Прыказкі i прымаўкі Гомельшчыны: прадметна-тэматычная разнастайнасць

0
163
Прыказкі i прымаўкі Гомельшчыны прадметна-тэматычная разнастайнасць

Прыказкі і прымаўкі крочаць з намі на працягу ўсяго жыцця. Гэта набытак многіх пакаленняў, які заўсёды патрэбны чалавеку ў самых складаных і, разам з гэтым, простых выпадках быцця. Па шырыні ахопу рэчаіснасці ніводзін жанр народнай творчасці не можа параўнацца з гэтымі трапнымі і сціслымі выразамі, бо яны з’яўляюцца «захавальнікамі і выразнікамі шматвяковага гаспадарчага і жыццёвага вопыту народа, яго назіранняў і ведаў аб прыроде, яго філасофіі і маралі, педагагічных поглядаў і правіл паводзін, ацэнкі гістарычных падзей, зборам практычных парад і рэкамендацый» [3, 5]. Яны легка запамінаюцца, таму што маюць рыфму. З упэўненасцю можна зазначыць, што іх не згадваюць беспадстаўна, яны заўсёды прыходзяць на розум у патрэбнай сітуацыі.

Аб’ектам нашага даследавання сталі прыказкі і прымаўкі, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі на Гомельшчыне (у Веткаўскім, Буда-Кашалёўскім, Жлобінскім і Хойніцкім раёнах). Гэты матэрыял падаецца нам асабліва цікавым яшчэ і таму, што некаторыя вёскі былі выселены ў 90-х гадах XX стагоддзя, і ўяўляецца важным не згубіць спадчыну, пакінутую нам жыхарамі гэтых населеных пунктаў, бо пачуць і запісаць фальклорны матэрыял зараз магчыма хіба што ад перасяленцаў з гэтых вёсак.

Прыказкі і прымаўкі азначаных рэгіёнаў адрозніваюцца значнай тэматычнай шматграннасцю і разнастайнасцю. Іх тэматыка такая ж паўсюдная, як жыццё народа: яна тычыцца ўсіх прадметаў і сфер чалавечага быцця, людскіх спадзяванняў, ацэнак родных, суседзяў, улады, закона, справядлівасці, звычаяў, душы чалавека, яго здароўя, характару, прычын і наступстваў яго ўчынкаў. Само жыццё ва ўсіх яго праявах выклікала ў народа адпаведныя вобразныя аналогіі.

Амапь усе прыказкавыя выразы ўтрымліваюць у сабе параду, бо, як слушна заўважае Л. Мельнікава, «мудрасць народа становіцца выратавальным берагам у вірлівым акіяне жыцця, па якім плыве чалавек, і дапамагае, падказвае правільны накірунак, каб не збочыць з вернага шляху, не згубіць верны напрамак. Компасам тут і становіцца народная прыказка, якая, выражаючы калектыўную народную думку, усімі ўспрымапася як безумоўная ісціна, якой варта прытрымлівацца» [2, 413]. З кожнага выразу вынікае вывад, які карысна прыняць да ведама.

Вялікі пласт прыказак і прымавакадлюстроўвае філасофскія погляды народа на рэчаіснасць і рэлігію, пры гэтым варта канстатаваць спакойнае і разважлівае стаўленне беларусаў да жыцця: «Будзе час — будзе й квас, не ўсё за раз», «На ўсё свой час» (в. Сінічына Буда-Кашапёўскага раёна); «Не гані бога ў лес, калі ён у хату улез», «Знай, дзе лізнуць, а дзе гаўкнуць» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); «Будзеш давахай, будзеш і брахай» (в. Прысно Веткаўскага раёна); «Учора не дагоніш, а ад заўтра не ўцячэш» (в. Кіцін Жлобінскага раёна); «Добра ўсё умець, ды не ўсё рабіць» (г. Хойнікі).

Многія выслоўі філасофскага кірунку, падаючы інфармацыю пра прадметы і з’явы штодзённага быту, нібы супастаўляюць іх з пэўнымі жыццёвымі абставінамі і, дзякуючы гэтаму, набываюць выразны афарыстычны характар. Гэта пацвярджаюць і наступныя выразы: «На сабачы брэх не глядзі, а сваёй дарогай ідзі» (в. Нівы Жлобінскага раёна); «Бульба есць, а дровы радам», «Свая сарочка бліжэй да цела», «Які б палец не адсек — усяроўна больна» (в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна); «Куды іголачка, туды і нітачка» (г. Хойнікі) і інш.

Адну з найбольш вялікіх тэматычных груп утвараюць прыказкі і прымаўкі, што адпюстроўваюць такую сферу чалавечага жыцця, як сям’я, унутрысямейныя адносіны: «Муж — галава, жонка — душа», «Без мужа, што без галавы, а без жонкі, што без розуму»; «Адзін жаніўся — света убачыў, а другой жаніўсяз галавой прапаў» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Замуж ісці — нада знаць: позна легчьі, рана ўстаць» (вв. Красны Бераг, Скепня Жлобінскага раёна); «Не спяшы замуж: калі плоха — нагаруешся, а капі добра — нажьівешся» (в. Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна).

Сярод іх можна вылучыць прыказкі і прымаўкі, якія выяўляюць узаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі (у тым ліку — погляды на выхаванне): «Сумеў дзяцей нарадзіць, дык сумей і навучыць» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Дай, Бог, дзяцей да ў дзігріх толк», «Які корань, такі і клін, які бацька, такі і сын» (в. Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна); «У каго дочак сем, то ёсць доля усім, а ў каго адна, то і доля жадна», «Без мамкі і сонейка не грэе» (в. Прысно Веткаўскага раёна); «Якая матка, такое і дзіцятка» (г. Жлобін); паміж нявесткай і сеякроўкай: «Як добрая свякроў, добрая нявестка» (в. Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага раёна); паміж сваякамі: «Брат мой, а еж хлеб свой»; паміж мужам і жонкай: «Калі матка памрэ, дык бацька аслепне», «Калі, мужык з жонкай сеарацца, дык у пены трасца варыцца» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); «Жонка не рукаво — не адпораш» (г. Хойнікі).

Сустракаецца, праўда, сярод выразаў гэтай тэматыкі некалькі прыказак, відаць, даўняга часу, у якіх назіраюцца пагардлівыя адносіны да жанчыны: «У бабы волас доўгі, да ўм короткі», «Бабе дарога ад печы да парога», «Курыца не пціца, а баба не чалавек» (в. Старыя Грамыкі Веткаўскага раёна); «Дзе чорт не зможа, туды бабу пашле» (г. Хойнікі).

Пэўная колькасць прыказкавых выслоўяў гэтай групы вучыць разборліва ставіцца да выбару будучай жонкі (мужа): «З красы вады не нап’ешся», «Краса да вянца, а дурань да канца», «Для каго паветка, а для мяне як кветка» (в. Жалезнікі Веткаўскага раёна), а ў некаторых назіраецца перакананне народа, што лёс, доля прадвызначаны чалавеку нейкай звышнатурапьнай сі лай ужо пры нараджэнні: «Сваю долю канем не аб’едзеш», «Сваю судзьбу не абманеш» (в. Гарысты Веткаўскага раёна).

Наступная тэматычная група прыказак і прымавак звязана з маральнымі якасцямі чалавека. Народная мудрасць дае трапную характарыстыку людскім недахопам, відаць таму гэтыя прыказкавыя выслоўі прасякнуты гумарам, а часам, і вострай іроніяй. Яны выкрываюць такія людскія заганы, як п’янства: «П’янаму і мора па калена» (г. Хойнікі); «Той сабе шкодзіць, хто з чаркай часта гаворку водзіць» (в. Шыхаў Буда-Кашалёўскага раёна); дурасць: «Вырас да неба, а дурны, як трэба», «Каб дурняў густа сеялі, да яны рэдка ўсходзілі» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); «Барада выросла, а ўма не вынесла» (г. Жлобін); «Сам большой, а розум малы», «Ад дурной галавы ногі пакоя не знаюць» (в. Пірэвічы Жлобінскага раёна); абжэрства: «Лішняга і свінні не ядуць» (г. Хойнікі); балбатлівасць: «Язык без касці: што хоча, то і лапоча», «Балматуна хлебам не кармі, а дай пагаварыць», «Спачатку язык работае, а затым чалавек думае», «Мелеш языком, як баба памялом» (в. Новыя Грамыкі, Веткаўскага раёна); ганарлівасць: «Ні сею, ні пашу, а галіфэ нашу» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Запаўзла вош за варатнік» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); нахабнасць: «Не пускаюць у дзверы, дык ён лезе ў вакно» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); няшчырасць: «На языку мядок, а на сэрцы лядок» (в. Мікалаеўка Буда-Кашалёўскага раёна); сквапнасць: «Жадны два раза плаця», «У жаднага зімой снегу не выпрасіш» (в. Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна); прыдзірлівасць: “У чужым воку і парушынку ўгледзім, а ў сват і калоды не побачим» (в. Сялец Буда-Кашалёўскага раёна); хітрасць: «Дурны, дурны, да к свайму боку» (в. Стаўбун Веткаўскага раёна); ляноту і гультайства: «У няўмечкі не баляць ні ручкі, ні плечкі» (г. Жлобін);неахайнасць: «Відна, кума, што пірагі мясіла — усе вароты ў цесце» (в. Данілавічы Веткаўскага раёна); ілжывасць: «Столькі ў цябе праўды, як у рэшаце вады», «Збрэша і вокам не маргне» (г. Хойнікі); неабавязковасць: «Ты на гару, а чорт за нагу», «Заракалася свіння аб вугал не часацца» (в. Гарысты Веткаўскага раёна) і інш.

Не абыйшлі сваёй увагай прыказкавыя выслоўі і станоўчыя якасці чалавека, але падача матэрыялу ў іх ужо не выразна гумарыстычная, а паважная і больш стрыманая: «У доброй гаспадыні стакан вады не прападзе», «Добры хазяін у непагадзь і собаку не выгане», «Разумной галаве достаточна два слоўцы» (в. Прысно Веткаўскага раёна); «Ву.мны не скажа, а дурак не пойме» (в. Стаўбун Веткаўскага раёна). З замілаваннем гавораць прыказкі пра здароўе і добры апетыт, якія перш за ўсё супастаўпяюцца з працаздольнасцю чалавека, што, несумненна, лічылася адной з самых важных станоўчых рыс: “У здоровым жываце і долата прападзе», «Еж, пакуль раток свеж, а як роцік завяне, то і муха не загляне» (в. Данілавічы Веткаўскага раёна); «Ваша вайной, а абед па распарадку» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); «Смачна было, ды блізка дно» (в. Данілавічы Веткаўскага раёна).

Прырода заўсёды адыгрывапа значную ролю ў жыцці чалавека, бо шмат чаго ў яго гаспадарчай дзейнасці залежала ад яе «настрою». Нездарма вялікая колькасць прыказак і прымавак звязана з назіраннямі за прыроднымі стыхіямі: «Калі не будзе зімой бела, то не будзе ўлетку зелена» (в. Касакоўка Жлобінскага раёна); «Адным днём лета не пазнаеш» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Прыйдзе марац — атмарозя шчэ й палец» (в. Пірэвічы Жлобінскага раёна); «Гром грыміць — будзе хлеб радзіць» (в.Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна); «Прыйшоў май — i пад кусточкам рай» (в. Новыя Грамыкі Веткаўскага раёна); «З большой хмары дажджу не бываем (в. Сялец Буда-Кашалёўскага раёна); «Як студзень цёплы на лік, дык завідны сакаеік» (в. Скепня Жлобінскага раёна).

Сярод гэтай групы вылучаюццапрыказкі і прымаўкі, у якіх назіранні за прыродай (напрыклад, за паводзінамі птушак, звяроў і насякомых) шчыльна знітаваны з капяндарнымі народнымі святамі, па якіх раней вызначалі тэрмін пэўных палявых работ, будучае надвор’е: «Прыйшлі Покровы — пастушыныя кіі на дровы» (в. Нівы Жлобінскага раёна); «Да Юр ‘я сена павінна быць і ў дурня», «Два Юр’я, абое дурня — адзін голодны, а другі холодны», «Сей на Пахом, возьмеиі усяго мяхом» (в. Гарысты Веткаўскага раёна); «Прыйдзе Мікола — выпусціць мошак з прыпола, прыйдзе Пятро — сабярэ мошак у вядро» (в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна); «Чакай Пятра, дык сыр з’ясі» (в. Kiцін Жлобінскага раёна); «Прыйшоў Ілля — надзелаў гнілля» (в. Сялец Буда-Кашалёўскага раёна); «На Каляды — каўбаса, на Вячікдзень сыр, а ўсё ж чалавек сыты» (в. Пірэвічы Жлобінскага раёна).

Не маглі абыйсці сваёй увагай прыказкавая выразы і працоўную дзейнасць чалавека: «Калі добра працуеш, то павагу мацуеш», «Перш папрацуй, а потым потанцуй», «Каб рыбкі паесці, так надо у ваду лезці” (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Дзе пасееш густа, там ніколі не будзе пуста», «Што ўмееш, за плячамі не насщъ» (в. Пірэвічы Жлобінскага раёна); «На ўраджай не ўпавай, а жыта сей», «Рыба ў рацэ, а неўруцэ», «Байкамі сыт не будзеш», «Хто роботов, той і мае» (в. Прысно Веткаўскага раёна); «Хоць і недадзелкі, а не будуць перадзелкі» (в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна); «Ці ёсцъ, ці няма калі, а лён палі» (в. Кіцін Жлобінскага раёна).

Даволі нешматлікую групу скпадаюць прыказкі і прымаўкі, прысвечаныя адпачынку: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б», «Дзе фэст, там і я ест» (в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна); «Перш папрацуй, а тады патанцуй» (в. Сінічына Буда-Кашалёўскага раёна); «Не дорога піво, а дорога дзіва» (в. Г арысты Веткаўскага раёна).

Такім чынам, разгледжаныя прыказкі і прымаўкі здзіўляюць сваёй ідэйна-тэматычнай разнастайнасцю і вобразнай дасканаласцю, дапамагаюць глыбей зазірнуць у скарбонку беларускай народнай душы і, магчыма, крыху больш наблізіцца да яе разгадкі. Яны з’яўляюцца невычэрпным матэрыялам для вывучэння маральна-этычнай філасофіі беларусаў і сведчаннем вобразна-афарыстычнага мыслення народа-творцы, ва «ўяўленні якога тыповыя з’явы людскога быцця самі сабой, здаецца, адкладваюцца ў паэтычныя сентэнцыі і марапьна-філасофскія формулы» [1, 124].

Літаратура

  1. Майхровіч, С. К. Прыказкі і прымаўкі / С. К. Майхровіч — Мінск, 1976.
  2. Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна /уклад., сістэматызацыя, тэксталагічная праца І рэдагаванне В. С. Новак. — Гомель, 2007
  3. ПрыказкІ і прымаўкі: у 2-х кн. Кн. 1. / рэд А. С. Фядосік — Мінск, 1976.

Аўтар: Наталля Панкова
Крыніца: Фалькларыстычныя даследаванні :Кантэкст. Тыпалогія. Сувязі: зб. навук. арт. Вып. 8 / пад нав. рэд. Р. М. Кавалёвай, В. В. Прыемка; уклад.: Т. А. Марозава. – Мінск: Права i эканомiка, 2011. – С. 139-143.