Напярэдадні і на пачатку рэформ 60-70-х гг. XIX ст. агульная сістэма муніцыпальных органаў і іх кампетэнцыі ў беларускіх гарадах рэгуляваліся нарматыўна-прававой базай Жалаванай граматы гарадам 1785 г. У адпаведнасці з ёй намінальна захоўвалася трохузроўневая сістэма гарадскіх кіруючых органаў, сфармаваных на саслоўна-карпаратыўнай аснове. У першай палове XIX ст. яе першыя два узроўні – агульнагарадскі сход і агульная гарадская дума – ў асноўным забяспечвалі правядзенне выбараў дэпутатаў (гласных) і службовых асоб, якія фармавалі распарадча-выканаўчы орган – гарадскую “шасцігласную” (назва – ад колькасці абіраемых гласных) думу. Да кампетэнцыі апошняй законам адносіліся асноўныя пытанні аператыўнага кіравання горадам. Аднак актыўнасць гэтага калегіяльнага органа у Рэчыцы была невысокай. Большасць абраных “гарадскімі абывацелямі” прадстаўнікоў, як сведчылі вынікі губернскіх інспекцый, “былі намінальнымі гласнымі і не бралі прамого ўдзелу ў справах думы”1.
Фактычна кіруючыя функцыі былі сканцэнтраваны ў руках гарадскога галавы, якому перыядычна дапамагалі два гласныя, якія прадстаўлялі інтарэсы хрысціян і габрэяў горада. Агульныя вынікі дзейнасці рэчыцкай думы такого складу былі даволі сціплымі. У хроніцы гарадскога жыцця гэтага перыяду зафіксавана бадай што адзіная значная падзея – пераезд гарадской бальніцы ў новы будынак (былы прыватны дом), які размяшчаўся ў цэнтральнай частцы Рэчыцы, на ўзбярэжжы Дняпра. Паводле афіцыйных губерскіх крыніц гэта адбьшося ў 1875 г. Увогуле муніцыпальная ўлада Рэчыцы, падобна большасці павятовых цэнтраў Беларусі гэтага часу, знаходзілася ў стане заняпаду. Яго характэрнай праявай губернскія спецыялісты-статыстыкі лічылі частковае скарачэнне даходаў Рэчыцы ў 70-я гг. XIX ст.2, а таксама слабое развіццё гарадской гаспадаркі і інфраструктуры.
Пэўныя спадзяванні на змены ў жыцці горада выклікаў абвешчаны ўрадам курс на падрыхтоўку муніцыпальнай рэформы. Цыркулярам МУС 26 красавіка 1862 г. у гарадах Расійскай імперыі ствараліся спецыальныя камісіі для папярэдняга абмеркавання яе асноўных прынцыпаў. Камісія Рэчыцы актыўна падтрымала варыянт фармавання муніцыпальных органаў на выбарнай і ўсесаслоўнай аснове. Члены камісіі былі прыхільнікамі дэмакратычнай і кампетэнтнай гарадской улады. З іх боку была ўнесена прапанова аб ўвядзенні ў дадатак да маёмаснага цэнзу адукацыйнага цэнзу для кандыдатаў ў выбарныя гарадскія органы. Варта нагадаць, што гэтая прагрэсіўная ідэя стала прадметам абмеркавання на дзяржаўным узроўні толькі праз 20 гадоў, калі працавала вядомая “каханаўская камісія” па пытаннях рэформы мясцовага кіравання. Аднак спробы камісіі ўключыць палажэнне аб адукацыйным цэнзе ў агульны заканопраект не мелі поспеху3.
Канчатковы варыянт новага гарадавога палажэння быў афіцыйна зацверджаны і стаў законам 16 чэрвеня 1870 г. Аднак яго правядзенне ў жыцце ў заходніх губернях імперыі зацягвалася пераважна па палітычных меркаваннях. У Беларусі рэалізацыя гарадской рэформы пачалася толькі праз пяць гадоў, следам за прыняццем закона 29 красавіка 1875 г. “Аб прымяненні Гарадавога палажэння 16 чэрвеня 1870 г. да гарадоў Заходніх губерняў”4. Пры правядзенні рэформы была выкарыстана паэтапная схема, паводле якой губернскія ўлады вызначалі паслядоўнасць пераходу гарадоў на новую сістэму самакіравання ў залежнасці ад ступені іх падрыхтаванасці. Па кожнаму гораду губернатарамі ўносіліся ў МУС хадайніцтвы аб дазволе правядзення муніцыпальнай рэформы5.
Рэчыца атрымала такое права з асноўнай групай павятовых цэнтраў у складзе трэцяй хвалі ахопленых рэформай беларускіх гарадоў. У 1881 г. у адпаведнасці з нормамі палажэння 1870 г. у Рэчыцы былі сфармаваны выбарчыя сходы І-ІІІ разрадаў, на якіх былі абраны 42 гласныя гарадской думы – галоўнага распарадчага органа ў горадзе. На першым пасяджэнні думы новага складу адбыліся выбары гарадскога галавы (ім стаў гласны ад 1-га выбарчага схода калескі асэсар М.П. Брушкоўскі) і падпарадкаванага яму выканаўчага органа – гарадской управы ў складзе дзвух чальцоў і сакратара. Усе прадстаўнікі выканаўчай улады ў прысутнасці гласных гарадской думы і мінскага губернатара былі прыведзены да прысягі.
За перыяд з 1881 да 1894 г. у ходзе чарговых выбараў назіралася рэгулярная ратацыя гарадскога кіраўніцтва, гласных думы і чальцоў управы, аднак агульная структура і паўнамоцтвы муніцыпальньіх органаў Рэчыцы кардынальна не змяняліся6.
У межах кампетэнцыі, якая была акрэслена Гарадавым палажэннем 1870 г. (арт. 5), муніцыпальнай уладзе надаваліся даволі значныя паўнамоцтвы ў сферы добраўпарадкавання горада, развіцця яго гандлёва-прамысловай і транспартнай інфраструктуры, матэрыяльнага забеспячэння ўстаноў адукацыі, асветы і аховы здароўя.
Аднак агульны змест, стратэгія і эфектыўнасць муніцыпальнай палітыкі перад усім залежалі ад яе фінансава-бюджэтнага забеспячэння. На шляху вырашэння гэтай праблемы гарадскія ўлады Рэчыцы сустрэлі шэраг аб’ектыўных цяжкасцей, якія былі тыповымі для невялікіх гарадоў са слабай прамыслова-гандлёвай базай і паўаграрнай структурай насельніцтва.
Небаходна адзначыць, што ўжо на пачатку 80-х г.г. ХІХ ст. гарадская управа Рэчыцы здолела наладзіць паступленне даходаў ад здачы ў арэнду паромнай пераправы і аб’ектаў рыбалоўнага промыслу ў межах гарадскіх тэрыторый. Прыкметна стабілізавалася папаўненне гарадской казны за кошт гандлёвых і прамысловых прадпрыемстваў. Аднак гэта была параўнальна невялікая група дробных аб’ектаў, а норма гарадскіх збораў з іх абмяжоўвалася 1% ад агульнага кошту прадпрыемстваў. Відавочна, што азначаныя крыніцы не маглі істотна ўплываць на фармаванне даходнай часткі гарадского бюджэту. Іншыя меры муніцыпальнай падатковай палітыкі мелі ў асноўным паліатыўны характар.
Склаўшаяся сітуацыя акрэсліла неабходнасць кардынальнай перабудовы эканамічнага жыцця горада. Яе стратэгію муніцыпальныя ўлады звязвалі з уключэннем Рэчыцы ў сетку чыгуначных шляхоў, якія будаваліся на поўдні Беларусі. 21 снежня 1887 г. па рашэнні гарадской думы яе кіраўніцтва ўвайшло з хадайніцтвам перад Міністэрствам шляхоў зносін аб правядзенні праз Рэчыцу лініі Палескай чыгункі. Пры актыўнай падтрымцы губернскай адміністрацыі справа атрымала далейшы ход і станоўчае рашэнне на ўрадавым узроўні7.
Следам за сканчэннем будаўніцтва чыгуначнай інфраструктуры ў Рэчыцы на мяжы XIX – XX ст. дынамічна фармуецца прамысловая зона горада, якая ў далейшым станоўча ўплывала на агульную структуру занятасці насельніцтва, а таксама з’яўлялася ўстойлівай крыніцай гарадскіх даходаў. Паводле дакументальных звестак першыя аб’екты на падлягаючых здачы ў арэнду гарадскіх землях узнікаюць у адзначанай прамысловай зоне ў другой палове 80-х г.г. XIX ст.
На канец гэтага дзесяцігоддзя прыпадае яшчэ адна важная падзея ў муніцыпальным жыцці Рэчыцы: тут была скончана практычная падрыхтоўка да ўвядзення сістэмы ацэначных збораў з дамоў і нерухомай маёмасці гараджан. Варта падкрэсліць, што гэта была адна з найбольш вострых і складаных праблем, паўстаўлых перад муніцыпальнымі ўладамі дробных і сярэдніх гарадоў падчас правядзення рэформы. У Рэчыцы паступленне сум ацэначных зборау пачалося з 1888 г., што мела важнае значэнне для распрацоўкі базавых асноваў гарадской падаткова-бюджэтнай палітыкі. У дадатак да гэтага па ініцыятыве 19 гласных рэчыцкай думы былі складзены і ў 1891 г. зацверджаны правілы, якія рэгулявалі ўмовы і працэдуру выкупа пляцавых участкаў ва ўласнасць гараджан. Згодна з правіламі на аснове паступленняў з выкупных сум фармаваўся спецыяльны капітал з выдаткаваннямі “на гарадскія патрэбы”8. З 16 жніўня 1888 г. на падставе распрацаваных гарадской думай Рэчыцы і зацверджаных МУС правілаў уводзіўся спецыяльны збор з рамізнікаў горада, максімальны гадавы памер якога не павінен быў перавышаць 5 рублёў з аднаго каня9.
На шляхах пашырэння падатковай базы бюджэту муніцыпальнымі ўладамі Рэчыцы рабіліся захады па здачы ў арэнду часткі гарадскіх земляў сельскагаспадарчага прызначэння. Аднак ўсе гэтыя намаганні, якія знаходзілі падтрымку з боку губернскай адміністрацыі, нязменна блакаваліся ў гарадской думе салідарнай большасцю гласных ад мяшчанскіх сходаў ІІ і ІІІ разрадаў. Яны актыўна выступалі за захаванне традыцый “агульнага бясплатнага карыстання” жыхарамі горада ўсімі ўгоддзямі за выключэннем ворных земляў”10. У склаўшыхся ўмовах муніцыпальныя ўлады Рэчыцы абачліва абмежаваліся зборам з азначаных гаспадарчых угодзяў існага раней пазямельнага падатку. Агульны аб’ём. Яго паступленняў, як сведчаць фінансавыя справаздачы рэчыцкай управы, на працягу 80-х г.г. XIX ст. павялічыўся.
Агульная дынаміка даходаў у гарадскі бюджэт Рэчыцы да канца 80-х г.г. бьша няўстоўлівай: назіраліся гады істотнага росту даходаў (у 1887 г. – да 14 222 руб.) і даволі значнага іх зніжэння (у 1890 г. – да 8228 руб.). Аднак ужо з пачатку 90-х г.г. XIX ст. сістэма муніцыпальных падатковых мер пачала даваць першыя станоўчыя вынікі. Галоўным з іх была стабілізацыя гарадскіх даходаў з тэндэнцыяй да іх невялікага, але ўстойлівага росту11.
У цеснай сувязі з фармаваннем бюджэту гарадскія ўлады Рэчыцы акрэсліваюць асноўныя напрамкі муніцыпальнай палітыкі. Важнае месца ў ёй займалі меры па ўпарадкаванні гарадской тэрыторыі і развіццю базавай інфраструктуры. На працягу 80 – пачатку 90-х гг. рэчыцкай гарадской думай быў выдадзены асноўны блок «абавязковых пастановаў” – нарматыўных актаў, якімі рэгуляваліся санітарна-гігіенічны стан горада, умовы пажарнай бяспекі, арганізацыя гандлю, транспартных паслуг і г.д.
У гэтыя гады пачынаецца паэтапная рэканструкцыя гарадской тэрыторыі, якая ў першую чаргу прадугледжвала частковую перапланоўку і мадэрнізацыю цэнтра Рэчыцы. Важнае значэнне ў гэтым напрамку мела рашэнне гарадской думы 17 сакавіка 1888 г. аб пераносе старой гарадской бойні на ўскраіну і ліквідацыі шэрагу шкодных і пажаранебяспечных аб’ектаў у цэнтры горада.
Па ініцыятыве часткі гараджан з канца 80-х гг. пачынаюцца работы па асвятленню шэрагу гарадскіх вуліц з прыцягненнем сродкаў зацікаўленых домаўладальнікаў (“па падпісцы”). Адначасова на базе выкарыстання пераважна пазабюджэтных укладанняў пачынаецца праграма водазабеспячэння (будаўніцтва калодзежаў) асноўных раёнаў горада12.
Значная ўвага надавалася развіццю інфраструктуры гандлёвых тэрыторый горада. З 1884 г. рашэннем гарадской думы пачынаецца рэканструкцыя цэнтральнай базарнай плошчы Рэчыцы. На гарадскія сродкі тут была пабудавана першая лінія новых гандлёвых лавак, якія з 1885 г. здаюцца ў арэнду і папаўняюць гарадскі фонд інвестыцый далейшага будаўніцтва. З сакавіка 1888 г. пачынаецца ўзвядзенне новых гандлёвых ліній за кошт сродкаў іх уладальнікаў, якія атрымлівалі ад муніцыпальнай улады ільготы па выплатах арэнднай платы. Па рашэнні гарадской думы 11 ліпеня 1891 г. быў распрацаваны далейшы план забудовы базарнай плошчы, які прадугледжваў стварэнне гандлёвых радоў мадэрнізаванага тыпу. Ужо праз год быў узведзены першы «корпус в 12 покоев», блізіліся да завяршэння работы па падрыхтоўцы павяльёна другой лініі13. Аднак па прычыне недахопу гарадскіх сродкаў, а таксама ў выніку вострай барацьбы дзвух зацікаўленых мяшчанска-гандлёвых груповак сярод гласных думы завяршэнне гэтай праграмы зацягнулася да другой паловы 90-х гг. XIX ст.14
У гэты перыяд значна пашыраецца гарадскі тапанімічны рэестр Рэчыцы: у канцы 80-х гт. рашэннямі гарадской думы атрымліваюць свае назвы больш за два дзясяткі вуліц горада. З 1888 г. яны паэтапна забяспечываюцца адраснымі шыльдамі15.
Адначасова робяцца захады па добраўпарадкаванні месцаў адпачынку гараджан. На мяжы 80-90-х гг. па рашэнні муніцыпальных улад у цэнтры горада закладваецца галоўны “гарадскі бульвар”, пачынаецца мэтанакіраванае ўладкаванне ўзбярэжнай Дняпра, узнікаюць першыя гарадскія купальні16. Усе гэтыя меры сведчылі і аб пачатку сістэмна-акрэсленай накіраванасці муніцыпальнай палітыкі рэчыцкіх улад у галіне развіцця і мадэрнізацыі гарадскога асяродцзя.
Другой праблемай жыцця горада з’яўляўся яго агульны стан яго адукацыйнай сферы. Напачатку 80-х гг., з-за недахопу сродкаў на ўтрыманне, Рэчыца страціла павятовае вучылішча. З гэтага часу ў горадзе захаваліся толькі прыходская вучэльня, царкоўна-прыходская школа і габрэйская школа пісьменнасці. Ва ўмовах хуткага росту насельніцтва Рэчыцы гэтай адукацыйнай сеткі не хапала, аб чым сведчылі звароты настаўнікаў у гарадскую думу, у якіх падкрэсліваўся факт істотнай колькаснай перагрузкі існых школ. У канцы 1888 г. группа гарадскіх гласных мусіла канстатаваць «недахоп навучальных устаноў у горадзе». Выйсце з гэтага становішча бачылася муніцыпальным уладам на шляху адкрыцця рамеснай вучэльні. Гэтае пытанне вырашалася на працягу 1888-1895 гг., аднак атрымала сваю канчатковую рэалізацыю ў выглядзе стварэння рамеснага класа пры гарадской вучэльні, якая адкрылася ў Рэчыцы ужо ў 90-я гг.17
Не заставаліся па-за ўвагай рэчыцкіх гарадскіх улад і праблемы медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. З другой паловы 80-х гг. усталёўваецца практыка рэгулярных фінансавых выдаткаванняў на падтрымку гарадской бальніцы, выкарыстоўваюцца і меры «мэтавай дапамогі» медыцынскім установам Рэчыцы. Своеасаблівым “патрыярхальным успамінам” у 80-я гг. выглядаюць на гэтым фоне штогадовыя 25-цірублёвыя выплаты гарадской бабцы-павітусе. Разам з тым рэальныя патрэбы ў гэтай галіне не задавальняліся ў поўным аб’ёме, што было выклікана абмежаванасцю рэальных гарадскіх даходаў.
У 80-90-я гг. следам за пераходам на Гарадавое палажэнне 1870 г. ідзе складаны, але даволі дынамічны працэс фармавання муніцыпальнай улады Рэчыцы, акрэсліваюцца яе праграмы і асноўныя напрамкі дзейнасці, закладваецца падмурак вырашэння шэрагу істотных праблем гораду. Але іх далейшае развіццё адбывалася ў новых умовах, выкліканых увядзеннем Гарадавога палажэння 1892 г. Гэты этап у гісторыі муніцыпальнага жыцця Рэчыцы з’яўляецца прадметам спецыяльнага даследавання.
- Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей – НГАБ). – Ф. 299.- Воп. 2. – Спр. 7913. – Арк. 3, 13-14.
- Приложение к всеподданнейшему отчету Минского губернатора за 1879 год. – Мн., 1880. – С. 15.
- Калинин ВД. Из истории городского самоуправления в России (ХУІІ – начало XX в.в). -М, 1994. – С. 45-46.
- Грыбко І.Л. Рэфармаванне гарадскога кіравання ў Беларусі ў 70-80-я гг. XIX ст. // Гістарычная навука ў Белдзяржуніверсітэце на рубяжы тысяча годдзяў. – Мн., 2000. – С. 92-94.
- Там сама – С. 92-93.
- НГАБ. – Ф. 2999. – Воп.2.- Спр. 7913; – Ф. 22. Воп. 1. – Спр. 91, 160,251.
- Тамсама – Ф. 22. – Воп 1. – Спр. 142. – Арк 3-4; – Спр. 160 – Арк. 46-47.
- Тамсама. Ф. 22. – Воп 1. – Спр. 169. – Арк. 4; – Ф. 22. Воп. 1. Спр. 184. – Арк. 2-91.
- Тамсама – Ф. 22. – Воп 1. – Спр. 122. – Арк 2-12.
- Тамсама – Ф. 22. Воп 1. – Спр. 272. – Арк. 20,32-34; – Спр. 290 – Арк.2-10зв.
- Гл.: “Обзоры Минской губернии” за 1883-1896 гг. (Мн., № 1884-1897): статыстычныя табліцы Доходы і расходы по городам “; НГАБ – Ф. 22. Воп 1. – Спр. 169. – Арк. 2-4 зв.; – Спр. 278. – Арк. 2-4; Минские губернские ведомости -1891 г. – 5 июня.
- Тамсама – Ф.22. Вопі. – Спр. 160. – Арк 77-78; – Спр. 272 – Арк. 72;-Спр. 85. – Арк. 67.
- Тамсама – Ф. 22. Воп 1. – Спр. 85. – Арк 20-22; – Спр. 160 – Арк 80; – Спр. 272. – Арк. 73-74, 98-100.
- Тамсама – Ф. 295. Воп. 1. – Спр. 5617. – Арк 2-46.
- Тамсама – Ф. 22. Воп 1. – Спр. 160. – Арк 116-117.
- Тамсама – Арк 114.
- Тамсама – Арк. 168-169; – Спр. 764. – Арк 12 ; – Ф. – Спр. 136.
Аўтар: Генадзь Аляксейчанка
Крыніца: Пятыя Міжнародныя Доўнараўскія чытанні (г. Рэчыца, 22-23 верасня 2005 г.) / Рэд. кал. В.М. Лебедзева (адк. рэд.) і інш. – Гомельск. дзярж ун-т імя Ф.Скарыны (Навук.-дасл. ін-т гісторыі і культуры усходнеславянскіх народаў), Рэчыцкі раённы выканаўчы камітэт – Гомель: Гомельск. дзярж. ун-т імя Ф.Скарыны, 2005. – 400 с.