Адной з самых цікавых і шматгранных з’яў беларускага фальклору з’яўляецца радзінна-хрэсьбінная абраднасць, якая ўвасобіла своеасаблівую народную філасофію, звязаную з нараджэннем немаўляці. Навуковую каштоўнасць уяўляюць фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы па радзінна-хрэсьбіннай абраднасці, запісаныя ў палявых экспедыцыях на тэрыторыі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці.
Важнае месца ў сістэме гэтага абрадавага комплексу займаюць прыкметы і павер’і, якія дэманструюць багацце народных вераванняў, звязаных з цяжарнасцю жанчыны, якая прытрымлівалася пэўных прадпісанняў і забарон.
Абавязковым пасля родаў з’яўлялася першае купанне дзіцяці, якому надавалася вялікае значэнне. Першы раз купала немаўляці бабка-павітуха, часцей за ўсё кідаючы ў ваду рэчы, якія ў народнай традыцыі лічыліся магічнымі: «У воду трэба пакласці золата, каб дзіця было багатым. Калі дзіця пакупаюць і спаўюць яго, баба бярэ на рукі, падносіць да кожнага акна і кажа: “Глядзі, мая ўнучачка, у кожнае акенца, каб на цябе, як вырасцеш, глядзелі хлопцы”» (Таццяна Краўчанка, 1948 г. н., в. Старая Дуброва, Акцябрскі раён) [1, с. 120].
Вельмі важнае месца ў пасляродавым комплексе займаў абрад выбару кума і кумы. У вёсках Акцябрскага раёна прытрымліваліся пэўных патрабаванняў да выбару кандыдатаў на гэтую ролю. Запрашалі ў кумы тых, якія былі маладзейшымі за бацькоў: «…тады дзеці не будуць доўга заседжвацца ў халасцяках: дзеўкі будуць замуж ісці, а хлопцы жаніцца» (Таццяна Краўчанка, 1948 г. н., в. Старая Дуброва, Акцябрскі раён) [1, с. 120].
Галоўным момантам на хрэсьбінах было разбіванне гаршка з кашай: «Калі кашу з’елі, кум бярэ гаршок і разбівае яго аб вугал, а чарапкі даюцца незамужнім дзеўкам, а тыя, што астаюцца, баба сабірае і кідае ў вугал, прыгаворваючы: “Кідаю на кут, каб на будушчы год зноў быць тут”» (Марыя Расюк, 1954 г. н., в. Рассвет, Акцябрскі раён) [1, с. 119].
Літаратура
- Радзінна-хрэсьбінныя абрады і звычаі беларусаў (на матэрыялах фальклору Гомельскай вобласці) / аўтары-ўкладальнікі Новак В. С., Шынкарэнка В. К., Кастрыца А. А., Воінава А. М., Вяргеенка С. А., Палуян А. М., Партнова-Шахоўская А. У. — Гомель: Барк, 2013. — 380 с.
Аўтар: А.А. Шчарбатая
Крыніца: Дни студенческой науки: материалы XLVIII студенческой научно — практической конференции (Гомель, 14-55 мая 2019 года): в 2 ч. Ч. 2 / ред. коллегия: Р.В. Бородич [и др.]; Министерство образования Республики Беларусь, Гомельский государственный университет им. Ф. Скорины. – Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2019. – С. 43-44.