Лексічны склад беларускіх прозвішчаў надзвычай багаты і разнастайны. Паходжанне многіх беларускіх прозвішчаў матываванае. Аналіз семантыкі і структуры прозвішчаў — цікавая, каштоўная і цяжкая справа, што прызнаецца многімі антрапанімістамі.Ён па слушнай заўвазе А. Суперанскай «дае значную інфармацыю, якая ўяўляе цікавасць для гісторыкаў, сацыёлагаў, а таксама лінгвістаў. Пры параўнанні лексічных палёў, па якіх размяркоўваюцца асновы прозвішчаў у розных мовах, можна зрабіць вывады пра агульнасць або, наадварот, рознасць нацыянальных культур асобных народаў» [1, с. 81].
Прозвішчы адапелятыўнага паходжання ў беларускай мове складаюць прыкладна каля паловы ўсіх прозвішчаў. Вядомы антрапаніміст М.В. Бірыла адзначае, што “з пункту погляду гісторыі мовы адапелятыўная антрапанімія з’яўляецца захавальнікам, кансервантам лексікі папярэдніх эпох, дае матэрыял для больш глыбокага вывучэння гістарычнага слоўніка, моўных узаемасувязей” [2, с. 4]. Згодна з гэтым у якасці матываваных асноў для ўтварэння прозвішчаў магла выкарыстоўвацца лексіка, якая адлюстроўвае самыя разнастайныя галіны жыццядзейнасці народа і акаляючай яго рэчаіснасці — быт, заняткі, становішча ў сям’і і грамадстве, фізічныя, разумовыя і маральныя якасці, пачуцці, сацыяльны ўклад, жывёльны і раслінны свет і пад. У гэтым сэнсе антрапонімы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі, з’яўляюцца часткай гісторыка-культурнай спадчыны, даюць каштоўны матэрыял для вывучэння агульнай гісторыі народа. Пры ўтварэнні прозвішчаў Жыткавіцкага раёна выкарыстоўвалася лексіка разнастайных семантычных груп; аднак сваёй прадуктыўнасцю вызначаюцца ніжэйадзначаныя:
Прозвішчы, суадносныя з назвамі прафесій, родам заняткаў, сведчаць пра разнастайнасць прафесій у Беларусі. З развіццём грамадства некаторыя прафесіі знікалі, а разам з імі страціліся і іх назвы, што ляжалі ў аснове прозвішчаў, тым не менш іх этымалогія ў большасці застаецца празрыстай. Прозвішчы, суадносныя з назвамі прафесій, роду заняткаў або выконваемага дзеяння, уяўляюць сабой каштоўную крыніцу для вывучэння гісторыі мовы і культуры. Гэта ў нейкай ступені энцыклапедыя нашага грамадства:
Алейнік < ‘той, хто робіць алей’ [2, с. 20]; Баярын < баярын ‘радавіты дваранін’ [6, с. 42], Буднік < буднік ‘рудакоп’ [2, с. 64], Валовіч < рус. воловик ‘паганяты валоў’, укр. воловик ‘пастух валоў’ [2, с. 80], Васкабойнік < ‘чалавек, які перапрацоўвае на продаж воск’ [1, с. 87], Віннік < ‘прадавец віна’ [2, с. 87], Ганчар < ганчар ‘той, хто вырабляе гліняную пасуду’ [2, с. 101], Гарбар < ‘той, хто займаецца апрацоўкай і вырабам скур’ [7, с. 29], Гаршкалеп < майстар ‘рамеснік, які вырабляе з гліны пасуду і іншыя рэчы’ [7, с. 26], Грэнадзёр < ‘салдат або афіцэр адборных (па высокаму росту) пяхотных і кавалерыйскіх часцей’ [7, с. 89], Гутнікаў < гутнік ‘рабочы, які працаваў на гуце’ [7, с. 101], Дзегцярык < дзегцяр ‘той, хто гоніць дзёгаць’ [7, с. 178], Драгун, Драгуновіч < драгун ‘салдат або афіцэр некаторых кавалерыйскіх часцей, здольных весці бой і ў спешаным страі’ [7, с. 194], Дубовік < рэг. ‘рулявы на лодцы плытагонаў, якая называецца ‘дуб’’; рус. дубовик ‘лодачнік, перавозчык’ [139], Дуднік < укр. ‘дудар’ [2, с. 139], Жалязняк, Жалязняковіч < жалязняк ‘гандляр жалезам’ [1, с. 87], Кавалевіч, Каваленя, Кавалеўскі, Кавалец, Кавальчук < каваль ‘рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу’ [7, с. 570], Казак < рус. рэг. казак ‘батрак, які наймаўся на год на працу’; на Русі ў XV-XVII стст. — вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік [7, с. 574], Калеснікаў, Калесны < калеснік ‘майстар, які вырабляе колы, калёсы’ [7, с. 586], Каплан < у каталіцкай і англіканскай цэрквах — свяшчэннік пры капліцы або дамашняй царкве [7, с. 629], Катляроў, Катлярчук < катляр ‘майстар, які вырабляе катлы’ [2, с. 192], Коваль < каваль ‘рабочы, майстар, які займаецца коўкай металу’ [7, с. 570], Кравец, Краўцоў, Краўчук, Краўчэня < кравец ‘спецыяліст па шыццю адзення’ [7, с. 719], Кузнец < рус. ‘коваль’ [2, с. 227], Купчанка, Купец < уст. ‘пакупнік’ [7, с. 757], Кухарчук < кухар ‘повар’ [2, с. 236], Кучараў < кучар ‘фурман, рамізнік, вазніца’ [2, с. 236], Кушнер, Кушнярчук, Кушняровіч < кушнер ‘рамеснік, які вырабляе шкуры на футра і шые з футра’ [7, с. 765], Лазебнік < рэг. лазебнік ‘лазеншчык’ [2, с. 242], Лакіза < укр. лакиза зневаж. ‘лакей’ [2, с. 243], Лаўніковіч < ст. бел. лавник ‘сотнік, падпарадкаваны войту’ [2, с. 247], Майстровіч, Майстрэнка < майстар ‘спецыяліст у якой-небудзь галіне вытворчасці’ [8, с. 86], Маскалец, Маскаль < ст. бел. маскаль ‘падданы Маскоўскай дзяржавы’; рэг. ‘салдат’ [2, с. 277], Меднік < ‘рабочы, які займаецца вырабам або рамонтам медных рэчаў’ [8, с. 132], Мельнік, Мельнікаў, Мельнічэнка < мельнік ‘уладар млына або работнік у млыне’ [8, с. 166], Музыкін < музыкант ‘той, хто іграе на якім-небудзь інструменце’ [8, с. 179], Мыслівец < рэг. ‘паляўнічы з гончымі сабакамі’ [2, с. 290], Мясніковіч < мяснік [2, с. 293], Налівайка < укр. наливайко ‘налівальшчык, той, хто налівае’ [2, с. 296], Падкуйка < ад падкаваць ‘той, хто падкоўвае’ [2, с. 306], Панамароў < панамар ‘царкоўны служка’ [5, с. 98], Папко, Папок < поп ‘свяшчэннік’ [9, с. 19], Пекарскі < пекар ‘хлебапёк’ [9, с. 153], Пільшчык < ‘рабочы, заняты пілаваннем’ [9, с. 256], Прасолаў < прасол рэг. бел. ‘скупшчык мяса і рыбы для продажу ў розніцу’ [2, с. 332], Руднік < ‘той, хто здабывае ці плавіць руду’ [2, с. 354], Рыбалка < рэг. рыбак ‘рыбалоў’ [2, с. 356], Слесарчук, Слесарэвіч < слесар ‘рабочы, спецыяліст па ручной апрацоўцы, зборцы і рамонту металічных вырабаў’ [10, с. 201], Стражэвіч < страж рус. ‘ахоўнік’ [2, с. 392], Стралец < стралец ‘стралок’, рэг. ‘паляўнічы’ [2, с. 392], Сядзельнік < рэг. ‘сёдзельнік; майстар, які робіць сёдлы’ [10, с. 124], Ткачук < ткач ‘рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ [10, с. 490], Трапец, Тропец < рус. трепец ‘трапальшчык лёну’ [2, с. 413], Царанок, Царык < цар ‘тытул манарха ў Расіі, Балгарыі, Сербіі; асоба, якая мае гэты тытул’ [11, с. 228], Шабельнік < ‘майстар, які вырабляе шаблі’ [2, с. 459], Шаўчук, Шаўчэнка, Швец < рэг. ‘сапожнік, шавец’ [2, с. 473], Шкляр < шкляр ‘рабочы, які ўстаўляе шкло’ [11, с. 368], Штукар < ‘артыст; майстар, вынаходнік; выдумшчык, жартаўнік’ [11, с. 403], Ярыга < рус. устар. ‘ніжэйшы служыцель паліцыі, пасыльны’ [2, с. 500].
Багаты фактычны матэрыял сведчыць, што ў аснове матывацыі многіх прозвішчаў Жыткавіцкага раёна ляжаць фізічныя і разумовыя характарыстыкі чалавека, асаблівасці характару, яго схільнасці і прывычкі:
Бандзюк < рэг. ‘бандыт’ [2, с. 40], Белавус, Белавусаў [2, с. 50], Бялец, Бялко, Беляноў < белы [2, с. 51], Высоцкі < высокі [2, с. 91], Галаванаў, Галавач, Галавей ‘галаваты’ [96], Гарбуноў, Горб, Горбаль, Горбач, Горбель < горб [2, с. 114], Голец, Голік, Голікаў < голы [2, с. 113], Глушань, Глушчэня, Глушын, Глушэвіч < рэг. ‘глухі’ [2, с. 111], Губанаў, Губар, Губараў < рэг. ‘губач, губаты’ [2, с. 119], Глазуноў < глазін ‘зіркасты’ [7, с. 58]; глазун ‘разява, гультай’ [3, с.79], Даўгулеў < даўгуль ‘высокі чалавек’ [2, с. 127], Зубараў < зубар ‘зубаты’ [2, с. 161], Зуеў < зуй рэг. ‘рослы хлопец з паводзінамі дзіцяці, недарэка’ [2, с. 161], Караткевіч < кароткі [2, с. 187], Касабуцкі < рэг. касабуцкі ‘касавокі’ [2, с. 190], Кірбай < кірг. кирбаи ‘быць заморышам’ [2, с. 202], Кіслоў, Кіслюк < кіслы [2, с. 203], Клепусевіч < літ. klepus ‘задзіра, задзірака’ [2, с. 205], Корзун < рус. карзун ‘без пярэдніх зубоў, шчарбаты’ [2, с. 214], Краснік, Красніцкі < красны ‘прыгожы, чырвоны’ [2, с. 218], Краськоў < рэг. краско ‘чырванашчокі здаровы чалавек’ [2, с. 218], Круковіч, Крукоўскі < рэг. крук ‘скупец, скупы чалавек’ [2, с. 219], Крутаў < круты [2, с. 220], Круцікаў < рус. крутик ‘абманшчык, ашуканец’ [2, с. 221], Крыванос, Крывы, Крывіцкі < крывы [2, с. 222], Кудласевіч, Кудлач < кудлас ‘кудлаты, кудлач’ [2, с. 226], Кудрэвіч < рэг. Кудры ‘кучаравыя валасы’ [2, с. 226], Кулявец < кулявы рэг. ‘кульгавы, храмы’ [2, с. 230], Курыла, Курылец, Курыловіч < рус. курила, курилка ‘п’яніца, гуляка’ [2, с. 235], Кучур < рус. кучурый ‘курносы, кірпаты’ [2, с. 237], Лобан < рус. лобан ‘чалавек ці жывёліна з вялікім ілбом’ [2, с. 239], Лунеў < лунь сівавалосы чалавек [4, с. 123], Лысенка < лысы [2, с. 260], Мазурэнка < мазур ‘мурзаты, замурзаны’ [2, с. 267], Малоў < малы [2, с. 271], Марголін, Маргун < маргаль ‘маргун’ [2, с. 275], Мамонаў < мамон рэг. ‘глухі чалавек’, ‘маўклівы чалавек’ [2, с. 273], Махнач < рэг. махнаты чалавек [2, с. 280], ^Набокін < рус. набокий ‘крывабокі, касабокі, нахільны на адзін бок’ [2, с. 294], Паршута < ‘той, хто мае паршы, паршывы’ [2, с. 316], Пацярайла < ‘той, хто губляе’ [2, с. 319], Піскун, Піскуноў < піскун ‘той, хто часта пішчыць’ [9, с. 477], Піткевіч < пітко ‘той, хто п’е’ [2, с. 325], Пішчук < ад пішчаць г.зн. ‘той, хто пішчыць’ [2, с. 325], Пузевіч < пузаты ‘пузан’ [2, с. 337], Рослік < рослы [2, с. 352], Рудак, Рудакоўскі < рудак рэг. ‘чалавек з рудымі валасамі’ [2, с. 353], Рудкоўскі < рэг. рудзька ‘руды, рыжы чалавек’ [2, с. 354], Руды, Рудэнка < руды [2, с. 354], Румас < рума рэг. ‘плакса, румза’ [2, с. 355], Русы < русы [2, с. 355], Салохін < салоха рэг. ‘прастак, дурань’ [2, с. 363], Стракач < рус. стрекач ‘той, хто апякае, жаліць, жыгае’ [2, с. 392], Субат < субат ‘чалавек, які чым-небудзь у суботу стаў вядомым’ [2, с. 396], Суздалеў < суздаль рэг. ‘сухі, танклявы чалавек’ [2, с. 397], Сядун < сядун ‘малы, нізкага росту чалавек’ [2, с. 403], Сяўрук < рус. севрюк ‘пануры, хмуры чалавек; буркун’ [2, с. 405], Сечка < ‘той, хто сячэ’ [2, с. 405], Тамілаў < рус. томило ‘той, хто томіць каго-небудзь’ [2, с. 408], Танковіч, Танчынскі < тонкі [2, с. 412], Хілько, Хількевіч < хіла ‘хілы, слабы, хваравіты’ [2, с. 430], Храпун, Храпунскі < храпун ‘схільны да храпу, які храпе ў сне’ [11, с.213], Ціханчык < ціхан ‘ціхі, ціхоня’ [2, с. 438], Цішкевіч, Цішко, Цішкоў, Цішкоўскі < укр. тишко ‘ціхоня’ [2, с. 439], Чаравака < ‘той, у каго вялікае чэрава; пузаты’ [2, с. 446], Чарнагалоў, Чарнышкоў, Чарнышэвіч < рус. черныш ‘смуглы, чарнявы чалавек’ [2, с. 448], Шарпіла < ‘той хто рве, раздзірае’ [2, с. 468], Шаціловіч < шаціла рэг. ‘той, хто шатаецца, ходзіць без справы, бадзяга’ [2, с. 472], Шырай < рус. ширяй шыракаплечы, дзябёлы чалавек [2, с. 492].
Словы, што абазначаюць жывёльны і раслінны свет у кожным раёне могуць валодаць сваёй спецыфікай, якая тлумачыцца як мясцовымі прыроднымі ўмовамі, так і асаблівасцямі мясцовых гаворак. У складзе сучасных прозвішчаў Жыткаўшчыны даволі часта сустракаюцца словы, матываваныя назвамі жывёл, птушак, насякомых:
Асёл, Бабёр, Баброў, Баланчук < балан укр. ‘белы вол’, тат. болан ‘алень’, башк. рэг. ‘алень; лось з адначасовым указаннем на масць’ [2, с. 37]; Баран, Баранаў, Барсук, Белка, Бобр, Бобрык, Бугай, Быкаў, Бычкоў, Бычкоўскі, Валовіч, Валошын < валах ст. бел. ‘конь’, рус. валах, валух ‘пакладаны баран’, ‘пакладаны бычок’ [2, с. 80], Волк, Волкаў, Волчак, Воўк, Ваўкоў, Зайчык, Казёл, Казлоў, Казлоўскі, Козел, Козка, Каток, Катовіч, Кот, Котаў, Коцік, Каняшкін, Кунько, Кунец, Куневіч, Куніч < рус., укр. ‘куня, куніца’ [2, с. 230], Куран < рус. ‘індык’ [2, с. 232], Куцько < рус. кутя, кутька ‘шчаня’ [2, с. 237], Ласка, Ласко < ‘невялікая драпежная жывёліна з тонкім гібкім целам’ [8, с. 23], Ліс, Лісавец, Лісіцкі, Лісовіч, Лось, Мядзведзеў, Медзвядзюк, Пацук, Рак, Раковіч, Собаль, Стрыгач < рус. стрига ‘конь’ [2, с. 393], Шчур, Шчурко < рус. щур ‘вуж, пацук’, укр. ‘пацук’ [2, с. 488]; Арлоўскі, Варабей, Вараб’еў, Варона, Варановіч, Воранаў, Верабей, Голуб, Голубеў, Галубіцкі, Гусак, Жураў, Жураўлевіч, Жураўскі, Зуеў < зуй рус. агульная назва невялікіх кулікоў [2, с. 161], Кажан, Кажаноўскі < кажан ‘лятучая мыш’ [2, с. 167], Казадой < назва птушкі [2, с. 168], Канаплянік < абл. ‘верабей’ [7, с. 611], Касач < ‘цецярук-самец’ [7, с. 656], Круковіч, Крукоўскі < рэг. ‘крук, воран’ [2, с. 219], Кулік, Кулікоў, Лебедзеў, Лебядзінскі, Лушчык < укр. лущ ‘назва птушкі’ [2, с. 259], Наседкін < наседка ‘квакуха’ [2, с. 297], Певень, Пеўнеў, Пугачоў < пугач ‘драпежная начная птушка атрада соў’ [9, с. 515], Сакалоўскі, Саколік, Салавейка, Сарока, Сарокін, Філін, Чыжык, Чэчык < укр. чечик ‘назва птушкі’ [2, с. 438], Шпакоўскі, Шчур рус. щур ‘(птушка) стрыж’ [2, с. 488]; Акунец, Карась, Карасёў, Карасюк, Карпук, Лінкевіч, Лінковіч, Шчука; Здрок < рэг. ‘авадзень’ [2, с. 159], Комар, Павук, Хрушчоў.
Сярод адапелятыўных прозвішчаў сустракаюцца найменні ў аснове матывацыі якіх ляжыць месца жыхарства асобы. Напрыклад:
Асавец < з в. Осава, Осаў, Асаўцы [2, с. 24], Барысавец < з г. Барысаў, Белавец < з в. Белае, Бялова [2, с. 50], Брынявец < з в. Брыні, Брынёва, Брынеў [2, с. 62], Дабрадзеравец < з в. Добрае Дзерава [2, с. 123], Дзедавец < з в. Дзяды, Дзедава, Дзедаўка [2, с. 128], Жукавец < з в. Жукі, Жукава [2, с. 148], Жыткавец < з г.п. Жыткавічы, Засінец < з в. Засінцы, Лісавец < з в. Лісава, Лісы [2, с. 253], Міхнавец < з в. Міхна, Міхнавічы, Міхнаўка, Панкавец < з в. Панкі, Панкова [2, с. 313], Паўчынец < з в. Поўчын, Паляшук < з в. Палессе, Пінчук < з г. Пінск [2, с. 324], Радкавец < з в. Радкорва, Радкаў, Радкоў, Радкі [2, с. 346], Ракавец < з в. Ракі, Ракава, Ракаў [2, с. 348], Случак < з г. Слуцк [2, с. 382], Туравец < з г. Тураў [2, с. 418], Цішкавец < з в. Цішкі, Цішкова, Цішкаўка [2, с. 439].
Багаты фактычны матэрыял дае нам магчымасць сцвярджаць, што самай прадуктыўнай матывацыйнай базай для ўтварэння прозвішчаў Жыткавіцкага раёна з’яўляецца адапелятыўная лексіка, якая прадстаўлена разнастайнымі лексіка-семантычнымі групамі. Рашаючымі фактарамі іх утварэння і ўжывання з’яўляецца народная назіральнасць. Нельга не пагадзіцца з У. Юрэвічам, які слушна адзначае: «як пабагацелі б мы, каб больш даследавалі паходжанне беларускіх імён і прозвішчаў, традыцыйных мянушак, усяго народнага іменаслоўя, каб мелі, нарэшце, поўны збор антрапонімаў, носьбіты якіх жывуць на Беларусі і з’яўляюцца жывым помнікам» [12, с. 111].
Літаратура:
- Суперанская, А.В. Современные русские фамилии / А.В. Суперанская, А.В. Суслова; под. ред. Ф.П. Филина. — М.: Наука, 1981. — 176 с.
- Бірыла, М.В. Беларуская антрапанімія 2: Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М.В. Бірыла. — Мінск: Навука і тэхніка, 1969. — 508 с.
- Веселовский, С.Б. Ономастикон. Древние имена, прозвища и фамилии / С.Б. Веселовский. — Москва: Наука, 1974. — 382 с.
- Федосюк, Ю.А. Русские фамилии: Популярный этимологический словарь / Ю.А. Федосюк. — Москва: Детская литература, 1980. — 239 с.
- Унбегаун, Б. Русские фамилии / пер. с англ. / Б. Унбегаун / общ. ред. Б.А. Успенский. — Москва: Прогресс, 1989. — 443 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — .Т. 1. А-В. — Мінск: БелСЭ, 1977. — 608 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Т. 2. Г-К. — Мінск, 1978. — 768 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Т. 3. Л-П. — Мінск, 1979. — 672 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Т. 4. П-Р. — Мінск, 1980. — 768 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Т. 5, ч. 1. С-У. — Мінск, 1982. — 663 с.
- Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. У 5 т. / пад агульнай рэдакцыяй К.К. Атраховіча (К. Крапівы) АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Т. 5, ч. 2. У-Я. — Мінск, 1984. — 608 с.
- Юрэвіч, У. Слова жывое, роднае, гаваркое … / У. Юрэвіч. — Мінск: Юнацтва, 1992. -282 с.
Спіс умоўных скарачэнняў
абл. — абласное
бел. — беларускае
кірг. — кіргізскае
літ. — літоўскае
рус. — рускае
рэг. — рэгіянальнае
ст. бел. — старабеларускае
тат. — татарскае
укр. — украінскае
устар. – устарэлае
Автор: У.А. Бобрык
Источник: Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины, № 1(82), 2014. С. 50-53.