Прыгоды адной пасылкі і лёс штабс-капітана

0
278

1 траўня 1908 г. з Масквы ў Гомель адпраўляецца пасылка на імя А.К.Янушкевіча (без дакладнага адраса), за атрыманне якой ён павінен быў сплаціць 2 рублі 40 капеек. 3 траўня пасылка была ўжо ў Гомелі. Але дальш нешта пайшло не так, бо 21 чэрвеня яна апынаецца ў Бабруйску, нібыта даганяючы адрасата. Аднак і там ён не знайшоўся, а пасылка “за истечением срока хранения” вяртаецца назад у Маскву, пра што сведчаць адпаведны штамп з датай 24 жніўня 1908 г. і распіска атрымальніка – відаць, першапачатковага адпраўніка – ад 26 жніўня таго ж года. Што ў той пасылцы было, можна толькі гадаць. А вось недаступнасць адрасата патлумачыць можна.

Мяркуючы з “Памятной книжки Могилевской губернии” на 1909 г., на ўвазе маецца штабс-капітан Аляксандр Канстанцінавіч Сяневіч-Янушкевіч, які служыў у 160-м пяхотным Абхазскім палку, што кватараваўся ў Гомелі (там, дзе сёння фабрыка “8 сакавіка”). У памятных кніжках ён указаны як праваслаўны, а адукацыя падаецца збівіста: то выпускнік ваеннай вучэльні, то гімназіі. Аднак яго прозвішча прысутнічае ў спсіе выпускнікоў 1900 г. Маскоўскай ваеннай вучэльні, адкуль ён “из юнкеров подпоручиком” і быў накіраваны ў 160-ы Абхазскі полк. Відаць, з таго часу яго пераважным месцам жыхарства быў Гомель. Паходзіў жа ён, хутчэй за ўсё, з Мінскай губерні.

Верагодна, яго перамяшчэнне 1908 г., з прычыны якога за ім мусіла паспяшаць пасылка, нейкім чынам звязана з родам ягонай службы. Але незразумела, чаму пасылку ўрэшце вярнулі ў Маскву. З памятнай кніжкі на 1911 г. вынікае, што ў Гомель Сяневіч-Янушкевіч усё-ткі вярнуўся і жыў на вуліцы Аптэчнай (сёння – Жаркоўскага) ў доме Раеўскага. Але і ў горадзе на адным месцы яму не сядзелася, бо па звестках на 1912 г. ён жыў у доме Тразвінскага на рагу вуліц Магілёўскай (сёння – Кірава) і Рагачоўскай, а на 1913 г. яго адрас пазначаны як вуліца Магілёўская дом №85. Той самы гэта адрас ці не, сказаць цяжка, бо ўважнасці да нумарацыі дамоў тады асабліва не было.

Салдацкі малебен каля Георгіеўскай царквы ў Гомелі (1914 г.)

На 1914 г., застаючыся ў чыне штабс-капітана, Сяневіч-Янушкевіч значыўся начальнікам кулямётнай каманды. 160-ы Абхазскі полк у пачатку Першай сусветнай вайны быў перакінуты з Гомеля пад Варшаву. Па звестках 1915 г. імя Аляксандра Сяневіча-Янушкевіча сустракаецца ў спісах на ўзнагароджанне ордэнамі Св. Анны 2-й ступені з мячамі, Св. Станіслава 2-й ступені з мячамі і Св. Роўнаапостальнага Князя Ўладзіміра 4-й ступені з мячамі і бантам. Па звестках газеты “Русское слово” (чэрвень 1915 г.) знаходзіўся з спісе хворых і параненых афіцэраў, якія прыбылі ў Петраград. Месцам яго знаходжання там была гасцініца “Селект”.

Скан дакумента паводле gwar.mil.ru

З верасня 1915 г. лічыўся зніклым без ведама. Пазней у адпаведных дакументах рабілася агаворка, што “не без вести пропал, а был убит”. Забіты ён быў 22 верасня 1915 г. каля мястэчка Казяны (на Віцебшчыне) пасля Віленскай аперацыі. На картцы са звесткамі пра гэта чырвоным колерам зроблена дапіска “подполковн.”, што можа сведчыць пра яго павышэнне ў чыне.

Сяргей Балахонаў