Прыказкі i прымаўкі Гомельшчыны

0
318
Прыказкі i прымаўкі Гомельшчыны

Прыказкі і прымаўкі як фальклорныя жанры ўтрымліваюць ацэнку паводзін чалавека, дэманструюць мясцовы каларыт жыхароў пэўнай тэрыторыі, адлюстроўваюць асаблівасці іх светаўспрымання. Прыказкі і прымаўкі з’яўляюцца самымі кароткімі па форме і, бадай, самымі шматлікімі народнымі творамі [1, с.165]. Варта адзначыць, што яны займаюць важнае месца ў сістэме вусна-паэтычнай творчасці Гомельскай вобласці. Як вядома, “Гомельшчына — рэгіён даўніх беларуска-ўкраінскіх, беларуска-рускіх, а ў паўднёва-ўсходняй частцы і беларуска-руска-ўкраінскіх культурных і моўных кантрактаў. Гэта знайшло свой адбітак як цалкам у вусна-паэтычнай творчасці насельніцтва краю, так і ў асобных яе жанрах, у тым ліку — парэміяграфіі” [1, с. 166].

У парэміях Гомельшчыны знайшлі адлюстраванне шматлікія моманты жыцця чалавека. Гэта і матэрыяльны быт, што адлюстроўваецца, напрыклад, у наступных устойлівых выразах: Краса хаты не вугламі, а пірагамі [1, с. 167], Золата і ў гразі відна (запісана ў в. Чамярысы Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Кудранок Анастасіі Рыгораўны, 1927 т.н., студэнткай Краўчанка H.). Гэта і гаспадарчая дзейнасць: Летам адзін год корміць (запісана ў в. Чамярысы Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Кудранок Анастасіі Рыгораўны, 1927 т.н., студэнткай Краўчанка H.), Жнівень сее, жне і косіць, на сталая багацце досыць (запісана ў в. Лубенікі Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Гайдук Ганны Севасцьянаўны, 1922 т.н., студэнткай Хвост Г).

Вялікую тэматычную групу прыказак і прымавак утвараюць сямейныя адносіны. Напрыклад, у асобных парэміях гучыць матыў добрых стасункаў паміж мужам і жонкай: Жывуць між сабою, як рыба з вадою, Не патрэбны і клад, калі ў чалавека з жонкаю лад [1, с. 168], закранаецца вечная тэма бацькоў і дзяцей: Таму, хто ў дзяцінстве не шанаваў бацьку і маці, не давядзецца пазнаць начёту ад свайго дзіцяці, Дзе сыноў лава, там бацьку слава, дзе дачок лава, там матцы слава [1, с. 169], закранаецца і праблема ўзаемаадносін паміж сваякамі: Штоб тое знац’е, што ў кума піц’е, то сам пайшоў бы да дзяцей пабраў, Свої — сечысь, рубайсь, а чужы не метайсь [1, с. 169].

Акрамя з’яў матэрыяльнага свету, гаспадарчай дзейнасці, сямейнага быту, многія парэміі адлюстроўваюць і духоўнае жыццё чалавека. Напрыклад, слова асэнсоўваецца як багацце, якім павінен валодаць кожны чалавек: Найшоў слова — беражы, а няма — шукай [1, с. 169], пры гэтым, народная мудрасць раіць удумліва адносіцца да выкарыстання слоў у камунікацыях, бо іншы раз можна і пакрыўдзіць чалавека: Рана загаіцца, а злое слова ніколі [1, с. 169], Слова не верабей, паляціць — не дагоніш (запісана ў в. Буркі Брагінскага р-на Гомельскай вобл, ад Марчанка Ніны Андрэеўны, 1931 т.н., студэнткамі Семянчук H., Кулай В.).

Прыказкі — гэта павучанні, якія складаюць вялікую групу. Я. Ф. Карскі ў працы “Беларусы” падкрэслівае дыдактычны характар функцыянальнасці прыказак: “Прыказкамі старыя навучаюць моладзь добрай маральнасці, прыказкамі яны праследуюць заганы і слабасці, да іх звяртаюцца яны пры суцяшэнні ў няшчасці і смутку” [2, с. 389]. Вельмі важна было навучыць моладзь жыць мудра, нічога не рабіць дрэннага, нікога не крыўдзіць: “Ад добрага не ўцякай і ліхога не рабі” [1, с. 170], імкнуцца да філасофскага ўспрымання жыццёвых з’яў, звязаных з успрыманнем сумных падзей: “Адна бяда ніколі не ходзіць, всігда з сабою другую водзіць” [1, с. 172].

Адметную сістэму надвор’язнаўства і агранаміі скаладаюць прыказкі і прымаўкі, звязаныя з народным календарем. Здаўна людзі назіралі за з’явамі прыроды і прадказвалі надвор’е. У народным календары, які быў вызначальным у працоўнай дзейнасці земляроба, арганічна суіснавалі не толькі прыкметы і павер’і, заснаваныя як на рэальных з’явах, так і на фантазії чалавека, але і шматлікія парэміі, таксама цесна звязаныя з каляндарнымі цыкламі: Ілля лета канчае — жніво пачынае (запісана ў в. Лубенікі Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Гайдук Г. С., 1922 г.н., студэнткай Хвост Г). У прыведзеным прыкладзе выразна адлюстраваны пераход да жніва, якое сапраўды часцей за ўсё пачынаецца пасля свята «Ілля», што знайшло адлюстраванне ў форме прыказкі.

Падкрэслім, што народныя спосабы прадказання надвор’я надзвычай яскрава ўвасоблены ў прыкметах і павер’ях: “Большасць народных прыкмет звязана з мясцовымі адзнакамі надвор’я. Вельмі характэрныя з’явы папярэднічаюць, напрыклад, мясцовым ветрам… 3 пэўнымі атмасфернымі аб’ектамі звязана форма воблакаў. Людзі прыкмячалі ў прыродзе гэтыя заканамернасці. Мы з павагай ставімся да народных прыкмет і нярэдка імі карыстаемся” [3, с. 29]. Невыпадкова гэтыя фальклорныя жанры з’явіліся надзейнай крыніцай утварэння прыказак і прымавак, пераважная болынасць якіх прысвечана гаспадарцы. Яны не толькі ілюструюць цяжкую працу селяніна, але і вучаць, як трэба дбайна клапаціцца пра хатні дабрабыт: Гатоў сані летам, а калёсы ўзімку (запісана ў в. Буркі Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Раманюк Тамары Васільеўны, 1941 т.н., студэнткамі Семянчук H., Кулай В.).

Беражліва ў народзе адносіліся да прадуктаў харчавання, асноўным з якіх быў хлеб. Нез дарма з ім звязана вялікая колькасць прыказак і прымавак: Хлеб — усяму галава (запісана ў в. Аляксееўка Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Рудабелец Таццяны Васільеўны, 1957 г.н.); Не тот багаты, хто мае серебро і золото, а тот, хто хлеб мае (запісана ў в. Аляксееўка Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Пімінёнкавай Паліны Міхайлаўны, 1981 г.н.); Калі есць хлеб і вада, то не бяда (запісана ў в. Аляксееўка Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Дземідок Марыі Іванаўны, 1941 г.н.).

У некаторых прыказках і прымаўках важнае месца адводзілася хаце селяніна, пра якую добры гаспадар заўсёды клапаціўся. Свой будынак лічыўся вышынёй матэрыяльнага дабрабыту. Менавіта таму шмат прыказак і прымавак прысвечана хаце як роднаму куточку: На сваей лаўцы і памерці добра, Дома і солома ядома, а на чужыне і гарачы тук стыне [1, с. 167]; У роднай хаці і вуглы памагаюць (запісана ў в. Чамярысы ад Кудранок Анастасіі Рыгораўны, 1927 г.н., студэнткай Краўчанка H.).

Асобную групу парэмій займаюць прыказкі-рэфрэймінгі. Сутнасць гэтай з’явы заключаецца ў тым, што чалавеку прапануецца паназіраць за сітуацыяй з розных бакоў. Прыказкі і прымаўкі гэтай тэматычнай групы дапамагаюць чалавеку прымірыцца з сітуацыяй, на якую ён не мае ніякага ўплыву, прыняць яе. У выразе Усякі пра праўду трубіць, ды не усякі яе любіць [1, с. 170] паказваецца чалавечая рыса характару, да якой патрэбна прыглядзецца і зразумець, што гэта за чалавек і ці варта працягваць з ім зносіны.

Для стварэння больш моцнага ўздзеяння на чалавека нашы продкі выкарыстоўвалі розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (метафары, параўнанні, паралелізмы і інш.), што дапамагала стварыць яркія вобразы, дасягнуць найбольшай канцэнтрацыі і выразнасці думкі, зразумець сутнасць прыказак і прымавак. Часцей за ўсё з гэтай жа мэтай акцэнтавалі ўвагу на пэўных рэальных сітуацыях: Не тады сабак кормяць, як на ахоту ідуць (запісана ў в. Чамярысы Брагінскага р-на Гомельскай вобл, ад Кудранок A. P., 1927 т.н., студэнткай Краўчанка Н.); Панам сеюць, жнуць і косяць, а сабе хлеба просяць [1, с. 168]. Парэміі маюць сціслую форму, што дапамагае чалавеку хутка ўспрыняць сэнс і зразумець іх. Эканомія слова — адна з асноўных рыс паэтыкі прыказак і прымавак. Гэту дзівосную якасць малых фальклорных жанраў, што “выдатна вучаць эканомп слова, гутарковай сцісласці і яркай вобразнасці” [3, с. 45], асабліва высока цаніў А. Μ. Горкі.

Самае каштоўнае, што ёсць у парэміях, — духоўная напоўненасць, мова, якая грае рознымі фарбамі і надае яшчэ большую эмацыянальнасць, выразнасць дыдактычнай скіраванасці. Наяўнасць архаізмаў у прыказках і прымаўках, якія ўстойліва захоўваюцца ў памяці сучаснага пакалення, указвае на мінулыя часы ў гістарычным развіцці грамадства. Напрыклад, словы войт, стрыечны, хрышчэнік і інш. не ўжываюцца ў сучаснай мове, але яны захаваліся ў прыказках і прымаўках.

Звычайна ў прыказках прысутнічае рыфма. Пры гэтым яна вельмі разнастайная: і жаночая, і мужчынская, і дактылічная. Сустракаюцца такія прыклады, у якіх мае месца складаная рыфма, і таму цяжка зразумець, да якога тыпу яна адносіцца. Засяродзім увагу на некалькіх прыкладах рознай рыфмы ў парэміях: Адна бяда ніколі не ходзіць, всігда з сабою другую водзіць [1, с.172], Святое Вялічка — з красным яічкам (запісана ў в. Лубенікі Брагінскага p-на Гомельскай вобл, ад Гайдук Ганны Севасцьянаўны, 1922 т.н., студэнткай Хвост Г), На Юр ’я будзя сена і ў дурня (Запісана ў в. Чамярысы, Брагінскага р-на, Гомельскай вобл, ад Кудранок Анастасп Рыгораўны, 1927 т.н., студэнткай Краўчанка H.). Сустракаюцца ў некаторых прыказках і прымаўках дзве і больш рыфмаў: У маго татка даўно спяць, а ў свякратка сядзяць [3, с. 47]. Каб выразіць падабенства рыфмы, часта выкарыстоўваюцца падабенствы слоў: Бяда па бядзе едзе і бядой паганяе [1, с. 168].

Кампазіцыя прыказак і прымавак надзвычай простая. З вышэйпрыведзеных парэмій вынікае, што большасць з ix складаецца з дзвюх частак, якія могуць тлумачыць адна адну, параўноўвацца і г. д. Нягледзячы на гэту абставіну, сустракаюцца і такія тэксты, якія складаюцца з адной часткі. Яны поўныя і не патрабуюць тлумачэння другой часткай. Часцей за ўсё гэта прыказкі-сцвяржэнні: Піліп дзяцей надзявае (запісана ў в. Буркі Брагінскага р-на Гомельскай вобл., ад Раманюк Тамары Васільеўны, 1941 г.н., студэнткамі Семянчук Н., Кулай В.).

Парэміі Гомельшчыны ўвасабляюць прыгажосць народнай мудрасці, паэтычны скарб нашай краіны. Прыказкі і прымаўкі дапамагаюць чалавеку знайсці выхад з любой сітуацыі, духоўна ўзбагаціцца. Яны служаць арыенцірам моладзі ў дарослым жыцці, выводзяць тыя галоўныя правілы маралі, якія павінен засвоіць і якімі павінен кіравацца ў жыцці кожны чалавек. Гэтыя жанры павучаюць жыць згодна з высокімі маральна-этычнымі прынцыпамі, ніколі не рабіць дрэннага, бо ўсё вяртаецца. Прыказкі і прымаўкі прайшлі вялікі шлях развіцця і праз стагоддзі паўсталі перад намі ў самым лепшым выглядзе. Гэта тыя дыяменты народнай мудрасці, якія нельга страціць.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыц. жанры: Гомел. вобл. / уклад. В. А. Захарава і інш.; уклад, муз. часткі У. І. Раговіч. — Мінск: Універсітэцкае, 1989. — 384 с.
  2. Карский, Е. Ф. Белорусы. Очерки словесности белорусского племени. — Т. 3. Кн. 1. Народная поэзия / Е. Ф. Карский. — Μ.: Типолитогр. т-ва И. Н. Кушнерев и Ко, 1916. — 557 с.
  3. Прыказкі і прымаўкі ў дзвюх кнігах, Кн. 1 / Рэд. А. С. Фядосік. — Мінск : «Навука і тэхніка», 1976. — 560 с.

Аўтар: Т.В. Пімінёнкава
Крыніца: Славянская фразеология и паремиология в языке и речи: сборник науч­ных статей / редкол.: О. Н. Мельникова (отв. ред.) и [др.]; М-во образования РБ, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2020. — С. 130-134.