Рэгіянальна-лакальныя асаблівасці каляндарна-абрадавага фальклору Калінкавіцкага раёна

0
559
Рэгіянальна-лакальныя асаблівасці каляндарна-абрадавага фальклору Калінкавіцкага раёна

У сістэме каляндарна-абрадавага фальклору Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці найбольш шырока прадстаўлены зімовы і веснавы цыклы земляробчага календара. Засяродзім увагу на калядна-навагоднім абрадавым комплексе, які ўключае наступныя структурныя кампаненты: тры абрадавыя вячэры (тры куцці), абходныя шэсці калядоўшчыкаў, абрады ваджэння казы і хаджэння са «звяздой», рытуальны дыялог заклікання марозу, варажба аграрна-магічнай і шлюбнай скіраванасці, прыкметы і павер’і, абрадавыя гульні, выкананне зімовых песень.

Пачаткам калядных святкаванняў з’яўлялася першая Куцця, якую звычайна рыхтавалі з пярловых круп, а на другую багатую Куццю варылі «пшонную кашу на малацэ, дабаўлялі масла, яйкі» (зап. ад Галіны Міхайлаўны Бабрэнкі, 1938 г. н., у в. Крукавічы)1. Зыходзячы са сведчанняў інфармантаў, у вёсках Калінкавіцкага раёна святкавалі тры куцці: першая – 6 студзеня («У дзень накануні Ражаства варылі куццю. Першая була бедная куцця. Варылі з пярлоўкі, ячменю, запраўлялі маслам посным і дабаўлялі ці сахару, ці мёду»); другая, багатая – 13 студзеня («Другая куцця була багатай куццёй. Варылі трынаццатага январа»); трэцяя, галодная – 18 студзеня («Васемнаццатага январа була трэццяя куцця – галодная» – зап. ад Галіны Міхайлаўны Бабрэнкі). Паводле мясцовых павер’яў, калі «дзеўцы ўдавалася ўкрасці куццю, то яна ў гэтым годзе ішла замуж» (зап. ад Вольгі Рыгораўны Міхайленкі, 1928 г. н., у в. Крукавічы). У святкаванні першай куцці знайшлі адлюстраванне рэшткі міфалагічных уяўленняў, звязаных з духамі продкаў: «Куццю ставяць пад іконамі. Міскі, з якіх елі, не мыюць. Іх пакідаюць на стале, каб дзядам було ў чым есці» (зап. ад Галіны Міхайлаўны Бабрэнкі ў в. Каплічы). Абрад заклікання марозу ў вёсках Калінкавіцкага раёна адбываўся або на першую куццю («Калісь, казалі, на першую куццю, калі выходзілі на двор, і крычалі: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці!”» – зап. ад Праскоўі Іванаўны Шаляк, 1934 г. н., у в. Малыя Аўцюкі), або на другую («На багатую куццю завуць мароза ў госці: “Мароз, мароз, хадзі куццю есці!

А летам не ідзі, бо будам цябе жалезнаю пугаю біць”» – зап. ад Васіліны Іванаўны Скідан, 1912 г. н., у в. Баец), або на трэцюю куццю («Прыходзіць Храшчэнне. Тожэ куццю вараць, куцця галодная. І ў гэтую галодную куццю гукалі дзеда Мароза: “Дзед Мароза, хадзі куцці есці, а ў Пятроўку ня ідзі, бо будзем пугамі біць, каб у Пятроўку не памерзлі ні гарбузы, ні гуркі, каб была цёплая пара» – зап. ад Васіліны Сцяпанаўны Богдан, 1922 г. н., у в. Бярозаўка). Паводле слушнай заўвагі Г. А. Барташэвіч, «звычай клікаць мароз яшчэ і зараз захоўваецца ў памяці насельніцтва беларускага Палесся» і звязаны з культам памерлых, якія «нібыта ўздзейнічаюць на надвор’е, ураджай, засуху, поспех і няшчасці» [1, с. 153].

Абходныя шэсці калядоўшчыкаў на Ражаство і шчадроўнікаў пад Новы год былі надзвычай распаўсюджаны на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна. Як правіла, калядоўшчыкі не заходзілі ў тую хату аднавяскоўцаў, дзе «хто-небудзь памёр і не прайшоў яшчэ год» (зап. ад Васіліны Іванаўны Скідан у в. Баец). Як адзначылі інфарманты, іх з нецярплівасцю чакалі: «Кожны гаспадар чакаў да сябе шчодрыкаў. Калі да каго шчодрыкі не заходзілі, гэта было плоха для таго гаспадара – цэлы год ён чакаў непрыемнасцей» (зап. ад Вольгі Рыгораўны Міхайленкі ў в. Крукавічы). Адметнай з’явай абраду калядавання ў вёсцы Вялікія Аўцюкі было хаджэнне мужчын с зоркай і хаджэнне дзяўчат з ёлкай пад Новы год: «Яшчэ на Каляды мужчыны са звяздою ходзяць. Звязда была пяціраговая, а ў сярэдзіне свечкі гараць. Звязду ўкрашалі цветнымі бумагамі. А дзеўкі хадзілі з елкаю, 13 январа хадзілі. Елка ўкрашалась цвятамі з бумагі» (зап. ад Вольгі Данілаўны Маскаленкі, 1932 г. н.). У вёсцы Лозкі, акрамя абраду ваджэння казы, хаджэння са звяздой, таксама быў вядомы абрад хаджэння з ёлкай: «А вечарам хадзілі калядаваць. Вадзілі казу, насілі звязду, а шчэ прыбіралі хвойку і неслі пад каждае вакно. Паднясуць калядоўшчыкі хвойку пад акно, гаспадар выходзіў з хаты і прыглашаў да сябе» (зап. ад Кацярыны Васільеўны Малашчанкі, 1923 г. н.). Вылучаліся розныя полаўзроставыя групы калядоўшчыкаў: «Хадзілі ўсе. Ад малых да старых» (зап. ад Галіны Міхайлаўны Бабрэнкі ў в. Каплічы). У абрадзе калядавання на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна мела месца пераапрананне ў розныя маскі. Вадзілі не толькі казу, але і мядзведзя (в. Каплічы), бусла (в. Туравічы), пераапраналіся цыганамі (в. Каплічы, Аляксандраўка, Вялікія Аўцюкі і інш.). Пра рытуал заклінання неўрадлівага дрэва мясцовыя жыхары амаль не прыгадвалі звестак, але ў многіх вёсках абвязвалі пладовыя дрэвы саламяным перавяслам з мэтай павышэння іх ураджайнасці: «На Каляды абвязваюць сад саломай, асобенна яблыні, каб ураджай быў» (зап. ад Лідзіі Фёдараўны Дулуб, 1940 г. н., у в. Малыя Аўцюкі).

Абрад засявання – адзін з найважнейшых кампанентаў у структуры мясцовага калядна-навагодняга комплексу – выконваўся з мэтай забеспячэння добрага ўраджаю зерневых культур у будучым годзе: «Засявальнікі на Новы год сыплюць жытам і пшаніцай» (зап. ад Васіліны Іванаўны Скідан у в. Баец).

Што датычыць гульні ў нябожчыка, то звесткі пра яе былі зафіксаваны ў вёсцы Вялікія Аўцюкі. Адзін з галоўных персанажаў гэтай гульні – «царыца». Сутнасць дадзенай тэатралізаванай сцэнкі заключалася ў наступным: «Царыцу адзявалі і наклейвалі бумагі, раскрашывалі іх. Хадзілі па хатам. Хлопец спрашваў, ці можна зайці. Песні спявалі. А ў канцы царыца памірала па старасці. Казалі: “Памерла наша царыца”. Яе клалі на саблі і выносілі. За ета ім давалі пірагі, калбасу, еду» (запісана ад Івана Аляксеевіча Гарыста, 1919 г. н.). Як адзначыла Г. А. Барташэвіч, «да аналізу гэтай гульні звярталіся многія даследчыкі. У. І. Чычараў бачыў у ёй абрад пахавання зімы і як другі бок – культ продкаў. В. Я. Гусеў культ продкаў лічыў асноўным у ёй. Н. І. Савушкіна, падтрымліваючы думку Гусева, вылучае ў гульні чатыры дзеянні, чатыры матывы: “адпяванне нябожчыка, галашэнні па ім, развітанне з ім і, нарэшце “ажыўленне” (дакладней, “ажыванне”)» [1, с. 175-176].

Паводле сведчанняў жыхароў вёскі Вялікія Аўцюкі, у абрадавай гульні пахавальнай скіраванасці ўдзельнічалі не толькі «царыца», але і «цар», «наследнік», «цыган» і «двое прыдворных». Нягледзячы на тое, што гэта была «гульня ў нябожчыка», мясцовыя жыхары называлі дадзенае прадстаўленне камедыяй: «Камедзію эту ставілі толькі мужчыны» (зап. ад Варвары Антонаўны Гарош, 1929 г. н.). «Фарсавы характар гульняў у нябожчыка, які некалі бянтэжыў некаторых даследчыкаў і дазволіў ім аспрэчваць сувязь іх з культам продкаў (У. Я. Проп), В. Я. Гусеў зусім справядліва тлумачыць рытуальнай роляю смеху» [1, с. 176].

Шматлікія варожбы шлюбнага характару, запісаныя на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна, не толькі засведчылі іх тэматычную разнастайнасць, але і ўвасобілі ў сабе шырокі семантычны спектр прадметнай атрыбутыкі, што выкарыстоўвалася ў рытуалах варажбы. Як правіла, дзяўчаты імкнуліся атрымаць адказ на многія хвалюючыя іх пытанні: хто першай выйдзе замуж («Некалькі дзяўчат кідалі сабаку аладкі, чыю аладку першу з’есць, тая першая замуж пойдзе» – зап. ад Васіліны Іванаўны Скідан у в. Баец); ці выйдзе ўвогуле дзяўчына ў гэтым годзе замуж («Выбягалі з хаты і абхватвалі забор: калі цотны лік, тады дзеўка будзе ў пары, калі не, то не» – зап. ад Вольгі Рыгораўны Міхайленкі ў в. Крукавічы); з якой мясцовасці будзе суджаны («Чаравік кідалі: у якую сторану носік паглядае, у такую сторану замуж пойдзеш» – зап. ад Вольгі Ларывонаўны Паштарэнкі, 1937 г. н., у в. Туравічы); якімі будуць сацыяльны статус суджанага і яго дастатак («Пад Новы год шукаюць камні ў рэчцы ці выцягваюць іх з калодзежа. Калі каменьчык гладзенькі, то жаніх будзе бедненькі, калі шурпаты, то будзе багаты» – зап. ад Яўгеніі Рыгораўны Папелы, 1937 г. н., у в. Хобнае).

Запісаныя ў палявых экспедыцыях тэксты зімовых уласна калядных песень пацвярджаюць іх дыферэнцыраваны характар: гэта песні, адрасаваныя гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну: «Калі ў хаце буў малады хлопец, дык яму спявалі так:

Малады Віталька

Пару коней вядзе,

Нявесту вязе.

Добры вечор!

На табе, татко,

Пару коней ва двор.

На табе, мамко,

Нявесту за стол.

Святы вечор!» (зап. ад Галіны Міхайлаўны Бабрэнкі ў в. Каплічы).

У каляднай песні, адрасаванай гаспадару, гучыць матыў звароту да яго з мэтай уславіць надыход вясны і забяспечыць у будучым добры ўраджай жыта і пшаніцы. Рэалізацыя матыву дасягаецца праз міфалагізацыю вобразаў сонца, месяца, добрага ўраджаю:

Ой, добры вечар, пану-гаспадар,

Ці спіш, ці ляжыш, ці нас не чуеш?

Калі спіш, Гаспод з табою,

А калі не спіш, гавары са мною.

Уставай з пасцелі, адчыняй дзверы,

Засцілай сталы ўсе цісовыя,

Налівай кубкі ўсе поўна залачоныя,

Бо прыйдуць тры госцейкі:

Перша госця – яснае сонца,

Друга – ясны месяц,

Трэця – дробен дождж (зап. ад Наталлі Пракопаўны Уласенкі, 1922 г. н., у в. Сухавічы).

На Хрышчэнне, як адзначалі вяскоўцы, Каляды заканчваюцца, таму «гулялі, весяліліся, Каляды разганялі» (зап. ад Марыі Ананьеўны Рабенкі, 1931 г. н., у в. Садкі). Сярод абавязковых былі рытуалы наведвання царквы, пасвячэння вады, «вырубання» з лёду крыжа на рацэ: «Вурубвалі хрэст на рацэ, бураковым расолам аблівалі, і стаяў хрэст вясёлы» (зап. ад Ганны Маркаўны Ком, 1923 г. н., у в. Вялікія Аўцюкі).

Масленіца лічыцца пераходным святам: «Са сваёй спецыфічнай абраднасцю Масленіца стаяла на мяжы двух цыклаў. Пераканаўчым уяўляецца меркаванне, паводле якога масленічныя ўрачыстасці ў дахрысціянскія часы адносіліся да веснавых святкаванняў, але пазней Вялікім постам былі адсунуты да зімовага цыкла» [2, с. 40-41].

У структуры масленічнага абрадавага комплексу вылучаюцца такія кампаненты, як запальванне вогнішча, падрыхтоўка саламянага пудзіла, якое сімвалізавала зіму, спальванне яго, ваджэнне карагодаў, прывязванне калодкі да нагі хлопца, які «калі сільно ўжо перабірае дзявок, дык таму прывязваюць да нагі калодку і ён доўжан яе цягнуць, а калі цягнуць не хочаш, дык грошы давай», звычай наведвання зяцем цёшчы («Зяць к цёшчы ходзіць у госці, яна гарэлку яму ставіць і блінцы з маслам» – зап. ад Марыі Уласаўны Пятрэнкі, 1925 г. н., у в. Варатын), выкананне масленічных песень: Мы на горушцы пабывалі, пабывалі, Ай, люлі, пабывалі! Масленку сустракалі, сустракалі! Сырам гару набівалі, набівалі, Маслам гару палівалі, палівалі, Наша горушка катліва, ой, катліва, Свякровушка варкатліва, варкатліва (зап. ад Марыі Уласаўны Пятрэнкі).

У абрадзе гукання вясны, які выконвалі ў вёсцы Варатын на Дабравешчанне («Благавешчанне»), мелі месца абрадавыя дзеянні з такім прадметным атрыбутам, як вершаліна ёлкі (сімвалізавала цнатлівасць дзяўчыны): «А мы з дзеўкамі збіраемся, у лес ідзём да вырубаем ёлку … Ёлку нараджаем, цветы вешаем туды, з бумагі цвятоў наробім, нарадзім … Усе ету ёлку бяром і ідзём, дзе які пянёк высокі. А як няма пянька, дык мы на хлеў лезам і ету ёлку ўстаўляем і песні спяваем» (зап. ад Марыі Уласаўны Пятрэнкі). Адметная асаблівасць абраду гукання вясны ў вёсцы Бярозаўка – ваджэнне карагода «Укроп», семантыку абрадавых дзеянняў якога звязвалі з апатрапеічнай магіяй, засцярогай вёскі ад зла: «Дзеўкі бяруцца сцяной, усю занімаюць вуліцу, штоб ніхто не прайшоў. Сцяна гэта як аграждзенне сяла.

Яны нясуць “гук”, зашчышчаюць сяло ад зла» (зап. ад Паліны Паўлаўны Лапацько). Ваджэнне карагода, якому надавалася і аграрна-магічнае значэнне, суправаджалася песняй «Ой, пасею я ўкроп»: Ой, пасею я ўкроп, Ой, пасею я ўкроп Да й у новым агародзе, Да й у новым агародзе. Расці, расці, укропе, Расці, расці, укропе, Да й вышэй майго плоту, Да й вышэй майго плоту (зап. ад Паліны Паўлаўны Лапацько).

У народным календары Калінкавіцкага раёна важнае значэнне адводзілася велікоднай абраднасці, сярод асноўных структурных кампанентаў якой можна вылучыць наступныя: падрыхтоўка абрадавага хлеба («На Вялікадне пеклі булкі» – зап. ад Соф’і Іванаўны Лаўчак, 1922 г. н., у в. Агароднікі), фарбаванне яек («Яйкі ў розны цвет красілі, у красны, асобенна шкарлупкай з лука, у сіні» – зап. ад Марыі Ананьеўны Рабенкі, 1931 г. н., у в. Садкі), наведванне царквы і асвячэнне ежы («З суботы на нядзелю ходзяць у царкву на ўсю ноч на службу. Там свецяць яйца, булкі, цукеркі, соль, воду» – зап. ад Васіліны Іванаўны Скідан у в. Баец), гульня ў біткі («Ходзяць па сяле мужыкі. Гуртом сабіраюцца і ў біткі гуляюць» – зап. ад Марыі Ананьеўны Рабенкі ў в. Садкі), звычай «хадзіць па валачобнае» («Хадзілі валачобнікі адзін да аднаго. Абавязкова, калі хто прыходзіў у хату, давалі валачобнае (яйкі, кулічы)» – зап. ад Вольгі Рыгораўны Міхайленкі ў в. Крукавічы). У ролі валачобнікаў выступалі дзеці: «У валачобнікі хадзілі. Ета дзеці былі» (зап. ад Марыі Кандрацьеўны Пічал, 1928 г. н., у в. Аляксандраўка).

Юраўскія абрады, запісаныя на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна, маюць і жывёлагадоўчую, і земляробчую скіраванасць. Напрыклад, абраду першага выгану жывёлы ў поле папярэднічалі рытуальныя магічныя дзеянні, звязаныя з яе засцярогай ад дзікіх звяроў, напрыклад, «закопвалі серп і замок пад парог хлява» (зап. ад Ганны Мацвееўны Петрушэнкі, 1922 г. н., у в. Якімавічы); «І трэ было абязацельна пакласці каля каліткі сякеру. Хлеб, соль і яічко, якое пасвіцаў бацюшка. І кароўка даўжна была перайці цераз ета ўсё» (зап. ад Евы Пятроўны Раманавай, 1931 г. н., у в. Юравічы). Як адначылі жыхары, калі выганялі карову ў поле, то «пасцёбвалі» яе галінкамі пасвечанай вярбы: «Вярбою пасвянцонаю, дубчыкам паганялі кароў» (зап. ад Т. А. Даманчук, 1925 г. н., у в. Туравічы). Абрад абходу нівы выконвалі з мэтай паспрыяць яе ўраджайнасці: «У нас у Каплічах на Юр’я абыходзяць свае палі. Гэта робіцца дзеля таго, каб буў харошы ўраджай» (зап. ад Ганны Фёдараўны Бабрэнкі, 1920 г. н., у в. Каплічы).

Прыведзеныя матэрыялы па каляндарна-абрадавай паэзіі аднаго з раёнаў Гомельшчыны – выдатная крыніца спасціжэння багатай мясцовай спецыфікі розных абрадавых з’яў, светапогляду нашых продкаў.

Літаратура

  1. Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян / Л. П. Барабанава [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1993. – 477 с.
  2. Земляробчы каляндар. Абрады і звычаі / уклад., класіф., сістэм. матэрыялаў і камент. А. І. Гурскага; уст. арт. А. І. Гурскага, А. С. Ліса; рэдкал.: А. С. Фядосік (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1990. – 405 с.

1 У артыкуле выкарыстаны матэрыялы навукова-вучэбнай фальклорнай лабараторыі кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны.

Аўтар: В.С. Новак
Крыніца: Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Вып. 23 / Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; навук. рэд. А.І. Лакотка. – Мінск: Права і эканоміка, 2017. – С. 246-251.