Умацаваная база войск ВКЛ сярэдзіны 17 ст. ў Рэчыцы. Пасля разгрому атрада паўстанцаў пад кіраўніцтвам палкоўніка Нябабы ў 1650 Януш Радзівіл значна ўмацаваў Рэчыцу, ператварыўшы яе ў галоўную “квартиру” для навучэння i агляду войск ВКЛ.
На гравюры Рэчыцы сярэдзіны 17 ст. зафіксаваны драўляныя збудаванні тыпу гародняў, якія стаяць на курцінах паміж бастыёнамі, рады байніц, невялікія вежы на курцінах.
У пачатку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-1667 войска ВКЛ пакінула “Рэчыцкі лагер” і рушыла да Шклова, дзе ў жніўні 1654 пацярпела паразу ў бітве з войскамі князя А.М. Трубяцкога.
Пасля 1667 Рэчыца апынулася ў баку ад галоўных ваенных падзей 17-18 ст. і лагер не аднаўляўся.
Крыніца: Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. Ст. 181.