Дадзеная публікацыя з’яўляецца фрагментам даследавання, прысвечанага парэміялагічна-фразеалагічнай карціны жыцця беларускага пасёлка Амяльное Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Матэрыяльнай базай дадзенай публікацыі з’яляюцца фразеалагічна-парэміялагічны рэпертуар жыхаркі гэтага населенага пункта Варвары Аляксандраўны Грэцкай (1925 г. н.). Метадам суцэльнага адбору з запісаў размоў з інфармантам, якія адбываліся цягам 2005-2020 гадоў, мной былі выяўлена больш за 2500 адзінкі, якія прэтэндуць на ўстойлівасць.
Адносна тэмы, якая разглядаецца ў дадзенай публікацыі, як вызначае аўтар адметнай манаграфіі “Фразеалагізмы з кампанентам-арнітонімам у беларускай мове: этналінгвістычны аспект” А. Л. Садоўская, даследаванне беларускіх фразеалагічных адзінак з кампанентам-арнітонімам у аспекце этналінгвістыкі раней нез’яўлялася прадметам спецыяльнага вывучэння фразеолагаў [1]. Сапраўды, акрамя азначанай манаграфіі з прац, прысвечаных птушкам у парэміі, можна назваць асобныя раздзелы манаграфій В. А. Ляшчынскай [2, 87-105] і В. А. Маславай [3, 122-138],толькі некалькі асобных артыкулаў В. Гаўрыловіч [4], Рэпетты Міхеенкавай В. [5], арыкулы самой А. Л. Садоўскай (некаторыя з якіх напісаны ў сааўтарстве с І. Р. Прычынец) [6].
Разам з тым, трэба адзначыць вялікую колькасць птушак практычна ва ўсіх беларускіх зборах прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, выслоўяў, параўнанняў, дзе яны распаўсюджаны практычна ва ўсіх тэматычных раздзелах. Асбна трэба вызначыць такія акаэмічныя выданні як “Прыказкі і прымаўкі” [7] і Слоўнік беларускіх народных параўнанняў” [8]. Рэпертуар Варвары Аляксандраўны Грэцкай у гэтым плане не выключэнне.
У яе гаворцы “пціца” час ад часу ўзнікае ў тых выпадках, калі трэба вызначыць таго ці іншага чалавека як асобу… Адмоўную альбо станоўчаю — гэта ўжо нават невызначальна і неістотна. Паказальна наступнае: “Пціца. Адна другой. Ніхай, пастаў іх. Можа, мільёны. І ўсі ніроўныя будуць. І людзі ніроўныя, і пціцы няроўныя. І звяры бываяць і серыя, і белыя.” <А як гэта: пастаў людзей няроўныя і людзі няроўныя.> Сколькі пціц ё на свеці. Роўныя яны?. . Верабей — ё верабей. І масць. Чым-та да не пахож адзін на аднаго. Вуткі бываяць і рябыя, бываяць і чорныя, усякія бываяць. <.> “Гаворяць: ” Я знаю: “Якая ён пціца!”< Чаму пціца?. Ён жа чалавек.> “Ну, я не знаю, к чаму яны гаварылі “пціца”. Напрымер, ён будзя гаварыць і будзя атказывацца ад чаго-нібудзь. І ты, я будзім гаварыць: “Дзе ён прызнаіцца?. Ён зная, якая ён пціца.” Урэдны чылавек, дак ён зная, якая ён пціца. <.> Вот гаворяць. Ён зная. І пціцы вумныя, панімаяць усё. Сядзіць пціца, не чапай яе, яна будзя сядзець. А як будзіш. Яна пырх — і паляцела. Панімая.” <.> Ён хіцёр, напрымер, чылавек. Ці ўрэдны, ці такі бандзюга. Знаіш: “Якая ён пціца.”<А чаму пціца?> У нас адзін нап’ецца. Дак усі гаворяць: “У-у-у!. Бандзюга, бацьку прыдушыў.” А як падыходзя: “Драствуйця!. ” з усімі: “Здароў!. Здароў!. ” — “Здароў. Здароў, Сашок.” І пойдзя. Яны: “Ох. Мы знаім, што ён за пціца. Да нада пры горы бандзіта бацькам назваць.” Дак і гаворяць: “Ох. Ета пціца добрая.Ну, я не знаю, к чаму яны гаварылі “пціца”. <.> Так гаварылі. Было такоя. Ёсць ціперяка. Відзен сокал па палёту. Паставяць у нас прыдсідаціля, і ён павядзе ў плахую сторану. Ну, яны і гаворяць: ” Відзен сокал па палёту!. . Што за пціца. Зняць яго — да і ўсё!… Ён да харашага не давядзе. <Прэдсідаціль — вор. А чаму гаворяць: сокал?> Ну, і наворяць: “О-о-ох! Відзен сокал па палёту!. . ” Вот гаворяць і ў плахую сторану, дак сокал, і ў харошаю гаворяць: “сокал.” Сокала ў прымер вядуць. І ў харошаю, і ў плахую. “Э-э-эх! Ідзець, як сокал!” <Чаму сокал? Чаму не салавей, не верабей?> Ты хочыш кілуна. Вереб’я. Мы іх кілунамы звалі. Ну, можна прыраўняць цыплёнка і к гусянёнку? <Не.> Так жэ і сокала. Сокал — пціца пачотная, ня ўрэдная. А верабей.” Уяўленне пра вераб’я як увасаблення адмоўнай істоты ўвасобілася ў прыказках: на Маслінке — і ў веряб’я піва, на Маслінай — і ў верябейкі піва заморская, на Вялікадня і ў вераб’я піва. Калісь усё казалі: не — веряб’і — кілуны. Кілуны… Яны паядуць усё… Сонцы павыбяруць… Вот насадзі сонцаў, не абвяжы — усё павыбяруць бубкі. Марляй… Кілуноў не счыталі за пціцу. Усі пракліналі іх: “Вот злыдні, гаворяць, шчас прыляцяць. ” Проса ў абабкі паставяць і накрываяць. Баба казала: “На Вялікадня і ў вераб’я піва”. <Чаму на Вялікадня?>Даўжны ўжо на Вялікадня. Баба казала: “Пціцы знаяць, што Вялікадня. Яны знаяць, і верабей тожа хоча.” І выняся, патруся на дварэ, ці якая достачка, паложа: “Хай. Сёдні празнік.Хай і верабейкі ядуць. Сёдні празнік вялікі. Яны знаяць. Ніхай ім.” І баба скрозь дае ім. <Варабей жа злодзей.> Яна ўсё раўно дае. “На то Бог дае. Значыць, нада пакарміць яго”. Вялікдзень, сапраўды, ураўніваў паміж сабой усіх: “Гатаваліся к Вялікадню. Еслі дзе сіряты, матка будя казаць: “Колькі будзім яец красіць?” — “Ну, столькі і столькі”. А баба і кажа: “Полячка, нада дзісятак, вот, сіряты — дзеці, німа ні бацькі, ні маткі, нада і ім аднесць”. Вот, і мы дзісятак… І другія, такія болей набажлівыя людзі. Бацька наш калісь казаў: “Сам не даеш, но сіратаў пакармі”. Вот, німа ў іх бульбы, баба будзя казаць: “Варячка, аднясі… Куды ты пойдзіш?”Усі падзіляліся. К Вялікадню і мяса… Хто б’е… А то ад сцягна адсякая кусок… Нясуць ім. Нанясуць цэлы стол. І на Троіцу і па скрысенням такія прысмакі ім давалі”. І нават тое, што ранні верабейка клювік (дзюбачку, роцік) выцірая, а позні верабейка вочы прадзірая для рэпутацыі вераб’я не паратунак. <Чаму — верабейка?> Любы верабейка. Рана хто ўстаня… І машкара лятая, ён ужо наглытаіцца. І пцічка падымаіцца ранняя, яна найдзя, што дзе лятая, яна пазбіраіцца, якая дзе крошка, якая дзе зярнятка, яна ўжо пад’ела. Ты ўжо не сцеряжэш проса, а ўжо верабейка наеўся, каторы рана. А каторы позні, ішчэ вочы прадзірая, да прачышчая. <Толькі верабей?>
Любая пціца: і варона, і сарока. Ну, верабей лятая, на яго гаворяць. Гаворяць: “Ранная птушка роцік абцірая… Яна рана ўстаня, што дзе найдзя, скарэй паесць, а позная пакуль вочы расплюшча, а ранная ўжо пад’ела, сядзіць, песні пяе”.
Птушкі ў парэміялагічнай спадчыне Амяльнога сустракаюцца самыя розныя: варона, голуб, верабей, жаўрук, зязюля, салавей, сініца, снягір, сокал, пава, бусел, удод, коршун, сава, сыч, певень, курыца.
Практычна кожная з птушак усведамляецца носьбітамі народнай традыцыі як увасабленне, як сімвал пэўнай якасці, рысы характара, адметнасці знешняга вобліку. І практычна ўсе даследчыкі гэтай з’явы вызначаюць, што за ёй стаяць доўгатэрміновыя жыццёвыя назіранні за птушкамі. Варвара Грэцкая, не абяжараная высновамі даследчыкаў, дэманструе слушнасць такога падыходу на прыкладзе асабістага досведу.
Паказальныя ў гэтым плане параўнанні як мокрая курыца, як мочаная курыца (пра чалавека маруднага ў працы, у рухах). Практычна ва ўсіх адмысловых слоўніках прыводзіцца варыянт “мокрая курыца”. Тым не менш, Варвара Грэцкая, сказаўшы “мочаная”, не абмовілася. Паводле аповеда Варвары Грэцкай, курэй сапраўды аблівалі вадой, каб яны былі не ў стане садзіцца на яйкі (“курыца мокрая, яна будзь стаяць, пакуль не абсохня… “‘ і выводзіць лішніх для гаспадаркі куранят. Адметна, што некалькі разоў, быццам пераконваючы мяне ў рэальнасці парэмічных вобразаў, яна звярталася да мяне з рытарычнымі, на першы погляд, пытаннямі: “Куры — ты чуў, як пеюць?” Ты бачыў, як петухі б’юцца?” Зразумела, што “ты бачыў? ты чуў” — тут вызначальна.
Па прыкладу птушак чалавек суадносіць сябе і свае заняткі з часам, з асяроддзем, з сусветам, у якім ён жыве: На Благавешчанне пціца гнязда ня ўе, дзеўка касу ня чэша. Кукушка да Пятра толькі кукуя. Сірэнь адцвітая і салавей пець перястаня: “Я кажу: “Баба, чаго-та пціцы да восені пяюць, а салаўі… ” А яна гаворя: “Салавей толькі ў мае месяцы папяе. Сірэнь адцвітая і салавей пець перястаня… ” І калі пра Благавешчанне і пра кукушку — агульнавядомае, то пра салаў’я — сваё амяленскае.
Па прыкладу птушак, чалавек стварае сям’ю, таму і пару трэба сабе выбіраць па пер’ю: “не па пер’ю” — “Не па пер’ю!. . Не бяры! Ня лезь… Бяры сабе такую, штоб па пер’ю”. Там. Ці багатая, ці дужа красівая, дак ты знай, што яна за цябе ня пойдзя… Чо ты плывеш к ёй… Напрымер, ты красівы, а дзеўка не красівая… А вот наравіцца табе… І на дзеўку гаворяць: “Ня йдзі за яго… Ён с табой жыць ня будзя… Ён табе не па пер’ю… Ён будзя вабражаць
<Пер’е пры чым?> Гусь будзя гуляць з вуткай?. . Яна не па пер’ю… І за курыцай будзя бегаць, шчыпаць… У мяне калісь былі і вуткі, і гусі, і куры. Еслі певень падойдзя, будзя каля вуткі хадзіць, селязень бягіць, будзя шчыпаць яго, пер’я вырываць. Не па пер’ю — ня лезь!. . ”
Ідэальнае стаўленне мужа да жонкі — гэта калі ён, як птушка вакол яе лятяе. Ідэальныя адносіны паміж мужам і жонкай — гэта, калі яны як голуб з галубкай. Пражылі, як голуб з галубкай. Цэніць ён яе, а яна яго цэня. Вот ета яны жывуць, варкуяць, як голуб з галубкай. Ё такія сем’і! Ета сем’і атдзельныя такія ё. А еслі ён у дварэ бушуя… ”
Узорам стаўлення да людзей лічылі ластаўку: “На ластаўку ў нас плахога не гаварылі… А еслі малы дзіцёнак ці… Ета харошы чылавек… Абрашчаіцца з усімі харашо: “Ой! Ты ўжо, як ластавачка… ” Ластавачка — харошая пціца. <Як ластавачка… Гэта як?> Ласкавая… Усё, як харошы хто-нібудзь… <…> Я пра дзяцей скажу: “Во ё дзеці… Ё такі ласкавы дзіцёнак… Возьміш яго, ён за шэю цябе абнімя… А другі рукамы будзя піхацца… Другі дзіцёнак, ён, як ластаўка, к табе прыхіліцца, і чужы… Другі, чужы: “Хадзі ка мне, я цябе падзяржу… ” Ён ідзець… Другі… Не, ня пойдзя… Ён, як ластавачка тая… Называлі божжай пціцай.”
Азіраючыся на прыклад птушак, чалавекуладкоўвае сваё жытло. Адсюль: Сваім гняздом жыць. Сваё гняздо разурыць. Нада гняздо сваё віць, а на чужоя не паглядываць. Лезць не ў сваё гняздо. Не ў сваём гняздзе сядзець. Сваё гняздо — не толькі адчуванне свайго дома, але і адчуванне сваёй сям’і. Спасылаючыся на свайго брата, Варвара Грэцкая ўзгадвае: “Ягор сказаў: “Мы з аднаго гнязда вывеліся… ” Ідзе пташка не лятая, родзіны век не кідая. Я кажу: “Ягор, як ты памрэш, а дзе цябе хаваць?” А єн і кажа: “Толькі на Амяльном. Тут у мяне ляжыць баба дарагая, бацька, матка, брат ляжыць, і пляменнікі — усі ляжаць”.
З уяўленнем пра любоў да радзімы, сваєй зямлі, свайго гнязда звязана ўяўленне пра куліка: “Ідзе кулік прывык? У балоці: Людзей павысілілі. А гравер бралі, вазілі на стройку радзіцыонны… Ікраз жылі бы, і калхозы былі б, і малако б тоя дзешава была. Харашо б была, калі б не разарылі Беларусію. А то сколькі ўнічтожылі людзей. Папаехалі… Гаворяць: “Ідзе кулік прывык?У балоці“. Так і мы — прывыклі там. <…>
І калісь так казалі: “Ідзе кулік ірывык? У балоці“. Ён жа ўсягда і гнёзды віў, і жыў там. Яго на сушы ніхто ні бачыў. <…>У нас гаварылі так. Хто дзе ня ездзя, дамоў ужо едзя, гаворяць: “Дзе кулік ня ездзіў.” Паехаў дзед Майка ў Амерыку, Каршуны паехалі і дзед Івоня, Майкаў брат. І ў Закружжы багата людзей паехала, і з Амяльнога, хто хацеў у зарабаткі. І харашо там, і добря.
З уяўленнем пра сваё гняздо звязана і параўнанне гол, як сакол. “Гаворяць: “Ходзя гол, як сакол… Бедны чылавек… Ходзя, весяліцца… Песня такая была: “Парэнь гол, як сакол, а ходзя ж весяліцца… ” На мой погляд, вызначэнне “гол, як сакол” заслугоўвае асобнага каментара. Практычна ўсе фразеалагічныя слоўнікі пры тлумачэнні этымалогіі гэтага фразеалагізма тыражыруюць тлумачэнне, прапанаванае М. Я. Ермаковым: “Голъ, какъ соколъ. Соколъ — одно изъ старинныхъ стенобитныхъ орудій, которое обыкновенно выливали изъ чугуна, подвешивали на железныхъ цепяхъ и съ успехомъ ломили имъ всякую стену, каменную и деревянную. Иногда такой соколъ делался изъ дерева, окованнаго на одномъ конце железомъ, и назывался также тараномъ, или бараномъ. Соколами называются еще ручные ломы, которыми ломаютъ гранитные камни и соль. Соколомъ же называютъ ручную бабу или трамбовку”. [9, 27] У Варвары Грэцкай, неабцяжаранай веданнем дадзенай этымалогіі, знайшлося сваё, незафіксаванае ні ў водным слоўніку тлумачэнне, у якім сокал застаецца рэальнай птушкай: <Чаму як сакол?> Кажаць, у сокала гнязда німа… Кажаць: “Ходзя гол, як сакол… ” — “Чаго?. . ” — “Таво, шта лятая, весяліцца… А гнязда німа… ” А дзе ён нясецца… Хто яго зная… ” Сокал, сапраўды, не будуе ўласных гнёздаў, а займае чужыя. Або гэта гнёзды, якія не заняты нікім, або ён выганяе адтуль іншых птушак. [10 , 81]
Тлумачэнне Варвары Грэцкай вылучае ў вобразе сокала такую рысу характара як незалежнасць. Адсюль і: “Не іаймаўшы сокала, іер’е не скубі, не назваўшы зяцем, хлоіца не кармі: Бываець… Вот, напрымер, я табе скажу: “Вот ты гуляў з дзеўкай… Сабраў манаткі… Пашоў… “А ты аставайся… “Але, разам з тым, чалавек, якога параўноўваюць з сокалам, адказны за свае абяцанні і словы: “Як браць пазычаць, як просяць — дак вочы сакаліныя, а як аддаваць — вочы савіныя“. Сава — ўвасабленне злодзея, які заўсёды квапіцца на чужое: “Сава спіць, да курэй бача. Сава любя украсць і курыцу, і цыплёнка, і вераб’я на хаду”.
Вясковыя сем’і вызначаліся вялікай колькасцю дзяцей. <Якая пціца самая багатая, а якая самая бедная?>Самая багатая… Якая багата выводзіць цыплят… Я так распалагаю… А бедная… Тры яйцы якіх звароча… І ўсё… Па-мойму так”. <.>”Куды ты шчэніш іх?. . ” — на Соню калісь усё казалі, як кажды год ряджае жонка… Ня ўспея аднаго радзіць… Ішчэ тога груддзю корміць, ужо забярэміняе… Дак яны: “У мяне жонка… Як год, так удод… Як год, так удод… ” Цяперь жа не ряджаюць столькі. . У Ціпуна трынаццаць дзяцей ці адзінаццаць… ”
Абыякавае стаўленне да сваго гнязда таксама ўласціва “кукушцы”, якая “рэдка плача, а усё на ветках скача“. Да таго ж гэты занята спалучаецца з абыякавым стаўленнем да сваіх дзяцей: “Кукушка, гаворяць, рэдка плача. Усё баба казала: “Кукушка рэдка плача, а усё на ветках скача“. Мы гаворым: “А чаго яна рэдка плача?” — “А толькі рэдка плача, што гнязда ня ўе, ні ўмея. “<.> Мы калісь: “Баба, чаго яна рэдка плача?” — “А таго, шта прыпрэ несца, а гнязда німа. Яна ўжо дзе нагледзя гняздо тама-ка. А тады ішчэ пагуляя с самцом і зноў у другом гняздзе ў чужом. У вароннім, дак у вароннім. Ці дзе сарока якая. У чужых гнёздах. Дак тады толькі плача, як яйцы раскідая”. Разам з тым “кукушка” здольна прадказаць будучыню: “Кукушка кукуя, добра долю чуя. Усё мы калісь, як кукушка кукуя, скарэя. Яна ў садзе будзя сядзець і начыная кукаваць: “Ку-ку. Ку-ку.” Вот мы: “Кукушка.кукушка, пакукуй, чэряз сколькі бягіма гадоў я замуж пайду.Чэряз сколькі памру.” Тым не менш, сваю долю “кукушка” прадказаць не ў стане: Кукавала кукушачка ва зялёным садзі, а ні знала кукашачка, што горя іззадзі. Горя ўсягда ізець за чылавекам. Чылавек хватаіцца за горя, а горя не адставая. Гаворяць: “Дзела не загадывай і к заўтряму, а што Бог дасць. Заўтря тоя і тоя буду дзелаць, а заўтря глядзь — другоя горя. Не дзела, а горя прэдстаня.“
У адрозенне ад “кукушкі” варона ідзе ні літая, а дамоў пападая“. <Да чаго так казалі?> Вот ідзе хто ня ездзіў, усё раўно на родзіну едуць, пападаюць… Разам з тым, варона — птушка ня самага вялікага розуму: “Адзін дзед гаварыў: “Сюдой бліжэй… Но толькі варона наўспрямкі літая, да дома ні бывая. Лучшы па сухому… Далей, да па сухому ідзеш… А ета рыск… ” І лёс у вароны не самы зайздросны: Ё пцічкі, толькі зярном пітаяцца, а ё… Гаворяць: “Варона ўсё ў гаўне капаіцца“. Е пцічкі, што зярном пітаяцца, а варона ўсё ў гаўне капаіцца. <Калі так казалі?> Вот дзелаіш што-нібудзь грязнае на рабоце, дак кажаць: “Ну, што харашыя пцічкі на работу прыдуць Брыгадзір табе загадае, еслі ён на цябе абідзіўся з чаго: “Ідзі, — скажа, — грязную такую работу Ці перябіраць… Холад… Капцы аткрываяць к Вялікадню… А бываяць дні халодныя, і вецір ёдкі… А вазьмі бульбу тую гнілую перябірай, ідзе лучшанькаю выбірай, пальцы коляць… Гаворяць: “Харошая пцічка зярном пітаіцца, а гаўняная варона ўсё ў гаўне капаіцца“. <.> “Куды вароні не ляцець, дак гаўно даўбаць (клюваць). “К чаму яно гаворыцца: “Куды вароні не ляцець, дак гаўно даўбаць“. У нас быў… Тута-ка былі бедна… Калісь на Дальні Васток паехалі. Паехалі… І там так, так тут. Дак усе яго матка казала: “Куды не ляцець такім тупіцам, дак гаўно кляваць“. Не начальнікам не станя, нічым. Там скот даглядаў, а яна даяркай была. Пабылі там, дак што паехалі, і тоя параскідалі па свету… ” Разам з тым варонам уласціва пачуцце адказнасці за сваіх: “Воран ворану вока не клюе. Ета е такая прыказка. Ўрач жа ня будзя гаварыць, што ўрачы вінаваты. Усі казалі… І прэдсідаціль на прэдсідаціля ня будзя гаварыць… Таму шта сам такі. <…> Усягда свой за свайго… Па прафессіі адзін за аднаго будуць гаварыць”. Зусім па-ншаму ставяцца адзін да другога пеўні і куры: ” Як петухі б’юцца: Вот сабярэцца. Ты, напрымер, і Сярежка. За малейшая што-нібудзь і пачануць, то спорыць, то начынаяць. Да бою дзела. Гаворяць: “Што вы спляліся, як петухі?” Петухоў жэ не разгані. Ты бачыў, як петухі б’юцца?. Яны б’юцца. Яны дзяўбуць адзін аднаго па галаве. І галаву раздаўбе, тэй упадзя, ужо ўпадзя, ня можа, а ен усе адно будзя дзяўбаць. Мы раз вышлі на вуліцу, пеўні б’юцца, а мы ж баімся падыходзіць, яны крыллямі адзін аднаго б’юць гаразда і клююць. Мы к бабе. Баба падышла. Палкай. Раздзірая іх, а яны ўсе раўно. У пер’я ўшчэпіцца і будзя дзяржаць. Баба сільнейшага адкіня, усе раўно абойдзя, зноў будзя бегці. Дак так і гаворяць: “Што вы ўжэ, як петухі тыя б’іцёся?” Так жэ і людзі. Другому скажы: “Ну, куды ты б’есся?. Куды ты лезіш?. Ты не праў. ” Ён кідая, атойдзіцца. Другі будзя даказываць”.
У адрозенне ад вароны сініца — гурман. Любоўю “парэмічнай” сініцы да пшаніцы вызначаецца найвышэйшы кулінарны густ: Усі тады казалі, як смашная хоча: “Я етага не хочу… “Баршча, там… Баба будзя казаць: “Ага, наша сінічка хоча пшанічкі… Дак німа пшанічкі… Во обшчае еш… ” Тым не менш, малінькая сінічка вароны не дасцігая. Адсюль <яго> як нашу сініцу хоць палож у пшаніцу. <.> Матка ўсе казала: “Шкілеціна!. . Косці. Мошчы худыя. Во ўжо сінічку, хоць пасадзі ў пшанічку, яна ўсе адно будзя.” Так на худых казалі. Адсутнасць па нейкай прычыне апетыту таксама адбываецца праз згадку пра сініцу: Ня хоча сінічка ні канапелькі, ні пшанічкі”.
Самай прыгожай з птушак лічылася пава. Менавіта з ей параўновалі жанчыну, якая прыгожа апраналася: “Пава — пціца такая… Ходзя… Нарысавалася… Як пава ходзя… Красіва надзеніцца… “Як пава”, — кажаць… Ета Чыгуніха… Амерыканчыха ў амерыканская надзеніцца… “Во ты ўжо ідзеш, як пава!” Ета ўжо… Як пціца… Паўліны бываяць? І матка наша сабе пашыя і кохты, і юбкі, і плацці… Дак усе казалі: “Ты Грэцкая, як пава“.
Увасобілася ў амяленскіх прыказках і прымавак і любоў мясцовых жыхароў да песень. У залежнасці ад таленту чалавек можа крахаць, як варона, і сваім голасам псаваць агульныя спевы. У гэтым выпадку яго просяць: “Атыйдзі. Не крычы, як варона. Яно ж, як красіва ўсі пяюць, саідзіняюцца галасы. Не красіва. <.> Ён абы крычаць, ен ні панімая ні гармоні, штоб ета пад гармонь. <.> На то прыродна… Каждая варона крахая… І рада б запець, да яна не запяе.. ” Спевакоў с прыгожымі галасамі параўновалі з жаўрукамі і з салаўямі: ” Дзед. Яго звалі Іван Ігнаціч. Іх Жаваранкі празвалі. Яны ўсі… У іх галасы былі звонкія-звонкія… Вот як жавараначкі, пелі… <…>“Як хто красіва пяе… Па цілявізару хто красіва пяе.Калісь баба наша. Дзеўкі пяюць, яна будзя ў вакно слухаць… Кажа: “Маруся мая памёрла, голас харошы быў, і пела красіва, дак я думаю: “Можа, і мая Маруська там?” Яна ж пела, як салавейка…”<…> “Памёрла, васімнаццаць гадоў было.” Гаворя: “Мая ж Маруся пела, як салавеечка.
А калі чалавек — не чалавек, дык яго і пароўноўваюць з птушкай, якая і за птушку ня лічыцца. Адсюль і прыказка: “Курыца — ня пціца, і баба — ні чылавек“. І на курыцу навешваюць ўсё самае горшае: недасканалая праца, блытаніна ў думках і выказваннях вызначаюцца, як “куросання гарадзіць”; “гародзіць, як куры на куросанні”; “курыная вышыўка”; “Хіміны куры гарадзіць”; “Хіміны куры пайшлі ў разнос”; “грабаць, як курыца лапай” (пра непрыгожы, неразборлівы почырк); курыны дожч, курыныя слёзы (нешта дробнае); курам на смех (нешта нявартае); курыны розум (пра чалавека, у якога не ўсё ў парадку з памяццю); сядзець, як курыца на яйцах (пра чалавека, які нерухома сядзіць на адным месцы).
Такім чынам, мы бачым, што парэміі с кампанентамі-птушкамі даюць магчымасць даць самую разнабаковую характарыстыку чалавеку: яго знешняму выгляду, яго характару, яго заняткам, учынкам, дзеянням, таму месцу, якое ён займае ў сям’і і ў грамадстве.
Спіс выкарыстаных крыніц
- Садоўская, А. Л. Фразеалагізмы з кампанентам-арнітонімам у беларускай мове: этналінгвістычны аспект / А. Л. Садоўская. — Мінск: БГУ, 2011. — 271 с. — Тэкст: непасрэдны.
- Ляшчынская, В. А. Базавыя канцэпты фразеалагічнай карціны свету беларусаў / В. А. Ляшчынская; РІВШ. — Мінск, 2015. — 224 с. — Тэкст: непасрэдны.
- Маслова, В. А. Введение в лингвокультурологию / В. А. Маслова. — Москва, 1997. — 206 с. — Текст: непосредственный.
- Гаўрыловіч, В. Фразеалагізмы з кампанентам птушка ў беларускай, рускай і англійскай мовах / В. Гаўрыловіч. — Тэкст: непасрэдны // Актуальные проблемы филологии: сб. науч. статей. Вып. 4; редкол.: А. В. Бредихина (гл. ред.) [и др. ]; М-во образования РБ, Гомельский государственный университет имени Ф. Скорины. — Гомель, 2011. — С. 111-116; Гаўрыловіч, В. Нацыянальна-культурная спецыфіка фразеалагізмаў з кампанентам САВА / OWLбеларускай і англійскай моў / В. Гаўрыловіч. — Тэкст: непасрэдны // Спадчына Скарыны: да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання: зб. навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: А. М. Ермакова (гал. рэд.) [і інш. ]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель, 2017. — С. 35 — 39; Гаўрыловіч, В. Фразеалагізмы з кампанентам-назвай свойскіх птушак у беларускай і рускай мовах / В. Гаўрыловіч. — Тэкст: непасрэдны // Беларуская фразеалогія і еўрапейскі моўны кантэкст: зборнік навук. артык. У 2 т. Т. 1; М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь, Брэсц. дзярж. ун-т імя А. С. Пушкіна, Каф. гісторыі беларус. мовы і дыялекталогіі; рэдкал.: М. М. Аляхновіч [і інш. ]. — Брест, 2009. — С. 68 — 73.
- Рэпетта Міхеенкава, В. В. Арнітонімы ў фразеалагічных адзінках беларускай і іспанскай моў: этналінгвістычны аспект / В. М. Рэпетта Міхеенкава. — Тэкст: непасрэдны // Научная конференция студентов и аспирантов: Сборник научных работ 73-й научной конференции студентов и аспирантов Белорусского государственного университета, 16 — 25 мая 2016 г., Минск. В 3 ч. Ч. 3 / БГУ, Гл. управление науки; отв. за выпуск С. Г. Берлинская. — Минск, 2016. — 495 с.
- Садоўская, А. Л. Сімволіка голуба і ластаўкі ў беларускай ідыяматыцы і культуры / А. Л. Садоўская, І. Р. Прычынец. — Тэкст: непасрэдны // Працы кафедры сучаснай беларускай мовы. Вып. 7 / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мінск, 2008.
- Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах / Склад. М. Я. Грынблата. Рэд. А. С. Фядосік. — Кн. Мінск: Навука і тэхніка, 1976. — 560 с. Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах / Склад. М. Я. Грынблата. Рэд. А. С. Фядосік. — Кн. 2. — Мінск: Навука і тэхніка, 1976. — 616 с. — Тэкст: непасрэдны.
- Слоўнік беларускіх народных параўнанняў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад. Т. В. Валодзіна, Л. М. Салавей; навук. рэд. В. М. Макіенка. — Мінск, 2011. — 482 с. — Тэкст: непасрэдны.
- Ермаков, Н. Я. Пословицы русского народа / Н. Я. Ермаков. — Санкт-Петербург: Тип. С. А. Корнатовского, 1894. — 48 с. — Текст: непосредственный.
- Школьник, Ю. К. Птицы. Полная энциклопедия / Ю. К. Школьник. — Москва: ЭКСМО, 2007. — 256 с. — Текст: непосредственный.
Аўтар: Генадзь Лапацін
Крыніца: Русское слово как феномен духовности в славянской лингвокультуре пограничья: Научные доклады участников Международного научно-просветительского форума (г. Новозыбков, Брянская область, 18 – 21 мая 2021 г.) / Ред. С. Н. Стародубец, В. Н. Пустовойтов, С. М. Пронченко. – Брянск: РИСО “БГУ”, 2021.