Многія тэрміналагічныя сістэмы беларускай літаратурнай мовы пачалі актыўна складвацца ў 1920-я гады, калі нацыянальная мова беларусаў атрымала статус дзяржаўнай. Паслядоўная і мэтанакіраваная праца па фарміраванні навуковай тэрміналогіі пачалася стварэннем у лютым 1921 г. пры Народным камісарыяце асветы ССРБ Навукова- тэрміналагічнай камісіі. Асноўнай задачай камісіі было стварэнне і сістэматызацыя тэрміналагічных і наменклатурных назваў розных галін навукі. За непрацяглы тэрмін з 1922 па 1930 гг. выйшлі 24 выпускі Беларускай навуковай тэрміналогіі для самых розных навуковых сфер — матэматыкі, геаграфіі, хіміі, фізікі, музыкі, грамадазнаўства, права, псіхалогіі, сельскай гаспадаркі і інш. Плён працы камісіі, якая складалася з гуманітарнай, прыродазнаўчай і матэматычнай секцый, сярод іншага абумоўлены тым, што ў камісію ўваходзілі як гуманітарыі, так і прадстаўнікі дакладных і прыродазнаўчых навук. Старшынёй камісіі быў Сцяпан Некрашэвіч. У прыродазнаўчую секцыю, якую ўзначальваў фізік Леў Дашкевіч, уваходзілі географ Мікола Азбукін, прыродазнавец Язэп Каранеўскі, батанік Вітальд Міхальскі, хімік Часлаў Родзевіч, інжынер Феліцыянт Бурак. Вынікам працы прыродазнаўчай секцыі сталі некалькі выпускаў, у якіх былі прадстаўлены геаграфічныя, касмаграфічныя, батанічныя, заалагічныя, анатамічныя, глебазнаўчыя, сельскагаспадарчыя, лясныя тэрміны.
Асноўным прынцыпам пры распрацоўцы беларускай тэрміналогіі ў 1920-я гады было актыўнае выкарыстанне патэнцыяльных магчымасцей беларускай мовы. Аснову тэрміналогіі павінны былі складаць словы жывой народнай мовы, пры неабходнасці члены камісіі стваралі новыя словы (зноў жа пераважна на ўласнай моўнай базе) або запазычвалі з іншых моў.
Заалагічная тэрміналогія і наменклатура была прадстаўлена галоўным чынам у выпуску 12 «Назовы жывёл», які з’явіўся ў 1927 г. Гэты выпуск складаўся з лацінска-расійска-беларускага слоўніка, у якім змешчаны назвы 1037 прадстаўнікоў жывёльнага свету. Адзначым, што ў адрозненне ад некаторых іншых выпускаў БНТ, у назвах якіх выкарыстана слова тэрміналогія (напрыклад, «Тэрміналогія права», «Тэрміналогія грамадазнаўства», «Слоўнік глебазнаўчай тэрміналогіі», «Слоўнік хімічнай тэрміналогіі» і інш.), або тэрміны (напрыклад, «Музычныя тэрміны», «Г еаграфічныя і касмаграфічныя тэрміны», «Слоўнік лясных тэрмінаў»), у назве 12 выпуска такіх слоў няма. Гэта сведчыць пра тое, што ў ім сабраны пералік або сукупнасць назваў, тэрмінаў, што ўжываюцца ў якой-небудзь спецыяльнасці, іншымі словамі — наменклатура. Гэта і зразумела, бо ў біялогіі існуе неабсяжнае мноства аб’ектаў вывучэння, для абазначэння якіх прынята біялагічная (бінарная, бінамінальная) наменклатура — сістэма навуковых назваў на лацінскай мове ў батаніцы, заалогіі, мікалогіі і мікрабіялогіі для груп арганізмаў, звязаных роднасцю. Алфавітны пранумараваны парадак слоў у 12 выпуску БНТ вызначаўся лацінскай мовай. Таксама ў выпуск уваходзілі слоўнікі расшскіх і беларускіх тэрмінаў, у якіх кожны тэрмін суправаджаўся нумарам, адпаведным яму ў лацінска- расійска-беларускім слоўніку. Такім чынам пошук любога слова (па- беларуску, па-руску і па-лацінску) і яго адпаведнікаў рабіўся простым. У прадмове да выпуску адзначаецца, што ў ім сабраны назвы пераважна тых жывёл, што сустракаюцца на Беларусі, а таксама тых, што ўзгадваюцца ў элементарных падручніках па прыродазнаўстве [1, с. 9]. Такім чынам, гэты выпуск не прэтэндаваў на акадэмічнасць, а прызначаўся найперш для забеспячэння навучання ў сярэдняй школе і, як і многія іншыя выпускі, з’яўляўся праектам (спробай) сістэматызацыі галіновых назваў. Далей у прадмове адзначаецца, што пры стварэнні выпуску былі выкарыстаныя матэрыялы са «Словаря белорусского наречия» І. І. Насовіча (1870), «Маскоўска-Крыўскага слоўніка» Ластоўскага (відаць, маецца на ўвазе «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага (Коўна, 1924)), іншых друкаваных выданняў, матэрыялы, сабраныя А. Фядзюшыным і іншымі членамі Інбелкульта. Таксама адзначана, што гэты праект быў складзены М. Азбукіным і разглядаўся спецыяльнай Тэрміналагічнай камісіяй пры прыродазнаўчай секцыі Інбелкульта ў складзе Я. Каранеўскага, І. Серады, М. Поўзік, А. Фядзюшына і А. Яцанткоўскага. Правапіс выпуску быў перагледжаны Правапісна-тэрміналагічнай камісіяй Інбелкульта [1, с. 9]. Такім чынам, 12 выпуск БНТ быў для свайго часу найбольш поўным і аўтарытэтным зборам заалагічных назваў.
У выпуск 8 «Слоўнік лясных тэрмінаў», які выйшаў у 1926 г., сярод іншых слоў таксама ўключаныя назвы лясных жывёл. Выпуск складаецца з расійска-беларускага слоўніка, у якім 1657 пранумараваных слоў, і алфавітнага спісу беларускіх тэрмінаў, па нумарах пры якіх лёгка адшукаць гэтыя ж словы ў перакладным слоўніку. У прадмове адзначаецца, што слоўнік складзены Тэрміналагічнай камісіяй лясной падсекцыі Інбелкульта, у якой працавалі члены падсекцыі Я. Троська, Я. Шамоль, А. Хацяновіч, Ч. Бялюнас і П. Санько. Таксама адзначаецца, што «слоўнік выдаецца ў дыскусійным парадку», г. зн., як і іншыя, з’яўляецца праектам «з прычыны таго, што пры ўкладанні гэтага слоўніка нельга было шырока выкарыстаць народныя назвы». Падкрэсліваючы недасканаласць прапанаванага матэрыялу, аўтары адзначаюць, што распачата праца па зборы матэрыялу для поўнай навуковай беларускай лясной тэрміналогіі паводле складзенай для гэтага інструкцыі, і заклікаюць лясных спецыялістаў дапамагчы ў зборы патрэбнага матэрыялу, у тым ліку з мэтай праверкі змешчаных у слоўніку тэрмінаў [1, с. 424].
Але не толькі намаганнямі членаў Навукова-тэрміналагічнай камісіі ў 1920-я гады складвалася і сістэматызавалася беларуская тэрміналогія. У распрацоўцы заалагічнай тэрміналогіі нельга не адзначыць дзейнасць ужо згаданага раней Анатоля Уладзіміравіча Фядзюшына — прафесара, доктара біялагічных навук, выдатнага заолага, заснавальніка беларускай заалагічнай школы, першага загадчыка кафедры заалогіі біялагічнага факультэта БДУ, арганізатара і ўдзельніка навуковых экспедыцый па вывучэнні фаўны Беларусі. Акрамя шматлікіх прац у галіне заалогіі, яму належыць «Спіс назваў птушак і некаторых рыб» (Мінск, 1925). Гэта невялікі лацінска-руска-беларускі слоўнік, у якім прадстаўлена 141 назва. У беларускай частцы сабраны «мясцовыя назовы» з указаннем, дзе яны сустракаюцца (напрыклад, Меншчына, Случчына, паўночная частка Барысаўшчыны, Лепельскі павет, Рэчыцкі павет, Шацкі раёні г. д.).
Цікавы матэрыял «Наменклатура беларускіх птушак» быў падрыхтаваны Т. Іваноўскім, В. Ластоўскім, П. Дуж-Душэўскім (надрукаваны ў № 1 часопіса «Крывіч» за 1924 г.). У ім прадстаўлена 199 назваў птушак, якія найчасцей трапляюцца на Беларусі. Звесткі для публікацыі былі ўзяты з выданняў ХІХ — пачатку ХХ ст., а таксама з уласных запісаў Т. Іваноўскага. Назвы птушак згрупаваныя ў 12 атрадаў (напрыклад, «хіжацкія птахі», «вераб’іныя птахі», «галубіныя птахі», «курыныя птахі», «бацяновыя птахі», «нырчакі» і г. д.), у межах якіх ёсць класіфікацыя па сем’ях. Усе назвы пададзеныя ў выглядзе лацінска-руска-беларускага слоўніка. У матэрыяле згадваецца пра даследаванне птушак беларускага Палесся польскім арнітолагам Янушам Даманеўскім, а таксама адзначаецца, што многія беларускія назвы птушак увайшлі ў польскую і расійскую наменклатуру, бо «лясістая і балоцістая Беларусь была асяродкам птушынага царства» [5, с. 48].
Такім чынам, праца па распрацоўцы і сістэматызацыі заалагічнай тэрміналогіі ў 1920-я гады вялася рознымі навукоўцамі. На думку М. Ф. Г уліцкага, тэрміны, якімі вызначаліся флора і фаўна, былі выяўлены адносна поўна. Плён праведзенай працы дазваляе сцвярджаць, што «за адносна кароткі час беларуская тэрміналагічная лексікаграфія мела выключныя поспехі» [4, с. 137]. Напрацоўкі таго часу стварылі патрэбныя ўмовы і далі магчымасць для абслугоўвання ўсіх сфер жыцця беларускай навуковай тэрміналогіяй.
Літаратура
- Беларуская навуковая тэрміналогія: Вып. 8. Слоўнік лясных тэрмінаў. — Менск, 1926. (Факсімільнае перевыданне 2010 г.)
- Беларуская навуковая тэрміналогія: Вып. 12. Назовы жывёл. — Менск, 1927. (Факсімільнае перевыданне 2010 г.)
- Запрудскі, С. М. Беларускае мовазнаўства і развіццё беларускай літаратурнай мовы :1920-1930-я гады / С. М. Запрудскі. — Мінск: БДУ, 2013. — 367 с.
- Гуліцкі, М. Ф. Беларуская савецкая тэрміналагічная лексікаграфія (20-30-я гады) / М. Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. Вып. 7 / Гомел. дзярж. ун-т. — Мінск: Выд-ва БДУ, 1980. — С. 131-138.
- Іваноўскі, Т. Наменклатура беларускіх птушак / Т. Іваноўскі, В. Ластоўскі, П. Дуж-Душэўскі // Крывіч. — № 1. — С. 48-59.
- Фядзюшын, А. У. Спіс назваў птушак і некаторых рыб: матэрыялы да бел. нар. заалаг. тэрміналогіі / А. У. Фядзюшын. — Менск, 1925. — С. 188-196. (Адбітак з «Навуковага зборніка Інстытута беларускай культуры» за 1925 г.).
Аўтар: А.В. Губкіна
Крыніца: Беларускае слова: тэрміналогія і тэрміназнаўства: зборнік артыкулаў па матэрыялах навуковых чытанняў, прысвечаных 70-годдзю з дня нараджэння прафесара Л. А. Антанюк, Мінск, 26 красавіка 2019 г. / БДУ, Філалагічны фак., Каф. беларускага мовазнаўства, Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Каф. дзяржаўнага кіравання сацыяльнай сферай і беларусазнаўства, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі ; [рэдкал.: М. І. Свістунова (адк. рэд.) і інш. ; пад агул. рэд. праф. М. Р. Прыгодзіча]. — Мінск: БДУ, 2020. — С. 52-56.