Рагачоў. Назва паводле легендаў і паданняў

0
248
Рагачоў горад

Нашы продкі слаўныя былі ва ўсіх справах — і ў працы, і ў баявых паядынках. Вылучаліся сярод іх асілкі-дружыннікі, якіх нараджалася нямала. А дружыны вялі за сабой ваяводы, уласным прыкладам паказвалі ўзоры храбрасці і гераізму, самаадданага служэння роднаму краю. З тых далёкіх часоў згадваюць аднаго такога слаўнага сына Беларусі — ваяводу Рогача.

Хто яго ведае, чаму менавіта такую мянушку меў вой. Некаторыя сцвярджалі, што ягоныя ўладанні былі недзе на рагу, ля рэчкі вялікай і паўнаводнай — Дняпра, ці ля Друці, іншыя даводзілі, што яго так празвалі весельчакі-ваяры за тое, што ён рагачом звычайным з двума сапернікамі біўся і абодвух перамог і прымусіў уцякаць.

Як бы там ні было, але Рогач і сапраўды быў нораву надзвычай вясёлага. Здаралася, едзе сабе паперадзе вояў і паглядвае па баках. А галава без шалома, яго ён накідваў толькі падчас бітвы, валасы пышныя па плячах распусціліся, плечы здаравенныя ў кальчугу забраныя. Тупоча магутны конь, сядзіць на ім не меней магутны гаспадар і нешта бязгучна губамі шапоча. Потым акінецца на сваіх дружыннікаў і гукне:

Хлопцы! А ці памятаеце, як мы тут непадалёку біліся?
— Было б што згадваць.
— Хіба ж не весела было глядзець, як чужынцы ў балоце катурхаліся?
— Яшчэ як.
— А памятаеце, як мы ўсё хітра прыдумалі?
— Так.
— I страт тады амаль не мелі.
— Некалькі параненых ды сотнік з каня зляцеў і азадкам на смаловы корч напароўся.
— Во ўжо крычаў! Гарлаў так, што нават не чуваць было, як ворагі паратунку прасілі!
— Каб не сотнікаў крык, дык чужынцаў тых прыйшлося б доўга ў балота гнаць. А так яны самі панесліся ў непралазную твань. Усё перамяшалася: коні, людзі, стогны, праклёны, енкі.
— А па-над усім гэтым — сотнікаў голас.

Весела смяяліся дружыннікі, пагігікваў, седзячы ў сядле, здаравіла-сотнік, трэсліся плечы ад смеху ў Рогача.

Справа набліжалася да вечара. Рогач паклікаў да сябе дзесятніка, які высылаў людзей на разведку:

— Ну?
— Усё ціха, ваявода.
— А далёка правяралі?
— Далекавата.
— Усе разведчыкі вярнуліся?
— Не. Трое яшчэ не прыскакалі, але я іх паслаў далей за астатніх і крыху ўбок, каб там праверылі. Застава наша там не прыслала пасланца. Яго яшчэ ўчора чакалі.
— Чаму ж мне не паведаміў?
— Я прыходзіў, але вы адпачывалі. Князь якраз стаяў, то ён і распытаў, што да чаго, і сказаў, каб не хваляваліся, што пасланец, можа, запозніўся па нейкай патрэбе.
— Хто яго ведае…
— Таму і паслаў у той бок траіх, каб самі прасачылі, што ды як.
— Можа, трэба было болей людзей паслаць?
— Яно-то і так, але калі болей віжоў пасылаеш, то рызыкуеш тым, што іх лягчэй высачыць.
— Зразумела. То будзем на начлег спыняцца. Заўтра да вечара павінны да нашага замка ўмацаванага прыехаць, там надаўжэй спынімся.
— Нешта на душы шкрабе. Нейкае прадчуванне ў мяне дурное.

Рогач раптоўна павярнуўся да дзесятніка:

— Чаго б гэта?
— Не ведаю.
— А ты прадчуванням верыш?
— Я людзям веру.
— Людзям? — перапытаў ваявода.
— Так, сваім хлопцам, яны мне лепей за ўсялякія прадказанні і прадчуванні. Зробяць справу на «выдатна», можна і не перажываць, а тут не магу нічога сказаць. Мала які чалавек здольны зазірнуць хоць на пару дзён наперад. Усе мы смяротныя і жывём днём адзіным… Тут наперадзе будзе невялічкая лагчына. Ручай працякае, кустоўе густое. Месца прыдатнае для начлегу, і здалёк відаць, калі што якое.
— Сам ужо праглядваў?
— Так, ездзіў з хлопцамі, пашнырылі навокал. Усё чыста вёрст на пяць.
— Там і спынімся. Табе я давяраю, як нікому болей.

Дзесятнік паехаў шпарчэй і неўзабаве з некалькімі вершнікамі знік за пагоркам, а Рогач стаў услухоўвацца ў тое, пра што гаманілі дружыннікі. Воі, у пераважнай большасці маладыя, і тут гаманілі пра жанчын. Гэтую тэму любы з іх гатовы быў працягваць нават сярод ночы.

Жанчыны яны, брат, розныя бываюць, — павучаў старэйшы дружыннік малодшага.
Якія? — прыкідваючыся дурнем, перапытаў той.
— А ты і не ведаеш?
— Не.

Навокал зарагаталі, але хутка прыціхлі, бо кожнаму хацелася пачуць, што сябрукі будуць гаманіць далей.

— Ну, то якія яны? — запытаўся малады дружыннік.
Эх ты…
— Сам не ведаеш, а толькі пахваляешся!
— Я?
— Ты!
— Ды… вялікія і малыя яны!

Рогат разлёгся такі, што, здавалася, зарагаталі нават коні, якім даспадобы прыйшоўся такі адказ. А пра дружыннікаў ужо і гаварыць не даводзілася. Некаторыя пазлазілі з коней і беглі побач з імі ці ўвогуле качаліся па траве.

Рогач смяяўся разам з усімі, потым моцна, каб перакрычаць шум, загадаў:

— Хлопцы, зараз на начлег спыняемся!

Такі загад выклікаў яшчэ большае ажыўленне, бо кожнаму ўжо надакучыла цэлы дзень гойдацца ў сядле, хацелася прысесці ці прылегчы і спакойна аддацца сну.

Сконіліся хутка, нацягалі сухога ламачча, і неўзабаве ўспыхнулі невялічкія вогнішчы. Здавалася, што нават дыму ад іх не было, не гаворачы ўжо пра полымя. Усё ўмелі рабіць умелыя рукі, прызвычаеныя шматлікімі паходамі. Варылі есці і размаўлялі. Ахова, само сабой, была выстаўлена з усіх бакоў. Хоць тут была і свая зямля, але пільнасць, ды яшчэ вайсковым людзям, яна ніколі не перашкаджала. Колькі разоў вось так выратоўваліся ад нечаканай навалы і адбіваліся.

Ваявода паклікаў сотнікаў, якіх і было ўсяго двое, бо ў гэты паход выбралася не ўся дружына. Вырашыў перагаварыць з імі адносна будучых дзеянняў ды дачакацца разам разведчыка-дзесятніка з падначаленымі.

— Як справы, хлопцы?
— Добра.
— Чаго ж тут благога. Ціха, спакойна навокал, зверху не лье. Толькі і застаецца жыццю радавацца.
— Ага, — упікнуў першы сотнік другога, — і пнёў ні наперадзе, ні з бакоў не відаць.
— Каб сам так зляцеў, то пабачыў бы я, як ты роў бы не сваім голасам.
— Я так не магу, я да такога не здольны.
— Ды ты ўвогуле… — ускіпеў пакрыўджаны сотнік.

Рогач не даў ім сварыцца:

— Знайшлі з-за чаго заводзіцца. Супакойцеся. Нешта ў мяне падазрэнні ў душу закрадваюцца…
— Адносна чаго? — адразу спахмурнелі абодва сотнікі.
Здаецца, што нешта недзе паблізу не ў парадку і чакае нас хуткая небяспека.
— А разведка?
— Дзесятнік другі раз паехаў усё прасачыць. Разам з людзьмі накіраваўся. Першы раз усё добра было.
— То і ў другі добра будзе.
— Трое разведчыкаў, якія былі пасланы ў іншы бок, назад не вярнуліся. Праўда, ім шлях намнога даўжэйшы выпаў…
— То, можа, з-за гэтага і затрымаліся? Магчыма, нешта заўважылі ды да канца высочваюць, каб усе падрабязнасці ведаць?
— Гэта не выключана. Але ж і дзесятніка няма. Ён паабяцаў вечарам быць.
— То пачакаем.

Яны селі ля вогнішча, паціху размаўлялі і слухалі гамонку дружыннікаў. Часам даносіўся і храп, некаторыя воі ўжо спалі. Тут пачуўся цокат капытоў. Зямля, мяккая, утравелая, адбівала іхні пошчак, нібыта змёрзлая дарога.

— Дзе ваявода? — пачулася ўстрывожанае.

Рогач адгукнуўся, і да яго падбег узмакрэлы, запылены, стомлены вой.

— Бяда, ваявода.
— Што такое?
— Там, дзе мы былі, чужынцы.
— Многа?
— Не надта, але болей, чым нас.
— Чым займаюцца?
— Рухаюцца ў глыб нашай тэрыторыі. Дзень стаялі ў лесе, а калі прыцямнела, то рушылі. Там застаўся дзесятнік і астатнія разведчыкі, а мяне прыслалі папярэдзіць.
— Малайцы, хлопцы! А ў якім накірунку яны рухаюцца?
— Я пакажу. Калі не зменіцца іхняя задума, то яны ідуць якраз туды, куды паказваў мне дзесятнік.
— Паспеем перахапіць?
— Думаю, яшчэ і пачакаць крыху давядзецца.
— Каб жа ўсё атрымалася…
— Атрымаецца, бо чужынцы хочуць перапраўляцца праз раку, а для гэтага зручнае толькі адно месца.

Рогач не паверыў:

— Калі гэта татары, то яны не шукаюць водмелей, а пераплываюць разам з коньмі, учапіўшыся за іхнія хвасты.
— Так, татары, раскосыя, — пацвердзіў разведчык.
Вось бачыш.
— Але ж дзесятнік пераконваў, што ідуць туды!

Ваявода задумаўся, потым зірнуў на сотнікаў:

— Ну, што вы скажаце?
— Рызыкуем.
— Можам прапусціць, бо дзе ў іншым месцы выскачаць.
— I я так думаю, але дзесятнік чалавек бывалы і прамашкі даць нё павінен. Падымаем людзей — і ў дарогу?
— Так. Каб зараней прыехаць і паспець замаскіравацца, людзей расставіць, да сустрэчы падрыхтавацца належным чынам.
— Тады ў дарогу.

Дружыннікі — людзі, прызвычаеныя да ўсялякіх нечаканасцей, таму нават не перапытвалі, калі прагучала каманда збірацца. Ускочылі на коней і паімчалі ў начную цемру, стараючыся не расцягвацца і трымацца бліжэй адзін да аднаго.

— Хутчэй, хутчэй, — падганяў Рогач.

Паспелі да месца зараней. Разведчык сказаў:

— Вось тут і загадаў мне паказаць вам пераход дзесятнік.
— Зручнае месца, — зазначыў ваявода. — На наш бок пераправяцца, а тут лясок.

Перачакаюць дзень — і далей. Ніхто не заўважыць і не пачуе. Сотнік-здаравіла падтрымаў.

— Чэрці раскосыя. Усё яны прадугледжваюць.
— Але ж і мы іх тут пачакаем. Пабачым, як яны заспяваюць.

Падрыхтаваліся дружыннікі, усіх вояў расставілі сотнікі і дзесятнікі, загадалі, каб без каманды не выскачылі, і сталі чакаць. Час цягнуўся марудна. На ўсходзе ўжо выразна пашарэла, вось-вось і сонца над вадой зайграе.

— Едуць, — прашаптаў нехта.

Сапраўды, на тым беразе з’явіліся вершнікі. Бясшумна пакруціліся і зноў зніклі.

Разведчыкі. Значыцца, правільна дзесятнік прадгадаў.

Татары пусціліся ўплаў. Дружыннікі дачакаліся таго моманту, калі апошні вершнік вылез на бераг, і кінуліся на чужынцаў. Сеча была лютая і надзвычай хуткая. Людзей з абодвух бакоў загінула многа, і, што самае крыўднае, чыркнула атручаная страла Рогача па твары. Спачатку і не пачуў, а праз нейкую гадзіну воі ўжо не маглі яго пазнаць — счарнеў увесь, апух, не здолеў трымацца. Праз дзень і памёр. Пахавалі яго дружыннікі разам са сваімі забітымі, а над імі курган высокі насыпалі і назвалі яго Рогачаў. Потым назва крыху перайначылася. Стаў ён Рагачоў.

Аўтар: А. Ненадавец
Крыніца: Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / Склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. — Мн.: Беларусь, 2001. — 415 с.: іл. — (Мой родны кут). Ст. 200-203. Ст. 12-13. Ст. 311-316.