Развіццё асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці праваслаўных манастыроў у Турава-Пінскім рэгіёне (XII — першая палова XVII ст.)

0
162
Развіццё асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці праваслаўных манастыроў у Турава-Пінскім рэгіёне (XII — першая палова XVII ст Тураў

У Х-ХI ст. на беларускіх землях распаўсюджваецца хрысціянства. Тураў становіцца аплотам праваслаўнага веравызнання. Згодна з жаданнем вялікага князя Уладзіміра, пры Святаполку I у гэтым горадзе засноўваецца епіскапская кафедра. Узнікла, такім чынам, епархія, у склад якой увайшлі гарады Пінск і Слуцк.

З часу ўзнікнення епархіі ў Турава-Пінскім рэгіёне існуюць праваслаўныя абіцелі. Найбольш вядомымі з іх былі наступныя манастыры: Тураўскія — Барыса-Глебскі і Варварынскі; Пінскія — Лешчанскі Успенскі і Богаяўленскі; а таксама Купяціцкі Увядзенскі, Слуцкі Троіцкі і Мазырскі Петра-Паўлаўскі.

Кірункі дзейнасці праваслаўных манастыроў былі рознабаковымі. Галоўнай мэтай з’яўлялася распаўсюджанне веры і адукацыі. Аднак сістэма адукацыі і асветы пры манастырах у XII — першай палове XVII ст. не аформілася. І разам з тым менавіта да гэтага перыяду адносіцца жыццё і дзейнасць славутага беларускага асветніка Кірылы Тураўскага.

Кірыла Тураўскі каля 1159 г. выбраны тураўскім вечам і князем Юрыем Святаполчычам на епіскапскую кафедру. У якасці тураўскага іерарха ён займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, царкоўнай і палітычнай дзейнасцю, будаваў храмы. К. Тураўскі — выдатны для свайго часу пісьменнік і прамоўца, аўтар шэрага «слоў», малітваў-споведзяў, дыдактычных аповесцей-прытчаў. Ён нейкі час жыў і працаваў у Тураўскім Барыса-Глебскім манастыры. Да гэтага перыяду яго дзейнасці належаць «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і два пасланні-прытчы да Кіева-Пячорскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму). Верагодней за ўсё, у Барыса-Глебскім манастыры К. Тураўскі скончыў свой жыццёвы шлях.

Праваслаўныя манастыры краю садзейнічалі распаўсюджанню хрысціянскіх кніг. Кнігі перапісваліся ўручную. Вядома, што займаліся перапісваннем манахі Тураўскіх, Пінскага Лешчанскага і Слуцкага Троіцкага манастыроў.

У сценах манастыроў Турава-Пінскага рэгіёна вялося летапісанне. Так, напрыклад, у Лешчанскім манастыры г. Пінска ў XIV ст. пісаў летапіс інак Мітрафан. Але да нашага часу гэты рукапіс не захаваўся.

Пры Турава-Пінскіх праваслаўных манастырах, верагодней за ўсё, былі і школы. Праўда, гістарычных дакументаў, якія б пацвярджалі існаванне апошніх, не захавалася. Аднак архімандрыт Мікалай у кнізе «Гісторыка-статыстычнае апісанне Мінскай епархіі» адзначае, што школы меліся пры Тураўскім Барыса-Глебскім, Пінскім Лешчанскім і Слуцкім Троіцкім манастырах. Дакладна вядома толькі пра школу Слуцкага Троіцкага манастыра. Яна існавала ў XVI ст. і была заснавана Арцеміем. Арцемій — манах, які быў асуджаны на Маскоўскім саборы 1554 года. Збег у Слуцк, у Троіцкі манастыр. Як сведчыць сучаснік Арцемія, якога цытуе А. В. Карташоў, Арцемій разгарнуў актыўную дзейнасць, скіраваную супраць нетрадыцыйных плыняў у хрысціянскім веравызнанні. Маецца на ўвазе арыянства, лютэранства і кальвінізм. Менавіта Арцемій клапаціўся аб тым, каб у Турава-Пінскім рэгіёне, пры праваслаўных манастырах, былі арганізаваны школы агульнай адукацыі.

Адукацыя ў тыя часы распаўсюджвалася вельмі марудна. Калі і былі школы ў манастырах краю, то яны з’яўляліся школамі элементарнай пісьменнасці. Вучыліся ў іх дзеці заможных людзей, якія, як правіла, меркавалі прысвяціць сваё жыццё служэнню Богу. Сяляне і гараджане ў асноўнай масе былі непісьменнымі.

Наогул узровень адукацыі ў XII—XIII ст. у Турава-Пінскім рэгіёне, як і на Беларусі ў цэлым, быў невысокі. Прычыны гэтага становішча розныя: 1) справа асветы і адукацыі нікім не кантралявалася — ні свецкай, ні духоўнай уладамі; 2) не хапала адукаваных людзей, якія б маглі займацца гэтай справай; 3) людзі ў сваёй большасці не прымалі пісьменнасць і адукацыю.

Калі ў XII—XIII ст. сістэма адукацыі яшчэ не магла скласціся, то ў XIV—XVI ст. яна так і не была створана. Ні свецкая, ні духоўная ўлады не выяўлялі да гэтага пытання ніякай увагі. Адукацыя і асвета па-ранейшаму заставаліся на невысокім узроўні. Большая частка насельніцтва была непісьменнай. Дзеці арыстакратыі, як правіла, атрымлівалі адукацыю за мяжой. Да таго ж, праваслаўнае духавенства не служыла ўзорам адукаванасці. Непісьменнымі заставаліся нават некаторыя царкоўныя служкі.

Незапатрабаванасць асветы і адукацыі, распаўсюджанне на беларускіх землях, і ў тым ліку ў Турава-Пінскім рэгіёне, каталіцкага і рэфарматарскага ўплываў — усё гэта прывяло да крызісу праваслаўя ў XVI ст. Менавіта ў гэты час паўстае пытанне аб выратаванні праваслаўя сродкамі асветы — праз школы, навуку, кніжнасць. Трэба адзначыць, што на гэтым шляху духавенства спачатку было вельмі інертным. Справу распачалі і правялі недухоўныя (міране): гараджане і арыстакратыя. Менавіта ў гэтым асяроддзі ў канцы XVI ст. назіраецца ўздым рэлігійна-нацыянальнай зацікаўленасці.

У канцы XVI — першай палове XVII ст. на Беларусі ўзнікаюць праваслаўныя брацтвы — арганізацыі, якія ўключалі галоўным чынам мяшчанскае насельніцтва. У Турава-Пінскім рэгіёне брацтвы актыўна дзейнічаюць у Пінску і Слуцку. Пінскім праваслаўным брацтвам быў заснаваны Богаяўленскі манастыр, пры якім працавала школа і вучылішча. У вучылішчы выкладаліся беларуская, польская, лацінская і грэчаская мовы, а таксама сем так званых свабодных мастацтваў. У Слуцку братчыкі заснавалі Прэабражэнскі манастыр, у сценах якога таксама існавала школа. Дзейнічалі школы пры манастырах нядоўга.

З нашага пункту гледжання, ёсць высновы, каб лічыць, што асветніцкая дзейнасць манастыроў у Турава-Пінскім рэгіёне сутыкнулася з жорсткім непрыманнем з боку ўсіх саслоўяў. На той перыяд адукаванасць не мела істотнага значэння для яго жыхароў, што ўзяло верх над рацыяналістычнымі памкненнямі некаторых (нават харызматычных) асоб.


Аўтар:
А.Р. Дзянісава
Крыніца: Дзянісава, А. Р. Развіццё асветніцкай і адукацыйнай дзейнасці праваслаўных манастыроў у Турава-пінскім рэгіёне (ХІІ — першая палова ХУІІ ст.) / А. Р. Дзянісава // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 2 / рэдкал. У. К. Коршук (адк. рэд.) [і інш.] — Мн: БДУ, 2007. — С. 117-119.