Рэгіянальны і агульнабеларускі аспекты лексікі цяслярства і сталярства Мазырска-Прыпяцкага Палесся

0
928
Рэгіянальны і агульнабеларускі аспекты лексікі цяслярства і сталярства Мазырска-Прыпяцкага Палесся

Сёння досыць актуальна стаіць пытанне аб непарыўным развіцці беларускай мовы, яе культурнай ролі, пашырэнні інтарэсу да вывучэння асноўных крыніц яе ўзбагачэння. Гэта праблема ў той ці іншай меры асвятлялася і асвятляецца рознымі навукамі гуманітарнага профілю, але прыярытэт у гэтых адносінах належыць філалогіі, для якой характэрна актыўнае вывучэнне народна-гутарковага маўлення, фальклору — багатых крыніц напаўнення і ўдасканалення сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Сярод дыялектных масіваў у межах Беларусі асобнае месца займае Мазырска-Прыпяцкае Палессе — тэрыторыя са старажытнай і ўстойлівай матэрыяльнай і духоўнай культурай, дзе захаваліся сляды славянскай прарадзімы або прымыкаючай да яе зоны [1].

Палессе як гістарычна-геаграфічная і этнаграфічная тэрыторыя ў басейне ракі Прыпяць вядома з даўніх часоў. Першыя звесткі пра яго зафіксаваны ў Іпацьеўскім летапісе пад 1276 годам. Асобнае месца ў межах Прыпяцкага Палесся ў тэрытарыяльных адносінах займае Мазырская зона, якая па этнічным вызначэнні належыць да беларускага ўсходняга краю [1].

Гэты край здаўна славіцца рэгіянальнай самабытнай культурай і промысламі — цяслярскімі і сталярнымі вырабамі. І гэта невыпадкова, бо сельскія пасяленні (мнагадворныя вёскі і невялікія пасяленні) размяшчаліся на сядзібных участках па берагах рэк, яроў, балот у наступнай паслядоўнасці: хата — сенцы — стопка — павець — хлеў — адрына [2].

У цяслярскай і сталярнай вытворчасці існавалі шматлікія мясцовыя словы і словаўтваральныя мадэлі, якія істотна дапаўняюць рэгіянальны моўны каларыт мазырскіх гаворак, што вылучаюцца ў асобную дыялектную зону паўднёва-заходняга дыялекту Беларусі [3]. Лексічная сістэма цяслярскага і сталярнага рамёстваў Мазырска-Прыпяцкай зоны Усходняга Палесся ўключае ў сябе некалькі разрадаў:

— лясная рамесніцкая сыравіна;

— назвы драўляных збудаванняў, вырабаў і іх асноўных састаўных частак і элементаў;

— назвы прылад працы для апрацоўкі драўніны;

— назвы асоб, якія ўдзельнічаюць у цяслярскай і сталярнай дзейнасці.

У якасці рамесніцкай сыравіны выкарыстоўваліся шматлікія пароды дрэў, якія служылі асноўным будаўнічым матэрыялам майстроў-саматужнікаў. Гэта але’ха (альха’, оле’шына), асі’на (осі’на, осі’ніна), бере’за (беро’за, берэ’за), граб (гра’к), ду’б (ду’к), е’лка (елі’на), сасна’, хво‘я, я’сень.

Амаль усе названыя намінацыі зафіксаваны ў старажытнарускіх пісьмовых помніках: параўн.: , т. 2, с. 718], береза (брьза) [3, т. 1, с. 67], дубъ |3, т. 1, с. 740], ель [3, т. 1, с. 825], сосъна (сосна) [3, т. 3, с. 468], ясънъ [3, т. 3, с. 1168], таксама ў старажытнабеларускай: вольха (волха) [4, вып. 4, с. 169], береза (берэза) [4, вып. 1, с. 278], грабъ [4, вып. 7, с. 128], дубъ [4, вып. 9, с. 96], ель [4, вып. 9, с. 204].

Пералічаныя намінацыі лясной рамесніцкай сыравіны не належаць да ліку рэгіянальных (мазырска-прыпяцкіх) лексічных адзінак: яны вядомы носьбітам усёй тэрыторыі Беларусі. Таму ўсе яны з адпаведнымі гукавымі зменамі і ўдасканаленнямі сталі здабыткам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, прычым не толькі ў прамым, але і ў пераносным значэннях, напрыклад: бяро‘за ‘лісцёвае дрэва сямейства бярозавых з белай карой; драўніна гэтага дрэва; матэрыял’ [5, т. 1, с. 442]; д’уб ‘высокі моцны або тупы чалавек [5, т. 2, с. 205].

Сярод назваў драўляных загатовак у даследаваным моўным рэгіёне адрозніваюцца:

неапрацаваныя загатоўкі: бервяно’ [6, т. 1, с. 53], дзе’раво [6, т. 2, с. 15], ды’ль ‘калода’, польск. dyl, ням. diele; ба’ля ‘падрыхтаваная да сплаву калода, абчасаная з чатырох бакоў’ [6, т. 2, с. 49]; кало’да, крэ’ж ‘калода з крохкай, але цвёрдай драўнінай’ [6, т. 2, с. 907, 944]; хл’ыст (хлу’ст) ‘ствол зрэзанага дрэва з неадсечанай вяршыняй, ачышчаны ад сукоў’; польск. chlust; цурба’н (чурба’к, чурба’н) ‘кароткая калода; пустазелле без лісцяў; тупы неразумны чалавек’ [14, т. 5, с. 244];

першасна апрацаваныя матэрыялы: апо’лак (опі’лок, опо’лок) ‘крайняя дошка пасля падоўжанай распілоўкі бярвенняў’, безыме’нка ‘дошка, таўсцейшая за шалёўку’ [6, т. 3, с. 260], дубельча’к ‘брус, абчасаны з чатырох бакоў’ [6, т. 2, с. 43], ты’мбер (ты’нбра, ты’нбрына) ‘чатырохмятровая абчасаная сасновая калода’ [6, т. 5, с. 169]; шве’ля ‘брус’, ням. bchweller; палаві ‘нка ‘палавіна распілаванага ўздоўж бервяна’ [6, т. 5, с. 234].

Некаторыя з даследаваных намінацый, што абазначаюць неапрацаваныя і першасна апрацаваныя драўляныя загатоўкі, адносяцца да ліку вузкарэгіянальных мазырска-прыпяцкіх лексічных адзінак (ба’ля, безы­ме’нка, дубельча’к, ты’мбер) і, наадварот, бытуюць за межамі разглядаемага рэгіёна: у заходняй частцы паўднёва-захсдніх беларускіх гаворак: кало’да (коло’да, куло’да), опі’лец (опо’лок, хлу’ст) [7]; у сярэднебеларускіх гаворках: аполкі [7, с. 15].

Пэўная частка слоў гэтага лексіка-тэматычнага разраду без асаблівых унутраных змен увайшла ў склад сучаснай беларускай літаратурнай мовы з захаваннем першапачатковых значэнняў і пераноснага ўжывання, напрыклад: цурба’н ‘абрубак дрэва; кароткае бервяно; тупы, неразумны чалавек’ [5, т. 5, с. 254].

У ходзе даследаванняў высветлілася, што адна група слоў гэтага аб’яднання не стала прадуктыунай у народна-гутарковай мове Мазырска-Прыпяцкага рэгіёна (дубельча’к, ты’мбер), другая выяўляе роднасныя сувязі сярод іншых часцін мовы:

назоўнікаў: дзерэўля’нка ‘кавалак дрэва’; колода’к ‘нож з драўлянай ручкай’;

прыметнікаў: дзер ўля’ны ‘драўляны’, падкало’дны ‘каварны чалавек’;

дзеясловаў: дзеравяне’ць ‘моцна мерзнуць, паміраць;

прыслоуяў: дзе’равом ‘станавіцца непрытомным’; кало‘дкай ‘без руху’;

дзеепрыслоўяў: адзеравяне’ўшы ‘застылы’.

Даследаваная серыя назваў збудаванняў, вырабаў і іх асноўных частак паказвае на іх даўнюю гісторыю, шырокую лінгвагеаграфію, развітую семантыку, суадносіны з іншымі часцінамі мовамі: буды ‘нак ‘жыллё для чалавека’; старабел. будынокъ (будынекъ) ‘памяшканне; тое ж, што і збудаванне’ [4, вып. 2, с. 241]; дамо’ўка ‘будынак; простая чатырохвугольная труна’; дом ‘будынак; памяшканне разам з гаспадаркай’; старарус. домъ ‘жыллё, будынак; гаспадарка, дамашняе ўладкаванне; сям’я, дамашнія; маёнтак, маёмасць; храм, царква’ [3, т. 1, с. 699]; старабел. домъ ‘дом, хата, будынак для жылля; сядзіба, сталае месца жыхарства; гаспадарка, установа; сям’я, род’ [4, вып. 8, с. 290]; вало’ўнік ‘валоўня, старабел. воловня [4, вып. 4, с. 138]; кароў’нік ‘хлеў для кароў’; кату’х ‘невялікі хлеў для дробнай хатняй жывёлы’; свіно’шнік (свіну’шнік, свіню’шнік) ‘хлеў для свіней’ [8, 321]; анба’р ‘памяшканне для складзіравання зерня’, старарус. онбаръ ‘памяшканне для складзіравання зерневага хлеба’ [3, т. 2, с. 672]; гумно’ ‘вялікае гаспадарчае памяшканне для захоўвання кармоў, сельскагаспадарчых прылад працы або месца, дзе знаходзіцца хатняя жывёла’, старарус. гумно’ [3, т. 1, с. 609]; клу’ня ‘ток, гумно; непаваротлівая тоўстая жанчына’, літ. klunos ‘ток, гумно’, лат. kluons ‘тое ж’ [9, т. 7, с. 180].

Названыя лексічныя адзінкі не адносяцца да ліку лакальных, яны вядомы іншым тэрытарыяльным аб’яднанням Беларусі. Многія з ж. без істотных унутрыструктурных змен увайшлі ў састаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы, яны захавалі першапачатковыя паняцці або пашырылі іх за кошт пераноснага ўжывання: параўн.: адры’на ‘халоднае памяшканне, дзе захоўваецца корм, а таксама сельскагаспадарчыя прылады працы, пуня’ [5, т. 1, с. 174]; стадола ‘канюшня на заезным двары; вялікі хлеў; пра вялікае няўтульнае недобраўпарадкаванае памяшканне, жыллё’ [5, т. 5, с. 279].

У народна-размоўным асяроддзі Мазырска-Прыпяцкага Палесся словы гэтай лексіка-тэматычнай групы выяўляюць сувязі з іншымі часцінамі мовы:

назоўнікамі: адры’нішчэ, амба’рышчэ ‘месца, дзе знаходзілася пабудова; павел. ад адрына, амбар; буда’н ‘шалаш’; домові’на ‘труна’, домові’к ‘дамавы’; ха’тнішчэ ‘месца, дзе знаходзілася хата, вялікая хата’;

прыметнікамі: амба’рны ‘які адносіцца да амбара’; адры’нны ‘які адносіцца да адрыны’; дама’шні ‘звязаны з домам’; ха’тні ‘які адносіцца да хаты’;

дзеясловамі: клу’ндзіцца (клу’ніцца) ‘паволі збірацца, марудзіць’; будова’цца ‘займацца будаўніцтвам; весці будоўлю’; домохова’ць ‘займацца дамашнімі справамі’.

Намінацыі для назваў вырабаў і састаўных частак збудаванняў складаюць: аблішу’ра ‘дамашняя аправа вуглоў хаты’; абса’да ‘вонкавая аправа вакол дзвярэй’; шалева’нне ‘вонкавая, звычайна фігурная аправа вокнаў’ [6, т. 5, с. 319]; адрашо’тка ‘дошкі або жардзіны, што кладуцца ўпоперак крокваў’; дармаве’с ‘дошка, якая закрывае латы з унутранага боку схілаў даху’ [10]; запесо’чнік ‘верхняе бервяно ў зрубе [10]; ла’та (ла’ціна) ‘жэрдка для мацавання ўпоперак крокваў; вялікая рыбалоўная сетка; кавалак тканіны’ [10]; байстру’к ‘кароткае бервяно паміж вокнамі; пазашлюбнае дзіця’ [10]; цу’нь (цу’нік) ‘кароткае бервяно’; цялежка; невысокі чалавек; малое парася’ [10]; ба’лка (ба’лька) ‘драўляны брус, прымацаваны да дзвюх супрацьлеглых сцен як апора для насцілу’.

Даследаванне гэтага лексічнага пласта паказала, што паасобныя словы на фоне іншых можна расцэньваць як вузкарэгіянальныя (аблішура, абсада, запесочнік, дармавес). У некаторых з іх выразна выяўляецца матывацыя, напрыклад, з’яўленне назвы запесочнік звязана з тым, што на столь хаты слалі мох, а затым сыпалі пясок, каб у ёй было цяплей, а верхняе бервяно зруба не давала яму высыпацца. Што ж да складанага тэрміна дармавес, то ён утварыўся са спалучэння прыслоўя дарма і дзеяслова вісець. Аднак многія словы гэтага аб’яднання выходзяць за межы Мазырска-Прыпяцкага Палесся і пашыраны ў іншых дыялектных зонах Беларусі, напрыклад: у заходнім рэгіёне паўднёва-заходніх гавор к: лата ‘жэрдка, дошка, што кладзецца ўпоперак крокваў’; байструк ‘кароткае бервяно паміж вокнамі’ [11, с. 121]; ва ўсходняй часгцы паўночна-ўсходняга рэгіёна: байструк ‘пазашлюбнае дзіця’ [12, с. 265]; лата (латы, латэ) ‘жэрдка, якую прыбіваюць да крокваў, якой змацоўваюць зверху салому на страсе, або бервяно, якое змацоўвае загарадзь’ [13, т. 2, с. 628].

У межах даследаванай тэрыторыі назвы асноўных частак збудаванняў і вырабаў з дрэва аказаліся даволі прадуктыўнымі, бо суадносяцца з рознымі часцінамі мовы:

назоўнікамі: абрышэ’ціна ‘адна дошка’; ла’тнік ‘матэрыял для латаў’; балько ‘вэ ‘пачастунак для цесляроў; к°лі кладуць бэлькі на зруб’;

прыметнікамі: абрашо’тачны ‘які адносіцца да латаў’;

дзеясловамі: абла’ціць, абрэшэ’ціць ‘прымацаваць дошку ці лату да крокваў’.

Роднасныя сувязі, якія выяўлены ў народна-гутарковым асяроддзі Мазырска-Прыпяцкага Палесся, характэрныя таксама і для нашай нарматыўнай мовы. Пры гэтым сустракаюцца выпадкі, калі семантыка такіх вытворных захавала сваю прыналежнасць да адзначаных рамёстваў, напрыклад, асадзі’ць ‘умацаваць што-небудзь, на чым-небудзь, надзець на што-небудзь; прымацаваць, устанавіць у аправу, у рамку; аправіць; паставіць асаду ў вокны, дзверы’; у другіх, наадварот, семантыка поўнасцю асіміліравалася ў адносінах да тэрміналагічных значэнняў цяслярскага і сталярнага рамёстваў: абсадзі’ць ‘насадзіць расліны навокал, па краях чаго-небудзь; перамагчы ў бойцы, паваліць; перамагчы ў спрэчцы, прымусіць замаўчаць’ [5, 1].

Досыць разгалінаваная сістэма найменняў, што служыць для абазначэння прылад працы, уключае ў свой састаў: атбо’рнік ‘рубанак з фігурным лязом [10]; бара’н ‘двухручны рубанак; авечы самец; рассеяны, неразумны чалавек’ [6, т. 1, с. 42], старарус. бара’нъ (боранъ) ‘авечы самец’ [3, т. 1, с. 41]; ге’блік ‘інструмент для ручнога стругання’ [10]; старабел. ге’бель ‘рубанак’ [4, вып. 6, с. 268]; польск. hebel, нямец. hobel ‘тое ж’; гла’дзік ‘інструмент для найбольш гладкага і якаснага стругання загатовак’ [10]; калё’ўка ‘рубанак для вырабкі паглыбленняў пад шкло’ [10]; спу’ст ‘вялікі цяслярскі рубанак; насціл для сцякання вады пад пласцінкай вадзяных млыноў’ [6, т. 3, с. 91]; важо’к ‘правес для адбіўкі ліній на калодах і дошках пры іх прадольнай распілоўцы’ [10]; дра’чка ‘паз у бервяне; цяслярскі інструмент, якім прачэрчваюць лініі пры падгонцы бервяна да бервяна; сама рыса; прадмет кухоннага ужытку; ручныя жорны; шчэпкі ад вырабкі паза ў бервяне’ [16, 107]; калаўро’т ‘свердзел; прыстасаванне для ручнога вырабу пражы; для падняцця груза [10]; старарус. коловратъ ‘кругаварот, кругавы рух; інструмент для свідравання’ [3, т. 1, с. 1255].

Сярод зафіксаваных тэрмінаў, якія называюць прылады працы, выдзяляюцца рэгіянальныя лексічныя адзінкі, абмежаваныя даследаванай тэрыторыяй Мазырска-Прыпяцкага Палесся: адбо’рнік (атбо’рнік), гла’дзік, кранта’к, важо’к.

Значную групу складаюць тэрміны, якія не абмяжоўваюцца названай дыялектнай зонай, а ўжываюцца:

у заходнім арэале паўднёва-заходніх гаворак: баран ‘прыстасаванне для перамоткі пражы ’ [11, 18]; гэбель ‘інструмент для стругання’ [11, 53]; кутоўнык ‘від рубанка’[11, 118]; спуст ‘від рубанка’ [11, 214];

ва ўсходняй частцы паўночна-ўсходняга дыялектнага масіву: гебель ‘свердзел’ [12, 15];

у заходняй частцы: баран ‘рубанак з дзвюма рукамі’ [13, т. 1, с. 168].

Многія з гэтых тэрмінаў папоўнілі слоўнікавы састаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы: баран [5, т. 1, с. 341], гэбель [5, т. 2, с. 102] і інш.

Важна адзначыць, што пры засваенні нарматыўнай мовай дыялектных тэрмінаў у некаторых выпадках адбылося звужэнне дыялектнага семантычнага поля: драчка ‘металічны інструмент з двума вострымі загнутымі канцамі для падгонкі бярвенняў; месца паміж лініямі. Прачэрчанымі гэтым інструментам на бервяне [5, т. 2, с. 198]. Многія словы, што абазначаюць назвы прылад працы ў цяслярскай і сталярнай вытворчасцях, с уадносяцца з рознымі часцінамі мовы:

назоўнікамі: гла’жанка ‘гладка апрацаваная дошка’, дра’чачка ‘памянш. ад драчка’;

дзеясловамі: геблева’ць ‘стругаць’; абгеблева’ць ‘пастругаць’.

Назоўнікі са значэннем асобы ў цяслярным і сталярным рамёствах займаюць пэўнае месца ў аналізуемым лексіка-семантычным разрадзе і па сваім значэнні даволі разнастайныя. Так, намі былі выяўлены: цесля’р, пло’тнік, сто ‘ляр ‘рабочы, які займаецца апрацоўкай драўніны, узвядзеннем драўляных будынкаў, вырабам простай драўлянай мэблі’. У народных гаворках зазначаныя найменні монасемантычныя. Частотнасць іх ужывання залежыць ад узросту носьбітаў. На гэта ўказвае К.М. Панюціч, адзначаючы, што лексіка-семантычныя працэсы, што адбываюцца ў народных гаворках, звязаны з узроставай дыферэнцыяцыяй носьбітаў гаворкі [14, 112]. Таму прадстаўнікі старэйшага пакалення звычайна выкарыстоўваюць словы цесляр, столяр, а малодшага — плотнік. Дадзеныя намінацыі шырока вядомы за межамі Мазырска-Прыпяцкага Палесся і кадыфікаваны сучаснай беларускай літаратурнай мовай.

Такім чынам, вывучэнне жывой народнай мовы беларускага народа і выяўленне яе адметных асаблівасцей на фоне іншых славянскіх і неславянскіх моў паказала сваю даўнюю гісторыю. Захаванне ў Палескім рэгіёне старажытных намінацый аналізуемага тэматычнага аб’яднання — адзін з яскравых прыкладаў традыцыйнай моўнай культуры палешукоў. На прыкладзе даследаванай рамесніцкай тэрміналогіі высвятляюцца заканамернасці развіцця нарматыўнай мовы.

Літаратура

  1. Живописная Россия. — СПб.; М., 1882. — Т. 3. — 496 с.
  2. Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя. — Мінск: б елСЭ, 1989. — 575 с.
  3. Срезневский, И. И. Материалы для словаря древнерусского языка по письменным памятникам: в 3 т. / И. И. Срезневский. — М., 1989. — 3 т.
  4. Гістарычны слоўнік беларускай мовы: у 28 вып. / рэдкал.: А. М. Булыка (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка: Беларус. навука, 1982-2008. — Вып. 1. — 1982. — 296 с.; Вып. 2. — 1983. — 320 с.; Вып. 4. — 1984. — 296 с.; Вып. 7. — 1986. — 304 с.; Вып. 8, — 1987. — 312 с.; Вып. 9. — 1989. — 296 с.
  5. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: у 5 т. / пад агул. рэд. К. К. Атраховіча (К. Крапівы). — Мінск: БелСЭ, 1977-1984. — 5 т.
  6. Тураўскі слоўнік: у 5 т. / Акад. навук БССР, І-т мовазнаўства; склад.: А. А. Крывіцкі, Г. А. Цыхун, І. Я. Яшкін. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982-1987. — 5 т.
  7. Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак / пад рэд. М. А. Жыдовіч. — Мінск: Выд-ва БДУ, 1977. — Вып. 3. — 144 с.
  8. Янкова, Т. С. Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны / Т. С. Янкова. — Мінск: Навука і тэхніка, 1982. — 432 с.
  9. Словарь русского языка XI-XVII вв. / Рос. акад. наук. Ин-т рус. яз. им. В. В. Виноградова, гл. ред. Г. А. Богатова. — М.: Наука, 1975-2000. — Вып. 1-24.
  10. Уласныя назіранні.
  11. Дыялектны слоўнік Брэстчыны / склад. М. М. Аляхновіч [і інш.]. — Мінск: Навука і тэхніка, 1989. — 294 с.
  12. Насовіч, І. І. Слоўнік беларускай мовы / І. І. Насовіч. — Мінск: БелСЭ, 1983. — 756 с.
  13. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: у 5 т. — Мінск: Навука і тэхніка, 1979-1986. — 5 т.
  14. Панюціч, К. М. Лексіка народных гаворак / К. М. Панюціч. — Мінск: Выш. школа, 1976. — 128 с.

Аўтар: У.Дз. Кніга
Крыніца: Слово. Текст. Социум: сб. науч. тр. преподавателей филол. фак. / редкол.: Л. В. Исмайлова (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь: УО МГПУ им. И.П. Шамякина, 2011. — 252 с. С. 61-67.