Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі Добрушчыны

0
391
Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі Добрушчыны

Комплекс традыцый радзінна-хрэсьбіннай абраднасці Беларусі складаецца з трох цыклаў: дародавы, родавы, пасляродавы. Да першых двух цыклаў адносяцца абрадавыя дзеянні, скіраваныя на захаванне цяжарнасці жанчыны і паспяховыя роды. Трэці цыкл характарызуецца такімі абрадавымі момантамі, як прыняцце нованароджанага ў сям‘ю і падтрыманне яго здароўя ў пачатковы перыяд жыцця, выбар кума і кумы, падрыхтоўка бабай-павітухай абрадавай стравы, хрэсьбіннае застолле.

У дародавы перыяд цяжарная жанчына павінна была прытрымлівацца правіл і засцярог, якія маглі аблегчыць роды, а таксама садзейнічаць здароўю і шчасцю нованароджанага ў будучым. У розных мясцовасцях можна заўважыць адметную лакальную спецыфіку прыкмет і павер‘яў, звязаных з цяжарнасцю жанчыны. Засяродзім увагу на фактычных матэрыялах, запісаных у вёсках Добрушскага раёна. Напрыклад, цяжарнай жанчыне нельга было выконваць наступныя дзеянні: глядзецца ў люстэрка, прысутнічаць падчас пахавальнай цырымоніі, выконваць пэўныя віды работ у нядзелю і святочныя дні: «… не глядзелася амаль у зеркала, багата не ела (дзіцё магло нарадзіцца галодным і быць усягда такім), не дазвалялася піць гарэлку, не прысутнічала на могілках пры пахаванні» (г. Добруш) [1, c. 189]; «Калі жанчына цяжарная, то ёй нельзя нічога шыць і вязаць ні ў нядзелю, ні ў празнікі. Таксама нельзя нічога адразаць» (в. Васільеўка Добрушскага р-на) [1, c. 194].

Сістэматызаваныя намі прыкметы і павер‘і дазваляюць вылучыць некалькі груп, аснову якіх складаюць тыя ці іншыя забароны або прадпісанні. Па-першае, гэта засцярогі цяжарнай жанчыны ад дзеянняў, якія могуць нашкодзіць знешняму выгляду дзіцяці або выклікаць хваробу (смерць дзіцяці). У Добрушскім раёне існуюць такія забароны: «Кагда дзеўка бярэмянная, то ёй нельзя стрыгць косы, бо плод можа не развівацца. Hi ў коім случаі, еслі хто спужае, нельзя брацца рукамі за ліцо, ці цела, на тым месце, за якоя яна ўзялась, у дзеткі будзе вялікае краснае пятно. Яшчэ бярэмяннай нельзя ругацца — дзіцёнак радзіцца з «заяччай губой» (г. Добруш) [1, с. 191]. Яшчэ лічылася, што «цяжарная жанчына ці рожаніца не павінна глядзець на ўсё некрасівае, бо ў яе будзе некрасівы рабёнак. Не гладзіць кошак, сабак, бо рабёнак будзе нямым ці доўга маўчаць» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, c. 192]. Акрамя таго, засцярогі датычыліся тых дзеянняў, з-за якіх дзіця магло нарадзіцца неразумным: «Нельзя стрыгчысь, а то вум у малога будзе кароткі» (в. Гардуны Добрушскага р-на) [1, c. 204]. Другая група прыкмет і павер‘яў скіравана на прадухіленне дрэнных паводзін дзіцяці ў будучым, выхоўванне гаспадарлівасці. Напрыклад, «пупавіну абразалі ў хлопчыка на начатым сталярным дзеле, каб ён быў добрым хазяінам, а ў дзевачкі — ножніцамі на начатым шыцці» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, c. 192]. Да трэцяй групы адносяцца тыя прыкметы і павер’і, якія могуць уплываць на лес нованароджанага: «Катаць пустую каляску, катацца на лісапеце, загадзя пакупаць адзежку — дзіця мертвым родзіцца. У празнік бярэмяннай і яе мужу нельзя работаць — дзіця будзе балець» (г. Добруш) [1, с. 191].

Роды як важны і адказны момант у сістэме радзінна-хрэсьбіннага абрадавага комплексу былі звязаны со шматлікімі магічнымі дзеяннямі, скіраванымі на іх аблягчэнне (адкрыванне (адмыканне) і развязванне (распусканне)): «Калі баба ражае, усе вузлы развязваюць, замкі адкрываюць, каб аблегчыць мукі» (в. Перарост Добрушскага р-на) [1, c. 200]; «Калі маладая раджала, так у хаце развязвалі ўсе паясы, размыкалі замкі, дзеўкі косы распляталі, каб лягчэй было разрадзіцца» (в. Гардуны Добрушскага р-на) [1, c. 204]. Таксама існуюць і другія павер‘і: «Для легкіх родаў сцялілі штаны мужчыны на парозе, і бярэменная павінна была пераступіць праз іх» (в. Перарост Добрушскага р-на) [1, c. 200].

Адзначым, што пасляродавы перыяд, скіраваны на прыняцце нованароджанага ў сямейна-грамадскі калектыў, пачынаецца з імянарачэння. Звернемся да фактычных матэрыялаў, паводле якіх забаранялася даваць дзіцяці імены родных людзей: «Нільзя называць іменем роднага, яно можа паўтарыць яго судьбу. Трэба называць яго згодна царкоўнага каляндара — у які дзень радзілась, такое і імя» (г. Добруш) [1, c. 191].

Важным кампанентам у мясцовай традыцыі Добрушчыны з‘яўляецца наведванне парадзіхі і нованароджанага: «Калі адбыліся роды, маці накарміла дзіця, і к ей прыходзяць жэншчыны. Але пасля абеду яны прыносяць якое-небудзь печыва: аладкі, бублікі, рагалікі, булачкі, варэнікі, якія абмочвалі ў мед, салодкую смятану, варэнне. Яшчэ неслі кісель, розныя ягадныя адвары, каўбасу, яечню, малочныя прадукты. Жэншчыны, якія самі мелі дзетак, давалі парады па дагляду за дзіцяці, ей падказвалі, як купаць, карміць. Бацька ў гэты дзень рабіў невялікае застолле. Ставіў на стол гарэлку. Першую чарку выпівалі за здароўе маці. Госці спявалі песні» (в. Кругавец-Калініна Добрушскага р-на) [1, c. 199].

Жыхары Добрушчыны надавалі вялікае значэнне выбару кума і кумы. Звычайна на гэтую ролю выбіралі блізкіх людзей: «Хроснага бацьку выбірае бацька дзіценка. Гэта яго самы лучшы друг. Хросную — мама дзіценка. Хроснымі могуць быць толькі хрышчоныя і толькі тры разы» (г. Добруш) [1, c.191]; «Калі родзічы своіліся і ў маці дзіцяці быў брат, то ен вызначаўся хрэсным бацькам» (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 197]. Згодна з мясцовымі павер‘ямі, нельга было адмаўляцца, калі запрашалі быць кумам або кумой: «Запрашэнне ў хрэсныя бацькі было вялікім гонарам. Адмовіцца ні ў якім разе было нельга» (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 197]; «Калі выбіралі кумоў, адказвацца нельга было, лічылася грэхам» (в. Перарост Добрушскага р-на) [1, c. 200].

Паводле сведчанняў жыхароў в. Перарост Добрушскага раёна, «ніколі не выбіралі кумоў з адзінакавымі імёнамі. Мужа і жонку ніколі не бралі ў кумоў. У хросных можна браць толькі хрышчоных» (в. Перарост Добрушскага р-на) [1, c. 200]. Пасля таго, як выбралі кума і куму, «маці з бацькам самі назначалі дзень хрэсьбін, звалі кумоў і бабку, што первая дзіця купала і пеленала, а таксама іншых родных». Цікавым момантам у мясцовым радзінна-хрэсьбінным абрадавым комплексе з‘яўляецца абрад хрышчэння:               «Кумы

прыходзілі рана, бралі і неслі дзіця ў царкву. <…> Кумы трымалі яго па очарадзі. Калі прыносілі з царквы, то кум нёс дзевачку, а кума — хлопчыка, і аддавалі бацькам у хаце і гаварылі: «Бралі навароджанага, Богам даронага, а аддаем вам хрышчонага. Любіце, гадуйце, а часам пільнуйце, ды і он хай вас любя, шануе ды на старасці пагадуе». Маці з бацькам дзякавалі ім і Богу і аддавалі падарункі. Кумы таксама дарылі нешта хрэсніку» (г. Добруш) [1, c. 187].

Лічылася, што доля дзіцяці залежала ад таго, як адсвяткаваць хрэсьбіны, невыпадкова госці весяліліся і спявалі песні: «У час абеду госці спявалі багата песень. Першая песня на абедзе прысвячалася бацькам дзіцяці» (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 197]. Сам ход хрэсьбіннага застолля таксама патрабаваў выканання пэўных народных прадпісанняў, згодна з якімі рэгламентаваліся дзеянні бабкі і кумоў: «Затым маці садзіць гасцей за стол, што накрывалі белай скацеркай з розавымі цвяточкамі, калі дзевачка, і з сінімі ці з зялёнымі, калі хлопчык. Кумоў садзілі побач, маці сядзела з бацькам, дзе хацелі, і бабка, дзе хоча, сядае. Першую румку ўжо бацьку наліваюць. Ён выпівае і жадае сыну чаго-небудзь. Затым наліваюць маці, затым бабцы і кумам. А хто дык і не глядзіць на гэта, хто і вабшчэ разліваюць усім адразу, толькі бабка першая дае пажаданні, дора падарунак» (г. Добруш) [1, c. 188].

Ганаровае месца адводзілася бабцы-павітусе, якая прымала роды ў цяжарнай жанчыны. Яе дзеянні падчас хрэсьбінных святкаванняў вылучаліся сакральнасцю. Адной з галоўных функцый бабкі-павітухі было купанне дзіцяці, якое мела магічныя якасці і ўплывала на забеспячэнне здароўя і дабрабыту немаўляці. У народзе лічылася, што гэты абрад дапамагаў абараніць дзіця ад дурнога вока і засцерагчы яго ад нячыстай сілы: «Бабка роды прынімала, яна далжна ўнучку ілі ўнука пакупаць і ў сваю пялёначку ўвярнуць. А тады астальныя ідуць да бабкі і прыносяць свае пялёначкі, шапачкі, міску пампушак»; «Перад уходам у цэркву бабка-павітуха купала малога ў карыці з праточнай вадой і казала загаворы» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, c. 193].

Кульмінацыйным момантам радзінна-хрэсьбіннай абраднасці з‘яўляецца абрад разбівання гаршка з кашай, якую рыхтавала бабка-павітуха: «Вараць кашу, ставяць на стол. Бабіна каша стоя дорага, за яе бораюцца. У кашу канфетак насыпаюць і грошы ложаць. Трэба шчоб кум разбіў гаршочак, але спярва, каб ён выкупіў кашу. Калі ўбачаць, што ў кума грошы канчаюцца, дык зжаляцца над ім і больш не падкладваюць» (в. Баршчоўка Добрушскага р-на) [1, c. 194]. Магічнае значэнне мелі, зыходзячы з народных вераванняў, чарапкі ад гаршка: «Кум разбівае гаршок з кашай аб вугал. Чарапкі аддаюць прысутным. Яны нясуць іх дамоў і кідаюць у пуню свінням, каб вяліся» (в. Перарост Добрушскага р-на) [1, c. 201]. У Добрушскім раёне існуе такі старадаўні звычай, як «адвозіць бабку-павітуху». Гэты рытуал мае жартоўны, гульнёвы характар: «Затым мужыкі прыносілі барану, садзілі на яе бабку і на сабе цягнулі ў карчму. Там працягвалі есці, спяваць і весяліцца» (в. Знамя Добрушскага р-на) [1, c. 198].

Такім чынам, радзінна-хрэсьбінная абраднасць Добрушчыны вылучаецца адметнымі лакальнымі асаблівасцямі, на якія багаты ўсе структурныя абрадавыя моманты.

Спіс літаратуры

  1. Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыяле фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўклалальнікі Новак В.С., Шынкарэнка В.К., Кастрыца А.А., Воінава А.М., Вяргеенка С.А., Палуян А.М., Партнова-Шахоўская А.У. — Гомель: Барк, 2013. — 380с.

Аўтар: М.С. Шчалкун
Крыніца: Актуальные проблемы филологии: сборник научных статей. Вып. 11 / редкол.: А.В. Бредихина (гл. ред.) [и др.]; Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. — Гомель, 2018. — С. 159-163.