Прырода у пенталогіі І. Шамякіна “Трывожнае шчасце”

0
31
Прырода у пенталогіі І. Шамякіна Трывожнае шчасце

Як любы з таленавітых пісьменнікаў, І.Шамякін выдатна разумеў, што паказаць таямніцы душаў сваіх персанажаў, іхнія мары і памкненні, надзеі і спадзяванні, хваляванні і перажыванні можна не толькі паказваючы іхнія псіхалагічныя зрухі, але яднаючы людскія мары, часовыя разважанні з душою самой маці-прыроды. Менавіта яна павінна была дапамагаць раскрывацца напоўніцу героям пісьменніка, як у нейкіх надзвычай важных, адказных жыццёвых сітуацыях, так і ў звычайнай будзённасці. Як пазней акажацца, апошні аспект адыгрываў часта галоўную ролю ў зададзенай самім аўтарам псіхалагічнай сітуацыі. І тут не мела асаблівага значэння: ад глабальнага разгляду ў сусветным маштабе прыроды сыходзіў Іван Пятровіч ці ад лакальнага (ім магло падацца або выступаць апісанне вясковай запыленай сцяжынкі-дарожкі, вясёлай безназоўнай рачулкі, ці шырачэзнай ракі, у якой лёгка ўгадваецца любімы з дзяцінства Дняпро, вечназялёнага бору-лесу, на ўлонні якога вырас сам, выдатна разумеў ягоную жывую душу і прывіў гэтую характэрную асаблівасць сваім персанажам і г. д.). Таму і атрымалася, што ў аўтара з першых раздзелаў ягоныя героі жывуць у яднанні з прыродай, прыроднымі з’явамі. Мала таго, ствараецца ўражанне, што любы псіхалагічны зрух у душы чалавека дадаецца “ўціскам” нейкага пэўнага прыроднага аспекта: “Хто ішоў па дарозе ад Рэчыцы на Лоеў, той ведае, якая гэта сумная і цяжкая дарога, асабліва ў летнюю спёку. Яна цягнецца па голай, як стэп, раўніне і нават першыя трыццаць кіламетраў — да Холмеч — абмінае зялёныя аазісы вёсак, дзе падарожны мог бы напіцца з калодзежа сцюдзёнай вады і адпачыць у ценю вербаў ці вішняку, Ні дрэўца, ні кустоў, ніводнай рачулкі, ёсць некалькі равоў, па якіх сцякае ў Дняпро вясновая вада, ды ў жніўні яны заўсёды сухія. Але самае пакутлівае на той дарозе — гэта ўвесь час бачыць недалёка злева густую сцяну лесу, а з узгоркаў, бліжэй лесу, паміж яркай зеляніны лугу, — паласу вады, што спакусліва паблісквае на сонцы” [1, с. 9].

Як нам падаецца, у большасці выпадкаў апісанне прыроды, сцэн, звязаных з прыродай, з яе праявамі — ёсць пэўная частка “аўтабіяграфізму”. Маем на ўвазе тое, што I. Шамякін падаваў тую — родную, блізкую, незабыўную да скону жыцця прыроду, — якая акаляла некалі яго самога, а цяпер атуліла ягоных герояў, стала ім своеасаблівай засцярогай ад усемагчымых нягод і выпрабаванняў, што часта сустракаліся ім на жыццёвым шляху: “Яны мінулі крайнія хаты, прайшлі паўз могілкі, дзе раслі бярозы, старыя і панурыя, і адразу апынуліся ў чыстым полі, залітым святлом поўнага месячыка.

Ноч была ціхая, душная і паветра моцна пахла пылам, узнятым адвячоркам збажыной і яблыкамі. Веска стаяла сярод поля, блізка не было ні лесу, ні рэчкі, ні нават балот, калі не лічыць невялікай сажалкі на выгане. Але хаты танулі ў зеляніне садоў, якіх, на жаль, цяпер так мала — пасля ваенных пажараў” [1, с. 14].

Зварот да апісання нейкага канкрэтнага куточка знаёмай з дзяцінства або юнацтва роднага наваколля (прыроды) мог выліцца ў своеасаблівы этнаграфічна-гістарычны экскурс, даволі грунтоўна апавядаючы пра жыццё продкаў, пра іхнія звычкі і традыцыі, якія наклалі свой адбітак на жыццёвы лад шматлікіх пакаленняў: “Да вайны новага чалавека здзіўляў знешні выгляд вёсак у гэтым месцы: сярод лесу стаялі пахіленыя хаткі з беднымі агародамі, у той час калі ў вёсках стэпавых, за дваццаць-трыццаць кіламетраў ад лесу, хаты былі адна ў адну — вялікія, новыя, і навокал — багатыя сады. Пасля вайны выгляд вёсак перамяніўся. Гэта былі гады, калі ўсе будаваліся — і той, хто пагарэў, хто не меў дзе жьщь, і той, у каго быў добры дах над галавой; усіх ахапіла гарачка будаўніцтва, і кожны лез са скуры, каб зрабіць дах большы і лепшы. Натуральна, што тыя, у каго лес быў пад бокам, адбудаваліся хутчэй і лепш. Калі яшчэ ўлічыць, што на правабярэжжы зніклі сады, то выгляд вёсак у бедным міжрэччы цяпер стаў значна прыгажэйшы. Ды і не такі ўжо ён бедны гэты край! Нездарма тут даволі густа сяліліся нашы продкі. Пясчаныя глебы, але затое колькі іншых выгод! Шырокія сенажаці, лясы, рэкі і азёры-старыкі. Трава і дрэва. Рыба і звер — усё ёсць. З даўняга часу вёскі тут славяцца рыбаловамі, паляўнічымі, цеслярамі, бондарамі, кашарамі і іншымі майстрамі… Цікавая яшчэ адна акалічнасць. У гэтым кутку міжрэчча некалькі вёсак маюць назву Рудня: Рудня Марымонава, Рудня Каменева… I гэта не проста назва. Каля гэтых вёсак знаходзяць вялікія залежы “жужалю” — шлаку ад плавак” [1, с. 32].

  1. Шамякін, пацвярджаючы лішні раз агульнавядомае “прырода заўсёды патурае настрою чалавека”, ніколі пра гэта не забываецца. Самае важнае, што ўлавіў ён такую характэрную ўласцівасць (ці гэта яму перадалося па спадчыннасці) з першых сваіх твораў. У пенталогіі аўтар паўстае сапраўдным майстрам “перадачы” найцяснейшых сувязей персанажаў (праўда, у пераважнай болыпасці выпадкаў толькі станоўчых) адпаведным станам прыроды: “…Лес скончыўся, і пачалося сухое балота з высокім куп’ём, старымі абгарэлымі пнямі і з вялікімі абгароджанымі стагамі сена. Дарога цераз балота была ледзь прыкметная — вузкая сцежка. Магчыма, што гэтая панурасць і бязлюддзе краявіду схамянулі хлопца і нібы апрытомілі: куды ён ідзе? Куды выводзіць гэтая сцежка? Дзе ён будзе начаваць?” [1, с. 33]. Адчуваецца душэўны неспакой, неўраўнаважанасць, тое, што ў Пятра Шапятовіча не зладзілася на гэты раз з Сашай Траянавай.

I вось зусім іншы прыклад, калі ў галоўнага героя ўсё добра, яго чакае наперадзе радасная сустрэча: “Потым цярпліва плыў паўдня, любуючыся разлівам Дняпра. А Дняпро цудоўны ў гэты час! Ён разліваецца на многа кіламетраў ушырыню, залівае лугі, лазнякі. Дубы на нізкім левым беразе стаяць па голле ў вадзе, а правы бераг ужо не выглядае такім абрывістым і высокім. Параход ідзе бліжэй да абрыву, і з верхняй палубы відаць вуліцы вёсак — гразкія, але ажыўленыя і па-вясноваму прыгожыя” [1,с. 45].

Адбываецца сустрэча закаханых, і, адпаведна, падаецца зусім іншы краявід: “Надвячоркам пайшоў дождж, па-майску цёплы, дробны. Але спорны — той вясновы дождж, што амывае апошні снег у гушчарах і на схілах узгоркаў, бруд на дарогах і пасля якога трава пачынае расці так, што відаць, як варушыцца на зямлі зляжалае мінулагодняе лісце” [1, с. 45].

Не здзіўляе, што часта ад такіх сцэн цягнецца доўгі ланцужок міфічна-легендарных успамінаў, што закранаюць агульнавядомыя матывы вуснапаэтычнай творчасці. Яны ўжо шматкроць асвятляліся ў фальклоры і літаратуры, паспелі стаць своеасаблівымі сімваламі, якія цвёрда ўсталяваліся ў свядомасці людзей. I. Шамякін не адкрыў тут нічога новага, адно што ўжыў такі сімвал пры адпаведнай сітуацыі: “Раптам яны змоўклі. Угары над імі пачулася сумнае курлыканне. Яны спыніліся, узнялі галовы і ў чыстым блакіце неба ўбачылі жураўлёў, роўны клін іх аддаляўся на поўдзень. Жураўлі курлыкнулі толькі адзін раз. Але так жаласна і працягла, быццам развітваліся з нечым родным. Далей ляцелі моўчкі” [1, с. 65].

Неба, жураўлі ў ім, іхняе сумнае курлыканне, перадавала невясёлы настрой маладой сямейнай пары. I “зямная” прырода таксама спачувае ім, ужываецца ў іхні душэўны стан: “Яны выйшлі на шлях, абсаджаны маладымі бярозкамі, клёнікамі і таполямі. Дрэўцы стаялі ўжо голыя — дзе-нідзе сіратліва трапяталі адзінокія лісцікі, і ад гэтага дарога здавалася яшчэ болып маркотнай і пустой” [1, с. 66]. Ці вось гэты эпізод: “Саша доўга стаяла там, на вяршыні ўзгорка, на фоне яснага неба — адзінокая, сумная жаночая постаць сярод асенняга поля” [1, с. 68].

Пісьменнік амаль у кожным канкрэтным выпадку падкрэслівае, што ягоныя героі заўсёды імкнуцца да прыроды, калі ім неабходна знайсці нейкую пэўную заспакоенасць, душэўную раўнавагу, нават супакаенне ад жыццёвых нягод: “Яны спыніліся ў лесе, у тым месцы, дзе дарогу перасякала квартальная прасека — “лінія”, як яе называюць людзі тых мясцін. Па адзін бок прасекі ўзвышаўся стары бор: стромкія прыгажуні сосны з лысінамі падсочкі, нібы смяротнымі знакамі, паміж сосен — дубкі і бярозы, а ўнізе — рэдкі арэшнік. 3 другога боку лес быў высечаны колькі год назад, і цяпер уся доўгая, на квартал, лесасека зарасла непралазным гушчаром — беразняком, асіннікам, арэшнікам.

Мясціна была ўтульная. Увогуле такія лясныя скрыжаванні заўсёды вабяць пешахода — хораша адпачыць каля іх!

Жанчыны селі ў ценю пад соснамі. Было гадзіны тры — самы гарачы час ліпеньскага дня, і ў лесе стаяла духмяная спякота і такая цішыня, што нават на маладых асінках не дрыжала лісце. Толькі авадні звінелі навокал” [1, с. 93-94].

Калі Пятро Шапятовіч разам са сваімі баявымі сябрамі трапляе ў франтавыя экстрэмальныя сітуацыі, то I. Шамякін адразу свядома змяняе і ўплыў самой прыроды на чалавека (людзей) вайны. Пакутуюць персанажы і, разам з імі, трывае прырода — зямля, якая таксама “бярэ” на сябе пэўную частку болю, смерці, разбурэнняў. I таму нават прыродныя з’явы “падстроены” аўтарам пад ваенныя (баявыя) абставіны: “Агонь і снег… Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат. Калі свеціцца блакітным водбліскам ад пажараў, што шугаюць у горадзе. А калі і пажараў няма, агонь застаецца ў стомленых запалёных вачах. Неба, дай адпачынак! Але і там агонь. У нязмернай вышыні гулліва калышуцца, плывуць, то ўзнімаюцца, то апускаюцца, пераліваюцца д’ябальскі прыгожыя рознакаляровыя сцягі паўночнага ззяння. У мінулую зіму я любіў гэтае дзівоснае відовішча прыроды, якому няма роўных па прыгажосці. Цяпер не люблю. Мне здаецца, калі я гляджу на гэтыя пералівы святла, то неба смяецца з таго, што робіцца на зямлі. А хутчэй за ўсё не люблю таму, што ззянне — лепшае надвор’е для налётаў” [1, с. 294].

Так атрымалася, што ўсёмагутная прырода не толькі разумела чалавека, прыкрывала, хавала і выратоўвала яго. Але нярэдка і супрацьпастаўляла (нібы пацвярджаючы агульнавядомы факт, што “вайна ўсё перамяшала-пераблытала” не ў адным толькі людскім жыцці, аде і ў прыродным ладзе таксама: “Снежная пустыня… Цішыня. Такая цішыня, што робіцца жудасна; мімаволі часам пачынаеш гаварыць шэптам, а то раптам хочацца закрычаць так, каб пачулі за сотні, за тысячы кіламетраў — там, дзе людзі, дзе вайна і жыццё.

Я ўглядаюся ў гэтую снежную роўнядзь, белую-белую, ажно балюча вачам. Не, не заўсёды яна белая, часта здаецца мне крывава-барвовай, быццам на ёй застылі ўспышкі тых агнёў, якіх так многа было там, у Мурманску. Можа, гэта ад неба: тут ужо на якую гадзіну паказваецца сонца, і, калі яно ўсходзіць ці заходзіць, неба гарыць рознакаляровымі агнямі. Мне належыць глядзець у неба, ці не ляцяць варожыя самалёты. А я не магу адарваць вачэй ад снежнай гладзі возера, напружана ўзіраюся ў далёкі-далёкі, зацягнуты блакітнай смугой, супрацьлеглы бераг…” [1, с. 318].

Нават найвярнейшага сябра Пятра Шапятовіча — Сеню Пясоцкага — забрала з ліку жывых прыродная стыхія. Лютая завіруха і мароз зрабілі з ім сваю чорную справу.

Падкрэсліваючы значэнне прыроды ў пенталогіі “Трывожнае шчасце” I. Шамякіна, адзначым тое, што ў гэтым творы аўтар паказаў сябе дасканалым майстрам у перадачы найдрабнейшых зрухаў у адвечным жыцці нестамляльнай стваральніцы, якая актыўна ўплывала на чалавека, людзей, грамадства.

Літаратура

  1. Іван Шамякін. Збор твораў: у шасці тамах / Іван Шамякін. — Мінск: Маст. літаратура, 1978. — Т. 3.

Аўтар: А.М. Ненадавец
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20―21 кастрычніка 2011 г. / [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр, 2011. — С. 10-14.

 

 

 

 

 

 

Інтэрпрэтацыя П. Шпілеўскім некаторых гістарычных аспектаў у нарысе “Мазыршчына”, ix асэнсаванне праз прызму сучаснасці

Палессе, Мазырская зямля, заўсёды была ў полі зроку айчынных і замежных даследчыкаў: вучоных-гісторыкаў, этнографаў, фалькларыстаў, якія нярэдка бліскуча спалучалі свой талент пісьменнікаў, яркіх публіцыстаў. Дастаткова прыгадаць такія знакамітыя імёны, як М. Доўнар-Запольскі, Я. Карскі, М. Косіч, А. Кіркор, Е. Раманаў, 3. Радчанка, Ч. Пяткевіч, М. Федароўскі і інш.

Сярод гэтай кагорты знакамітых вучоных XIX ст. пачэснае месца належыць П. Шпілеўскаму, чалавеку энцыклапедычнага складу розуму, які ў свой час атрымаў выдатнае выхаванне, трывалую адукацыю праз духоўную семінарыю і духоўную акадэмію, пазней стаў супрацоўнічаць з многімі шырокавядомымі пецярбургскімі перыядычнымі выданнямі, актыўна пачаў публікавацца ў “Современннке”, “Москвнтяннне”, “Пантеоне” і інш., выступаў у якасці тэатральнага крытыка. Яшчэ ў дзяцінстве, слухаючы казкі, розныя паданні, павер’і пакінулі ў яго душы глыбокі след. 3 ранніх юнацкіх гадоў П. Шпілеўскі захапляўся вывучэннем народнага побыту, вывучаў і збіраў народныя звычаі, абрады, павер’і, гісторыю беларускага краю. Праявілася ў яго бязмежная любоў да беларускага слова [1, с. 247-251].

Сярод рознатэматычных твораў этнаграфічнага, фальклорнага і іншага зместу, дарожных нататак важнае месца займае і нарыс “Мазыршчына”, апублікаваны ў пецярбургскім часопісе “Архив исторических и практических сведений, относящихся до России” у 1859 г.

Аўтар даволі падрабязна і займальна знаёміць ca старажытнымі помнікамі матэрыяльнай і духоўнай культуры Мазырскага краю, з народнымі павер’ямі, знахарамі, якія добра ведаюць таямніцы прыроды і цудадзейную, звышнатуральную сілу травы, кветак, карэнняў. Вядзьмарства і чары, паводле меркавання этнографа, складаюць аснову народных павер’яў [1, с. 213].

Значнае месца ў нарысе адводзіцца апісанню знахараў-ваўкалакаў. Гэта павер’е вельмі старажытнае, мае свае вытокі яшчэ з часоў паганства. Розныя павер’і і розныя забабоны, на думку Шпілеўскага, сведчаць пра адсталасць, забітасць простага народа, яго нізкую ступень развіцця. Так, напрыклад, аўтар гаворыць, што “для того, чтобы узнать на какой степени умственного неразвития и темноты находятся мозырские простолюдины необходимо заглянуть в их бедные хаты, большею частью курные, построенные без всяких удобств и необходимых хозяйственных принадлежностей…” [1, с. 216].

Аўтар пры апісанні селяніна-мужыка заўважае, што яго можна прыняць за дзікаабраза, сустрэўшы ў лесе. Таксама не прываблівае Шпілеўскага выгляд жанчыны: лыкавыя лапці, скрутка, павязка на галаве з доўгіх, вузкіх палотнаў, вядомых пад імем “намётак”. Разам з тым П. Шпілеўскі сцвярджае, што гэта добры, сумленны, рэлігійны народ, які любіць сваю радзіму [1, с. 217].

З хваляваннем і болем апісвае аўтар прыроду Мазыршчыны, якая гібне ад рук чалавека: “Что касается лесов мозырских, то они представляют большую поживу для опустошителей…” [1, с. 217]. Багаццем мазырскага краю пісьменнік называе дзікіх звяроў, якія насяляюць непраходныя гушчары: …дикие кабаны, медведи, волки, рыси, куницы, выдры, серны, выхухолі, барсуки, лисицы в большом количестве плодятся в мозырских пущах…” [1, с. 218].

Цяжкія ўражанні пакідаюць запушчаныя, зарослыя хмызнякамі палі. Не ў лепшым стане, на думку даследчыка, знаходзяцца азёры і рэкі мазырскай зямлі, якія ўваходзяць у Прыпяцкі водны басейн [1, с. 218-219].

Прыпяць завецца царыцаю ў воднай сістэме Мазыршчыны, згадваюцца і іншыя значныя рэкі: Гарынъ, Лань, Смерцъ, Вешчуна, Лугавая, Убарць, Ствіга і інш. [1, с. 219].

Некаторыя з гэтых рэк славяцца гаючымі водамі, прыгожымі каштоўнымі камянямі, каляровым пяском, здараецца, знаходзіць у іх жамчужынкі. Шпілеўскі згадвае і палескія азёры: Грычына, Белае і Князь-возера, вядомае ў народзе пад імем Жыд-возера. Гэтыя азёры былі некалі шырокія і глыбокія, багатыя рыбай, разнастайнай расліннасцю [1, с. 219-220].

Ён таленавіта апісвае Мазыр, даследуе шматлікія геаграфічныя аб’екты, тлумачыць значэнне слова “Мазыр”, звяртае увагу на паходжанне назваў вёсак, звязаных з характарыстычнымі асаблівасцямі: Заречье, Гайдамаки, Бояровка, Князевье, Рубель, Хаврутки, Заболотье і інш. [1, с. 213]. Шмат цікавага і павучальнага знаходзім у нарысе пра Мазыр, дзе аўтар распавядае легенду пра яго паходжанне, першых заснавальнікаў горада, таксама даведваемся пра жаночы манастыр Цыстэрсак, Спаскую (Замкавую) гару, Смяротную даліну, якая завецца Святая, Чортавая (Шайтан) гара, пазнаём падрабязную храналогію Мазыра з XII стагоддзя да нашага часу.

П. Шпілеўскі як сапраўдны мастак, патрыёт сваёй зямлі, увесь час захапляецца ўбачаным, з дакументальнай дакладнасцю, тонкасцю і займальнасцю перадае свае ўражанні пра Мазыр з яго крутасцю гор, садамі, грушамі і слівамі, якія славяцца на ўсю губерню, хаткамі і будынкамі, купаламі цэркваў, чыстым паветрам, раскошнай расліннасцю [1,с. 220-221].

Для Шпілеўскага, які нарадзіўся ў Беларусі, Мазыр — маляўнічы, фантастычны горад, поўны жыцця: “Мозырь принадлежит к числу самых красивых и опрятных городков западно-русского края” [1, с. 226]. Параўноўваючы з Мазыром, Пецярбург для аўтара з’яўляецца халодным і паважным.

Мазыр у этнаграфічным нарысе аўтара паказваецца як адзін з найпрыгажэйшых мястэчкаў заходнерускага краю. Горад вядомы сваімі ярмаркамі, куды з’язджаецца дваранства і купецтва з суседніх паветаў і нават губерняў, нярэдка наведваюць замежнікі. Замежныя купцы набываюць лён, пяньку, сала, воўну, вэнджаную рыбу, рыбін тлушч, скуру i iнш. Галоўную ролю на ярмарках адыгрываюць яўрэі, якія выступаюць у якасці пасрэднікаў пры куплі-продажу [1, с. 227].

Шпілеўскі з гонарам гаворыць аб Мазырскім гарадскім прэзідэнце Франкоўскім, пра мясцовага паэта Неслухоўскага, які напісаў паэму “Прыпеіда”. Характэрна, што жыццё народа, яго побыт, культуру ў гэтым пазнейшым нарысе даследчык палескага краю малюе не светлымі фарбамі: абшарнікі кінулі сялян на волю лёсу, але іх рабуюць аканомы, карчмары [l,c. 227-228].

Пісьменнік каларытна апісвае драўляныя забудовы горада гатычна-візантыйскага стылю, з вялікімі садамі, але аўтар заўважае, што ёсць і каменныя будынкі — гэта Бернардзінскі манастыр, які быў заснаваны ў 1654 г. У нарысе адзначаецца яшчэ некалькі культавых аб’ектаў: Пятніцкая царква, Спаская і касцёл-фара. П. Шпілеўскі падкрэслівае своеасаблівасць і арыгінальнасць будынкаў, выкананых у розных стылях [1,с. 232-233].

На старонках нарыса можна сустрэць звесткі пра Замак, які існаваў да XVIII ст. Даследчык характарызуе адміністрацыйнае палажэнне і палітычнае становішча горада [1, с. 233-234].

Шпілеўскі адважна ўводзіць у твор фальклорна-этнаграфічны матэрыял, падкрэсліваючы жыццястойкасць і самабытнасць народа. Па-майстэрску ўжыты асобныя эпітэты, нечаканыя параўнанні, словы-паўторы, аўтарскія неалагізмы, што робяць тэкст высокамастацкім, эстэтычным і інфармацыйна значным, эмацыйна ўражлівым: быстрые, волнистые струи Припяти, в которых отражаются бесчисленные огни; обрывистая долина; крутизна хребтов и пригорков; кустарники диких деревец; роскошная растительность; темнота страшная между простонародьем; глубокие времена; как хорош, красив город.

Аўтар у сваім нарысе выкарыстоўвае мясцовыя дыялектныя словы (намётка, греча, аршины, андарак, свитка, водовик, жупян і інш.), прастамоўныя выразы (плут, плутоватый, умственное неразвитие, отупение, единоплеменная Россия, простонародье, поселянин і інш.), фразеалагічныя спалучэнні (“не сегодня, так завтра огнём пойдёт оно ”; “не стало камня на камне”; “вороны в павлиных перьях”, “носят на себе отпечаток старины” і інш.) часам звяртаецца аўтар да гіпербалізацыі асобных фактаў: “На самой верхушке … мрачной и уединённой горы разрослись необъятной толщины и непомерной высоты вечнозелёные сосны…”, “встретив мужика в лесу, можно принять его за дикообраза в огромной мохнатой шапке”, “мещанки представляют из себя ворон в павлиньих перьях”.

Нарыс каштоўны сваім мастацка-гістарычным, пазнавальным зместам пра старажытныя помнікі, народныя паданні, павер’і, знахараў, ведзьмакоў, пярэваратней, пра жыццё і побыт простых сялян, пра розныя геаграфічныя аб’екты (рэкі, азёры, горы, культавыя будынкі, гандлёвыя адносіны, ваенныя баталіі).

Аўтар засяроджвае ўвагу на падрабязным апісанні, аналізе гістарычнага факта, падзеях і паказвае ўсё гэта жыва, займальна праз мастацкую прызму асабістага ўспрымання, не скажаючы пры гэтым гістарычнай праўды.

“Маляўнічы, фантастычны Мазыр”, яго прырода, гарады, мястэчкі, жыццё і паўсядзённыя клопаты яго жыхароў, убачаныя і зафіксаваныя паўтара стагоддзі таму назад П. Шпілеўскім — этнографам, навукоўцам, пісьменнікам, паўстаюць перад намі жыва, праўдзіва, з дакументальна-мастацкай і гістарычнай дакладнасцю.

Заслуга П. Шпілеўскага перш за ўсё ў тым, што ён быў першаадкрывальнікам беларускага краю, беларусаў як нацыі з багатай самабытнай культурай, гісторыяй, традыцыямі, даў падставу меркаваць, што мы не горшыя ў параўнанні з іншымі народамі, а ў нечым нават лепшыя, унікальныя ў міжнародным культурным свеце. Прарочыя словы П. Шпілеўскага яшчэ з большай сілай спраўджваюцца і ў наш час.

Сучасны Мазыр у параўнанні з яго мінулым, апісаным П. Шпілеўскім, — буйнейшы транспартны, прамысловы і культурны раённы цэнтр Палесся, праслаўлены гістарычнымі мясцінамі, архітэктурнымі збудаваннямі, развітай інфраструктурай, спартыўнымі комплексамі, выдатнымі людзьмі, якія памнажалі яго багацце і пракладвалі шлях у будучыню. У горадзе дзейнічаюць прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай, хімічнай і нафтахімічнай галін, а таксама машынабудаўнічай, дрэваапрацоўчай і харчовай прамысловасці.

Знешні воблік горада значна змяніўся: забудова Мазыра да XIX ст. была драўляная, зараз яна практычна не захавалася, культурна-адукацыйныя, прамысловыя аб’екты, дамы — каменныя, толькі дзе-нідзе можна сустрэць гістарычныя будынкі, якія ўяўляюць культурна-гістарычную каштоўнасць для дзяржавы (дамы па вул. Гогаля, Ленінскай, будынак былой лякарні, будынак драмтэатра, корпус дзіцячай школы-інтэрната, бровар). Таксама да нашага часу захаваліся некаторыя культавыя гістарычныя аб’екты: царква св. Міхаіла Архангела (1760-1778 гг.), манастыр бернардзінцаў (1645 г.), касцёл св. Міхаіла Архангела (1743-1745 гг.), манастыр цыстэрцыанак (1743-1745 гг.), царква св. Мікалая (1 пал. XX ст.). Важным гісторыка-культурным аб’ектам эпохі ранняга феадалізму 12 ст. лічыцца адноўлены замак на гары Камунараў (былая назва Спаская, Замкавая), які з’яўляецца копіяй былога старажытнага пасялення [2].

Унікальнай асаблівасцю цэнтральных вуліц горада (пл. Леніна, вул. Ленінскай, зав. Фрунзе, вул. Калініна, Савецкай, Гогаля) з’яўляецца захаванне гістарычнай планіровачнай структуры: ландшафт, размяшчэнне жылых дамоў і будынкаў, узгоркі, парэзаныя ярамі, — усё гэта дае магчымасць апынуцца ў гістарычным мінулым і пазнаёміцца з выглядам старажытнага горада, апісаным П. Шпілеўскім [2].

Незвычайны ландшафт горада, ахарактарызаваны П. Шпілеўскім, захаваўся да нашых дзён: высокія ўзгоркі, “абрывістыя” даліны, глыбокія яры, ператвараючыся ў вуліцы, абрамляюць і зараз наш горад. Каб зберагчы першародны воблік прыроднага комлексу Мазыршчыны, у 1986 г. быў створаны Дзяржаўны ландшафтны заказнік “Мазырскія яры”. Сваёй флорай, фаўнай, незвычайным рэльефам яны прывабліваюць многіх турыстаў, якія могуць пазнаёміцца з рэдкімі відамі раслін, занесенымі ў Чырвоную кнігу, насякомымі, птушкамі і рознымі відамі дрэў, кустарнікаў.

Мазыр — буйны індустрыяльны цэнтр з развітай інфраструктурай. На тэрыторыі сучаснага горада размешчана шмат культурна-гістарычных помнікаў прыроды, архітэктуры, скульптуры, якія з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю горада.

Горад, яго размяшчэнне, ландшафт, прырода, жыхары, культурна-гістарычныя аб’екты, будынкі з’яўляюцца важнымі і перспектыўнымі для развіцця туризму. Сваёй прыгажосцю, унікальнасцю, гісторыяй Мазыр прыцягвае многіх турыстаў. Але, каб развівалася туристичная індустрыя, патрэбна захоўваць і памнажаць багацце, неабходна берагчы природу, аднаўляць і развіваць культурна-духоўныя каштоўнасці, якія дасталіся ў спадчыну гораду, пра які з любоўю, павагай і гонарам пісаў выдатны беларускі вучоны, этнограф, фалькларыст П. Шпілеўскі, асоба якога была вядома далёка за межамі тагачаснай беларускай зямлі.

Літаратура

  1. Шпилевский, П.М. Путешествие по Полесью и Белорусскому краю: Мозырщина / П.М. Шпилевский // Неман. — 1996. -№ 9. — С. 213-251.
  2. Материал научно-проектного республиканского унитарного предприятия “БЕЛНИИПГРАДОСТРОИТЕЛЬСТВА”: Детальный план центральной части г. Мозыря с проектом регенерации исторической зоны / Смирнова Л.Н., Волович А.Е., Синицына Ж. Л. — Минск, 2006.

Аўтар: А.У. Бервячонак
Крыніца: Міжнародныя Шамякінскія чытанні “Пісьменнік — Асоба — Час”: матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, Мазыр, 20―21 кастрычніка 2011 г. / [рэдкалегія: А. У. Сузько (адказны рэдактар) і інш.]. — Мазыр, 2011. — С. 183-188.