Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі Гомельскага раёна

0
1491
Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі Гомельскага раёна

Беларусы заўсёды сур’ёзна адносіліся да выканання рытуалаў, звязаных з радзінна-хрэсьбіннай абраднасцю, бо верылі, што гэта дапаможа засцерагчы нованароджанага ад усяго нядобрага. Важнае месца ў радзіна-хрэсьбінным абрадавым комплексе належыла міфалагічным уяўленням, якімі быў прасякнуты ўвесь дародавы цыкл. Лічылася, што паводзіны цяжарнай жанчыны маглі ўплываць на фізічны стан і здароўе дзіцяці, таму разнастайныя правілы, прадпісанні, забароны і засцярогі былі надзвычай распаўсюджанымі ў гэты перыяд яе жыцця.

Як адзначыў даследчык А.С. Фядосік, «без перабольшвання можна сцвярджаць, што ва ўсіх народаў свету існавалі пэўныя традыцыйныя правілы, забароны і засцярогі паводзін цяжарнай жанчыны, якія павінны былі аблегчыць роды, садзейнічаць здароўю і шчасцю нованароджанага ў будучым. Але ў розных народаў гэтыя правілы і засцярогі былі ў значнай частцы адметныя, часам нават мелі неаднолькавы семантычны сэнс пры падобных дзеяннях» [1, с. 26]. Напрыклад, паводле ўспамінаў жыхароў Гомельскага раёна, цяжарнай жанчыне забаранялася што-небудзь рэзаць або секчы: «Цяжарнай іменна нельзя было ў празнік ні секць нічога, ні рэзаць нічога. Нічаво! Самае глаўнае (ежалі беременная жэншчына, вот слухайце, не дай Бог, сходзьце ад этага) — нада што здзелаць, абыйдзіся ў празнік: не адсякай, не рэж нічаво — эта самае глаўнае. На мне не акажацца — на дзіцёнка перойдзе. О так, мае дзетачкі» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.). Зыходзячы са сведчанняў жыхароў в. Грабаўка, калі не прытрымлівацца жанчыне падчас цяжарнасці пэўных прадпісанняў, якія ўстойліва бытуюць у народзе, то можна наклікаць бяду на дзіця: «Нельзя было тежарной воровать, потому что у ребенка радимое пятно будет. Когда испугаешься, не дай Бог ухватиться за лицо, потому что как схватишься, так и останется на ребенке такое пятно. Еще нельзя на людей смотреть некрасивых, потому что ребенок будет некрасивый» (в. Грабаўка ад Белавус Ларысы Рыгораўны, 1936 г. н.).

Важнае значэнне ў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці надавалася родам жанчыны-парадзіхі. Адзначым, што даўней дзіця нараджалі дома ў сваёй хаце, пазней — у бальніцы: «Даіла кароў я так там на пасёлку, тады схваткі схапілі мяне так у сараі. Я за жывот узялася так (трымаецца за жывот). А ў нас бальніца была. Наша бальніца цяпер новая, а тада была старая, ну ў нас тут быў і роддом, і ўсё было ў этай бальніцы. Я ж туды прыйшла. Іду ў лесе, стану пастаю сярод лесу. Прыйшла ў этую бальніцу. Ну, лягла ж, урачыха ж там была. Так ужэ ж болі возьмуць, я ж кажу, у бальніцу прыйшла, а ўрачыха знае, яна ўсё панімае, што нельзя ж яшчэ этае ражаць. Я ў пяць часоў утра ў аўгусце месяцы радзіла» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.).

У народнай традыцыі было прынята запрашаць бабку-павітуху, якая выконвала ўсе рытуалы, звязаныя з нараджэннем дзіцяці: «Ражалі дома, таму што бальніц не было. Але былі такія бабкі, называліся яны «бабкі-спаветушкі». Ну ўжэ калі схваткі начынаюцца, у нас на дзярэўні тут была бабка-спаветушка. У мяне, калі мама ражала, так тады пасылалі тую бабку, і яна прыбягала, нада ж малітву прачытаць і знаць, як пупавіну завязаць. Но яны вот этыя бабкі самі па сабе ўжэ знаюць, як абрэзаць пупавіну і завязаць яе, штоб жа грыжа не была. Ну, а тады ж ўжэ ўсё этая бабка сдзелае, а потым бралі старыя трапкі палатняныя і дзіцёнку і рукі, і ногі пазвязываюць, а яно ляжыць, як паленца» (в. Рудня-Марымонава ад Марымонавай Таісіі Дземідаўны, 1941 г. н.); «Была і бабка-павітуха. Дак гэта ж бабка ужэ ж тая, што бабіла. Эта ж цяпер ужо ў бальніцы, а тады ж бабка спавівала. А пялёнак жа не было то сарочку палатняную раздзяром, то штаны яго да ўжэ ўверцім» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.).

Абрад хрышчэння дзіцяці — адзін з важнейшых структурных кампанентаў радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Засяродзім увагу на звестках, запісаных пра гэты абрадавы момант у вёсках Гомельскага раёна: «Ой, дзеткі мае! Хрысцілі. Пайшлі пахрысцілі кум і кумы ды пайшла падруга мая да і ўсё. Вот так пахрысцілі. Стол накрывалі» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.).

Паводле звестак, запісаных у в. Рудня-Марымонава, хрэсьбіны маглі працягвацца некалькі дзён: «Дзіця вазілі ў цэркву. У нас цэрква была ў Бабовічах і Дзятлавічах. І хадзілі туды сабіраецца ўжэ кум і кума, матка і бацька і ідуць, і па очэрэдзі нясуць тое дзіця. У цэркве раздзівалі нагола дзіця і мылі. Гэтыя абрады і цяпер такія самыя, а тады стаяў тазік, бацюшка браў дзіцятка, трошкі акуне, а тады галоўку мочыць, у пяленачкі заматаюць яго. А патом прыязджаюць с цэркві, прывозяць гэтага дзіценачка дадому. Матка яго дома пакорміць, папоіць. А тады сталы станавілі і сабіраліся, і гулялі гэтыя крэсьбіны два дні. Сягодня прыдзеш с цэркві да ўжэ к вечару. Вечарам пагуляеш да 10-11, да і расходзяцца» (в. Рудня-Марымонава ад Марымонавай Таісіі Дземідаўны, 1941 г. н.).

Падчас хрэсьбін не абыходзілася і без кума з кумою, якія былі самымі ганаровымі гасцямі на хрэсьбінах, пра што сведчаць фактычныя матэрыялы, запісаныя ў вёсках Гомельскага раёна: «У цэркву прыйшлі ўсе, кум і кума. Раздзелі дзіця, от так голенькай. Бацюшка ўзяў яе і тры разы абдаў яе, а тады ў палаценца, выцерлі, адзелі, а тады малітву і крэсцечак сразу павесіў. Бацюшку палаценца, грошы плоцім, і тады сабраліся, дамоў прыйшлі. Пакуль не пахрэсціш дзіця, не паказваюць нікому, штоб не зглазілі. Мы ўсе паздраўляем. Маць хрэсная і ацец глаўнее сваіх родных. Аны далжны ўжэ васпітываць, усё врэмя ім падсказваць, вучыць. Тады ўжо рабёнак прабудзе месяцаў пяць, тады нада несці зноў у цэркву. Узяць малітву. Тады бацюшка малітву чытае і моліцца. Эта абязацельна» (в. Церуха ад Майсеевай Ніны Аляксандаўны, 1935 г. н.); «На саміх хрэсьбінах у царкву вазілі. У нас там быў бацюшка. Ну, пайшлі ўвечары, прыйшлі ўвечары ў хату. Ен вады ў тазік наліў, малога ўзяў, туды акунуў: галоўку памыў, ножкі памыў. Ну, пахрысціў. І прыйшлі дамоў. Ён (муж) узяў кума, а я — куму. Кума — мая падруга, а ў яго свой друг» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.).

Значнае месца ў сістэме радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Гомельскага раёна займаў абрад разбівання гаршка з кашай, які звычайна выконваў кум, паводле іншых звестак — хто-небудзь з гасцей і бабка-павітуха: «Ужэ бралі гаршок троху біты, а ўнутры гасцінцаў наложаць, а еслі ўжэ і баба такая, што ізварыць харошую кашу, укусную, дак яна і дзействіцельна кашу наварыць, абмотвалі яе, і хто болей грошай дасць, той бярэ палачку да й б е, той хто ўжэ разаб’е, таго і каша. Разбіваў не толькі кум, а када хто» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.); «Баба кашу з рыса варыць, б’е. Асколачак нада хаваць. Баба к каждаму прыходзіць і гавора: «Папробуйце маей кашы. І лажыце на кашу!» І шчэ раз круг і трэцці. Кумоў нада браць родственікаў. Кума не далжна быць цяжарная» (в. Церуха ад Майсеевай Ніны Аляксандаўны, 1935 г. н.); «Бабу на баране не каталі. Баба кашу біла. Тады ж капейкі, мае дзеткі, былі. Кашу паставяць у гаршку, ды туды пячэння ўжэ ўсыпле, а так ужэ стаіць, кажа: «Мая каша, я болей дам». Баба зноў дваццаць капеек кіне — бабіна каша. Тады зноў таргуюцца: «Чыя каша?» Эта кіне трыццаць капеек — яе каша. «Нет!» — кажа, а баба зноў капейку — бабіна каша. Пака ўжо так натаргуюцца. Ну, навернае, з дзясятку ўжо сабіруць рублей. Ну, тады як кум кашу возьмець, разаб’е і з гаршком ужэ. Гаршчок бахне, і ён па стале разаб’ецца, і тады ўжо пячэнне ўсім па сталу аддае» (в. Старыя Дзятлавічы ад Ткачовай Алены Варфаламееўны, 1929 г. н.); «Кашу варила баба и борщ, если каша вкусная, то хвалять. Кум разбивае гаршчок, дают деньги и кум должен паследни отдать деньги. А кусочки гаршка ложать на галаву, чтоб уже тоже забеременил кто-то, ну и от грозы ложать. Потом вязуть бабу в магазин. Была еще обманная каша. Делали казла из мужыка, наверх садилася баба с качергой и вязли уже кашу эту обманную. Туда у яе ж угля могут налажить, а такая каша нам не нада, паганяють, а патом уже настаящую ставят» (в. Грабаўка ад Белавус Ларысы Рыгораўны, 1936 г. н.). Як вынікае з прыведзеных матэрыялаў, магічнае значэнне надавалі чарапкам ад разбітага гаршка з кашай, семантыка якіх была звязана з пажаданнямі дзетанараджэння: «Кашу дзелалі, а патом кум кашу разбівае, кашу дзелалі з пшана, а калі кашу білі, а тады гэтыя чарапкі бралі і лажылі і куму, і куме на голавы, штоб яшчэ ў іх былі дзеці. А патом кума с кумой на калясцы вазілі ў магазін за гарэлкай, пячэннем, канфетамі» (в. Рудня-Марымонава ад Марымонавай Таісіі Дземідаўны, 1941 г. н.).

Вышэйпрыведзеныя матэрыялы дазваляюць зрабіць высновы пра пэўныя адметныя асаблівасці, характэрныя для радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Гомельскага раёна, у якой знайшлі адлюстраванне грамадскія і сямейныя ўзаемаадносіны, маральна-этычныя нормы, народныя вераванні.

Спіс літаратуры

  1. Сямейна-абрадавая паэзія. Народны тэатр / А. С. Фядосік, А. С. Емяльянаў, У. М. Сысоў, М. А. Каладзінскі; навук. рэд. К. П. Кабашнікаў. — Мінск: Бел. навука, 2001. — 422 с.


Аўтар:
А.М. Рэшанок
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей / редкол.: А.В. Бредихина [и др.]; Министерство образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2016. — Вып. 9. С. 159-162.