Рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай маладзёжнай палітыкі на Мазыршчыне ў сакавіку-снежні 1921 г.

0
424
Рэалізацыя дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай маладзёжнай палітыкі на Мазыршчыне ў сакавіку-снежні 1921 г.

Як вядома, у сакавіку 1921 г. X з’ездам РКП(б) быў абвешчаны пераход да новай эканамічнай палітыкі. У поўнай меры ўсе змены, звязаныя з НЭП, адбіліся і на сацыяльна-эканамічным становішчы моладзі Мазыршчыны.

Зразумела, што для прапаганды і расглумачэння сутнасці НЭП сярод насельніцтва кампартыя адразу пачала выкарыстоўваць патэнцыял камсамола.

З пачаткам НЭП камсамольцы пачалі нраводзіць сярод на­сельніцтва, у першую чаргу сярод моладзі, растлумачальныя кампа­нії [1, л. 1-2]. Увогуле перад камсамолам ставілася задача энергічнага спрыяння правядзенню НЭП праз збор харчпадатку, дапамогу галадаючым, рэарганізацыю кааператыўнага апарату (асабліва вясковай кааперацыі) [2, л. 86].

У вёсках Мазырскага павета моладзь імкнуліся ўцягваць у сельскагаспадарчую кааперацыю, прыцягвалі яе да збору харчпадатку і дапамогі галадаючым у Цэнтральнай Расіі. Усе камсамольскія арганізацыі Мазыршчыны правялі адлічэнні, а ў некаторых месцах і зборы на карысць галадаючых (асабліва дзяцей) [2, л. 58]. У сакавіку 1921 г. мясцовыя камсамольцы супрацоўнічалі з павятовым пасяўкамам у правядзенні пасяўной кампаніі [3, л. 3], аказвалі ўсебаковую дапамогу маламаёмасным сялянам і сем’ям чырвонаармейцаў [4, л. 32].

У красавіку 1921 г. да сельскагаспадарчай працы ў саўгасах прыцягваліся дапрызыўнікі ў адпаведнай чарговасці: спачатку беспрацоўная рабочая моладзь, затым моладзь без пэўных заняткаў і спекулянты і, нарэшце, вучнёўская моладзь (пажадана дабраахвотна) [5, л. 26; 6, л. 20].

У гэты ж час моладзь Мазырскага павета прыцягвалася і для ба­рацьбы з эпідэміямі. Аднак шмат маладых людзей займаліся і спекуляцыяй [3, л. 6-7].

Перавага на Мазыршчыне дробнасаматужнай прамысловай вытворчасці, недасгатковая увага з боку дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемсгваў да навучання моладзі абумовілі нізкі ўзровень тэхнічнай адукацыі рабочай моладзі павета, яе распыленне і пераход на неіндустрыяльную працу [4, л. 27].

Перад камсамолам ставілася задача строга сачыць за выкананнем усіх пастаноў і дэкрэтаў па ахове працы рабочай моладзі, а таксама за ўмовамі яе жыцця. Гэта маладзёжная арганізацыя кантралявала ўсе віды аплаты і нормы працы падлеткаў [7, л. 3]. ГІа ўсіх паветах ССРБ (у тым ліку і па Мазырскім) былі выдзелены камсамольцы-асістэнты інспектараў гірацы. Былі прыняты пастановы аб вызваленні моладзі ад працоўнай павіннасці, аб забароне звыштэрміновай працы да 16 гадоў (дазвалялася толькі інспекцыяй працы пры вострай патрэбе), аб нядопуску на некваліфікаваную працу 16-18-гадовых падлеткаў, аб скарачэнпі на прадпрыемствах працоўнага часу для падлеткаў-вучняў на 2 гадзіны. Моладзь павінна была перакідвацца са шкодных на больш здаровыя вытворчасці. Падлеткі павінны былі з’яўляцца абавязковымі членамі кааператываў і атрымліваць для лепшага матэрыяльнага забеспячэння аднолькавыя паі з дарослымі [4, л. 28].

Безнаглядная і спекулюючая моладзь улічвалася і кантралявалася праз эканамічны аддзел Мазырскага павятовага камітэта КСМБ. Яна пераводзілася на мінімальнае сацыяльнае забеспячэнне і накіроўвалася ў школы, працоўныя арцелі і працоўныя атрады [4, л. 31; 5, л. 38].

Для атрымання будучых свядомых работнікаў прафсаюзнага руху і адміністратыўных пасад савецкай прамысловасці была ўведзена практыка камсамольцаў ва ўсіх прамыслова-адміністратыўных орга­нах [4, л. 27].

Па ініцыятыве камсамола ў задачы прафсаюзаў былі ўнесены дапаўненні аб абароне ад скарачэння гіадлеткаў і ахове працы моладзі. Пры Мазырскім павятовым камітэце Наркампрацы ССРБ камсамольцамі была створана юнсекцыя для ўліку і размеркавання ўсёй працуючай і непрацуючай моладзі (незарэгістраваная моладзь не павінна была прымацца на працу ці пазбаўлялася яе [4, л. 31]). Юнсекцыя пачала ўлік беспрацоўнай моладзі для яе забеспячэння, пры гэтым асобна выдзялялася забеспячэнне беспрацоўных членаў камсамола і беспрацоўных падлеткаў. Захады камсамольцаў даволі паспяхова перашкаджалі скарачаць моладзь на прадпрыемствах, а некаторых скарочаных дазвалялі хутка ўладкоўваць у іншыя месцы [1, л. 5].

Аднак у камсамольскім апараце, у тым ліку і на Мазыршчыне, назіраліся злоўжыванні пры размеркаванні атрымліваемых з розных крыніц у якасці дапамогі рэчаў (дроў, чаравікоў, тканіны і да т. п.), а таксама з грашовымі сродкамі [5, л. 25; 6, л. 8].

Такім чынам, у сакавіку-снежні 1921 г. моладзь Мазырскага па­вета актыўна ўдзельнічала ў сацыяльна-эканамічных пераўтварэннях, але яе сацыяльна-эканамічнае становішча ў першыя месяцы НЭП было розным. На вёсцы, дзякуючы харчпадатку і развіццю кааперацыі, сацыяльна-эканамічнае становішча моладзі палепшылася, а ў самім Мазыры, нягледзячы на ўсе захады, яно пагоршылася ў сувязі ca скарачэннем штатаў прадпрыемстваў і змяншэннем дзяржаўных сацыяльных выдаткаў. Менавіта моладзь у асноўным папаўняла шэрагі беспрацоўных і вымушана была займацца спекуляцыяй. Толькі падлеткі ва ўзросце да 20 гадоў у першую чаргу атрымлівалі ад дзяржавы і камсамола абарону сваіх правоў на працы і пэўную матэрыяльную дапамогу. Старэйшая ж моладзь у сацыяльна-эканамічным плане заставалася ў значнай ступені безабароннай.

Трэба адзначыць таксама, што даволі актыўную дзейнасць па абароне сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўнай моладзі Мазыршчыны вёў Мазырскі павятовы камітэт КСМБ, які карыстаўся падтрымкай мясцовага камітэта КП(б)Б і павятовых дзяржаўных органаў. Але прыярытэтам для камсамола заставалася абарона інтарэсаў сваіх членаў.

Спіс літаратуры

  1. НАРБ. — Ф. 63 п. — Воп. 2. — Спр. 6.
  2. НАРБ. — Ф. 63 п. — Воп. 1. — Спр. 7.
  3. НАРБ. — Ф. 63 п. — Boп. 1. — Спр. 6.
  4. НАРБ. — Ф. 63 п. — Boп. 1. — Спр. 5.
  5. НАРБ. — Ф. 63 п. — Boп. 1. — Спр. 11.
  6. НАРБ. — Ф. 63 п. — Boп. 1. — Спр. 12.
  7. НАРБ. — Ф. 6З п. — Воп. 1. — Спр. 10.

Аўтар: В.В. Даніловіч
Крыніца: Гомельщина в событиях 1917–1945 гг.: материалы науч. практ. конф. / ред. кол.: А.А. Коваленя [и др.]. – Гомель, 2007. С. 67-75.