Рана радаваліся: у Гомелі з’явіліся вуліцы Ламаносава і Абеля, але не Быкава і Караткевіча

0
1248
Бюст Ламаносава ў Гомелі - у новым раёне горада Касцюкоўцы. А Уладзімір Караткевіч не будзе мець вуліцы, названай у свой гонар
Бюст Ламаносава ў Гомелі

Галоўны тэлеканал краіны «Беларусь-1» паведаміў 3 снежня, што ў Гомелі з’явіліся вуліцы імя Васіля Быкава і Ўладзіміра Караткевіча. Навіну падхапіў шэраг рэгіянальных інфармацыйных рэсурсаў, у тым ліку і сайт абласной газеты «Гомельская праўда».

Паведамлялася, што ў былым рабочым пасёлку Касцюкоўка, які сёлета афіцыйна стаў адным з мікрараёнаў Гомелю, рашэннем гарсавету дэпутатаў перайменавана каля двух дзясяткаў вуліц. Сярод іншых з’явіліся, маўляў, вуліцы імя Кірылы Тураўскага, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава. Але ўжо 7 снежня навінавыя сайты сталі здымаць гэтую інфармацыю, бо яна не адпавядала рэчаіснасці.

 

Будынак колішняга пасялковага савету ў Касцюкоўцы (у Гомелі)
Будынак колішняга пасялковага савету ў Касцюкоўцы

Дэпутат гарсавету па Касцюкоўскай выбарчай акрузе № 9 Уладзімір Радчанка заяўляе, што не памятае, каб вуліцам давалі імёны Быкава й Караткевіча. Вось што вуліцу Светлагорскую пераназвалі ў імя заснавальніка гуртка арыгінальнага жанру Валерыя Абеля, які стаў пасля заслужаным аматарскім цыркавым калектывам, — гэта ёсць. І вуліцу Гомельскую перайменавалі ў гонар Міхаіла Ламаносава, бо нібыта надта ж прасілі работнікі ААТ «Гомельшкло». Некалі сам шклозавод насіў яго імя, потым яно адпала як рудымент савецкай эпохі, а бюст Ламаносаву застаўся стаяць пры будынку дырэкцыі прадпрыемства.

«Хто і адкуль узяў інфармацыю пра вуліцы Быкава і Караткевіча, я не ведаю, — тлумачыць галоўная спецыялістка гарсавету Аксана Петрачэнка. — Рашэнне пра перайменаванне вуліц у Касцюкоўцы прыняла сэсія гарсавету 29 лістапада. Яно накіравана на рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі і пасля будзе апублікаванае. Пра наданне вуліцам імёнаў Быкава, Караткевіча ці Кірылы Тураўскага ў рашэнні гарсавету нічога няма. Былі такія прапановы падчас грамадскага абмеркавання, але канчатковы выбар рабілі жыхары Касцюкоўкі. Дэпутаты толькі ўзаконілі прапановы».

 

Вуліцы Касцюкоўкі
Касцюкоўка

Кіраўнік абласнога аддзялення Саюзу беларускіх пісьменнікаў Анатоль Бароўскі так пракамэнтаваў сітуацыю:

«Вельмі прыкра, што гарсавет не прыслухаўся да прапаноў даць вуліцам імёны Быкава й Караткевіча. Касцюкоўка, можа, і не самае лепшае месца, дзе мусяць быць такія вуліцы, але ўжо калі пераймяноўваць, то пра беларускі складнік ніяк забываць нельга. Ну якое дачыненне да Касцюкоўкі мае расійскі псеўданавуковец Ламаносаў? Аніякага! Бяда ў тым, што ўладныя структуры ў краіне так і застаюцца „савецкімі“, а не беларускімі».

Не адважыліся дэпутаты надаць хоць якой вуліцы імя барона Нолькена, якому пасёлак Касцюкоўка абавязаны сваім існаваннем.

Зрэшты, на адной з інтэрнэт-мапаў Касцюкоўкі вуліцы перайменавалі яшчэ да рашэння гарсавету.