Прыкметы і павер’і ў вясельнай абраднасці Лельчыцкага раёна

0
707
Прыкметы і павер’і ў вясельнай абраднасці Лельчыцкага раёна

У вясельнай абраднасці Лельчыцкага раёна, якая захоўвае агульнаэтнічную аснову, знайшлі яскравае адлюстраванне міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з элементамі жыллёвай прасторы, прадметнай атрыбутыкай і інш.

У этнаграфічных апісаннях вясельнага абрадавага комплексу ў розных лакальных традыцыях важнае месца займаюць прыкметы і павер’і, якія датычаць міфалогіі жыллёвай прасторы. Адзначым, што важнае магічнае значэнне мае такі элемент хаты, як парог, які ў народных вераваннях асэнсоўваецца як месца знаходжання душ памерлых. У в. Сіманічы падчас абрадавага этапа сустрэчы маладых “і молода с порога начынае сеяць жыто” [1, с. 300], што, паводле народных уяўленняў, павінна было сімвалічна забяспечыць ураджайнасць нівы.

У мясцовых прыкметах і павер’ях з’яўляецца адметным асэнсаванне семантыкі дзяжы як важнага прадметнага атрыбута вяселля. Менавіта з ёю звязаны рытуалы ў традыцыйным вяселлі вв. Сіманічы, Маркоўскае. Згодна з народнымі вераваннямі, маладая павінна была сесці на дзяжу, калі захавала цнатлівасць. Лічылася вялікім грахом, калі дзяўчына сядала на дзяжу, не з’яўляючыся “чыстай”: “Потом вуносіць свекруха дзежку і засцілае надзежніцаю” [1, с. 300], “Выходзіць матка, выносіць кажуха, выварочвае яго. Выносіць дзежку і ставіць на шляху маладой” [1, с. 317].

Прыкметы і павер’і, якія вылучаюцца ў структуры вясельнай абраднасці Лельчыцкага раёна, ілюструюць семантыку такога прадметнага атрыбута, як кажух, які, лічылася, сімвалізаваў багацце і ўплываў на дзетанараджэнне: “Калі ж прыежджаюць сваты і малады до двара молодой, то свацце ідуць прыглашаць до хаты, а цешча надзевае кожуха навыворот” (в. Сіманічы) [1, с. 297].

Такім чынам, вясельная абраднасць Лельчыцкага раёна вылучаецца багаццем міфалагічных уяўленняў, прадстаўленых у прыкметах і павер’ях, якія цесна звязаны з рознымі абрадавымі этапамі і рытуаламі.

Літаратура

  1. Вяселле на Гомельшчыне: фальклорна-этнаграфічны зборнік / І. Ф. Штэйнер, В. С. Новак. – Мінск: ЛМФ “Нёман”, 2003. – 472 с.

Аўтар: А.П. Шукаловіч
Крыніца: Дни студенческой науки. Материалы XLV студенческой научно-практической конференции. (Гомель, 17–18 мая 2016 года). В двух частях. Часть 2. Гомель ГГУ им. Ф. Скорины. 2016. С. 143.