Гомельскім меламанам за апошнія паўгады ўжо давялося ўбачыць ды пачуць больш беларускіх гуртоў, чым за некалькі гадоў перад гэтым. У нашым горадзе ўжо паспелі пабыць “РСП”, “Akute”, “Срэбранае вяселле” ды “Маланка оркестр”. На гэты раз гамельчукоў чакае зарад энэргіі ад гуртоў “BosaeSonca” і “Recha”, якія дадуць 27 красавіка сумесны канцэрт у “Таўэры”.
Нам удалося ўзяць колькі словаў у лідэра гурта “Рэха” Андруся Такінданга, які ўжо паспеў пабываць у нас са сваім другім гуртом – “Гаротніцай”.
Чытайце нашае інтэрвію з адным з самых неардынарных музыкаў Беларусі.
– Андрусь, падаецца ты нядаўна ўжо выступаў у Гомелі з “Гаротніцай”, і праз невялікі час зноў прыязджаеш, але на гэты раз з гуртом “Рэха” – ў чым розніца паміж гэтымі гуртамі?
Harotnica Recha цалкам розныя гурты, як музычна, так і канцэптуальна, яны маюць розную аўдыторыю, інструментарый, склад ды й вырашаюць розныя мастацкія задачы.
Андрусь Такінданг
– Ці не байцеся, што з-за невялікага перапынка паміж канцэртамі таго, што не прыйдзе шмат людзей або для вас не гэта істотна?
Я маю добрую думку наконт Гомеля, гэта ж не вёска з насельніцтвам у 300 чалавек. Для такога горада канцэртная інтынсіўнасць мусіць быць не нашмат меншай, чым для Менску (раз на месяц буйны канцэрт). А тым больш як пісаў вышэй “Recha” і “Harotnica” праэкты розныя. А колькасць людзей на канцэрце для нас рэч важная.
Гурт “Recha”
– Як у цябе атрымліваецца сумяшчаць так шмат захапленняў у жыцці – ролю вядоўцы ў тэлепраграме, працу па спецыяльнасці (мастак-рэканструктар, майстар іконнага жывапісу), паэтычнае жыццё ды роль лідэра ў некалькіх музычных гуртах?
Музычная дзейнасць з’яўляецца асноўнай сярод астатніх і падпарадкоўвае свайму графіку другія заняткі. А некаторая перамена працаў дазваляе мне жыць весялей.
– Якія планы ты маеш з гуртамі на будучыню – зразумела, ў першую чаргу з “Рэхам”, але і з “Гаротніцай”? Альбом, тур па абласных гарадах, кліпы?
“Recha” не кідае сваіх традыцыйных Польскіх канцэртаў і паралельна працуе над кліпамі і альбомам. Дзякаваць Богу ўдаецца выяжджаць і на Беларускія гастролі, плануем іх зрабіць доўгатэрміновымі.
Кліп на песню “Recha” – Дапабачэння
“Harotnica” пакуль абмяжоўваецца ў асноўным Менскам, ёсьць некалькі прапаноў адносна кліпаў, таксама мы збіраемся запісаць колькі новых песняў.
Гурт “Гаротніца”
– Як ты ахарактарызуеш музычны накірунак, у якім вы рухаецеся – тое ж “Дапабачэння” гэта сапраўды нейкі прарыў у танцавальную музыку для беларускамоўных песень. Ці не плануеце яшчэ якіх эксперыментаў-сюрпрызаў?
Музычны накірунак “Recha”… Не ведаю, магчама гэта “чалавечая папса”, альбо “рэтра-сум”. На канцэрце у Гомлі ніякіх эксперыментаў мы не плануем, будзе класічнае, моцнае “Recha” ў самых лепшых традыцыях.
– Як табе Гомель? Ці быў тут раней, што ведаеш, што хацеў бы ведаць?
Так у Гомлі я бываў. Спачатку у складзе музычнай зборнай, гады чатыры назад прымаў удзел ў здымках фільма пра гомельскага майстра-кераміста. Затым год назад пісаў музыку для спектакля вашага лялечнага тэатра “Мухіна вяселле”. Каб даведацца горад, трэба будзе летам зладзіць у вас вулічны выступ.
Адзін з вулічных выступаў “Рэха” ў Менску
– Як табе публіка і чаго не стае на канцэртах – мо публіка вялая, мо яшчэ якія тэндэнцыі назіраюцца?
Публіка ў вас добрая, жвавая ды энэргічная, таму, мяркую, ўсё пройдзе проста выдатна!
Вялікі дзякуй за інтэрвію!
Гутарыў Яўген Меркіс
___________
Нагадаем, што адбываецца канцэрт 27 красавіка будзе ў межах супольнай з гуртом “Bosae Sonca” гастролі па Беларусі.
Варта адзначыць, што “Босае сонца” і “Рэха” не ўпершыню даводзіцца выступаць разам. скачать стриптиз домашнийТлумачыцца гэта найперш тым, што абодва гурты даволі ўдала ўзаемадапаўняюць адзін аднога ў музычным плане, бо спалучаюць у сваіх спевах адразу некалькі разнастайных стыляў.
Гомельскі канцэрт безумоўны абавязковы для наведвання ўсіх меламанаў нашага роднага горада, паколькі гэта сапраўды вартае таго!
Калі: 27 красавіка, а 18:00.
Дзе: начны клуб «Tower club» (г. Гомель, вул. Кірава, 123)
Даведкі па тэл.: 683-45-00 ( Velcom і МТС).
Кошт квіткоў: 20 000
Падзея Вконтакте: vk.com/event37400423
Прыходзце самі ды запрашайце сяброў!