Прыкметы і павер’і, як сведчаць матэрыялы фальклорных экспедыцый апошняга дзесяцігоддзя, дастаткова шырока прадстаўлены ў традыцыйнай духоўнай спадчыне жыхароў Калінкавіцкага раёна. Прычынамі добрай захаванасці і вялікай папулярнасці вышэйзгаданых вербальна складзеных клішыраваных утварэнняў з’явіліся ўтылітарна-практычны характар і спецыфіка аксіялагічнай прыроды, прадыктаваныя самім жыццём.
Прыкметы і павер’і, зафіксаваныя на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна, вызначаюцца функцыянальна-семантычнай разнастайнасцю і шырынёй тэматычнага дыяпазону. Некаторыя з іх існуюць у межах каляндарных і сямейных абрадаў, іншыя ж актыўна бытуюць па-за іх межамі і суадносяцца з рознымі відамі дзейнасці чалавека, з пэўным тыпам грамадскіх зносін. Так, у вялікай колькасці запісаны ў Калінкавіцкім раёне гаспадарчыя правілы і рэкамендацыі, прыкметы і павер’і аб дабрабыце і будучым ўраджаі. Звернемся да тых з іх, што прымеркаваны да розных каляндарных святаў, і вызначым адпаведныя тэматычныя групы:
- калядныя (“Сена, на якое ставілі куццю, хавалі, а потым слалі пад курку, каб яны вадзіліся” (в. Вялікія Аўцюкі; Маскаленка Вольга Данілаўна, 1923 г. н.); “Корачку ад куцці ў абручык з дзежачкі клалі, на ўтра курам давалі, каб коршун не схапіў курэй” (в. Хобнае; Папела Яўгенія Рыгораўна, 1937 г. н.); “Каляды пачынаюцца з 6 январа і святкуюцца аж да 19 январа. У ентыя дні нічога нелъга рабіці: ні прыбіраці, ні сціраці, ні прасці. Куццю ставяць пад іконамі. Міскі, з якіх елі, не мыюць. їх пакідаюць на стале, каб дзядам було ў чым есці” (в. Каплічы; Бабрэнка Галіна Міхайлаўна, 1938 г. н.));
- троіцкія (“На Тройцу вароты, хаты, іконы ўпрыгожваюць клёнавымі лісцямі. Калі яны сохнуць быстра, то засохне быстра сена, калі вяне, то сенакос будзе з дажджамі” (в. Каплічы; Кулага Таццяна Пятроўна, 1942 г. н.));
- масленічныя (“На Масленіцу ета ўсігда сабіраліся, жэншчыны асобенна, у каго скот, і танцавалі, пелі, гулялі. Каб каровы не ялывалі, штоб карова нагуляла ды цялілася. А калі не будзеш гуляць Масленку, дык карова будзя ялыўка” (в. Варатын; Пятрэнка Марыя Уласаўна, 1925 г. н.));
- благавешчанскія (“Да Благавешчання дзяўчаты не пелі на вуліцы. А пасля празніку пяюць. Падскаквалі дзеўкі на сарако: доску клалі і калодку і каталіся” (в. Хобнае; Канаплянік Мікалай Рыгоравіч, 1934 г. н.); “Да Благавешчання дзеўка касы не пліце, птушка гнязда не ўе, чалавек жонкі не чапае, а ўжо пасля можна “гук нясці”. Зямля адраджаецца» (в. Бярозаўка; Лапацько Паліна Паўлаўна));
- юраўскія (юр’еўскія) (“На Юр’я першы раз выганялі карову да сонца на росу” (в. Вялікія Аўцюкі; Маскаленка Вольга Данілаўна, 1923 г. н.); “Перад тым, як выгнаць карову, пад парог лажылі тапор, венік-дзяркач, клані тры яечкі. Карове давані выпіць вядро вады, давалі з’есці кусок хлеба з свянцонаю соллю. Праганялі скот галінкай вярбы, пасвечанай у царкве ў Вербную нядзелю, і пры гэтым прыгаварвалі замовы. Усё гэта рабілася для таго, каб ніхто не сурочыў карову, каб яна давала багата малака” (в. Крукавічы; Міхайленка Вольга Рыгораўна, 1928 г. н.));
- велікодныя (“Я паскай называла булку простую. Кажуць, калі паднялася добра, то будзе добры ўраджай, а як не, то дрэнны” (в. Баец; Коўгар Зінаіда Іванаўна, 1930 г. н.); “Кажуць, што калі на Пасху будзе стол багаты, то будзе і заўсёды добры стол” (в. Хобнае; Папела Яўгенія Рыгораўна, 1937 г. н.));
- купальскія (“У ноч на Івана Купалу ўсе ведзьмы вылятаюць і шкоду робяць. Дык ад іх крапіву рвалі і на дзвярах, на вушняках, на плоце вешалі, а то ж і малако могуць адабраць у каровы” (в. Варатын; Пятрэнка Марыя Уласаўна, 1925 г. н.)) і нш.
Некаторыя каляндарныя павер’і носяць характар лекава-прафілактычных і апатрапеічных: яны адлюстроўваюць веру жыхароў Калінкавіцкага раёна ў магчымасць засцерагчыся пры выкананні пэўных дзеянняў магічнага характару ад шкоднага ўздзеяння “розных духаў” і благіх людзей (“А яшчэ, калі выганяюць кароў першы раз, дык трэба свяцонай вербай гэтую карову палупіць. А потым гэтую вербу ўтыркнуць у хляве. Гэта ўжо каб злы дух не нашкодзіў скаціне” (в. Каплічы; Бабрэнка Ганна Фёдараўна, 1920 г. н.); “На Юрыя выганялі скаціну ў поле. Каб кароўка не баялася суроку і розных гадаў, трэ було пакласці ля дзвярэй у сарай пілу” (в. Юравічы; Раманава Ева Пятроўна, 1931 г. н.)), ад неспрыяльных з’яў навакольнага асяроддзя (“Пасля Тройцы наступаў сухі чацвер: не нада палоць, каб град не пабіў ураджай” (в. Вялікія Аўцюкі; Маскаленка Вольга Данілаўна, 1923 г. н.)) і ўсялякіх хвароб (“Верылі, што касцёр на Івана ачышчае ад усялякіх хвароб (в. Каплічы; Бабрэнка Ганна Фёдараўна, 1920 г. н.)).
Трэба адзначыць, што прыкметы і павер’і гаспадарчай скіраванасці — гэта своеасаблівы жыццёва-філасофскі звод народна-практычных ведаў, адмысловая сістэма паводзін, створаная для захавання плену ў гаспадарцы. “Уяўляецца, што носьбіты традыцыі …змяшчаюць сябе ў міфалагізаваную прастору, арыентаваную на архетыпічную мадэль свету, г. зн. на міфа-рытуальны сцэнарый (тварэнне свету, дзеянні творцаў свету, г. зн. боскіх персанажаў рознага рангу). На ўзроўні чалавека сцэнарый забяспечвае суадносіны касмічных з’яў з асноўнымі этапамі яго жыцця. Прызначэнне чалавека заключаецца ў правільным прайграванні сцэнарыя” [2, с. 154].
Надзвычай папулярны сярод жыхароў Калінкавіцкага раёна прыкметы і павер’і, прымеркаваныя да абрадаў сямейнага цыкла. Так, існує вялікая колькасць прыкмет, павер’яў, забарон, правілаў, якіх прытрымліваюцца маладыя, іх бацькі і госці падчас усіх этапаў вяселля: сватання (“Сватацца ідуць у першую нядзелю маладзіка, бо лічылі, што будзе ў маладых добрае шчасце” (в. Рудня-Грабавіцкая; Зубец Н.М., 1930 г. н.)); выпечкі каравая (“Каравай павінны пякці жанчыны, якія маюць яшчэ чалавека (мужа) і жывуцъ у пары” (в. Баец; Скідан Васіліна Іванаўна, 1912 г. н.)); уласна вяселля (“Маладых садзілі на кажух, на голу лаўку ніколі. На голы стол хлеба ніколі не ложаць, так і маладых, каб мягка жылося. Кажух жа з воўны і падкладваюць” (в. Бярозаўка; Лапацько Паліна Паўлаўна); вянчання (“Ад маладой едзе сваха, бярэ кусок палатна і дзве свечкі. Г эта палатно сцеле ім пад ногі, называюць іх падножнікі. На гэта палатно становяцца маладыя, праходзіць вянчанне, бацюшка бярэ сваім фартухом за рукі маладых і водзіць іх вакол іконы. Маладыя цягнуць палатно за сабою, а сваха ідзе следам і расцілае яго зноў пад ногі. Палатно цягаюць, каб усе дзеўкі пайшлі замуж” (в. Варатын; Пятрэнка Марыя Уласаўна, 1925 г. н.)). Некаторыя тэксты даследуемых намі фальклорных жанраў ілюстрыруюць, як правяралі маладую, будучую жонку, на вернасць і гаспадарлівасць: “Давалі маладзіцы венік, яна даўжна падмесці пол, а знатакі падказвалі, якая будзет із яе хазяйка. Еслі нявеста пачала падмятаць пол ад парога, то будзет у доме і дастатак і багацтва” (с. Залатушскае; Шульга Еўдакія Міхайлаўна).
Шэраг тэматычных і функцыянальна-семантычных груп прыкмет, павер’яў, правіл, забарон можна выдзеліць у межах радзінна-хрэсьбіннага абрадавага комплексу:
- забароны для цяжарных (“Цяжарнай кабетцы раілі пазбягаць палоху, а калі спугаецца, не хапацца рукамі за ліцо, каб у дзіцяці не было радзімых плям; забаранялася глядзець на нябожчыка, каб дзіця не было хваравітым, бледным” (в. Якімавічы; Ганчарэнка Ганна Мікалаеўна, 1916 г. н.));
- правілы для лёгкіх родаў (“У час радзін баба вадзіла рожаніцу вакол стала, каб хутчэй разрадзілася” (в. Антонаўка; Мінчанка Г анна Аляксееўна));
- забароны і правілы, якія павінна выконваць жанчына і яе родныя, каб пазбегнуць “сурокаў” (“Матка цяжарную пеленой выцірала, як ідзе тая куда, ці шпульку ля цела прышпулъвала. Гэта каб абараніць ад сурокаў” (в. Баец; Коўгар Зінаіда Іванаўна, 1930 г. н.));
- павер’і аб хросных бацьках (“Чужых нада браць, каб радня была. Прыходзяцъ з булкай хлеба і палаценцэм і гавораць: “Хочаш не хочаш, а перахрысці мае дзіця” (в. Юравічы; Бендаль Н.М., 1938 г. н.)).
Пахавальныя прыкметы, павер’і і забароны Калінкавіцкага р-на не адрозніваюцца ад агульнаберускіх ні па тэмах, ні па функцыянальнай скіраванасці. Яны не толькі рэгламенціруюць паводзіны людзей падчас пахавання і праходжання пахавальнай працэсіі (“Труну выносілі саседзі, а блізкіх мыць мёртвага” (в. Вялікія Аўцюкі; Буцэнка М.Я, 1939 г. н.); “Кагда выносят гроб, сыплюць зерно. Астанавліваліся возле дамоў, дзе жылі родственнікі. Апускаюць гроб, палаценцэ крестом на гроб кідаюць. Брасаюць тры горстачкі землі в магілу, так як шчытают, што толька эта земля будзет на нім” (в. Туравічы; Паштарэнка Вольга Ларывонаўна, 1937 г. н.)), але таксама адлюстроўваюць пэўныя маральна-этычныя нормы мясцовых жыхароў (“Калі чалавек што-небудзь перад смерцю папросіць або наказаў што, трэба абавязкова ўсё выканаць, а то доўга ён будзе трывожыць па начах. Ну, а калі ўжо забуўся, дык трэба занесці тое, што ён папрасіў, на могілкі. Кожны, хто вяртаецца з могілак, мые рукі. Ета робіцца для таго, каб у пакойніка була чыстая душа. У доме пакойніка няможна цэлы год спяваць, жартаваць, смяяцца, каб ён не крыўдзіўся на сваіх родных” (в. Каплічы; Бабрэнка Ганна Фёдараўна, 1920 г. н.)).
Беларускі народны каляндар уяўляе сабой цікавую і багатую крыніцу гісторыі вераванняў і ведаў, заснаваных на шматвяковых назіраннях за з’явамі навакольнай рэчаіснасці і перадаваемых пры дапамозе прыкмет і павер’яў, якія ўспрымаюцца “як “практычная міфалогія”, як корпус архаічных у аснове сваёй сентэнцый і іх рытуальна-практычных увасабленняў” [1, с. 366] і дэманструюць устойлівыя светапоглядныя мадэлі жыцця і дзейнасці чалавека.
Літаратура
- Валодзіна, Т.В. Прыкметы і павер’і / Т.В. Валодзіна, А.І. Гурскі, Г.А. Барташэвіч, К.П. Кабашнікаў // Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка. Малыя жанры. Дзіцячы фальклор / Рэд. А.С. Фядосік. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — С. 330-367.
- Цивьян, Т.В. Мифологическое программирование повседневной жизни // Этнические стереотипы поведения / Под ред. А.К. Байбурина. — Л.: Наука, 1985. — С. 154-158.
Выкарыстаны матэрыялы фалъклорнага apxiea кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі У А “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Франциска Скарыны”.
Аўтар: А.А. Кастрыца
Крыніца: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины № 1(76), 2013. С. 56-58.