Рака Ненач

0
388
Рака Ненач

Едучы да сяброўкі ў Мазырскі раён, заўважыла на паказальніку назву — рака Ненач. Такое цікавае найменне, быццам спалучэнне часціцы з назоўнікам — не ноч. А адкуль насамрэч паходзіць гэта назва?
Таццяна, Мінск

Рака Ненач мае павольнае цячэнне, паколькі працякае ў асноўным па нізінах Прыдняпроўскага і Мазырскага Палесся. Менавіта павольны характар цячэння ў далёкім мінулым і знайшоў адлюстраванне ў назве ракі. Назва, верагодна, узнікла яшчэ ў той час, калі на тэрыторыі Беларусі да прыходу славян жылі балты. У аснову рачнога наймення было пакладзена латышскае слова nakt у значэнні ісці. З адмоўем не гэта слова абазначала адсутнасць руху, а дакладней, павольнасць цячэння. У літоўскай мове існуе слова nokti ў значэнні бачыць. З адмоўем не ўзнікае супрацьлеглае значэнне. У сувязі з гэтым можна дапусціць і іншую матывацыю назвы: берагі ракі былі парослыя расліннасцю і рака не была бачная. Або месцамі рака працякала па балотах, і з гэтай прычыны яе берагі не былі выразна акрэслены. На тэрыторыі Беларусі ў басейне Дняпра сустракаюцца рэкі з назвай Нача (прыток ракі Лань, прыток ракі Бобр), якія маюць такое ж паходжанне.

Адказаў Ігар Капылоў, вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі