Прыказкі і прымаўкі з’яўляюцца трапнымі і лаканічнымі, павучальнымі і змястоўнымі выразамі, якія суправаджаюць чалавека з глыбокай старажытнасці, з’яўляюцца каштоўнымі “памочнікамі” пры тлумачэнні з’яў рэчаіснасці, а таксама ўпрыгожваюць мову, надаючы ёй своеасаблівы метафарычны сэнс.
Асэнсаванне з’яў навакольнага свету ў прыказках і прымаўках звязаны перш за ўсё з жыццём чалавека ў розныя гістарычныя перыяды і эпохі. Нельга не пагадзіцца з трапным выказваннем даследчыка У.К. Касько, які адзначаў, што “прыказкі валодаюць вялікай грамадскай каштоўнасцю. Яны даюць мноства звестак пра заняткі, погляды, імкненні, настроі людзей, сведчаць пра светапогляд, культуру. Па прыказках можна вывучаць гісторыю, быт, заняткі і прафесіі людзей” [1, с. 22, 24]. На думку даследчыкаў В.Дз. Ліцвінкі і Л.А. Царанкова, “прыказкі і прымаўкі выразна фармулююць разнастайныя жыццёвыя заканамернасці, правілы і парады ў розных выпадках жыцця, сітуацыях і становішчах, сентэнцыях, перасцярогі ў момант небяспекі, даюць безліч каштоўных павучанняў, звязаных з паводзінамі чалавека, яго працай, узаемаадносінамі з іншымі людзьмі. На іх спасылаюцца як на неабвержную ісціну. Супраць прыказкі не паспрачаешся, бо яна ўвасабляе народную мудрасць” [2, с. 3].
Сабраны фактычны матэрыял у экспедыцыі, праведзенай у 2015 годзе на тэрыторыі Нараўлянскага раёна, дае магчымасць правесці класіфікацыю прыказак і прымавак па асобных тэматычных групах. У запісаных тэкстах парэмій знайшлі адлюстраванне народныя ўяўленні маральна-этычнай праблематыкі. Варта адзначыць, што прыказкі і прымаўкі названай тэматычнай групы прадстаўлены дастаткова шырока, асабліва ў іх знайшлі яскравае адлюстраванне маральна-этычныя нормы, звязаныя з катэгорыямі “дабро” і “зло”: “Доброта без разума пуста” (в. Галоўчыцы)*, “Рана загоіцца, а злое слова — ніколі” (в. Карпавічы)*. Дабро і зло з’яўляюцца фундаментальнымі паняццямі, на аснове якіх фарміруюцца ўсе іншыя этычныя катэгорыі. З паняццем сяброўства звязаны таксама пэўны спектр маральна-этычных нормаў. Адзначым, што ўменне сябраваць і паважаць людзей, падтрымліваць з імі добразычлівыя адносіны з’яўляецца вызначальнай рысай менталітэту беларускага этнасу, што знайшло адлюстраванне ў тэксце прымаўкі: “Стары друг лучше новых двух” (в. Карпавічы)*.
У значнай колькасці парэмій выражаюцца негатыўныя адносіны да такой рысы характару чалавека, як балбатлівасць. Людзі, якія належаць да названай катэгорыіі, не могуць трымаць свае думкі і таму залішняе жаданне пагаварыць прыводзіць да непажаданых вынікаў: “Поменьше говори — побольше услышишь” (в. Галоўчыцы)*, “Зарубай, сглатывай, да нікому не сказывай” (в. Галоўчыцы)*, “Языком капусты не шинкуют, языком и лапти не сплетешь” (в. Галоўчыцы)*, “Вздор вздором помножить, так и выйдет чепуха” (в. Галоўчыцы)*.
Высока ацэньваюцца ў мясцовых прыказках і прымаўках разумовыя здольнасці чалавека. Апазіцыя “разумнае — неразумнае” знайшла яскравае ўвасабленне ў наступных тэкстах: “Глупый осудит, а умный рассудит” (в. Галоўчыцы)*, “Век пражыў, а розуму не нажыў” (в. Карпавічы)*, “В умной беседе быть — ума прикупить” (в. Галоўчыцы)*, “На людзей глядзі, а свой ум імей” (в. Вуглы)*, “Два фонаря на пустой каланче” (“Красивые глаза, да пустая голова”) (в. Галоўчыцы)*.
Тэксты прымавак і прыказак “Ціха вада грэблю рве” (в. Вуглы)* і “Не ўсё тое золата, што блішчыць” (в. Карпавічы)* метафарычыныя і сімвалічныя. Не ўсё, што мы бачым у жыцці на свае ўласныя вочы сапраўднае, за прыгожым адзеннем, добрымі словамі і паводзінамі не заўсёды можна ўбачыць сапраўдную сутнасць чалавека. Таму трэба звяртаць увагу не толькі на знешнюю прывабнасць і прыгажосць, але і ацэньваць чалавека ў іншых жыццёвых сітуацыях, дзе ён сябе выяўляе.
Кожнаму чалавеку непрыемна слухаць праўду, асабліва калі гэтая самая праўда характарызуе яго не самым лепшым чынам, пра што гаворыць тэкст наступнай прымаўкі: “Праўда вочы коле” (в. Карпавічы)*.
Выклікае цікавасць палемічная скіраванасць прымаўкі “Сухая лыжка рот дзярэ” (в. Карпавічы)*, сутнасць якой заключаецца ў наступным: перш чым прасіць дапамогі, звяртацца да каго-небудзь з просьбай, трэба абавязкова знайсці ўзаемапаразуменне з апанентам, схіліць яго на свой бок і дачакацца жаданага выніку.
Значную колькасць прыказак і прымавак складаюць тэксты, прысвечаныя сямейным адносінам, а таксама вераванням, звязаным з уяўленнямі чалавека пра смерць. Сям’я для кожнага чалавека — гэта важная падзея, якая павінна злучыць мужчыну і жанчыну. Аднак не кожны чалавек адразу знаходзіць свайго спадарожніка жыцця і за значную пераборлівасць рызыкуе застацца адзін: “Многа выбіраць — жанатым не бываць” (в. Вуглы)*. Калі ж атрымалася знайсці сабе пару і стварыць сям’ю, то трэба несці адказнасць за кожнага з яе членаў і заставацца верным свайму выбару: “Не глядзі на чужых жонак — скасеіш ілі здурнеіш” (в. Галоўчыцы)*.
Страшным няшчасцем для кожнага чалавека з’яўляецца страта блізкіх яму людзей. Паводле слоў даследчыка У. Васілевіча, “смерць лічылася маткаю грахоў, таму многія баяліся яе” [3, с. 473]. Прывядзем прыклады прыказак і прымавак, якія адлюстроўваюць ўяўленні людзей пра смерць: У смерти на глазах все равны (“Смерть всех поровняет”) (в. Галоўчыцы)*, “Один раз мать родила, один раз и помирать” (в. Галоўчыцы)*, “Смерть по грехам страшна” (“Не бойся смерти, бойся грехов”) (в. Галоўчыцы)*.
Як і ў творах іншых фальклорных жанраў, у прыказках і прымаўках адлюстраваліся асаблівасці няпростых чалавечых узаемаадносін і сацыяльных камунікацый: “Багаты брат беднаму не рад” (в. Галоўчыцы)*, “Добра в найме, но не мне” (в. Галоўчыцы)*, “Пана не кляні, а віламі кальні” (в. Галоўчыцы)*, “Як папаўся ў воўчэ стадо, то і раві па-воўчы” (в. Вербавічы)*.
Сярод прыказак і прымавак, зафіксаваных на тэрыторыі Нараўляншчыны, вылучаюцца тэксты, у якіх падкрэсліваецца вызначальная роля працы чалавека на зямлі: “Летні дзень год корміць” (в. Карпавічы)*, а таксама выяўляюцца адносіны людзей да царкоўных свят, напрыклад, да Спаса нельга ўжываць у ежу пэўную садавіну. “Да Спаса яблыкі есці забаранялася” [3, с. 486], аднак не ўсе людзі строга прытрымліваліся гэтай забароны, пра што гаворыцца ў тэксце наступнай прыказкі: “Мая мамка ласа, з’ела яблачка да Спаса” (в. Вербавічы)*.
Праз тэкст прыказкі “Ідзі ў родны край, там і пад ёлачкай рай” (в. Карпавічы)* скразным матывам праходзіць ідэя любові да роднага краю. Вядома, што глыбокай пашанай у народзе карысталіся адносіны да хлеба: “Хлеб усяму галава” (в. Карпавічы)*. “Хлеб — найбольш сакралізаваны від ежы, сімвал дабрабыту, шчасця, дастатку” [3, с. 533].
Вышэйпрыведзеныя матэрыялы пацвярджаюць той факт, што ў трапных і змястоўных прыказках і прымаўках Нараўляншчыны знайшлі адлюстраванне пэўныя сацыяльныя і сямейна-бытавыя падзеі, маральна-этычныя каштоўнасці, пачуццё любові да роднага краю, павагі да людзей працы.
Літаратура
- Касько, У. Палескі дзівасіл: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, выслоўі са скарбніцы А.К. Сержпутоўскага / У. Касько. — Мінск: Выш. шк., 2005. — 383 с.
- Ліцвінка, В.Дз., Царанкоў, Л.А. Слова міма не ляціць. Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі / В.Дз. Ліцвінка, Л.А. Царанкоў. — Мінск: Універсітэцкае, 1985. — 149 с.
- Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. / С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. — Мінск: Беларусь, 2004. — 592 с.
Аўтар: Т.У. Каранькова
Крыніца: Чарнобылем не зарасце: традыцыі матэрыяльнай і духоўнай культуры Усходняга Палесся: зборнік навуковых артыкулаў: у 2 ч. Ч. 1 / рэдкал.: А.А. Станкевіч (гал. рэд.) [і інш.]; М-ва адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, С. 195-198.