“Мусю пранцуз, цi не з’ясi гарбуз?”, або Паланез “Развітанне з Зомбілэндам”

0
1790
Вокладка твора

Прачытаўшы аб’яднаныя пад адной электроннай вокладкай першы беларускі зомбі-хорар і некалькі пераважна постапакаліптычных апавяданняў аўтарства Уладзіміра Садоўскага, мне міжволі захацелася прамовіць старое сеціўнае зычэнне: “Аўтар, пішы яшчэ!”. Гаворка пра кнігу “1813”, якая паспела прыцягнуць да сябе ўвагу патэнцыйных чытачоў яшчэ да яе з’яўлення на віртуальных паліцах – сродкі на яе ўвасабленне ў папулярных электронных фарматах збіраліся праз краўдфандынгавую пляцоўку ulej.by.

Звернемся да загалоўнага твора кнігі – навелы “1813”, у цэнтры якой зомбі-апакаліпсіс местачковага значэння, пашырэнню якога супрацьстаіць вядомы, а ў нечым нават культавы, персанаж айчыннай гісторыі Міхал Клеафас Агінскі.

Што зачароўвае ў творы на самым яго пачатку, дык гэта кінематаграфічнасць. Першы эпізод выпісаны такім чынам, што карціны зімовага лесу паўстаюць перад вачыма, быццам маляўнічыя кадры фільма (у мяне міжволі ўзнікалі асацыяцыі са снежнымі пейзажамі з “The Revenant” рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту). Дзякуючы гэтым карцінам, навела спакваля засмоктвае чытача ў бездань нечакана прад’яўленага, але па вялікім рахунку лагічнага для нашых краёў і традыцыі, сюжэта. Бо ў і творах народных, і літаратурных з рознага кшталту пачварамі героям даводзілася змагацца неаднойчы. Але такога манструознага ворага як зомбі беларусы ў фальклоры і літаратуры бадай і не сустракалі. Хіба што пад іншымі назвамі (да гэтага мы яшчэ звернемся трохі пазней). Увогуле ж гісторый пра зомбі да нашага часу ў сусветнай культуры назапашана нямала, таму Уладзіміру Садоўскаму давялося вынаходзіць для навелы ўласную іскрынку, собскі цымус, каб сюжэт яго твора нечым адрозніваўся ад папярэднікаў.

Дзеянні навелы разгортваюцца ў пачатку 1813 г., то бок неўзабаве пасля катастрафічнага заканчэння рускай кампаніі Напалеона. Месцам дзеяння аўтар свядома абраў родныя яму (як і адной з ліній роду Агінскіх) мясціны – Маладзечна з наваколлем. Гістарычны антураж выпісаны Садоўскім даволі рэалістычна, у чым пазнаецца яго краязнаўчая загартоўка. У апісанні тых мясцін і іх становішча пасля франка-расійскай вайны 1812 г. ён яўна адштурхоўваецца ад гістарычных крыніцаў і намагаецца пазбягаць жахлівых ляпаў, часам уласцівых аўтарам гістарычнае прозы (не магу не згадаць у якасці прыклада вымярэнне адлегласцяў кіламетрамі ў гістарычнай аповесці сучаснага беларускага пісьменніка, прысвечанай часам ВКЛ). У “1813”, нягледзячы на фантастычнасць самой дзеі, апісанні Маладзечна, замка Агінскіх, побытавых момантаў зроблены, прынамсі, карэктна. Хаця, напрыклад, самавыкрыццё дзядзькі галоўнага героя перад расійскім афіцэрам пра збор зброі на падрыхтоўку паўстання супраць імперыі выглядае трошкі дзіўным. Дарэчы, аўтар падкрэслена трымаецца паліткарэктнасці, паслядоўна выкарыстоўваючы слова “імперскі” замест “расійскі”.

З’яўленне немачы, з-за якой мёртвыя пайшлі супраць жывых, аўтар звязаў з падзямеллямі Масквы, куды пратачылі свой нос французы ў часе побыту там разам са сваім імператарам. І хоць апавяданне пра іх блуканне пад зямлёй даволі кароткае, але яно можа выклікаць пэўныя паралелі  з відэагульнямі, інспіраванымі раманамі Дзмітрыя Глухоўскага. Асабліва з эпізодамі “Metro: Last Light”, дзе дзеянне адбываецца не ў тунелях маскоўскага метро, а ў старажытных катакомбах. Наўмысна гэта зроблена ці не – пытанне можам адрасаваць асабіста аўтару. Але тэма постапакаліпсісу, калі меркаваць па апавяданнях, Уладзіміру Садоўскаму зусім не чужая.

У навеле таксама прыкмячаюцца пэўныя паралелі са “Шляхціцам Завальняй” Яна Баршчэўскага. Дзядзька галоўнага героя “1813”, як і дзядзька Яна са “Шляхціца Завальні”, застаецца безыменным. Мы можам толькі здагадвацца, што гаворка ў навеле ідзе пра Францішка Ксаверыя Агінскага. Іншае сімпатычнае перагукванне з творам Баршчэўскага заўважаем у эпізодзе гасцявання ў замку манахаў-трынітарыяў з Маладзечна, адзін з якіх (брат Крыштоф) і перадае гісторыю хворага француза, якая ўспрымаецца гаспадаром замка фантастычнай. Гэта нагадвае эпізод “Шляхціца Завальні”, у якім з Расонаў з’яўляецца арганіст Андрэй, што расказвае фантастычную гісторыю пра апантанага вогненнымі духамі маладога чалавека. І калі брат Крыштоф п’е з Агінскімі віно, то арганіст Андрэй на прапанову пана Завальні выпівае гарэлкі, што не замінае яму ў сваім апавяданні згадаць лацінскае “vinum cor laetificat” – віно весяліць сэрца.

Цікавым ходам можна лічыць і тое, што апавяданне часткова вядзецца да аўтара, а часткова ад імя Міхала Клеафаса Агінскага (лісты да жонкі). Гэта прыкметна ажыўляе навелу, стварае стэрэаскапічны эфект.

Разумею, што сам жанр зомбі-хорару вымагае ад аўтара пэўнай манеры апавядання. Здагадваюся, што Садоўскі вырашыў прытрымлівацца гэтых вымогаў цягам усёй навелы. Між тым ужо сама сітуацыя “Міхал Клеафас Агінскі супраць зомбі” выдае на камічную і намякае на верагоднасць парадыйнага спосабу падачы сюжэта. Але аўтар адназначна дыстанцуецца ад гэтае верагоднасці. Як па мне, дык у творы недастаткова гумару і іроніі. А можна было б абыграць і тыя ж паланезы (не толькі “Развітанне з Радзімай”, але і больш папулярны пры жыцці Міхала Клеафаса “Паланез смерці”), прымаўкі пра французскіх салдат (“Мусю пранцуз, цi не з’ясi гарбуз?”, “Галодны пранцуз і вароне рад”), класічныя фільмы пра “жывых мерцвякоў”.

Пазіцыянуючы загалоўны твор зборніка як першы беларускі зомбі-хорар, аўтар, аднак, не прапанаваў чытачу ўласнай назвы для абазначэння ажыўленых фантастычным чынам мерцвякоў. Здаецца, што тут можна было б выкарыстаць словы “наўе”, “наўцы”, спасылаючыся на вядомую летапісную легенду пра паўстанне мёртвых у сярэднявечным Полацку. Зрэшты, навела абрываецца, пакідаючы некаторыя моманты нераскрытымі. Сярод іх найперш трэба назваць адсутнасць адказу на пытанне пра паходжанне крыніцы заразы ў маскоўскім падзямеллі. Вырашаць аўтару, але мне здаецца, што навела “1813” магла б стаць часткай больш буйнога твора на скрыжаванні жанраў.

Акрамя навелы “1813” у кнігу, як было сказана вышэй, уваходзяць апавяданні. Гэта пяць кароткіх фантастычных гісторый. Дзеянне трох з іх адбываецца ў постапакаліптычным свеце, у якім няма нават промня надзеі, аднаго – у часы Старажытнага Рыма, дзе часам гладыятары падалі проста з неба, і яшчэ аднаго – ва ўмоўнай сучаснасці, дзе шляхі куміраў і прыхільнікаў, могуць перасекчыся ў зусім неспадзяваных абставінах. У нечым іх аўтар намагаецца быць арыгінальным, дзесь выразна праглядаецца пераемнасць з папярэднікамі (напр., з Рэем Брэдбэры ці тым жа Дзмітрыем Глухоўскім). Застаецца спадзявацца, што некалі мы зможам пабачыць цэлы зборнік апавяданняў Уладзіміра Садоўскага. Для сучаснай беларускай літаратуры, улічваючы адсутнасць ці слабую прысутнасць у ёй пэўных жанраў, гэта было б нялішнім.

Сяргей Балахонаў