюць шматлікія варыянты тэкстаў» [3, с. 20].
Літаратура
- Колас, Я. Збор твораў: у 14 т. / Я. Колас. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1971. – Т. 1. Вершы 1898 – 1917 гг. – 175 с.
- Улашчык, М. Выбранае / М. Улашчык. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 608 с.
- Толстой, Н. И. Язык и народная культура. Очерки по славянской мифологии и этнолингвистике / Н. И. Толстой. – М.: Индрик, 1995. – 509 с.
1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы фальклорнага архіва кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.
Аўтар: С.А. Вяргеенка
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 20 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2016. – С. 302-307.