Размоўна-бытавая лексіка ў мове рамана І. Мележа “Людзі на балоце”

0
1158
Размоўна-бытавая лексіка ў мове рамана І. Мележа Людзі на балоце

Размоўна-бытавая лексіка ў мове рамана І. Мележа “Людзі на балоце” выступае ва ўсіх граматычных формах і значэннях, для яе характэрны як семантычная дыферэнцыяцыя, так і семантычная інтэграцыя. Таму ў мове беларускай мастацкай літаратуры, асабліва ў мастацкай прозе, яскрава выдзяляецца бытавая, сельскагаспадарчая і эмацыянальна-экспрэсіўная народна-дыялектная лексіка, якой уласціва выконваць не толькі экспрэсіўную, але і намінатыўную функцыю. Такія словы праніклі ў мову рамана І. Мележа “Людзі на балоце” і так ці інакш звязаны з матэрыяльнай культурай беларускага народа, з яго штодзённым жыццём і побытам. Пісьменнік здолеў гарманічна падпарадкаваць сваёй творчай задуме літаратурнае і нелітаратурнае ў беларускай мове. Тут адметныя рысы палескіх гаворак пераплятаюцца з літаратурнымі нормамі, ствараючы і мясцовы каларыт, і моўныя характарыстыкі герояў, і асаблівасці стылю аўтара.

Даследаванне размоўна-бытавой лексікі дасць магчымасць глыбей увайсці ў моўную структуру твора, зразумець яго ідэйна-змястоўную будову і асаблівасці творчай манеры пісьменніка.

Да такой лексікі адносяцца словы, якія абазначаюць назвы: а) жылля і яго частак: дамоўка (109); 1. Хата, дом, прытулак, гаспадарка. 2. Труна, дамавіна (ТСБМ, 131); ‘дамоска’ (НЛГ, 43), ‘уласная хата, жыллё, родны кут’ (ТС, 31); обл. 1 квартира; 2 перен. гроб (БРС, 159); вушак (179) – бакавы брус у дзвярной асадзе (ТСБМ, 516); ‘ушак’ (ТС, 185); ‘вушняк’ (МСММГ, 28); 1) касяк (брус дверной рамы); 2) притолока (верхний брус в дверях); 3) дверная коробка (БРС, 307); засаўка (54); руск. засов ‘засаўка’, дыял. засовка – памянш. ад засов (Даль, 637); ‘прыстасаванне зачыняць дзверы знутры’ (Янк., 71); ‘засунка’ (ДСБ, 74); ганак (167) – 1. Прыбудоўка перад уваходам у сені; яна мае стрэшку і лаўкі. 2. Рэдка ўж. сходні з дошчак перад уваходам у сені (Сц., 24–25); 1) крыльцо; 2) завалинка (БРС, 200); руск. (дыял.) ганок – ‘ганак’, ‘прыступкі з поручнямі і навесам ля ўваходу ў хату’ (Даль, 344); ‘ганок’ (ТС, 194); ‘гані (ганкі)’ (НЛГ, 35); падпрыпек (86) – ‘месца пад прыпекам’ (МАСМ, 66); сенцы (167) – ‘кідаць цень, ахінаць’, сені – форма множнага ліку ад сень – ‘цень, ахова ад спёкі, палатка, лёгкае жыллё, крыты ганак’ (Даль, 374); ‘засень’, ‘будан’, ‘прытулак’ – у старабеларускай мове; сені (БРС, 85); прызба (45) – невысокі, звычайна земляны насып уздоўж сцяны хаты, зроблены для ўцяплення памяшкання (ТСБМ, 431); ‘прысьба’ (ТС, 341); завалінка (БРС, 744); ‘завальня’ (Юрч., 86); ‘заваліна, загаваліна, заўгаліна, загавальня’ (МАСМ, 33); страха (15); 1. Верхняя, звычайна саламяная, частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з’яў. 2. Пра дом, жыллё, прытулак; (ТСБМ, 337); ‘дах, страха’ (ТС, 244); страха – кровля, крыша (БРС, 892); ‘стріха, стрэха’ (ДСБ, 218); б) сядзібы і яе частак: селішча (44) – (разм.) зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі (ТСБМ, 110); ‘месца, дзе стаіць, стаяла паселішча’ (Касп., 273); 1) ‘сядзіба (двор, будынкі)’; 2) ‘двор, сядзіба’; 3) ‘месца, дзе быў двор, сядзіба’ (Янк., 153); ‘месца, дзе стаіць дом з усімі гаспадарчымі пабудовамі’ (ЛП, 153); ‘сэлішчэ’ (ТС, 26); гумно (47); 1. Вялікая халодная будыніна для складання і абмалоту збожжа. 2. Пляцоўка перад гэтай будынінай (ТСБМ, 97); асобны будынак, у якім складаюць і абмалочваюць збажыну (Сц., 41); 1) ‘двор селяніна ў мінулым, акружаны гаспадарчымі збудаваннямі’; 2) ‘гаспадарчы будынак для складвання збажыны і для малацьбы’; гумнішчэ (ТС, 236–237); загуменне (87) – ‘месца за гумнамі’ (Даль, 571); ‘загуменне’, ‘загуменье’ (ТС, 92); ‘загумеча’(НЛГ, 55); месца за гумном, за гумнамі (ТСБМ, 305); в) гаспадарчых будынкаў і збудаванняў: свіран (99) – ‘будынак з засекамі, у якім захоўваюць вымалачанае збожжа (зерне), муку’ (Сц., 45); ‘свіронок, свыронок’ (ДСБ, 201); ‘свіронак’ (НЛГ, 134); ‘свіран’ (Сцяцк., 143); ‘свірэнь’, ‘сверэнь’ (ТС, 21); свіран – амбар (БРС, 846); каморка (18); камора. 1. Халоднае памяшканне пры хаце для захоўвання запасаў ежы, адзення і іншых хатніх рэчаў. 2. Бакоўка ў вясковай хаце, дзе звычайна спяць. 3. Уст. кантрольны пункт лясніцтва; каморка. Тое, што і камора (у 1, 2 знач.) (ТСБМ, 604); ‘памяшканне пры сенях для захоўвання агародніны’; паралельна ўжываецца ‘сцёбка’ (Сцяцк, 74); каморка – комната, клетушка (БРС, 846); прыгрэбнік (265) – пабудова перад уваходам у пограб, склеп; прыгрэбка. Тое, што і прыгрэбнік (ТСБМ, 424– 425); прыгрэбка ‘надбудова з паветкай над пограбам’ (Сцяцк, 163); (Юрч., 136); ‘прыгрэбак’ (НЛГ, 120); ‘прыгрэпка’ (МСММГ, 89); ‘погреб’ (ТС, 83); прыгрэбнік – погреб абл. (БРС, 742); засторонак (94) – адгароджанае ад току месца ў гумне для складвання снапоў, саломы, мякіны (ТСБМ, 389); ‘прыстаронак’ (ДСБ, 185); г) посуду, ежы, адзення, абутку: ражка (132) – драўляная пасудзіна ў выглядзе цэбрыка з ручкай, прызначаная для розных гаспадарчых патрэб (зліваць ваду, даваць корм жывёле) (ТСБМ, 562); рашка – ‘авальная невысокая пасудзіна з клёпак, з накрыўкаю, у ёй захоўваюць сала, мяса’ (Сцяцк, 46); Руск. ряшка, дыял. ряшка, заходн. – ‘пасудзіна мыцца ў лазні’ (Даль, 135); ‘мерка для зерня, бульбы (1,5 пуда)’ (ТС, 281); ряжка – ‘пасудзіна, якая дапамагае падтрымліваюць парадак у хаце’ (ЭСРЯ, 241); ‘невялікая круглая пасудзіна з клёпак, у якой расчыняюць цеста на бліны’, ‘высокая вузкая пасудзіна з клёпак, у якой трымаюць соль’ (Сцяцк., 68); кубел (372) – дзежка з вушкамі і векам, звычайна для захоўвання прадуктаў і рэчаў; кубелец, памянш. да кубел; невялікі кубел; кубёлак, тое, што і кубелец (ТСБМ, 748); ‘пасудзіна на сала, мяса, адзенне, муку’; ‘пасудзіна з клёпак, у якой захоўваюць адзежу’ (МСММГ, 69); кубіл – ‘кадушка з векам для аховы адзежы ці сала’ (Бяльк., 110); ‘вялікая скрынка’ (ДСБ, 118); руск. (дыял.) кубел – ‘кадушка з накрыўкаю замест куфра’ (Даль, 210); скрыня (273); 1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чого-н. 2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. 3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар (ТСБМ, 185–186); скрыня (скрэня) – 1) ‘куфар’; 2) ‘вялікая чатырохвугольная драўляная пасудзіна для захоўвання збожжа’; 3) ‘збіты з дошак кузаў воза’; 4) ‘аконная ці дзвярная шуфляда’ (ДСБ, 206–207); ‘круглай формы скрынка на рукапісы’ (ЭСРЯ, 1032); скрыня – ларь; сундук; большой ящик (БРС, 863); барыла (186) – разм. заднёная з двух бакоў невялікая бочачка для напіткаў (ТСБМ, 346); ‘малая бочка’ (СБГПЗБ, 172); руск. (дыял. паўд., заходн.) барило, барилко, барилце, барилок – ‘бочка, бочачка’ (Даль, 49); торба (15) – невялікі мяшок (звычайна даматканай тканіны) (ТСБМ, 498); ‘сумка’, ‘клінок для вырабу сыра’ (ДСБ, 229); ‘мяшок’ (ТС, 144);

1) сумка, сума; 2) (символ нищеты) сума (БРС, 920); цэбар (71) – шырокая круглая драўляная пасудзіна з клёпак з двума вушкамі; цэбрык – памянш. ад цэбар; невялікі цэбар (ТСБМ, 264); ‘цэбер, цэбор, цэбарка’ (ТС, 281); ‘цэбор, цэбыр, цэбэр’ (ДСБ, 251); ‘цэбарак’ (МСММГ, 123); цэбар – ушат (БРС, 113); руск. (дыял. паўдн., курск., тамбоўск.) цебарь, цеборъ, цыбаръ – ‘вядро, якім дастаюць з калодзежа ваду’, цебръ (стар.) – ‘хлебная мера’, ‘цэбарка’ (арлоўск.) – ‘жалезнае вядро, больш шырокае ўверсе’ (Даль, 269); кулідка (110) – абл. невялікая баханка; куліда, абл. баханка (ТСБМ, 752); ‘бохан, бохон’ (Верштарт Г.Ф. Назвы хлеба на Палессі, 86); кулеш (20) – рэдкая мучная каша з салам (ТСБМ, 752); ‘малочная густая крупеня з пшана’ (ТС, 249); ‘прасяны суп’ (ДСБ, 115); кулеш – кулеш, саламата (БРС, 407); андарак (161) – саматканая паласатая або клятчастая спадніца (ТСБМ, 233); ‘самаробная суконная спадніца’ (ТС, 28); андарак – панёва (БРС, 88); балахон (39) – вопратка з парусіны палатна свабоднага крою, якую раней насілі сяляне (ТСБМ, 31); ‘няўмела сшытая, шырокая і доўгая вопратка’ (Янк, 29); жакетка (49) – разм. тое, што і жакет і з паметай “уст.” ‘верхняе кароткае мужчынскае адзенне’; пінжак; жакет – кароткая жаночая верхняя адзёжына (ТСБМ, 248); ‘жакеціна’ (НЛГ, 50); каптан (363); кафтан і каптан – даўнейшая двухбортная мужчынская і жаночая верхняя адзежына з доўгімі поламі і падоўжанымі рукавамі (ТСБМ, 667); 1) ‘пінжак’; 2) ‘кофта’; 3) ‘касцюм’ (ДСБ, 81); паддзеўка (90) – мужчынскае верхняе адзенне з гузікамі ад пляча да нізу на адным баку і са зборкамі на таліі (ТСБМ, 525); світа (33) – даўгая сялянская вопратка з сукна (ТСБМ, 94); ‘свіціна’ (НЛГ, 134); ‘світно, свытно’ (ДСБ, 201); світа – свитко, армяк, зипун (БРС, 846); споднікі (174) – доўгія споднія штаны (ТСБМ, 269); споднікі – исподники, подштанники (БРС, 846); палярына (370); 1. Кароткая круглая накідка на плечы часам з капюшонам; 2. Вялікі круглы каўнер (ТСБМ, 645); палерина (БРС, 602); пасталы (27) – даўні мяккі сялянскі абутак з цэлага кавалка скуры, які носіцца з анучамі і прывязваецца да ног аборамі (ТСБМ, 87); ‘чуні’ (НЛГ, 167); пасталы, постолы, пустолы ‘лапці з лазы; скураныя лапці’ (ДСБ, 163); лапці (19) – сялянскі абутак плецяны з лыка, бяросты ці вяровак (ТСБМ, 21); ‘лапець, лапоць’ (ТС, 11); ‘лапоткі, лапцішкі’ (НЛГ, 79).

Такім чынам, замацаваныя ў сучаснай беларускай мове на працягу стагоддзяў лексемы тыпу дамоўка, селішча, прызба, світка, бохан, споднікі і інш. без семантычных змен захаваліся ў беларускай мове і з’яўляюцца прыналежнасцю актыўнага слоўнікавага саставу; другія пашырылі свае значэнні (ражка, скрыня, кладоўка, кадушка); трэція ўстарэлі і служаць адным з выразных сродкаў стылізацыі пры стварэнні мастацкага вобраза (андарак, лапаць, кулеш, барыла, палярына, пасталы, чуні). Гэта лексіка валодае багатымі слова-і формаўтваральнымі магчымасцямі і з’яўляецца каштоўнай крыніцай папаўнення слоўніка сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Умоўныя скарачэнні

Бяльк. – Бялькевіч І.К. Краёвы слоўнік усходняй Магілёўшчыны. – Мінск: Навука і тэхніка, 1970;

БРС – Беларуска-рускі слоўнік / Пад рэд. К. Крапівы. – М.: Дзярж. выд., 1962;

Даль – Даль В. Толковый словарь живого великорусского языка: Т. 1–4. – М.: Рус. яз., 1981;

ДСБ – Дыялектны слоўнік Брэстчыны / Склад. М.М. Аляхновіч і інш. – Мінск: Навука і тэхніка, 1989;

Касп. – Каспяровіч М.І. Віцебскі краёвы слоўнік. – Віцебск, 1927;

ЛП – Лексика Полесья / Отв. ред. Н.И. Толстой. – М., 1968;

Мележ І. Людзі на балоце. Раман. – Мн.: Маст. літаратура, 1991;

МАСМ – Матэрыялы да абласнога слоўніка Магілёўшчыны / Укл. М.В. Абабурка і інш. – Мн.: Навука і тэхніка, 1981;

МСММГ – Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак / Пад рэд. М.А. Жыдовіч. – Мінск: БДУ ім. Леніна, 1977;

НЛГ – Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры / Пад рэд. У.В. Анічэнкі. – Мінск: БДУ ім. Леніна, 1983;

Сц. – Сцяцко П.У. Дыялектны слоўнік. З гаворак Зэльвеншчыны. – Мінск: БДУ ім. Леніна, 1970;

Сцяцк. – Сцяцко П.У. Народная лексіка і словаўтварэнне. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972;

ТСБМ – Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / Пад рэд. К.К. Атраховіча (К. Крапівы). – Мінск: Бел. СЭ, 1977–1984;

Юрч. – Юрчанка Г. Дыялектны слоўнік. З гаворак Мсціслаўшчыны. Мінск: Навука і тэхніка, 1976.

Аўтар: Т.М. Шчур
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы ІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20—21 кастрычніка 2011 г. / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Установа адукацыі “Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І. П. Шамякіна”; [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр: МДПУ імя І. П. Шамякіна, 2011. — С. 269—273.