Публічныя фінансы Мазырскага павета ў 70-80 гг. XVIII ст (паводле матэрыялаў інструкцый паслам шляхецкіх сеймікаў)

0
328
Публічныя фінансы Мазырскага павета ў 70-80 гг. XVIII ст (паводле матэрыялаў інструкцый паслам шляхецкіх сеймікаў)

Адносіны лакальнага грамадска-палітычнага згуртавання да справы публічных фінансаў раскрываюць матэрыялы пасольскіх інструкцый павятовай шляхты сваім паслам на вальныя соймы Рэчы Паспалітай. Поўныя тэксты пісьмовых наказаў шляхецкай супольнасці Мазырскага павета сваім дэпутатам у часы праўлення караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (22.03.1773, 15.07.1776, 17.08.1778, 21.08.1780, 20.08.1782, 16.08.1784, 16.11.1790 гг.), упершыню апублікаваныя ў перакладзе з польскай на беларускую мову Я.К. Анішчанка [1], дазваляюць вызначыць пазіцыю мясцовай шляхты наконт найбольш важных фінансавых і падатковых пытанняў, высветліць самыя актуальныя, хвалюючыя праблемы, звязаныя з дзяржаўнымі фінансамі. Устойлівы паўтор патрабаванняў павятовай палітычнай эліты паказвае ступень злабадзённасці, сведчыць аб неабходнасці паступовай мадэрнізацыі ўсёй фінансавай сістэмы заняпадаючай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Абагульняючы і сістэматызуючы вытрымкі з наказаў шляхты Мазырскага павета за 70-80 гг. XVIII ст., вылучым найбольш значныя дамаганні прадстаўнікоў прывілеяванага саслоўя, якія ў той ці іншай меры датычаць сферы публічных фінансаў, а таксама праілюструем іх абгрунтаванасць пэўнымі прыкладамі з бюджэтнай практыкі.

Мясцовая шляхта ад імя мазырскага маршалка даводзіла, што з занадта заняпалых дымоў сваіх уладанняў не ў стане плаціць павялічаных падаткаў, таму намагалася, з прычыны паслуг свайго павета правінцыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ), вызвалення (скасавання) і перакладання падатковага цяжару на іншыя, менш абцяжараныя ўладанні (1773, 1778 гг.) [1, с. 424, 432]. Выступаючы супраць павелічэння падаткаў, павятовая інструкцыя тлумачыла немагчымасць аплаты вялікіх падаткаў тым, што народ асабліва збяднеў і «так вынішчаны ад нядаўніх краёвых разбурэнняў і так прыціснуты ад пераходаў войск» (1776 г.) [1, с. 425]. Мазырскі сход шляхты дамагаўся не ўводзіць больш ніякіх новых падаткаў, выступаў супраць прызначэння шляхецкіх зямель пад вымярэнне з мэтай іх ападаткавання (1778 г.) [1, с. 434]. У 1780 г. мазырская шляхта прасіла не ўскладаць на яе новыя падаткі, паколькі сейм 1778 г. пакінуў справу павелічэння арміі дзяржавы да наступнага сейма (1780 г.) [1, с. 436]. У 1782 і 1784 гг. прадстаўнікі вышэйшага саслоўя зноў выказалі свае меркаванні не ўводзіць больш ніякіх новых падаткаў, у тым ліку не дазваляць салянога збору, паколькі земскія ўладанні і так дастаткова абцяжараны [1, с. 442, 445, 446]. Сапраўды, у адпаведнасці з ранейшымі тарыфамі, з Мазырскага павета штогод спаганялася ў скарб ВКЛ так званых старых падаткаў 53826 злотых (зл.) 3 грошы (гр.) (21476 зл. 10 гр. падымнага, 21226 зл. 8 гр. кварты, 5627 зл. 15 гр. пагалоўных з яўрэяў, 4588 зл. чопавага, 908 зл. млынавага збораў). Паводле актаў (пратаколаў) ахвяр уладанняў і люстрацый дымоў старостваў так званыя новыя падаткі склалі суму ў 52937 зл. 15 гр. (24199 зл. 9 гр. ахвяры 10-га і 20-га гроша, 13226 зл. 20 гр. дадатковага падымнага паводле ацэнкі дымоў 1789 г., 9893 зл. 6 гр. прыбылай кварты з старостваў паводле новай люстрацыі, 4533 зл. 10 гр. паўпрацэнтнага збору з паезуіцкіх уладанняў, 1085 зл. паўпадымнага з каралеўскіх гарадоў) [5].

Мясцовая грамадская супольнасць вельмі турбавалася ўцяжлівым працэнтным падаткам, уведзеным у 1776 г. толькі ў Літоўскай правінцыі і таму настойліва выказвалася за яго ліквідацыю (1778 г.) [1, с. 434]. Заўважым, што прыход працэнтнага збору з капіталаў крэдытораў складаў у 1777 г. па Мазырскім павеце суму ў 1299 зл. 2 гр. пры 195 зл. (13 %) недабору [4, р. 799]. Акрамя яго, шляхта зазначала яшчэ адзін абцяжарваючы падатак — скуравы (1780 г.) [1, с. 437], які прапаноўвала скасаваць ці вылучыць з-пад таго падатку абывацеляў (1790 г.) [1, с. 449].

Аб несправядлівасці накладання скуравага падатку сведчаць шматлікія скаргі з розных рэгіёнаў ВКЛ. Так, у жніўні 1790 г. кімбараўскія цыстэрцыянцы выказалі сваё незадавальненне адносна дзейнасці інтэнданта скуравага дэпартамента Навакоўскага, які забраў скуры ў скарб з Кімбараўкі каля Мазыра, якая лічылася не мястэчкам, а вёскай, і таму настойвалі на іх звароце [3, арк. 73].

Павятовая шляхта імкнулася скасаваць пажыццёвыя трыманні і часовыя наданні, паколькі пажыццёвыя правы спусташалі публічны скарб, а заслугі ганаровых асоб перад Айчынай не маглі атрымаць узнагароды (1776 г.) [1, с. 426]. Мясцовая шляхта дабівалася, каб раздадзеныя прыватным асобам розныя часовыя ўладанні, каралеўшчыны і дзяржавы (выключаючы гродавыя староствы, лены, земскія ўрады — А. Е.) былі вернуты ў дзяржаўны скарб, каб даходы з іх паступалі для публічнага карыстання, з мэтай памяншэння падатковага ярма з шляхецкіх маёнткаў (1778 г.) [1, с. 432].

У 1784 г. шляхецкая супольнасць даручыла сваім паслам пастарацца дабіцца адмены падымнага збору з Юравіцкла паезуіцкага кляштара (абавязаны быў на адзін тэрмін даць 25 злотых разам з касцёлам ксяндзоў капуцынаў), паколькі Канстытуцыя 1775 г. вываляла кляштары ад яго выплаты [1, с. 446].

Мясцовае панства намячалася звярнуць даходы з паезуіцкіх уладанняў для адукацыі шляхецкай моладзі (1782 г.) [1, с. 441].

Мазырскі шляхецкі сход дбаў аб забароне пераходу яўрэяў з месца на месца пасля люстрацыі, паклькі падобныя перамяшчэнні прыносілі значныя страты ўладальнікам, вымушаных з-за пераходу яўрэяў у іншыя месцы ўласным коштам плаціць за іх пагалоўны падатак (1780 г.) [1, с. 437]. З мэтай вызначэння колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхецкі форум прапанаваў кожныя 5 год праводзіць люстрацыю яўрэяў для вызначэння з іх пагалоўнага збору (1782 г.) [1, с. 441]. Апроч таго, значныя страты памежнаму павету прычынялі з-за блізкасці межаў Кіеўскага ваяводства збеглыя падданыя (1780 г.) [1, с. 437].

У цэлым, шляхта намагалася аблягчэння новых падаткаў, прапанавала адкласці нясціпныя выдаткі да лепшага часу (1780 г.) [1, с. 438]. Цікава, што Мазырская цывільна-вайсковая парадкавая камісія 5.10.1791 г. адзначыла, што дагэтуль у скарб ВКЛ з 1.01.1790 г. паступіла ў даход, акрамя апошняй раты, 212599 зл. 14,5 гр., а агульныя выдаткі за гэты час склалі 212487 зл. 28 гр. [3, арк. 92 адв.].

Праяўляючы пачуццё салідарнасці з іншымі паветамі, мазырская шляхта выступала за ўзнагароду шэрагу асоб, якія адзначыліся сваімі плённымі справамі на карысць Рэчы Паспалітай. Сярод іх — віленскі ваявода Караль Радзівіл, якому належала аказаць «брацкую дапамогу» ў «панесеных ім стратах ад няшчасных выпадкаў і шматлікіх авантажаў», віленскі біскуп Ігнаці Масальскі (1776, 1778 гг.) [1, с. 426-427, 429, 433]. Таксама шляхта раіла ацаніць працу і намаганні надворнага літоўскага падскарбія Антонія Тызенгаўза (1776 г.), шамбеляна караля Францішка Букатага (1782 г.) [1, с. 427, 442].

Шукаючы прыдатныя спосабы ўтрымання вялікакняскага войска, павятовая шляхта прапанавала перавесці ўтрыманне мазырскага гарнізона на кошт кварты з Мазырскага староства (1776 г.) [1, с. 429]. Сеймік даручыў сваім паслам дбаць аб тым, каб размешчаны ў Мазыры полк палкоўніка Раманоўскага альбо ўтрымліваўся за кошт самога горада, ці каб вайскоўцам было павялічана жалаванне (1778 г.) [1, с. 434]. Дзве конныя кампанії з палка польнай булавы ВКЛ Раманоўскага атрымлівалі ўсяго толькі па 300 злотых (1780 г.) [1, с. 437]. Мазырскі сход выказаўся за пераразмеркаванне дзяржаўных расходаў, каб цывільныя выдаткі, якія прыносілі значныя страты публічнаму скарбу і нічым не ўзбагачалі край, былі накіраваны з мэтай павелічэння войска (1780 г.) [1, с. 436]. У 1784 г., дабіваючыся аплаты суддзям Галоўнага Трыбунала ВКЛ, шляхта клапацілася пошукам сродкаў для павелічэння мізэрнага жалавання літоўскаму войску [1, с. 443]. У наказе ад 18.080 788 г. мазырскаму падкаморыю Яленьскаму і экс-стражніку польнаму літоўскаму Аскерку мясцовая шляхта патрабавала, каб павелічэнне войска адбывалася без «спусташэння шляхецкіх маенткаў» падаткамі, якія павінны былі спаганяцца з усіх станаў «без уціску шляхты», а таксама за кошт сродкаў з паезуіцкіх уладанняў і ўтрымання чыноўнікаў [2, арк. 992-993]. Фінансаванне войска больш-менш нармалізавалася ў час дзейнасці цывільна-вайсковых парадкавых камісій. У 1790 г. па двух асігнацыях (аплатных даручэннях — А. Е.) Скарбовай камісіі ВКЛ на полк Раманоўскага пярэдняй варты было выдзелена 45 тыс. зл. [3, арк. 70 адв.].

На ўзор іншых павятовых наказаў, мазырская інструкцыя патрабавала дазволу прыняцця ў Рыцарскую школу (кадэцкі корпус) у Варшаве выхаванцаў з правінцыі ВКЛ прапарцыянальна ступені яе ўдзелу ў кошце ўтрымання (1/3 выдаткаў, таму 1/3 кадэтаў) (1778 г.) [1, с. 433].

Мазырскае згуртаванне шляхты рупілася прадастаўленнем кампенсатарскіх выплат за фураж, пастаўлены на карысць расійскага войска (1778 г.) [1, с. 435].

Мазырскі шляхецкі сход раіў, каб грэблі і масты ў павеце ўтрымліваліся і рамантаваліся ўсімі абывацелямі (1782 г.) [1, с. 441], каб на паромах не бралі з каня больш 3-х грошаў, а на малых — па 1-м медным грошы (1784 г.) [1, с. 446].

Для рэгулявання грашовага абарачэння прадстаўнікі павятовай эліты настойвалі не скарачаць курс краёвай манеты (1776 г.) [1, с. 429], а таксама вярнуць курс чырвонца да 18 зл., замацаванага яшчэ соймавай канстытуцыяй 1717 г. (1776 г.) [1, с. 430]. Недахоп у абароце наяўных грошай прымушаў шляхту рабіць неаднаразовыя захады аб перакрыцці шляхоў яе вывазу з краю за мяжу (1780 г.) [1, с. 438]. Прапануючы ў 1782 г. ліквідаваць Скарбовую камісію, шляхта рупілася аб тым, каб яна выдавала грошы такога гатунку і той якасці, якія здаваліся ў гродскія канцылырыі (1782 г.) [1, с. 440]. Адзначаючы, што ў Літоўскай правінцыі цяжка знайсці сярэбраную і залатую манету, шляхта дабівалася, каб чырвонцы, маючыя курс у 18 зл. 9 гр., прымаліся канцылярыямі па такім жа курсе ў лік публічных падаткаў (1782 г.) [1, с. 441]. У 1784 г. у наказе паслам ад шляхты Мазырскага павета звярталася ўвага на тое, што са скарбу не толькі знікла добрая манета, але і скарацілася цыркуляцыя грошай. Агульны недахоп грошай у абароце абумоўліваў неабходнасць абмежавання іх вывазу за мяжу, давядзення курса чырвонца да 18 зл. па прычыне недахопу манеты для аплаты краёвых падаткаў [1, с. 444]. У жніўні 1788 г., адпраўляючы дэпутатаў у Варшаву на Вялік; сейм, мазырская шляхта даручыла ім падтрымаць думку аб уніфікацыі грашовага абарачэння ў Кароне і Літве (увесці адзіны курс замежнай і мясцовай манеты) [2, арк. 992-993], а ў лістападзе 1790 г. у час выбару дадатковых паслоў прапаноўвала для павелічэння колькасці ў абарачэнні сярэбранай манеты не мяняць яе курс, г.зн. стары рубель пакінуць без усялякага выключэння па курсе 7 зл., а новы — па 6 зл. 20 гр., з адначасовай забаронай яе выпуску за мяжу [1, с. 450].

З прычыны значных страт і гандляроў, і абывацеляў у краі і ў Кароне павятовая шляхта даручыла сваім паслам узняць на вальным сойме пытанне аб скасаванні мыта на каморах (1780 г.) [1, с. 437]. На паслоў ад Мазырскага павета быў ускладзены абавязак дамагацца перад прускім каралём аб скарачэнні мытных пошлін (1782 г.) [1, с. 441]. Павятовым дэпутатам прадпісвалася дабівацца, каб Камісія Літоўскага скарбу выдавала друкаваныя інструкцыі або табелі аб памерах мыта на каморах і прыкаморках і рассылала іх адтуль ва ўсе канцылярыі ваяводстваў і паветаў (1784 г.) [1, с. 4«4]. У жніўні 1788 г. шляхецкім дэпутатам было даручана заявіць на сейме ў Варшаве аб неабходнасці ўраўнавання мытных збораў у Кароне і ВКЛ [2, арк. 992-993], каб Скарбовая Літоўская камісія не мяняла ў сваіх інструкцыях і па свайму разуменню мытных пошлін, а падавала іх для апрабацыі на кожны сейм і не змяняла іх без яго ведама (1790 г.) [1, с. 449-450].

Такім чынам, сярод праблем, звязаных з публічнымі фінансамі, у 70­80 гг. XVIII ст. мазырскую палітычную эліту турбавалі пытанні наконт павелічэння падаткаабкладання шляхты, якая намагалася перакласці гэтую справу на дзяржаўныя і духоўныя ўладанні, цяжару ўведзеных працэнтнага і скуравага падаткаў, недакладнасцей і памылак у налічэнні асобных збораў. З памежнага становішча Мазырскага павета вынікалі цяжкасці, якія заключаліся ў міграцыі яўрэяў і збеглых падданых. Павятовая шляхта намагалася кампенсаваць страты за забеспячэнне фуражом расійскага войска, уладкаваць зборы за пераправы праз масты і паромы і інш. Мясцовае панства падтрымлівала імкненне іншых шляхецкіх павятовых карпарацый аб узнагароджванні заслужаных асоб, скасаванні залішніх мытных збораў паміж Каронай і ВКЛ, урэгуляванні курса мясцовай манеты і абмежаванні яе вывазу за мяжу, клапацілася пошукам сродкаў на ўтрыманне войска, але не за яе кошт, патрабавала прапарцыянальна выдаткам прадстаўніцтва ад ВКЛ кадэтаў у Варшаўскай Рыцарскай школе.

Спіс асноўных крыніц

  1. Анішчанка, Я.К. Збор твораў: у 6 т. / Я.К. Анішчанка. — Мінск: Выдавец В. Хурсік, 2009. — Т. 5: Абывацелі правінцыі: інструкцыі шляхецкіх сеймікаў беларускіх земляў ВКЛ (Літоўскай правінцыі) канца XVIII ст. Зборнік дакументаў. — 2009. — 532 с.
  2. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). — Ф. 1728. Воп. 1. Спр 25.
  3. НГАБ. — Ф. 1890. Воп. 1. Спр. 4.
  4. Poniatowski, S.A. Memoires edites par Anna Grzeskowiak-Krwawicz et Dominique Triaire / S.A. Poniatowski. — Paris: Instytut d’etudes Slaves etc., 2012. — 861 p., ill.
  5. Zbior konstytucyi i uchwal seymu pod zwi^zkiem konfederacyi w Warszawie agitui^cego si§ od dnia 7 pazdziernika w roku 1788 do dnia 16 grudnia roku 1790 podlug dat oblaty wydrukowany. — Warszawa: Drukarnia J. K. Mci i Rzplitey u XX. Scholarum Piarum, 1791.


Аўтар:
А.У. Ерашэвіч
Крыніца: Мозырщина: люди, события, время: материалы Междунар. науч.-практ. конф., Мозырь, 26-27 мая 2016 г. / УО МГПУ им. И. П. Шамякина; редкол.: Т.Н. Сыманович (отв. ред.) [и др.]. — Мозырь, 2016. — 143 с. Ст. 10-16.