Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя (21-26 лютага 1944 г.) — чарговы этап вызвалення Гомельшчыны ад германскіх акупантаў

0
337
Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя (21-26 лютага 1944 г.) — чарговы этап вызвалення Гомельшчыны ад германскіх акупантаў

Пасля завяршэння Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі намаганні Беларускага фронту (з 17 лютага — 1-ы Беларускі фронт) па загаду Стаўкі ВГК былі перанесены на свой правы фланг. Тут дыслацыравалася рагачоўска-жлобінская групоўка нямецкіх войскаў 9-й і частка сіл 4-й армій. Праціўнік валодаў таксама двума ўмацаванымі абарончымі палосамі і магутнымі вузламі супраціўлення ў Рагачове і Жлобіне. Для разгрому гэтай групоўкі праціўніка і стварэння спрыяльных умоў для наступлення на бабруйскім напрамку было спланавана правядзенне Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі (21-26 лютага 1944 г.). Да аперацыі прыцягваліся 3-я і 48-я арміі, частка сіл 50-й арміі, а таксама авіяцыя 16-й паветранай арміі. Асноўная роля адводзілася войскам 3-й арміі, якая мела задачу нанесці ўдар з поўначы ў абход Рагачова, авалодаць ім і далей развіваць наступ на Бабруйск. У адпаведнасці з тэлеграмай камандуючага фронтам генерала К.К. Ракасоўскага ад 13 лютага 1944 г. 3-й арміі перадавалася паласа 63-й арміі разам з войскамі. У дырэктыве, якая паступіла ў штаб 3-й арміі 18 лютага 1944 г., ставіліся задачы войскам аб’яднання на правядзенне аперацыі. Галоўнай мэтай наступлення арміі вызначалася авалоданне горадам і станцыяй Жлобін [1, с. 517; 2, с. 811; 3, с. 135-136].

У паласе наступлення 3-й арміі Сялец-Халапееў — Праскурня яе войскам супрацьстаялі сем нямецкіх дывізій: адна авіяпалявая, тры пяхотныя і тры ахоўныя. Абарончыя збудаванні праціўніка складаліся з дзвюх-трох, а ў некаторых месцах — з чатырох-пяці траншэй. Другі абарончы рубеж праходзіў па беразе р. Друць. Сур’ёзнай перашкодай на шляху савецкіх войскаў быў Днепр. Даліна ракі мела шырыню 2,5-3 кіламетры, таўшчыня лёду ў асноўным рэчышчы не перавышала 12 сантыметраў, і на ім мелася шмат палонак. Днепр прыкрывалі супрацьтанкавыя рвы з агнявымі кропкамі праціўніка [3, с. 136].

Адначасова з наступленнем 3-й арміі, якая знаходзілася справа ад 48-й арміі, неабходна было нанесці ўдар у напрамку Парычы — Бабруйск уздоўж правага берага Бярэзіны, а 50-й арміі ставілася задача весці наступлене з поўдня і авалодаць раёнам Быхава. На кірунку галоўнага ўдару 3 -я армія значна пераўзыходзіла нямецкія войскі: у гарматах і мінамётах — у 8 разоў, у танках і самаходных артылерыйскіх устаноўках — у 3 разы.

Рагачоўска-Жлобінская аперацыя разгарнулася раніцай 21 лютага 1944 г. наступленнем войскаў 3-й арміі з мяжы Шапчыцы (23 кіламетры на паўночны ўсход ад Рагачова) — Гадзілавічы. За тры гадзіны наступальных дзеянняў дывізіі першага эшалона авалодалі дзвюма-трыма траншэямі і вызвалілі некалькі населеных пунктаў. Агнявыя сродкі праціўніка стваралі значныя цяжкасці прасоўванню пяхоты, за наступленнем якой не паспявалі падцягваць гаўбіцы і гарматы. Дасягнуўшы заходняга берага Дняпра, 36-ы танкавы полк з вялікімі цяжкасцямі атакаваў праціўніка ў вёсцы Мадора, аднак 6 савецкіх танкаў з 16 былі падбіты. З гэтай прычыны танкісты былі вымушаны адысці ў глыбіню пазіцый ударнай групы. Да таго ж баявыя парадкі арміі ў першы дзень аперацыі бамбіла авіяцыя праціўніка трыма групамі ад 9 да 18 самалётаў. У такой сітуацыі вялікую дапамогу перадавым воінскім часцям аказвалі загадзя падрыхтаваныя артылерыйскія групы, якія паспяхова вялі агонь па ворагу з захопленых у яго гармат. З увядзеннем у бой дывізій і палкоў другога эшалона тэмпы наступлення войскаў 3 -й арміі павысіліся. Савецкія воіны выйшлі на мяжу Ніжняя Тошчыца — Баравуха — Мадора, прасунуўшыся на 6 кіламетраў. За дзень аперацыі часці і злучэнні арміі захапілі плацдарм на 14 кіламетраў па фронце і 6 кіламетраў у глыбіню, знішчылі да 1100 нямецкіх салдат і афіцэраў, захапілі 63 палонных, 8 гармат, 50 кулямётаў і 16 мінамётаў. Аднак прарваць тактычную глыбіню гітлераўцаў ударнай групе не ўдалося. Адначасова ў напрамку райцэнтра Парычы вялі наступальныя дзеянні левафланговыя часціі 48-й арміі, якія пераадолелі за дзень 2 кіламетры і выйшлі на мяжу Сасноўка — Паганцы — Міхайлаўка [3, с. 137; 4, с. 184].

З-за пагрозы прарыву сваёй абароны камандаванне 9-й нямецкай арміі перакінула ў раён баёў дадатковыя сілы: з раёна Петрыкава — 5-ю танкавую дывізію, з-пад Віцебска — 20-ю танкавую дывізію. З прычыны нізкай воблачнасці авіяцыя 16-й паветранай арміі не выявіла гэты манеўр і не змагла перашкодзіць іх прасоўванню да лініі фронту. У такой сітуацыі для забеспячэння правага флангу 3-й арміі генерал арміі К. К. Ракасоўскі паставіў задачу камандуючаму 50-й арміяй з раніцы 22 лютага 1944 г. перайсці ў наступленне сіламі не менш трох стралковых дывізій, аператыўна пераправіцца праз Днепр у раёне на поўнач ад вёскі Сялец-Халапееў і нанесці ўдар у паўночным і паўночна-заходнім напрамку [3, с. 138].

У адпаведнасці з загадам камандуючага фронтам раніцай 22 лютага 1944 г. левафланговы 121-ы стралковы корпус 50-й арміі перайшоў у наступ, фарсіраваў Днепр і авалодаў на заходнім беразе ракі пяццю населенымі пунктамі. Савецкія воіны падчас прасоўвання падвергнуліся моцнай контратацы праціўніка сілай да батальёна пяхоты з 20 танкамі і самаходнымі ўстаноўкамі і да канца дня вялі бой каля населенага пункта Тайманава за 12 кіламетраў на поўдзень ад Быхава. Цяжкія баі давялося весці часцям 283-й стралковай дывізіі, вымушаным з-за контратак праціўніка адысці на ранейшы рубеж. За два дні баёў войскі 41-га стралковага корпуса знаходзіліся ў раёне населенага пункта Шчыбрын за 4 кіламетры на паўночны ўсход ад Рагачова, а частка сіл 5-й стралковай дывізіі размяшчаліся каля Жыліхаўкі за 20 кіламетраў на паўночны ўсход ад Рагачова. Да канца дня 22 лютага 1944 г. ударная групоўка 3-й арміі, пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, завяршыла прарыў тактычнай абароны і тым самым стварыла перадумовы для авалодання райцэнтрам Рагачоў [3, с. 138; 4, с. 186].

Працягваючы наступальныя дзеянні, частка сіл правага флангу 3-й арміі ўвечары 23 лютага ўжо знаходзіліся за адзін кіламетр на поўнач ад Рагачова. Войскі 80-га стралковага корпуса, пераадольваючы ўпартае супраціўленне пяхоты і танкаў 31-й пяхотнай, 221-й ахоўнай дывізій і перакінутай на падмацаванне 4-й танкавай дывізіі, вызвалілі населеныя пункты Лазарэвічы і Віляхаўка. Пры авалоданні станцыяй Тошчыца савецкія воіны адбілі шэсць контратак праціўніка. Уведзены ў бой 40-ы стралковы корпус, які ўваходзіў у склад другога эшалона, нягледзячы на моцнае супрацьдзеянне часцей 5-й танкавай дывізіі вермахта, да канца дня выйшаў да р. Друць на ўчастку Азяраны — Верычаў. У выніку паспяховага наступлення ўдарнай групы 3 -й арміі праціўнік у сярэдзіне дня 23 лютага 1944 г. пачаў адыход часцямі 6-й і 296-й дывізій з плацдарма на ўсходнім беразе Дняпра на ўсход ад Рагачова і Жлобіна. У новай баявой абстаноўцы 169-я стралковая дывізія і 115-ы ўкрэпраён, пераследуючы праціўніка, выйшлі на мяжу Збораў (4 кіламетры на ўсход ад Рагачова) — Ходасавічы — Аляксандраўка і далей па ўсходнім беразе Дняпра [3, с. 137; 4, с. 189].

Разам з актыўнымі наступальнымі дзеяннямі 3 -й арміі ў раёне Рагачова, станцыі Тошчыца і р. Друць 50-я армія часцямі свайго левафланговага 121-га корпуса вяла бой па пашырэнні плацдарма на заходнім беразе Дняпра за 15 кіламетраў на поўдзень ад Быхава, дзе авалодала населеным пунктам Адаменка. Сур’ёзныя перашкоды на шляху прасоўвання часцей арміі стварала нямецкая авіяцыя, якая бамбіла баявыя парадкі войск групамі ў складзе ад 12 да 35 самалётаў. Наступ войск левага флангу 48-й арміі ў напрамку райцэнтра Парычы развіцця не меў з-за моцнага агнявога супраціўлення і пастаянных контратак гітлераўцаў [4, с. 189].

Значным поспехам наступлення 3-й арміі стала вызваленне штурмам у ноч 24 лютага 1944 г. г. Рагачова і ўзяцце пад кантроль участка чыгункі Жлобін — Магілёў. У гэтых баях асабліва вызначыліся 120-я гвардзейская і 169-я стралковыя дывізіі са складу 41-га стралковага корпуса пад камандаваннем генерала-беларуса В. К. Урбановіча. Разам з гэтымі злучэннямі важкі баявы ўклад у вызваленне горада ўнеслі 40 -я знішчальна-супрацьтанкавая артылерыйская брыгада, 13-я зенітная артылерыйская дывізія, 2-я штурмавая інжынерна-сапёрная брыгада, 282-я і 283-я знішчальныя авіяцыйныя дывізіі, 241-я і 271-я начная бамбардзіровачныя авіяцыйныя дывізіі. За вызваленне горада загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 26 лютага 1944 г. ганаровага звання «рагачоўскіх» былі ўдастоены 13 злучэнняў і часцей [1, с. 518; 5, с. 207].

Перакід германскім камандаваннем для процідзеяння наступленню ўдарнай групы 3-й арміі сваіх аператыўных рэзерваў, павелічэнне колькасці контратак гітлераўцаў і ўзросшая актыўнасць нямецкай авіяцыі прыкметна ўскладнілі прасоўванне савецкіх войск. Нягледзячы на 35 контратак, праведзеных праціўнікам 24 лютага 1944 г. сіламі ад роты да батальёна пяхоты, падтрыманых танкамі і бамбардзіровачнай авіяцыяй, войскі 3 -й арміі прасунуліся за дзень на 6 кіламетраў, ачысцілі ад праціўніка ўсходні бераг Дняпра на ўчастку ад Рагачова да Жлобіна. Пры гэтым 80-ы корпус, наступаючы ўздоўж чыгункі Рагачоў — Быхаў, выйшаў на рубеж населеных пунктаў, размешчаных за 15-18 кіламетраў на поўдзень і паўднёвы захад ад Быхава. Частка сіл 40-га стралковага корпуса фарсіравала р. Друць і вяла баявыя дзеянні ў раёне вёскі Азяраны за 16 кіламетраў на паўночны захад ад Рагачова. 41 -ы стралковы корпус, які дзейнічаў на напрамку галоўнага ўдару, пасля вызвалення Рагачова выйшаў на мяжу Новыя Канапліцы — Блізняцы — Каласы. Пасля ачышчэння ад праціўніка ўсходняга берага Дняпра на поўдзень ад Рагачова і на ўсход ад Жлобіна 115-ы ўкрэпраён часткай сіл фарсіраваў раку і адбіваў атакі непрыяцеля ў раёне вёскі Малыя Рогі. У цэлым савецкія часці і злучэнні, працягваючы актыўныя дзеянні перадавымі атрадамі па захопе плацдармаў на правым беразе Друці, змаглі прасунуцца ад 2 да 7 кіламетраў. За дзень бязлітасных баёў з праціўнікам асабовы склад 3-й арміі знішчыў да 2500 нямецкіх салдат і афіцэраў, падбіў 16 танкаў і 4 самаходныя ўстаноўкі, захапіў 80 палонных, 13 танкетак з іх 11 спраўных, 17 мінамётаў, адзін эшалон з боепрыпасамі, 3 склады з ваеннай маёмасцю. За чатыры дні Рагачоўска-Жлобінскай наступальнай аперацыі войскі 3-й арміі ліквідавалі плацдарм на ўсходнім беразе Дняпра, авалодалі плацдармам на заходнім беразе Дняпра плошчай 60 на 30 кіламетраў і невялікім плацдармам у раёне р. Друць. Савецкія воіны таксама вызвалілі Рагачоў, перарэзалі чыгунку Жлобін — Магілёў, захапілі 18 танкаў і 5 самаходных установак, 22 бронемашыны, 170 гармат і мінамётаў, 300 кулямётаў, 102 аўтамашыны, узялі ў палон шмат нямецкіх салдат і афіцэраў [3, с. 139; 4, с. 192].

У наступальных баях на правым беразе Дняпра 24 лютага 1944 г. войскі 50-й арміі, пераадольваючы ўпартае супраціўленне праціўніка, прасунуліся на 4 кіламетры і авалодалі населенымі пунктамі Новы Быхаў і Печышча. У той жа дзень часці дзвюх дывізій 48 -й арміі перайшлі ў наступленне на ўчастку Яшчыцы — Вуглы — за 10 кіламетраў на паўночны ўсход ад пасёлка Шацілкі. Левафланговыя часткі пры наступленні на Парычы былі сустрэты моцным агнявым супраціўленнем і контратакамі праціўніка, з-за чаго мелі нязначнае прасоўванне толькі на асобных участках [4, с. 192].

Сканцэнтраваўшы на Бабруйскім напрамку значныя сілы, праціўнік здолеў арганізаваць моцны супраціў савецкім войскам. Колькасць акупацыйнай групоўкі, якая супрацьстаяла войскам правага крыла 1-га Беларускага фронту, да 25 лютага 1944 г. вырасла больш чым удвая. Гэта сведчыла пра тое, што камандаванне групы армій «Цэнтр» мела намер затрымаць прасоўванне савецкіх войскаў і не дапусціць іх выхаду ў тылы сваёй быхаўскай групоўкі. Так, за 25 лютага войскі 3 -й арміі адбілі 30 контратак. Пасля неаднаразовых спробаў авалодаць апорнымі пунктамі праціўніка ў раёне Касцяшоў і Каласы 41 -ы стралковы корпус быў адведзены на ўсходні бераг р. Друць. З гэтай жа прычыны 159-я стралковая дывізія была адведзена ад вёскі Лучын у раён населенага пункта Культура. На ранейшых рубяжах змагаліся 115-ы ўкрэпраён, 40-ы і 80-ы стралковыя карпусы. За дзень бязлітасных баёў часці арміі знішчылі да 1800 салдат і афіцэраў, падбілі 16 танкаў і самаходных гармат, захапілі 12 палонных, 4 мінамёты, 6 кулямётаў і 230 вінтовак. Практычна на ранейшых пазіцыях заставаліся войскі 50-й арміі, а часці 48-й арміі, працягваючы наступальныя баі, авалодалі населеным пунктам Сасноўка за 15 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад райцэнтра Парычы [3, с. 139; 4, с. 192].

Ацаніўшы баявую абстаноўку ў паласе дзеяння ўдарнай групы, Ваенны савет 3-й арміі прыняў рашэнне перайсці да трывалай абароны. Нягледзячы на нязгоду з гэтым рашэннем камандуючага 1-м Беларускім фронтам генерала арміі К. К. Ракасоўскага, які патрабаваў працягваць наступленне на Бабруйск, Стаўка ВГК загадала завяршыць Рагачоўска-Жлобінскую аперацыю. За шэсць дзён баёў злучэнні і часці 3-й арміі фарсіравалі дзве водныя перашкоды — Днепр і Друць, прасунуліся амаль на 30 кіламетраў, аднак не вырашылі цалкам задач наступлення.

У выніку Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі быў ліквідаваны плацдарм праціўніка на левым беразе і захоплены плацдарм на правым беразе Дняпра. Палепшанае ў гэтай сувязі аператыўнае становішча правага крыла фронту стварыла спрыяльныя ўмовы для наступнага ўдару па ворагу на Бабруйскім напрамку. Не дазволілі развіць поспех наступлення значныя страты савецкіх войскаў у жывой сіле і тэхніцы, малаколькаснасць складу стралковых дывізій і недахоп рэзерваў, а таксама занадта расцягнутыя камунікацыі. Агульныя страты войск 1-га Беларускага фронту за шэсць дзён наступальных дзеянняў — 31 277 чалавек, з іх беззваротныя — 7164 [3, с. 139; 6, с. 137; 7, с. 232-233; 8, л. 377].

Такім чынам, падчас студзеньска-лютаўскіх баёў 1944 г. войскі 1-га Беларускага фронту дасягнулі пэўных баявых поспехаў, аднак развіць наступленне ў напрамку Бабруйска, Мінска, Лунінца не змаглі.

Спіс літаратуры

  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945. — Мінск, 1990.
  2. Ваенная энцыклапедыя Беларусі / рэдкал.: Л. У. Языковіч (гал. рэд.) [і інш.] — Мінск, Беларус. энцыкл. імя П. Броўкі, 2010. — 1136 с.
  3. Великая Отечественная война 1941-1945 годов. В 12 т. Т. 4. Освобождение СССР. 1944 год. — М., 2012.
  4. Великая Отечественная война — день за днём (по материалам рассекреченных сводок Генерального штаба Красной Армии). — Т. 7. — М., 2010.
  5. Освобождение городов: справочник по освобождению городов в период Великой Отечественной войны. — М., 1985.
  6. История Второй мировой войны 1939-1945. В 12 т. Т. 8. — М.: Воениздат, 1977. — 636 с.
  7. Рокоссовский, К. К. Солдатский долг / К. К. Рокоссовский. – Минск: Беларусь, 1984 — 349 с..
  8. Центральный архив Министерства обороны Российской Федерации. — Ф. 33. — Воп. 793756. — Спр. 6. — Л. 377.

Аўтар: А.А. Крыварот
Крыніца: Векапомныя дні вызвалення: материалы Респ. науч.-практ. конф., посвященной 75-летию осовобождения Беларуси от немецко-фа­шистских захватчиков (Гомель, 2 мая 2019 г.) / под общ. ред. Е. Г. Кири­ченко; М-во трансп. и коммуникаций Респ. Беларусь, Белорус, гос. ун-т трансп. — Гомель: БелГУТ, 2019. — С. 136-141.